Адкрыць галоўнае меню

Ежы Чапскі альбо Юрый[1] Эмерыкавіч Чапскі (Гутэн-Чапскі) (польск.: Jerzy Czapski (Hutten-Czapski), руск.: Ежи Чапский / Георгий (Юрий) Эмерикович Чапский (Гуттен-Чапский)), 14 лістапада 186125 ліпеня 1930, — грамадскі дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы, буйны землеўласнік і арганізатар сельскагаспадарчай дзейнасці ў Беларусі, (па факту, з перапынкам) мінскі губернскі маршалак (1918—1920).

Ежы Эмерыкавіч Чапскі
Jerzy Hutten-Czapski 1.jpg
POL COA Hutten-Czapski.svg
Герб «Ляліва» зменены (Герб «Гутэн-Чапскі»)
Мінскі губернскі маршалак
1918 — 1920
Папярэднік: Сцяпан Мікалаевіч Сорнеў (1864—1933)
Пераемнік: няма (пасада скасавана)
 
Дзейнасць: бізнесмэн
Веравызнанне: каталік
Нараджэнне: 14 лістапада 1861(1861-11-14)
маёнтак Станькава, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 25 ліпеня 1930(1930-07-25) (68 гадоў)
маёнтак Морды, Сядлецкі павет, Люблінскае ваяводства, Польшча (Другая Рэч Паспалітая)
Род: Чапскія
Бацька: Эмерык Каралевіч Чапскі (1828—1896), наўгародскі віцэ-губернатар (1862—1865), санкт-пецярбургскі віцэ-губернатар (1865—1867)
Маці: баранеса Эльжбета-Караліна фон Меендорф (1833—1916)
Жонка: 1) графіня Юзэфа (Юзэфа-Марыя-Караліна-Сідонія) фон Тун-Гогенштэйн (1867—1903). Шлюб 7 жніўня 1886 года. 2) Паліна Ахматава (народжаная Аненкава) (1873—1955). Шлюб у 1925 годзе.
Дзеці: 1) Леапальдзіна (1887—1969); 2) Эльжбета (1888—1972); 3) Караліна (1891—1967); 4) Марыя (1894—1981); 5) Юзаф (Юзаф-Эмерык-Ігнат-Антон-Франц-дэ Паўла-Марыя) (1896—1993); 6) Станіслаў (Станіслаў-Франц-дэ Паўла-Марыя-Герсан) (1898—1959); 7) Роза (1901—1986)

Адзін з лідараў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Уваходзіў у палітычную групоўку «краёўцаў», а пазней «віленскіх кансерватараў».

Належаў да каталіцкага графскага роду Чапскіх (альбо поўнасцю — Гутэн-Чапскіх) гербу «Ляліва» зменены (герб «Гутэн-Чапскі»).

Паходжанне і сям'яПравіць

Ежы Чапскі нарадзіўся 14 лістапада 1861 г. у родавым маёнтку Станькава Мінскага павета Мінскай губерні ў каталіцкай дваранскай сям'і графа Эмерыка Каралевіча Чапскага (1828—1896), наўгародскага віцэ-губернатара (1862—1865), санкт-пецярбургскага віцэ-губернатара (1865—1867), ад яго жонкі баранесы Эльжбеты-Караліны фон Меендорф (1833—1916); а 24 студзеня 1862 г. быў ахрышчаны ў каталіцтва[2].

Ажаніўся 7 жніўня 1886 г. з нямецкай арыстакраткай графіняй Юзэфай (Юзэфай-Марыяй-Каралінай-Сідоніяй) фон Тун-Гогенштэйн (1867—1903) з Чэхіі (Аўстра-Венгрыя), што парадніла Чапскіх з самымі арыстакратычнымі сем'ямі Аўстра-Венгрыі і Еўропы (Шварцэнбергі, Тун-Гогенштэйны, Клам-Мартыніцы і інш.). Бацькам жонкі быў граф Фрыдрых фон Тун-Гогенштэйн (1810—1881), які быў камерарыем імператара Аўстра-Венгрыі, сапраўдным тайным саветнікам і паслом (1859—1863) Аўстрыйскай імперыі ў Расійскай імперыі. Маткай жонкі была графіня Леапальдзіна Ламберг, дачка графа Эдварда Ламберга і яго жонкі Караліны Штэрнберг, — фрэйліна аўстрыйскай імператрыцы, кавалерствавая дама ордэна Сузор'я Крыжа. Братамі жонкі Ежы Чапскага былі гісторык і генеолаг Яраслаў фон Тун-Гогенштэйн (1864—1929) і Франц фон Тун-Гогенштэйн (1847—1916), які займаў высокія пасады міністра-прэзідэнта Цыслейтаніі (1898—1899) і намесніка аўстрыйскага імператара ў Чэхііштатгальтара Багеміі (1889—1896, 1911—1915)[3].

Род Тун-Гогенштэйн меў значныя зямельныя ўладанні і палацы ў Чэхіі — у Празе побач з Градчанамі маецца палац Тунаў, дзе зараз размяшчаецца пасольства Італіі ў Чэхіі. У гэтым палацы нарадзіліся трое з сямі дзяцей Ежы Чапскага ад графіні Юзафіны фон Тун-Гогенштэйн — Марыя, Юзаф і Станіслаў. Першая жонка памерла адносна рана (у 1903 г.) пры нараджэнні свайго восьмага дзіцяці. У 1925 г. граф Ежы Чапскі ўзяў шлюб з Палінай (народжанай Аненкавай, з рускага дваранскага роду), якая да таго насіла прозвішча Ахматава, бо яе першым мужам быў Ахматаў[3].

Ад сваёй першай жонкі Юзэфы граф Ежы Чапскі меў сем дзяцей: 1) Леапальдзіна (1887—1969) — пайшла ў 1905 г. за Льва Лубенскага (1861—1944), у 1945 г. пайшла за Аляксандра Гофмана (1890—1964); 2) Эльжбета (1888—1972); 3) Караліна (1891—1967) — пайшла ў 1919 г. за Генрыка Пшаўлоцкага (1884—1981); 4) Марыя (1894—1981); 5) Юзаф (Юзаф-Эмерык-Ігнат-Антон-Франц-дэ Паўла-Марыя) (1896—1993); 6) Станіслаў (Станіслаў-Франц-дэ Паўла-Марыя-Герсан) (1898—1959) — ажаніўся ў 1929 г. з Верэн Наркевіч-Ёдкай (1909—1992); 7) Роза (1901—1986) — пайшла ў 1920 г. за графа Ігната Зіберг-Плятара (1893—1973)[3].

Адукацыя і выхаваннеПравіць

Скончыў нямецкую гімназію імя Святой Ганны ў Санкт-Пецярбургу, а пасля паступіў у Імператарскі Дэрпцкі ўніверсітэт (Ліфляндская губерня) на юрыдычны факультэт. Атрымаў навуковую ступень доктара права.

Грамадская дзейнасцьПравіць

Арыстакратычны статусПравіць

У 1888 г. як асоба арыстакратычнага паходжання і буйны землеўласнік граф Ежы Чапскі разам з бацькам Эмерыкам і братам Каралем удзельнічаў у афіцыйных мерапрыемствах, якія ладзіліся кіраўніцтвам Мінскай губерні і мясцовым заможным дваранствам для прыёму вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча, які заязджаў з візітам у Мінск. Пасля прапаноў мінскага губернатара (з ініцыятывы імператарскага двара) да заможных і радавітых дваран Мінскай губерні паўдзельнічаць (за ўласны кошт) на каранацыі новага імператара Мікалая II у 1894 г. у Маскве, Ежы Чапскі ехаць не пажадаў (з-за хваробы жонкі) і адмовіўся ў сваёй запісцы губернскаму кіраўніцтву[4].

Дабрачынная, аматарская і службовая судовая дзейнасцьПравіць

Шматгадовы член і старшыня (з канца XIX ст.) 1-га Мінскага таварыства дабрачыннасці, якое ў тыя часы налічвала 170 правадзейных членаў і знаходзілася ва ўласным доме Ежы Чапскага ў Мінску на вуліцы Багадзельнай. Таварыства ўтрымлівала за свой кошт прытулак для старых людзей, шпіталь на 245 ложкаў і штогадова раздавала бедным болей 30 тысяч абедаў. Быў намеснікам старшыні мінскага Таварыства правільнага палявання, якое знаходзілася на Юр'еўскай вуліцы ў доме Здзяхоўскага (дом № 24)[5].

Быў прызначаны расійскай уладай на пасаду ганаровага міравога суддзі (1899—1902) Мінскай акругі (у рамках Мінскага павета) на трохгоддзе[2].

Збіранне старажытнасцейПравіць

Вядомым калекцыянерам быў граф Эмерык Чапскі, але яго сын Ежы Чапскі таксама быў знаным калекцыянерам. У справах калекцыянавання Чапскіх з Ежы Чапскім зносіўся Генрых Татур (1846—1907). Менавіта графу Ежы Чапскаму Генрых Татур прапаноўваў некаторыя кніжныя рарытэты. Пра тое, як адбываліся перамовы па пакупцы кніг, сведчыць іх ліставанне. У 1895 г., калі Чапскі і Татур гандляваліся з-за некалькіх выданняў XVII ст., Ежы Чапскі напісаў Татуру: «Дарагі Пане! Ёсць ты ўпартым і цвёрдым як скала». Урэшце Чапскі прыняў прапанаваныя Генрыхам Татурам фінансавыя ўмовы пакупкі кніг[6].

Праца ў Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркіПравіць

Караль і Ежы Чапскія ў канцы 1890-х гг. уступілі ў шэрагі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) у якасці членаў і хутка занялі ў таварыстве адно з вядучых месцаў — па прычыне сваёй кампетэнтнасці, гаспадарчага таленту, асабістых якасцей. У тыя часы неафіцыйным кіраўніком МТСГ быў яго віцэ-старшыня Эдвард Адамавіч Вайніловіч, з якім Чапскія хутка знайшлі агульную мову і паразуменне. На кожным пасяджэнні МТСГ Караль Чапскі праяўляў прыметную актыўнасць і быў абраны членам Рады МТСГ. Пасля смерці брата Караля ўжо Ежы Чапскі быў абраны ў Раду таварыства і, не шкадуючы сіл, пачаў працаваць для дабрабыту маёнткаў землеўладальнікаў Мінскай губерні, а ў выніку — для дабрабыту ўсёй краіны[7].

 
Эмблема сельскагаспадарчай выстаўкі МТСГ у Мінску — эскіз дыплома прызёраў выстаўкі, 1901 г. Аўтар Генрык Вейсенгоф

Браты Чапскія (Караль у Станькаве, а Ежы — у Прылуках) наладзілі эфектыўную гаспадарку. Асаблівую славу сярод маянткоўцаў краіны атрымалі правільна арганізаваная лясная частка маёнткаў братоў Чапскіх і штучнае лесаразвядзенне[8]. Пасля таго як Ежы Чапскі вырубіў у сваіх уладаннях стары лес, што вывозіўся на продаж у Велікабрытанію, Францыю і Амерыку, ён запрасіў з Польшчы высокакваліфікаваных ляснічых, якія ў 1910 г. высадзілі тут еўрапескую лістоўніцу. Лясная гаспадарка ў Прылуках была вылучана МТСГ на атрыманне залатога медаля. У лясах Ежы Чапскага праходзілі практычныя заняткі аб'ездчыкаў прыватнаўласніцкіх лясоў[9]. Сённяшні Прылуцкі лясны заказнік Рэспублікі Беларусь з'яўляецца помнікам прыроды і сваім існаваннем абавязаны менавіта Ежы Чапскаму, які ў 1910-я высадзіў у сваіх уладаннях гэты лес.

У МТСГ была высунута ідэя арганізацыі эксперыментальнага поля ў Туганавічах[10], якую ўласна падтрымаў і фінансава забяспечыў Ежы Чапскі, бо ў яго Прылуках праводзіліся вопыты з яравыямі культурамі[11]. На сваіх палетках у Прылуках ён увёў васьміпольны севазварот, а ў суседніх сваіх зямельных валоданнях Сеніца і Самахвалавічы адкрыў спецыяльныя школы, дзе выкладаліся земляробства і садаводства.

У 1901 г. прыняў самы чынны ўдзел у падрыхтоўцы правядзення ў Юбілейнай сельскагаспадарчай выстаўкі (1901) у Мінску, што праходзіла з 26 жніўня па 4 верасня 1901 г. і была прымеркавана да 25-гадовага юбілея існавання Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Менавіта Ежы Чапскі па даручэнні Эдварда Вайніловіча быў галоўным арганізатарам выстаўкі. Самым значным экспанентам быў брат Ежы Чапскага — граф Караль Эмерыкавіч Чапскі, які яшчэ нядаўна быў мінскім гарадскім галавой (1890—1901). Першапачаткова арганізатары меркавалі, што выстаўка не прынясе ніякіх прыбыткаў, але ўсё роўна хацелі правесці яе, каб прадэманстраваць дасягненні гаспадарак губерні і адсвяткаваць угодкі. Аднак, дзякуючы таленту Ежы Чапскага, які быў адным з галоўных арганізатараў мерапрыемства, выстаўка прынесла 3300 рублёў прыбытку[12].

У 1905 г., у ходзе рэвалюцыі ў Расійскай імперыі, МТСГ стварыла камісію па аграрным пытанні для распрацоўкі праграмы, якая прадугледжвала змены ў стане сялянскай гаспадаркі, ліквідацыю беззямелля і малазямелля сялян без парушэння прынцыпу прыватнай уласнасці, арганізацыю шырокага народнага крэдыту, ліквідацыю неадукаванасці сялян і інш. Гэтую камісію ўзначаліў менавіта граф Ежы Чапскі[4].

Калі ў 1912 г. Цэнтральнае таварыства сельскай гаспадаркі ў польскіх губернях Расійскай імперыі звярнулася ў МТСГ з просьбай даць звесткі пра маёнткі, гаспадарка якіх вядзецца на аснове самых новых навуковых дасягненняў і практычным поспеху, то было названа 11 маёнткаў і першым у спісе значыўся маёнтак Прылукі графа Ежы Чапскага.

Будаўніцтва Чырвонага касцёла ў МінскуПравіць

Ежы Чапскі ўвайшоў (як і мінскі гарадскі галава Міхал Валовіч; мінскі ксёндз-дэкан Адам-Напалеон Ака; Яўстах Янавіч Любанскі, уласнік маёнтку Лошыца пад Мінскам; Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928); Пётр Зыгмунтавіч Ваньковіч (1866—1936), уласнік Вялікай Сляпянкі пад Мінскам (зараз у межах Мінска); Вітальд Рамуальдавіч Лопат; Ян Ельскі і інш.) у склад створанага 19 сакавіка 1905 г. у Мінску грамадскага камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены, на пабудову якога вырашыў выдаткаваць грошы яго сябр Эдвард Адамавіч Вайніловіч.

Удзел у выбарах дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерніПравіць

12 красавіка 1906 г. граф Ежы Чапскі балатаваўся на пасаду дэпутата ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, але тады з вялікай перавагай галасоў (196 галасоў) быў выбраны Эдвард Вайніловіч (1847—1928), віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[13].

10 верасня 1909 г. адбыліся чарговыя выбары на пасаду дэпутата ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі і граф Ежы Чапскі зноў быў кандыдатам на гэту пасаду, але быў выбраны князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919), былы дэпутат I Дзяржаўнай Думы[14].

На чарговых выбарах 2 кастрычніка 1910 г. граф Ежы Чапскі не балатаваўся на пасаду дэпутата ад Мінскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, хоць і галасаваў, а быў выбраны Раман Аляксандравіч Скірмунт (1847—1928), тагачасны віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[15].

У часы Першай сусветнай вайны (1914—1918)Правіць

 
Ежы Чапскі

У 1915 г., у ходзе наступлення нямецкіх войск у Мінскай губерні і пагаршэння камунікацый, як аўтарытэтная ў мясцовым грамадстве асоба, якая пражывала тады ў губернскім цэнтры (Мінску), Ежы Чапскі быў выбраны на пасаду старшыні Камісіі па распрацоўцы пытанняў кампенсацыі сельскім гаспадаркам Мінскай губерні, што пацярпелі ў ходзе баявых дзеянняў. У жніўні 1915 г. ён таксама ўзначаліў Мінскі губернскі камітэт апекі над эвакуаваным насельніцтвам (бежанцамі). Аснову камітэта склалі члены Мінскага аддзела Таварыства дапамогі ахвярам вайны. Чапскаму было даручана азнаёміць мінскага губернатара з запіскай, складзенай у таварыстве, у якой прапанаваліся меры па навядзенні парадку і наладжвання эканамічнага жыцця ва ўмовах ваеннага часу. Самай надзённай праблемай у кастрычніку 1915 г. было падсумоўванне страт: у таварыстве маянткоўцы складалі для кампенсацыі пацярпелым гаспадаркам губерні па 22 рублі з кожнай дзесяціны сваіх зямель[4].

Яшчэ адна разгорнутая запіска за подпісам Ежы Чапскага была накіравана да міністра ўнутраных спраў і міністра фінансаў Расійскай імперыі. Запіска давала самае дакладнае і выразнае апісанне стану сельскай гаспадаркі Мінскай губерні ў 19151916 гг., паказаўшы, што самая балючая праблема — запазычанасць маёнткаў Віленскаму зямельнаму банку (каля 40 млн. рублёў). Запіска сцвярджала, што маянткоўцы, не маючы мажлівасці ў ваенны час рэгулярна пагашаць тэрміновыя плацяжы банку, просяць у міністраў дапамогі ў адтэрміноўцы нядоімак да сканчэння вайны і не даводзіць да продажы з таргоў тыя 220 маёнткаў, якія банк паставіў на 9 снежня 1915 г. на аўкцыён[4].

У кастрычніку 1915 г. граф Ежы Чапскі ўзначаліў групу з трох чалавек, якая была накіравана ў Петраград па даручэнні МТСГ для сустрэчы з самымі высокімі чыноўнікамі імперыі, у тым ліку з сенатарам Зубчанінавым, для абмеркавання фінансавай падтрымкі пацярпелым ад вайны. Сенатар абяцаў дапамагчы. І 20 кастрычніка мінскі губернатар атрымаў тэлеграму ад Зубчанінава: «Граф Чапскі просіць паскарэння выдачы кампенсацыі. Спадзяюся, што сто тысяч ужо атрыманы. <...> Пажадана пачаць выдачу»[16].

Камісія па распрацоўцы пытанняў кампенсацыі, якую з 1915 г. узначальваў граф Ежы Чапскі, дзякуючы арганізатарскім талентам старшыні нават здолела ў ваенны час зарабіць за тры месяцы 4,5 тыс. рублёў. Адначасова ў маёнтку Прылукі расійскай уладай быў рэквізаваны ўвесь лес (каля 1200 дзесяцін) для расійскіх ваенных патрэб, а графу не пакінулі ніводнай дзесяціны для гаспадарчых інтарэсаў. Пры штабах расійскіх армій для абмеркавання спрэчных пытанняў па вяртанні страт былі створаны параённыя камісіі, у якія ўвайшлі прадстаўнікі ад земстваў і МТСГ[17]. Граф Ежы Чапскі і князь Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919) увайшлі ад земства ў параённую камісію пры штабе 10-й нямецкай арміі. Як член павятовага земства Чапскі актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні розных пытанняў, пачынаючы ад кошту коней, якія пастаўляліся для расійскага войска, скончваючы клопатамі ў камісіі па захванні вытворчых сіл Мінскай губерні, бо, нягледзячы на вайну, працягвалі дзейнічаць многія прадпрыемствы, у тым ліку створаныя пры МТСГ. Напрыклад, граф Ежы Чапскі ўласна зрабіў справаздачу (за тэрмін з 1 верасня 1914 г. па 1 студзеня 1916 г.) дзейнасці Койданаўскай узорнай кустарнай ткацкай майстэрні, што была створана пры МТСГ і статут якой быў зацверджаны ў снежні 1914. У справаздачы адзначыў, колькі было выткана палатна, рушнікоў для параненых і іншых вырабаў; што 10 дзяўчат было навучана ткацтву; а рэшта сродкаў склала 724 рублі 17 капеек. У гэтай справаздачы сельскагаспадарчаму таварыству граф пералічыў і жанчын (у тым ліку сваю дачку Лізу), якім прасіў, каб МТСГ ад свайго імя выказала падзяку. У адказ на справаздачу тагачасны старшыня МТСГ Эдвард Вайніловіч прапанаваў выказаць удзячнасць графу Ежы Чапскаму як апекуну Койданаўскай майстэрні, але галоўным чынам яго дочкам як нястомным працаўніцам, гэтак жа як і іншым жанчынам[18].

Абранне мінскім губернскім маршалкам (1918—1920)Правіць

 
Будынак Мінскага дваранскага схода, фота раней 1917 г. (Будынак не захаваўся)

У часы кіравання Часовага ўрада Расіі, у канцы мая 1917 г. у Мінску граф Ежы Чапскі ўдзельнічаў на сходзе павятовых маршалкаў і дэпутатаў дваранства Мінскай губерні, які стварыў арганізацыю «Саюз маянткоўцаў Мінскай губерні», кіраўніком якой быў выбраны граф Ежы Чапскі[19]. Мэтай саюза была абарона інтарэсаў сярэдніх і буйных маянткоўцаў пры правядзенні аграрных рэформ у Расіі[20].

5 верасня 1917 г. Міністэрства ўнутраных спраў Часовага Ураду Расійскай дэмакратычнай рэспублікі выдала цыркуляр, у якім паведамляла пра хуткае скасаванне дваранскага саслоўя і ліквідаванне дваранскіх устаноў, хоць Часовы Урад не паспеў гэта зрабіць. У кастрычніку 1917 г. у Мінскай губерні на чале з графам Ежы Эмерыкавічам Чапскім быў створаны «Саюз асоб, запісаных у радаводныя кнігі Мінскай губерні», які быў пераемнікам «Саюза маянткоўцаў Мінскай губерні»[21].

Пасля Кастрычніцкага перавароту і ўсталявання ў Петраградзе ўлады бальшавікоў, дэкрэтам ад 11 (24) лістапада 1917 г. скасоўвалася дваранскае саслоўе і дваранскія карпарацыйныя арганізацыі (дваранскія суполкі). У перыяд знаходжання ў Мінскай губерні войск Германскай імперыі (люты — снежань 1918) і польскіх войск арміі Юзафа Пілсудскага (чэрвень 1919 — чэрвень 1920) прадвадзіцелі дваранства Мінскай губерні зноў аднавілі сваю дзейнасць[22].

29 верасня 1918 у Мінску ў будынку Мінскага дваранскага схода адбыліся надзвычайныя дваранскія выбары па Мінскай губерні, дзе граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі атрымаў 86 абіральных і 22 неабіральныя балы і быў выбраны мінскім губернскім маршалкам (1918—1920)[23].

У 1918 г., у час нямецкай акупацыі Мінскай губерні ў ходзе вайны, быў упаўнаважаным Галоўнай управы Чырвонага крыжа. У той час пражываў у Мінску на вуліцы Захар'еўскай (дом 58).

Спроба стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага (1918)Правіць

 
Парад нямецкіх войск у Мінску на плошчы Свабоды — прымае генерал-фельдмаршал Эрых фон Фалькенхайн. Фота 1918 г.

Пасля таго, як у канцы кастрычніка/пачатку лістапада 1918 г. нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міра з бальшавікамі ад 3 сакавіка 1918 г., лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам Вялікага Княства Літоўска-Беларускагапаўночна-заходніх губерняў). Імі таксама планавалася, што новая дзяржава са сталіцай у Вільні будзе мець канстытуцыйна-манархічны лад[24].

Замест Эдварда Вайніловіча граф Ежы Чапскі, новавыбраны мінскі губернскі маршалак, у Мінску ўзначаліў дэлегацыю з 30 дваран Мінскай губерні да нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна (1861—1922) з афіцыйным зваротам да германскага імператара Вільгельму II аб сваім памкненні стварыць Вялікае Княства Літоўска-Беларускае пад нямецкай апекай[25][26].

У Берлін з місіяй ад мінскіх краёўцаў-кансерватараў (наконт падтрымкі стварэння пад нямецкай апекай Вялікага Княства Літоўска-Беларускага) на чале дэлегацыі мясцовых дваран паехаў Раман Скірмунт, але атрымаць аудыенцыю ў германскага імператара Вільгельма II яму не ўдалося[27]. У Мінск прыходзілі войскі бальшавікоў — Чырвоная армія.

У Польска-беларускім таварыстве для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі (1919—1920)Правіць

З ліпеня 1919 г. па красавік 1920 г. удзельнічаў у працы Мінскага аддзела «Польска-беларускага таварыстве для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі».

Увайшоў у склад дэлегацыі прадстаўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, якая (у ходзе польска-савецкай вайны) 19 верасня 1919 г. сустракала ў Мінску польскія войскі і Юзафа Пілсудскага, які выступіў перад прадстаўніцтвам мінчан з прамовай па-беларуску, недвухсэнсоўна дэкларуючы неабходнасць дзяржаўнасці для беларусаў.

У часы кіравання Грамадзянскай управы ўсходніх зямель (1919—1920)Правіць

Але пасля заняцця ў жніўні 1919 г. большай часткі тэрыторыі Мінскай губерні польскімі войскамі ў ходзе польска-савецкай вайны (1919—1920), устанаўлення ўлады Грамадзянскай управы ўсходніх зямель, дваранскія ўстановы Мінскай губерні на чале з графам Ежы Чапскім зноў пачалі дзейнічаць.

Аднак восенню 1920 г. у Польшчу пераехала частка кіраўнічых членаў былой Мінскай дваранскай суполкі з-за немагчымасці і немэтазгоднасці далейшай дзейнасці дваранскіх устаноў на тэрыторыі былой Мінскай губерні, падзеленай у ходзе Рыжскага дагавора паміж Польшчай і бальшавісцкай Расіяй. Ежы Чапскі летам 1920 г., перад наступленнем Чырвонай арміі і канчатковым усталяваннем савецкай улады ў Мінску, назаўжды пакінуў свой маёнтак Прылукі і пераехаў у Польшчу[28].

16 лістапада 1920 г. граф Ежы Чапскі прыехаў у Слуцк, дзе 14-15 лістапада 1920 г. прайшоў Першы беларускі з'езд Случчыны, які прыняў рашэнне ўзняць Слуцкае паўстанне[29]. Чапскі сустрэўся з Паўлам Жаўрыдам ў памяшканні Слуцкай рады (слуцкім доме Эдварда Вайніловіча) і спытаў яго, што думае Слуцкая рада адносна лёсу Слуцкага павета. Жаўрыд яму адказаў, што Слуцкі павет з'яўляецца тэрыторыяй БНР, а Чапскі зірнуў на штэмпель пячаткі Слуцкай рады і на тым скончыў размову[29]. Тым Чапскі цікавіўся, ці плануе Слуцкая рада падтрымаць уваходжанне Слуцкага павета ў склад Польшчы, бо ў склад рады ўваходзіла шмат «балахоўцаў», якія былі прыхільнікамі далучэння Слуцкага павета (дзе былі маёнткі Эдварда Вайніловіча) да Польшчы[29].

Канчаткова пасады прадвадзіцеляў дваранства (губерні і павета) былі скасаваны ў ліпені 1920 г., а Мінскі губернскі дваранскі сход быў фармальна самараспушчаны пасля падпісання Рыжскага дагавора ў сакавіку 1921 г. паміж Польшчай і бальшавісцкай Расіяй. Паводле дагавора маёнтак Прылукі заставаўся на савецкім баку мяжы.

Закрыццё Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1921)Правіць

29 красавіка 1921 г. у Варшаве адбылося паседжанне Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), дзе прысутнічаў і член Рады граф Ежы Чапскі[30]. Быў напісаны праект пратакола, які дэклараваў самаскасаванне таварыства і па зместу быў своеасаблівым «тастаментам»: скарочана расказваў пра гісторыю стварэння і дзейнасць таварыства, яго ролю ў грамадскім жыцці края, падводзіў вынікі працы і ўказваў прычыны закрыцця арганізацыі. Па сутнасці гэта быў абвінаваўчы акт супраць падпісантаў Рыжскага дагавора, дзе не было ніводнага прадстаўніка ад жыхароў Беларусі, і польскага сейма, які ратыфікаваў ганебны дагавор. Канчатковы праект пратакола ўласна рэдагаваў Эдвард Вайніловіч. Радай было вырашана прадставіць 1 мая 1921 г. пратакол аб самаскасаванні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на разгляд усіх членаў таварыства і прапанаваць стварыць падобнае ж таварыства сельскай гаспадаркі з сядзібай у Баранавічах ці Навагрудку, куды перадаць ацалелыя грашовыя фонды Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

1 мая 1921 г. на агульным сходзе членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка) Эдвард Вайніловіч зачытаў пратакол, які быў ухвалены пад апладысменты прысутнымі. Палітычная частка пратакола была апублікавана ў газетах[31].

Жыццё ў міжваеннай ПольшчыПравіць

 
Прамова графа Ежы Чапскага на банкеце ў гонар Юзафа Пілсудскага ў час з'езду віленскіх кансерватараў у Нясвіжы 25 кастрычніка 1926 г., надрукаваная ў газеце «Słowo» (№251, 1926 г.)

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) маёнткі Ежы Чапскага аказаліся на савецкай тэрыторыі і граф перастаў быць іх уласнікам. Узорны і прыбытковы калісьці маёнтак Станькава быў перададзены на баланс армейскіх атрадаў харчавання. Непасрэдна ў маёнтак быў накіраваны атрад конных чырвонаармейцаў на чале з Бацвіннікам, які зусім не разумеў у земляробстве. Па выніках працы 34 чырвонаармейцаў аказалася, што з 300 дзесяцін яны пры 33 конях узаралі толькі 30 дзесяцін. Перадача станькаўскага маёнтка чырвонаармейцам выклікала незадаволенасць былых работнікаў і арандатараў зямлі былога графскага маёнтка, якія скардзіліся ў сваім лісце да савецкіх улад, што раней пры графе Чапскім і пры саўгасе яны маглі сябе пракарміць, а пры пераходзе саўгаса Станькава ў распараджэнне Харчбела пазбавіліся сваіх надзелаў і ім пагражае смерць ад голада. Эканамічныя пераўтварэнні і арганізацыйныя перападпарадкаванні пры савецкай уладзе прывялі да разбурэння квітнеючай і высокакультурнай гаспадаркі маёнткаў графа Чапскага. У тыя першыя гады савецкай улады граф Ежы Чапскі знаходзіўся непадалёк ад Прылук і Станькава, але за савецкай мяжой у Польшчы, і абвясціў сябе камендантам Стоўбцаў, да якога сцякаліся людзі, галоўным чынам дэзерціры, усе хто не прыняў савецкую ўладу[32].

У 1922 г. у Вільні, якая ўвайшла ў склад міжваеннай Польшчы, граф Чапскі стаў сузаснавальнікам Віленскага таварыства дабрачыннасці (Wileńskie Koło Filistrów). Узначаліў Саюз закардонных палякаў, які аб'ядноўваў дваран-католікаў Беларусі, чые маёнткі пасля Рыжскага мірнага дагавора аказаліся на савецкай тэрыторыі.

Увайшоў у склад палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў». Быў запрошаны князямі Радзівіламі ў Нясвіж на з'езд віленскіх кансерватараў 25 кастрычніка 1926 г. для сустрэчы з маршалам Юзафам Пілсудскім і падтрымаў планы «санацыі».

Памёр 25 ліпеня 1930 г. у маёнтку Морды (Сядлецкі павет, Люблінскае ваяводства, Польшча), які належаў сям'і яго дачцы — Караліны з Чапскіх Пшаўлоцкай (1891—1967), што была жонка Генрыка Пшаўлоцкага (1884—1981)[33].

МаёнткіПравіць

Перад сваёй смерцю граф Эмерык Чапскі (1828—1896) менавіта свайго малодшага сына Ежы Чапскага паставіў у тэстаменце галоўным спадчыннікам маёнткаў, бо старшы сын Караль Чапскі — уласнік маёнтка Станькава — меў слабае здароўе. Менавіта Ежы Чапскі падпісаў афіцыйны акт перадачы вядомых калекцый свайго бацькі Эмерыка Чапскага гораду Кракаву. А прывядзеннем у парадак гэтых збораў перад перадачай (пасля смерці Эмерыка Чапскага) занялася маці — графіня Эльжбета Чапская (1833—1916).

Валодаў спадчыннымі маёнткамі ў Мінскім (Станькава, Прылукі, Каралёва, Скарынічы, Сакольшчына, Юнцэўшчына і інш.) — агульнай колькасцю 7938 дзесяцін — і Ігуменскім паветах Мінскай губерні Расійскай імперыі[34].

Зноскі

  1. Некаторыя беларускія гісторыкі (І. Гатальскі, А. Дзярновіч) перакладаюць польскае імя "Jerzy" на беларускую мову як "Юрый", хоць у метрычных дадзеных і прыжыццёвых дакументах (у тым ліку афіцыйных) Ежы Чапскі менаваўся па-руску як "Георгій Чапскі".
  2. 2,0 2,1 Гатальскі, І. Юрый Чапскі... С. 70.
  3. 3,0 3,1 3,2 Гатальскі, І. Юрый Чапскі... С. 71—72.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 150.
  5. Гатальскі, І. Юрый Чапскі... С. 71.
  6. Дзярновіч, А.. Мінскі антыквар і археолаг Генрых Татур ва ўспамінах і ліставанні / А. Дзярновіч // Знакамітыя мінчане. Мінск і Міншчына ў літаратурных творах на рубяжы XIX—XX стст.: Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф.: Польскі Ін-т у Мінску. Мінск: 27 крас. 2010 г. / рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі.. — Мінск: В. Хурсік, 2011. — С. 182. — 178—183 с.
  7. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 148.
  8. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 149.
  9. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 149.
  10. Юзэфа Туганоўская, уладальніца маёнтка Туганавічы (Навагрудскі павет), якая захоўвала ў сядзібе ўсё, што было звязана там з памяццю Адама Міцкевіча, у 1901 г. пажадала, каб пасля яе смерці ў Туганавічах быў зроблены музей вялікага паэта. Пасля перамоў з Эдвардам Вайніловічам, яна вырашыла перапісаць Туганавічы на карысць Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, захаваўшы за сабой права пажыццёвага валодання. Паводле карніцкага ўказу ад 10 снежня 1865 каталікам не дазвалялася купляць ці атрымліваць ад другіх землі ў «заходніх губернях». Факт таго, што ў МТСГ былі членамі не толькі землеўласнікі-каталікі, але і праваслаўныя, і добрыя адносіны з мінскім губернатарам (і адначасова старшынёй МТСГ) князем Трубяцкім дазволілі Вайніловічу атрымаць дазвол на набыццё Туганавічаў (праз фіктыўны акт куплі) на баланс МТСГ, якое ў Туганавічах стварыла сваю эксперыментальную станцыю. Аднак падзеі Першай сусветнай вайны зраўнялі сядзібу і парк з альтанкай у Туганавічах з зямлёй, а сама Туганоўская ледзь ацалела і стала жабрачкай. Гл. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 76—77.
  11. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 149.
  12. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 151.
  13. Jurkowski, R. Sukcesy… С. 339.
  14. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 169; Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 94; Jurkowski, R. Sukcesy… С. 388—390.
  15. Jurkowski, R. Sukcesy… С. 411—412.
  16. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 151.
  17. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 151.
  18. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 151.
  19. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 189; Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem … С. 124.
  20. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 196—197.
  21. Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта… С. 15.
  22. Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта… С. 16.
  23. Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта… С. 16; Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  24. На сходах Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі даўно выказваліся ідэі аб неабходнасці манархічнага ладу дзяржавы. Караль Незабытоўскі (1865—1952), адзін з членаў таварыства, афарыстычна заявіў там аднойчы, што рэспубліка прывядзе да «рэж публіку». Гл.: Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 140—141.
  25. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  26. Захар Шыбека. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?
  27. Гл.: Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
  28. Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта… С. 15.
  29. 29,0 29,1 29,2 Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах... С. 221.
  30. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 328—332.
  31. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 326—327.
  32. Бяспалая, М. Браты Чапскія... С. 152.
  33. Гатальскі, І. Юрый Чапскі... С. 72.
  34. Гатальскі, І. Юрый Чапскі... С. 71.

ЛітаратураПравіць

  • Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
  • Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А.Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / уклад., падрыхт. тэкстаў, шл., аўт. заўв., камэнт., паказ. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк; прадм. У. Ляхоўскага. — Мінск : Медысонт, 2006. — 400 с.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
  • Czapska, M. Europa w rodzinie / M. Czapska. — Kraków : Znak, 2004. (альбо Europa w rodzinie, Paris 1970)
  • Zieliński, J. Józef Czapski: krótki przewodnik po długim życiu / J. Zieliński. — Warszawa : Instytut Badań Literackich, 1997. — 101 s.
  • Дзярновіч, А.. Мінскі антыквар і археолаг Генрых Татур ва ўспамінах і ліставанні / А. Дзярновіч // Знакамітыя мінчане. Мінск і Міншчына ў літаратурных творах на рубяжы XIX—XX стст.: Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф.: Польскі Ін-т у Мінску. Мінск: 27 крас. 2010 г. / рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі.. — Мінск: В. Хурсік, 2011. — 178—183 с.
  • Бяспалая, М. Браты Чапскія ў эканамічным жыцці Мінскага краю / М. Бяспалая // Жыццё айчыне, гонар нікому : Матэрыялы міжнар. навук. канф., прысв. 180-годдзю з дня нарадж. Эмерыка фон Гутэн-Чапскага: Мінск, 16—18 сакавіка 2009 г. / Народн. гіст.-краязн. аб'ядн. "Прылуцкая спадчына" Прылуцкага ц. нар. творч. Мінскага р-на; Нац. гіст. музей Рэсп. Беларусь; Польскі Ін-т у Мінску. — Мінск : Хурсік, 2010. — С. 148—152.
  • Гатальскі, І. Юрый Чапскі — апошні ўладальнік сядзібы Прылукі / М. Бяспалая // Жыццё айчыне, гонар нікому : Матэрыялы міжнар. навук. канф., прысв. 180-годдзю з дня нарадж. Эмерыка фон Гутэн-Чапскага: Мінск, 16—18 сакавіка 2009 г. / Народн. гіст.-краязн. аб'ядн. "Прылуцкая спадчына" Прылуцкага ц. нар. творч. Мінскага р-на; Нац. гіст. музей Рэсп. Беларусь; Польскі Ін-т у Мінску. — Мінск : Хурсік, 2010. — С. 70—78.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.

Знешнія спасылкіПравіць