Ерафей Васілевіч Касценіч

лекар, вучоны ў галіне афтальмалогіі

Ерафей (Іерафей)[1] Васілевіч Касценіч (16 (4) кастрычніка 1854, в. Мужычок, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя — 6 студзеня 1906 (24 снежня 1905), Санкт-Пецярбург, Расійская імперыя) — рускі лекар і вучоны ў галіне афтальмалогіі[2]. Доктар медыцыны (1887), прафесар (1893).

Ерафей Васілевіч Касценіч
Дата нараджэння 4 кастрычніка 1854(1854-10-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 снежня 1905(1905-12-24) (51 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці урач, афтальмолаг, хірург, выкладчык універсітэта
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук
Навуковае званне
Альма-матар

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў вёсцы Мужычок (цяпер у складзе в. Трасціно Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці) у сям’і святарскага кухара[1]. Неўзабаве бацькі пераехалі ў вёску Царкоўны Асавец Быхаўскага павета.

Пасля сканчэння Магілёўскай гімназіі паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. У 1880 годзе скончыў універсітэт са ступенню кандыдата і залатым медалём і стаў працаваць лабарантам фізіялагічнай лабараторыі. Адначасова паступіў у Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію. У 1884 годзе паспяхова здаў экзамен на званне ўрача, сваёй спецыяльнасцю абраў афтальмалогію.

Свае веды ўдасканальваў пад кіраўніцтвам вядомых айчынных і замежных вучоных. У 1887 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Развіццё колбачак і палачак, і вонкавага ядзернага слоя ў зародку чалавека», якая была адной з першых расійскіх работ па гэтым пытанні. У 1890 годзе на канферэнцыі Ваенна-медыцынскай акадэміі Ерафея Касценіча выбралі стыпендыятам Я. В. Віліе і накіравалі ў Францыю, Германію і Аўстрыю для далейшага ўдасканалення па афтальмалогіі[1].

Увосень 1893 года вярнуўся з-за мяжы і здаў экзамен на званне клінічнага прафесара, быў прызначаны загадчыкам вочнага аддзялення Уяздоўскага шпіталя ў Варшаве. Адначасова кіраваў Варшаўскім акруговым упраўленнем Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа.

У 1897 годзе саветам Варшаўскага ўніверсітэта быў выбраны экстраардынарным прафесарам кафедры афтальмалогіі. У 1900 годзе пераведзены ў Пецярбург на пасаду клінічнага прафесара Мікалаеўскага ваеннага шпіталя. Адначасова ўзначаліў кафедру афтальмалогіі ў Пецярбургскім клінічным інстытуце. У хуткім часе быў прызначаны таксама дырэктарам Пецярбургскай вочнай лячэбніцы ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі, дзе працаваў да апошніх дзён свайго жыцця.

Ерафей Касценіч удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый. У 1903 годзе ён правёў аперацыю на воку вядомаму расійкаму хіміку Дзмітрыю Мендзялееву, дзякуючы чаму яму вярнуўся зрок[1].

На працягу 1904 годзе вучоны перанёс некалькі сухіх плеўрытаў, у снежні таго ж года злёг у ложак з прычыны вельмі бурна распачатага запаленчага працэсу ў лёгкіх, які перайшоў затым у гнойны плеўрыт. Пасля ізсячэння некалькіх рэбраў паправіўся настолькі, што змог адправіцца на поўдзень Францыі. Вярнуўшыся ў Пецярбург улетку 1905 года працягнуў лячэбную дзейнасць[1].

У кастрычніку 1905 года зноў захварэў і неўзабаве памёр у Пецярбургу, пакінуўшы запавет пахаваць яго на Быхаўшчыне.

Дзейнасць у БеларусіПравіць

Працуючы лекарам, а потым і прафесарам у Варшаве і Пецярбургу, штогод улетку прыязджаў у вёску Царкоўны Асавец. У час адпачынку аказваў бясплатную медыцынскую дапамогу не толькі землякам, але і хворым сялянам з Чавускага і паловы Магілёўскага паветаў. Людзі дабіраліся да яго з Мінскай і Смаленскай губерняў, часам за 150—170 вёрст[3].

У нататцы «Медыцынская дапамога, пададзеная хворым на вочы ў Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні прафесарам Е. Касценічам з 12 ліпеня да 12 верасня 1894 года» паведамляецца, што ён у 1884—1890 гадах штогод на працягу трох месяцаў лячыў хворых на вочы ў сваёй хаце ў Царкоўным Асаўцы[4].

За два месяцы 1894 года ён прыняў у амбулаторных пакоях у вёсках Рыжкаўцы і Царкоўным Асаўцы 3092 хворых, аперацыйную дапамогу атрымалі 477 чалавек, з якіх 200 хворым былі зроблены складаныя аперацыі на вачах[3].

З 1893 года Апякунства сляпых пачало накіроўваць на тэрыторыю Беларусі лятучыя атрады акулістаў. Ерафей Касценіч патрабаваў далучэння да працы ў іх сельскіх урачоў, сам рыхтаваў медыкаў да аказання афтальмалагічнай дапамогі. Адзін з атрадаў дзейнічаў пад яго кіраўніцтвам у Быхаўскім павеце з 20 чэрвеня да 18 чэрвеня 1895 года. У вёсцы Рыжкавічах ён прымаў хворых на вочы з цяжкімі захворваннямі і пасля аперацый на павеках. Дапамога аказвалася бясплатна, толькі на лячэнне хворых доктар прасіў Апякунства вылучыць 200 рублёў. У выніку, аперацыі былі зроблены больш як 5 тысячам хворым[3].

За руплівую працу ў вочных атрадах на працягу больш як 12 год Ерафей Касценіч атрымаў спецыяльны ўзнагародны знак Апякунства сляпых[3].

ПамяцьПравіць

У гонар Е. В. Касценіча названа вуліца ў Быхаве[5]. На яго магіле ў вёсцы Красны Асавец у 1964 годзе быў пастаўлены абеліск[2].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Таццяна Барыбкіна. Іерафей Касценіч сялянскі прафесар(руск.) . Хоцімская раённая газета «Шлях Кастрычніка» (12 чэрвеня 2018). Праверана 24 ліпеня 2020.
  2. 2,0 2,1 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 156
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Прафесар з сялян // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Быхаўскага раёна / рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск, 1990. — С. 65—66.
  4. Скворцов, И. Наш земляк профессор Костенич спас зрение Д. И. Менделееву / И. Скворцов // Веснік Магілёва. — 1996. — 15 лютага. — С. 7.
  5. Мычка, Ю. Его именем названа улица / Ю. Мычка // Маяк Прыдняпроўя. — 2017. — 7 чэрвеня. — С. 5 : фота.

ЛітаратураПравіць