Жадунь (правы прыток Беседзі)
Жадунь, Жадунька — рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім раёнах Магілёўскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Беседзь (басейн Дняпра).
Жадунь | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 47 км |
Басейн | 488 км² |
Расход вады | 2,7 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Жадунька |
• Каардынаты | 53°32′18″ пн. ш. 31°50′33,90″ у. д.HGЯO |
Вусце | Беседзь |
• Месцазнаходжанне | за 1 км на ўсход ад пасёлка Варашылава |
• Вышыня | 138,4[1] м |
• Каардынаты | 53°15′28,50″ пн. ш. 32°03′01,50″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,8 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Беседзь → Сож → Дняпро → Чорнае мора |
Краіна | |
Рэгіён | Магілёўская вобласць |
Раёны | Клімавіцкі раён, Касцюковіцкі раён |
— выток, — вусце |
Даўжыня ракі 47 км. Плошча вадазбору 488 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,7 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 ‰.
Назва
правіцьНазва Жадунь балцкага паходжання. У ёй вылучаецца балцкі гідранімічны корань žod- / žad-.
Той жа корань у рачных і азёрных назвах (збольшага на Верхнім Падняпроўі) *Жодзінка, Жадунь, Жодуч, Жодзень, *Няжода, Пражода, а таксама ў двухасноўных гідронімах Валажода і Лебяжода (Лібажода)[2].
Балцкія гідранімічныя аналагі — літоўскія рачныя назвы Žadalis, Žadikė, Žad-upys. Корань Žad- звязаны з моўным гняздом, у якім літоўскае žadas «мова, маўленне; прытомнасць», žodis «слова», žasti «прамаўляць; разгаворваць»[3].
Значэнне мусіла прасунуцца ад «мовіць» да «цячы», так жа сама як стараіндыйскае nadī «рака, водная плынь» пайшло ад *nad- «гучаць, шумець, раўсці, цурчэць»[4].
Пашыральнікі -un-, -ūn- у літоўскіх гідронімах тыпу Ežerūnà, Vil̃kunis[5].
Вышэй па цячэнні ракі Беседзь, у якую ўцякае Жадунь, ля Хоцімска уцякае яшчэ адна Жадунь. Іх назвы ніяк не дыферэнцыяваныя. Тыпалагічна блізкую сітуацыю можна ўгледзець і ў сярэднім цячэнні Дзвіны, у якую справа і злева, адносна недалёка адна ад адной уцякаюць рэкі Обаль і Абалянка (< Обаль), абедзве назвы ад балцкага *Abalis «Рака (цякучая, плыткая)».
Адносна недалёка ад гэтых дзвюх Жадуняў за расійскай мяжой таксама рэчкі Пражода[6] і Няжодка[7], у назвах якіх той жа корань žod- / žad-. Гэта дробныя рэчкі, на вытоках буйнейшых рэк, адпаведна, Вароніцы (цячэ ў Іпуць) і Устрома (цячэ ў Дняпро). Назву Пражода тыпалагічна можна зблізіць з літоўскім pratekti «пачаць цячы, памалу сачыцца», protekom «бегма (бяжаць)», назву Няжодка (< *Няжода) — з назвамі тыпу Нецеч, Нёўда.
Калі значэнне назвы Жадунь можна перадаць як «Цякучая (рака)», дык назвамі Пражода і *Няжода пазначаліся, наадварот, рэчкі слабацечныя.
Асноўныя прытокі
правіцьНа рацэ
правіцьАгульныя звесткі
правіцьПачынаецца за 2,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Жадунька Клімавіцкага раёна, вусце за 1 км на ўсход ад пасёлка Варашылава Касцюковіцкага раёна. Цячэ па заходняй частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны.
Даліна невыразная, месцамі карытападобная. Пойма роўная, парослая лугавымі травамі і хмызняком, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на працягу 25,1 км (выток — 1,8 км на паўднёвы ўсход ад горада Касцюковічы), ніжэй звілістае, пясчанае. Шырыня ракі да вусця Крупні ў межань 5—8 м, ніжэй да 10 м. Берагі месцамі стромкія і абрывістыя, вышынёй 0,5—2 м.
Зноскі
- ↑ Ліст карты N-36-101. Выданне 1989 г. Стан мясцовасці на 1985 г. (руск.)
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 202.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 395—396.
- ↑ В. Н. Топоров. Речь и река/речка (из области мнимых этимологичнских парадоксов) // Исследования по этимологии и семантике. Т. 2: Индоевропейские языки и индоевропейцы. Кн. 2. Москва, 2006. С. 205.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 281—282.
- ↑ Пражода
- ↑ Няжодка
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — С. 81. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
- ↑ а б Ліст карты N-36-88. Выданне 1989 г. Стан мясцовасці на 1985 г. (руск.)
Літаратура
правіць- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 30. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)