«Жанчы́ны ў бе́лым» (ісп.: Damas de Blanco) — кубінскі грамадскі рух, заснаваны ў 2003 годзе пасля хвалі рэпрэсій, вядомай як «Чорная вясна». Пачынаўся як штотыднёвыя шэсці ў белых вопратках (сімвал чысціні і цноты) жонак і іншых сваякоў зняволеных кубінскіх дысідэнтаў. Рух пратэстуе супраць таталітарызму кубінскага рэжыму, пераследу праваабаронцаў, турэмнага зняволення шматлікай колькасці палітвязняў.

Дэманстрацыя «Жанчын у белым» у Гаване (красавік 2012)

У 2005 годзе Еўрапейскі парламент узнагародзіў рух «Жанчын у белым» прэміяй «За свабоду думкі» імя Сахарава.

Заснаванне правіць

Падчас «Чорнай вясны» 2003 года кубінскія ўлады арыштавалі, безсудова катавалі і зняволілі 75 праваабаронцаў, незалежных журналістаў і бібліятэкараў на турэмныя тэрміны да 28 гадоў[1] за патрабаванне правядзення рэферэндума наконт увядзення свабодных выбараў, свабоды прэсы, слова і веравызнання. Дзяржава абвінаваціла ўсіх у «дзейнасці супраць незалежнасці ці тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы», у тым ліку прыналежнасці да «нелегальных арганізацый», прыняцці грошай ад аддзела інтарэсаў ЗША ў Гаване[en], «рабаўніцтвах», «тэрарыстычнай дзейнасці» і супрацоўніцтве з замежнымі СМІ.

На думку Камітэта па абароне журналістаў, «Чорная вясна» парушыла фундаментальныя нормы міжнароднага права, уключна з артыкулам 19 Міжнароднага пакта па грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права на «пошук, атрыманне і распаўсюд інфармацыі і ідэй любых відаў, незалежна ад межаў, як вусна, так і пісьмова ці друкавана, у мастацкай форме альбо на любым іншым носьбіце па сваім выбары»[2].

Праз два тыдні пасля прысудаў сваякі зняволеных склалі ядро руху, лідаркай якога стала Лаўра Палан (памерла 14 кастрычніка 2011 года)[3]. Жанчыны пачалі штонядзельныя малітвы за вязняў ля касцёла святой Рыты ў Гаване. Пасля кожнай імшы яны ладзілі шэсце ад касцёла да найбліжэйшага парка, прычым кожная з жанчын несла фота свайго зняволенага сваяка з колькасцю гадоў турмы. Белую вопратку апраналі ў 1970-я гады аргенцінскія Маці з плошчы Мая, якія такім чынам дамагаліся ад хунты інфармацыі пра сваіх зніклых дзяцей.

Дзейнасць правіць

Кубінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што рух «Жанчын у белым» фінансуецца з ЗША, а сапраўдныя намеры ўдзельніц — разбурэнне дасягненняў Кубінскай рэвалюцыі[4]. Якія-небудзь доказы датычнасці ЗША да стварэння «Жанчын у белым» адсутнічаюць, аднак існуюць прадстаўленыя WikiLeaks дакументы, якія сведчаць пра актыўнае супрацоўніцтва з імі Аддзела інтарэсаў ЗША ў Гаване і пра запыт сродкаў на дапамогу руху[5].

Акцыі руху рэгулярна скончваюцца разгонамі і арыштамі[6]. На Вербную нядзелю 2005 года адбыўся напад на пратэстоўцаў 150 удзельніц праўрадавай Федэрацыі кубінскіх жанчын.

У сакавіку 2010 года паліцыя затрымала каля 30 удзельніц руху, якія ішлі маршам у падтрымку маці зняволенага Арланда Сапаты Тамаё[d], які загінуў падчас галадавання[7].

30 лістапада 2010 года прадстаўніца руху Івона Мальеса Галана з мужам Ігнасіа Марцінесам Мантэхам былі арыштаваныя за тое, што трымалі плакат «Спыніць голад, пакуты і беднасць на Кубе»[8]. Разам з імі была затрыманая Ізабель Гайдзі Альварэс Маскеда, якая спрабавала перашкодзіць арышту. Іх змясцілі ў турму без прад’яўлення абвінавачванняў, што адразу асудзілі шматлікія праваабарончыя групы, у тым ліку і Кубінская камісія правоў чалавека і нацыянальнага прымірэння. 20 студзеня 2011 года, на 52-і дзень зняволення, усе трое былі вызваленыя праз некалькі гадзін пасля таго, як Міжнародная амністыя прызнала іх «вязнямі сумлення».

Да 2010 года камуністычныя ўлады вызвалілі 23 з 75 зняволеных, асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення пасля «Чорнай вясны» — пераважна з прычыны кепскага стану здароўя. 4 мая 2010 года ў акцыі пратэсту «Жанчын у белым» узяў удзел архіепіскап Гаваны кардынал Хаймэ Лукас Артэга і Аламіна. У гэтым жа месяцы дзякуючы пасярэдніцтву каталіцкай царквы былі вызваленыя яшчэ 52 вязні, большасць з якіх былі вымушаныя эміграваць.

У сакавіку 2011 года кубінскія ўлады вызвалілі апошніх з 75 палітвязняў[9]. Аднак рух жанчын працягнуў праваабарончую дзейнасць, нягледзячы на затрыманні, дыскрымінацыю дзяцей, праблемы з працай.

У студзені 2012 года «Жанчыны ў белым» удзельнічалі ў посце салідарнасці са зняволеным дысідэнтам Вільмарам Вільярам Мендосай, які абвясціў галадаванне і пазней памёр ад знясілення[10].

16—17 сакавіка 2012 года каля 70 удзельніц руху на чале з лідаркай Бертай Солер былі арыштаваныя па дарозе ў касцёл ці пасля імшы. 19 сакавіка ўсе былі вызваленыя без прад’яўлення абвінавачванняў[4], аднак з папярэджаннямі ад таемнай паліцыі пра цяжэйшыя наступствы ў выпадку далейшых пратэстаў. Такім чынам улады ізалявалі «Жанчын у белым» на час візіту папы рымскага Бенедыкта XVI[11].

21 сакавіка Міжнародная амністыя прызнала вязнямі сумлення ўдзельніцу руху Ясмін Канеда Рыверон і яе мужа Юсмані Рафаэля Альварэса Эсморы, арыштаваных у студзені пасля канфлікту з прадстаўніком камуністычнай партыі і абвінавачаных у «гвалце з службовай асобы». 5 красавіка сямейная пара была вызваленая пад заклад[12][10].

9 снежня 2012 года кубінская паліцыя ізноў арыштавала з прымяненнем гвалту каля 100 «Жанчын у белым», сарваўшы святкаванне Дня правоў чалавека[13].

У студзені 2015 года дзякуючы дзейнасці «Жанчын у белым» былі вызваленыя 53 палітвязні[14].

19 сакавіка 2016 года перад прыездам на Кубу прэзідэнта ЗША Барака Абамы кубінскія ўлады арыштавалі на шэсці больш як 50 «Жанчын у белым».

Прэмія Сахарава правіць

У 2005 прэмія Сахарава за свабоду думкі была ўручана некалькім лаўрэатам: «Рэпарцёрам без межаў», нігерыйскай праваабаронцы Хауве Ібрагім і «Жанчынам у белым». Для атрымання ўзнагароды былі выбраныя пяць прадстаўніц руху: Лаўра Палан, муж якой Эктар Маседа атрымаў 20-гадовы вырак; Мірыям Лейва, муж якой Оскар Эспіноза Чэпэ быў вызвалены датэрмінова з прычыны цяжкай хваробы; Берта Солер, муж якой Анхель Моя Акоста атрымаў 20-гадовы вырак; Лёйда Вальдэс, муж якой Альфрэда Феліпэ Фуэнтэс атрымаў 26-гадовы вырак; Хулія Нуньес, муж якой Адольфа Фернандэс Сайнс атрымаў 15-гадовы вырак. Аднак кубінскі ўрад не выпусціў лідарак руху на цырымонію ўзнагароджання прэміі ў Страсбуры[15]. У 2013 годзе Берта Солер змагла выехаць за мяжу і атрымаць узнагароду.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Архіўная копія (англ.)(недаступная спасылка). Human Rights First (19 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2021. Праверана 16 кастрычніка 2021.
  2. Carlos Lauria, Monica Campbell, María Salazar.. Cuba’s Long Black Spring (англ.). Committee To Protect Journalists (18 сакавіка 2008). Праверана 11 сакавіка 2021.
  3. Laura Pollán (англ.). The Telegraph (25 кастрычніка 2011). Праверана 11 сакавіка 2021.
  4. а б Cuba's Ladies in White released after weekend arrest (англ.). BBC News (19 сакавіка 2012). Праверана 11 сакавіка 2021.
  5. Bayard de Volo, Lorraine. Heroines With Friends in High Places: Cuba’s Damas de Blanco (англ.) (19 кастрычніка 2011). Праверана 11 сакавіка 2021.
  6. Sara Miller Llana.. Cuba arrests Ladies in White (англ.). Christian Science Monitor (22 красавіка 2008). Праверана 11 сакавіка 2021.
  7. Арышты на Кубе і акцыя „Вясны“. «Вясна» (18 сакавіка 2010). Праверана 11 сакавіка 2021.
  8. Cuban activist in incommunicado detention (англ.) (pdf). Amnesty International (9 снежня 2011). Праверана 11 сакавіка 2021.
  9. Voss, Michael. Dissidents' release draws line under Cuba crackdown. BBC News (24 сакавіка 2011). Праверана 11 сакавіка 2021.
  10. а б Cuban authorities 'responsible' for activist's death on hunger strike (англ.). Amnesty International. Праверана 11 сакавіка 2021.
  11. Куба: арышты „Дам у белым“. Ватыканскае радыё (19 сакавіка 2012). Праверана 11 сакавіка 2021.
  12. Cuba: Further information: Prisoners of conscience released on bail (англ.). Amnesty International (11 красавіка 2012). Праверана 11 сакавіка 2021.
  13. Сто жанчын-праваабаронцаў затрымалі на Кубе напярэдадні Дня правоў чалавека. Праваабарончы цэнтр „Вясна“ (11 снежня 2012). Праверана 11 сакавіка 2021.
  14. Архіўная копія (укр.)(недаступная спасылка). УНТ (14 студзеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 2 сакавіка 2019. Праверана 16 кастрычніка 2021.
  15. Cuban group not allowed collect award. RTÉ News (14 снежня 2005). Праверана 11 сакавіка 2021.

Спасылкі правіць