Жарабковічы

вёска ў Беларусі

Жарабко́вічы[1] (трансліт.: Žarabkovičy, руск.: Жеребковичи) — аграгарадок у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Шавялёўцы. Адміністрацыйны цэнтр Жарабковіцкага сельсавета. Месціцца за 18 км на паўночны ўсход ад Ляхавічаў, чыгуначная станцыя на лініі Асіповічы I — Русіно, цераз аграгарадок праходзіць аўтамабільная дарога Р103 Клецк—Ляхавічы.

Аграгарадок
Жарабковічы
Žarabkovicki sielvykankam.jpg
Будынак Жарабковіцкага сельвыканкама, 2014 г.
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Колькасць двароў
250
Насельніцтва
681 чалавек (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1633
Паштовы індэкс
225390
Аўтамабільны код
1
Жарабковічы на карце Беларусі ±
Жарабковічы (Беларусь)
Жарабковічы
Жарабковічы (Брэсцкая вобласць)
Жарабковічы

НазваПравіць

Паходзіць напэўна ад мянушкі Жарабок (Жеребокъ) і вытворнага ад яе патроніма — імя па бацьку, пазней прозвішча.

Цяпер болей вядомы версіі з народнай этымалогіі, адна выводзіць назву ад дзеяслова «жарабіць», які на мясцовай гаворцы значыць «выпас быдла», другая — ад коней, якіх тут быццам гадавалі для княжацкіх патрэб, калі паселішча належала Радзівілам. Назва аднак вядома з часоў, калі цяперашняй мясцовай гаворкі пэўна яшчэ не было і да 14-гадовага перыяду належнасці Барбары Радзівіл, пра развітую тут конегадоўлю таксама няма звестак.

ГісторыяПравіць

Вялікае Княства Літоўскае і Расійская імперыяПравіць

Вядомы прынамсі з 1440—1447 года як «Жеребковичи» ў Клецкай воласці, нададзеныя нейкаму Рыгору Пятрышчу (або Пятрышчу Рыгоравічу). Тады ж тры «чалавекі» — Васіль, сын яго Андрэй і Хадот, «у Жеребковичох» нададзены і нейкаму Пішчыку. Перад тым Рыгору Пятрышчу з Клецкай воласці былі нададзены шэсць «чалавек» бортнікаў — Дзямід, два Дабарэвічы, Палаўчын, Клімец і Трунец. Неўзабаве Пятрышча з братам таксама з Клецкай воласці атрымаў яшчэ Мірашава «месца» (напэўна, былы маёнтак нейкага Міраша), Левановічы і Цыцкавічы (напэўна, «чалавекі» з сем’ямі)[2].

Да 1450-х гадоў Жарабковічы і Ляхавічы (напэўна, Старыя), належалі ўжо валынскаму баярыну Дзяніску Мукасеевічу, які памяняў іх з панам Іванам Іллінічам на яго замак Вельгар з «местам» і некалькімі «прыселкамі» ў Луцкім павеце[3]. Потым Жарабковіцкі маёнтак перайшоў як спадчына да пана Юрыя Іллініча. У 1525 годзе канцлер Альбрэхт Гаштольд аспрэчыў правы Іллініча на ўваходы у пушчу Лесішча, якая па словах Гаштольда належала да яго Ляхавіцкага маёнтка, у тым жа годзе ён нават забраў Жабрабковіцкі маёнтак у Іллініча. Загадам караля Жыгімонта Старога, маёнтак вернуты, а Гаштольд абавязаны кампенсаваць шкоды[4].

Неўзабаве Юрый Іллініч памёр, пры падзеле яго спадчыны ў 1527 годзе Жарабковічы атрымаў сярэдні сын Станіслаў і далучыў як «дварэц» да свайго Мірскага маёнтка. Правы Станіслава на Жарабковічы пацвердзіў гаспадар. Пасля смерці Станіслава ў 1531 годзе маёнтак перайшоў да старэйшага брата Яна, які ў 1532 годзе прадаў Жарабковічы разам з маёнткам Малкава Альбрэхту Гаштольду за 1500 коп літоўскіх грошаў[4].

У 1537 годзе з дазволу бацькі Станіслаў Гаштольд запісаў Ляхавіцкі маёнтак з «дваром» Жарабковічы як вена сваёй жонцы Барбары Радзівіл. Пасля смерці Станіслава ў 1542 годзе род Гаштольдаў згас і іх асноўныя ўладанні як вымарачныя перайшлі на вялікага князя, то бок дзяржаве. Вяноўныя ж маёнткі засталіся Барабары, якая ў 1547 годзе ўзяла шлюб з каралём Жыгімонтам Аўгустам[5].

Пасля смерці Барабары ў 1551 годзе яе маёнткі перайшлі ў асабістае ўладанне Жыгімонта Аўгуста. Кароль аддаваў Ляхавіцкае староства ў дзяржанне за пазыкі, першым дзяржаўцам быў Рыгор Валовіч (зг. у снежні 1556). Ад 8 мая 1561 года[6] за пазыку 3000 коп грошаў дзяржаву з дварамі Ляхавічы, Старыя Ляхавічы і Жарабковічы атрымаў Іван Солтан. Пры Солтане ў Ляхавіцкіх ўладаннях гаспадарскім рэвізорам Андрэем Ільгоўскім праведзена валочная памера, матэрыялы цяпер захоўваюцца ў ЦДГАУК[7]. Цягам ліпеня 1566 — снежня 1567 года, нягледзячы на супраціўленне Солтана, дзяржава яму была заменена, а Ляхавіцкая нададзена за службу «до двух животовъ» Уладзіміру Забалоцкаму і яго жонцы з правам на 6000 коп грошаў. У канцы 1569 — пачатку 1570 года загадам гаспадара Дзмітрам Сапегам і Вацлавам Шушынскім праведзена рэвізія, матэрыялы цяпер захоўваюцца ў НГАБ[8]. Ужо ў 1569—1571 гадах кароль забраў Ляхавіцкую воласць і ў Забалоцкага, каб абмяняць «замак Ляхавічы, двор Жарабковічы ў Навагародскім павеце, места Батокі, двор Крэцінку, 50 валок ў воласці Палангенскай у зямлі Жамойцкай» з віленскім кашталянам Янам Хадкевічам на яго «дзедзічныя маёнткі Свіслач, двор Грынкі, Янава, Валкаўшчызна» і Абчоўскую пушчу ў Ваўкавыскім павеце.[5][9][10]

Пасля смерці ў 1621 годзе Яна Караля Хадкевіча, у маі 1623 годзе яго ўладанні падзелены паміж спадчыннікамі — Ляхавіцкі маёнтак атрымала дачка Ганна Схаластыка, жонка Яна Станіслава Сапегі, пасля яе смерці ў 1625 годзе ўласнасць перайшла да Сапегаў. Пасля смерці Е. Ф. Сапегі ў 1750 годзе, спадчыннікі спрабавалі выплаціць пазыкі і захаваць маёнтак, але ўрэшце ў 1760 годзе прадалі польнаму гетману Міхалу Юзафу Масальскаму. У рэестры названы самі Ляхавічы і фальваркі Старыя Ляхавічы, Ажэвічы, Жарабковічы, Зубялевічы, Голдавічы, Мыслабаж, Літва і Вадзяжым. У 1775 годзе, праз стратэгічнае становішча Ляхавічаў, маёнтак цалкам перайшоў да дзяржавы, але ў 1790 годзе рашэнне адменена і ўладанні вернуты Масальскім. Ад 1791 года, паводле новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, аказаліся ў Случарэцкім павеце Новагародскага ваяводства[5].

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, у Нясвіжскім павеце Мінскага намесніцтва. У 1793 годзе Ляхавіцкае графства перайшло ва ўладанне графаў Касакоўскіх. У складзе графства між іншых былі фальварак Жарабковічы (уключаў вёскі Зарытава, Падлессе Жарабковіцкае) і фальварак Гулічы (уключаў саму вёску Жарабковічы). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы Паўла I (1796) у Слуцкім павеце Мінскай губерні.[5]

Найноўшы часПравіць

У Першую сусветную вайну вёска была ў прыфрантавой паласе, у лютым — снежні 1918 года пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі абвешчана часткай Беларускай ССР. З чэрвеня 1919 года была пад акупацыяй Польшчы.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года — у складзе Ляхавіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польскай Рэспублікі[5].

У выніку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года Жарабковічы ўвайшлі ў БССР, ад 15 студзеня 1940 года — у Ляхавіцкім раёне Баранавіцкай вобласці, ад 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Жарабковіцкага сельсавета. У 1940 годзе створаны калгас імя Сталіна, які аб’ядноўваў 98 гаспадарак з 727 га ворыва[5].

У часе Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года акупаваны нямецкімі войскамі[5]. Вызвалены 5 ліпеня 1944 года падраздзяленнямі 65-га асобнага танкавага палка і 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі.

У 1948 годзе адноўлены калгас імя Сталіна, які аб’ядноўваў 35 гаспадарак, у снежні 1950 года да яго далучаны шэсць дробных навакольных калгасаў. Ад 8 студзеня 1954 года Жарабковічы ў складзе Брэсцкай вобласці, ад 16 ліпеня 1954 — у Падлескім сельсавеце. Калгас імя Сталіна 3 лістапада 1961 года перайменаваны ў «Беларусь». Падлескі сельсавет 3 ліпеня 1972 года зноў перайменаваны ў Жарабковіцкі сельсавет[11][5].

ІнфраструктураПравіць

 
Жарабковіцкі Дом культуры.
 
Сталая экспазіцыя прадметаў народна-побытавай культуры ў Жарабковіцкім Доме культуры.

Станам на 2007 год планіровачна вёска складалася з трох просталінейных, паралельных, мерыдыяльных вуліц да якіх з захаду далучаецца блізкая да шыротнай арыентацыі вуліца. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу[12]. Станам на 2020 год у паселішчы 7 вуліц — Кастрычніцкая, Лугавая, Мінская, Пушкіна, Садовая, Савецкая, Спакойная[13].

Станам на 1940 года ў вёсцы дзейнічалі пачатковая школа, клуб, медпункт, крама, тэлефон[5].

У 1970 годзе — цэнтр калгаса «Беларусь»[5].

Станам на 2007 год у Жарабковічах размяшчаліся выканкам сельсавета, філіял «Беларусбанк», дзіцячы сад, 2 крамы, аддзяленне «Белпошта», фельчарска-акушэрскі пункт, сярэдняя школа[5], бібліятэка, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт[12].

Дом Культуры

На базе Дома культуры праходзяць асноўныя культурныя мерапрыемствы вёскі — канцэрты, дыскатэкі, творчыя выступленні і вечары. Таксама дзейнічае шэраг гурткоў, у тым ліку беларускай народнай песні, народнага танцу, тэатральны, развіцця дзіцячай творчасці і іншыя. Размешчана сталая экспазіцыя прадметаў народна-побытавай культуры — ручнікоў, сельскагаспадарчых і побытавых прылад, іншых рэчаў. Частка мерапрыемстваў, пераважна дзіцячых, адбываецца ў будынках мясцовай школы і дзіцячага саду.

ДэмаграфіяПравіць

  • 1847 год — у вёсцы 37 двароў, 277 жыхароў, 27 валок; у фальварку (разам з Зарытавым і Падлессем) 58 двароў, 521 жыхар, 37,5 валок[5]
  • 1897 год — у вёсцы 72 двары, 532 жыхары; у маёнтку 2 будынкі, 31 жыхар[5]
  • 1909 год — у вёсцы 108 двароў, 652 жыхары; у маёнтку 6 жыхароў[5]
  • 1921 год — у вёсцы 119 двароў, 619 жыхароў; у фальварку 3 дамы, 30 жыхароў[5]
  • 1940 год — у вёсцы 127 двароў, 681 жыхар, у былым фальварку 88 жыхароў[5]
  • 1959 год — 519 жыхароў[5]
  • 1970 год — 617 жыхароў [5]
  • 2002 год — 238 двароў, 670 жыхароў[5]
  • 2005 год — 237 двароў, 620 жыхароў[5]
  • 2014 год — 250 двароў, 681 жыхар

Вядомыя асобыПравіць

МемарыялыПравіць

  • У цэнтры Жарабковічаў пахаваны 14 воінаў Чырвонай і Савецкай арміі, загінулых ў 1941 і 1944 гадах, у 1957 годзе на магіле ўстаноўлены помнік — скульптура салдата.[5]
  • На могілках пахаваны 14 вяскоўцаў, расстраляных акупантамі летам 1941 года, у 1965 годзе на магіле ўстаноўлены абеліск[5], які ў 2010-х гадах дэмантавалі, паставіўшы замест яго сучасны магільны камень.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. LM № 3 (1440—1498). — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1998. — P. 56
  3. Собчук В. Д. Від коріння до крони : дослідж. з історії князів. і шляхет. родів Волині ХV — першої половини ХVII ст. — Кременець: [Кременец.-Почаїв. держ. іст.-архітектур. заповідник], 2014. — 506 c. : табл. — С. 179, заўв. 7.
  4. 4,0 4,1 Аляхновіч Р. А., Рыбчонак С. А., Шаланда А. І. Род Іллінічаў… С. 234.
  5. 5,00 5,01 5,02 5,03 5,04 5,05 5,06 5,07 5,08 5,09 5,10 5,11 5,12 5,13 5,14 5,15 5,16 5,17 5,18 5,19 5,20 5,21 ГВБ. Т. 4, кн. 2, 2007, с. 273
  6. Акты Виленской археографической комиссии: Том XXII. Акты Слонимского земского суда. — Вильна, 1895. — 535 с.
  7. ЦДIАУК, ф. 1 (Скарб коронний), оп. 1, спр. 2, арк. 334—359 зв.; Паводле: Ерусалимский К. Ю. Московский боярич… С. 89.
  8. НГАБ. КМФ-18, воп. 1, спр. 48, арк. 356 адв. — 357 адв.; Паводле: Ліцкевіч А. У. Распараджэнні Жыгімонта Аўгуста…
  9. Ерусалимский К. Ю. Московский боярич… С. 89.
  10. Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство… С. 151—152. (са спасылкай: Кн. Зап. Лит. LIV, л. 63 и сл.)
  11. Рашэнне выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 3 ліпеня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 23 (1361).
  12. 12,0 12,1 ГВБ. Т. 4, кн. 2, 2007, с. 274
  13. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса. Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.

ЛітаратураПравіць

  • Аляхновіч Р. А., Рыбчонак С. А., Шаланда А. І. Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стст.: радавод, гербы, уладанні. — Мір: Музей «Замкавы комплекс „Мір“», 2015. — 373 с., іл., карта.
  • Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство великого княжества Литовского при Ягеллонах : Т. 1. - Киев : тип. Имп. Ун-та св. Владимира, АО печ. и изд. дела Н.Т. Корчак-Новицкого, 1901. - VIII, 807, [3], V-CXII, II с., 1 л. табл.
  • Жарабковічы // Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя ў 15 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.. — Мн.: БелЭн, 2007. — Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. — С. 273-274. — ISBN 985-11-0303-0.
  • Ерусалимский К. Ю. Московский боярич, литовский староста, королевский слуга: европейская карьера В. С. Заболоцкого [Текст] / К. Ю. Ерусалимский // Российская история. — 2011. — N 4. — С. 88-102. — Библиогр. в примеч. — Примеч.: с. 99-102 . — ISSN 0869-5687
  • Ёсць край такі [Тэкст] : гістарычна-літаратурная хроніка / рэд.-склад. У. М. Лаўрэнаў. — [Б. м.] : Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, 2003. — 427 с. — ISBN 985-6676-41-X
  • Ліцкевіч А. У. Распараджэнні Жыгімонта Аўгуста адносна ўласных гаспадарскіх (вялікакняскіх) маёнткаў пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г. (два дакументы з 52-й Кнігі запісаў Метрыкі ВКЛ) // Metriciana. Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. Т. 3. — Мн., 2004. — С. 35-56.

СпасылкіПравіць