Жаўрук-смяцюх
Жаўру́к-смяцю́х, ці Чуба́ты жа́варанак (Galerida cristata) — від птушак з сямейства жаваранкавых. Яго найбольш яскравым адрозненнем ад іншых прадстаўнікоў жаваранкавых з’яўляецца наяўнасць адносна вялікага чубка з пер’я на галаве. Гэты від распаўсюджаны пераважна ў Еўропе, але сустракаецца ў Паўночнай Афрыцы, некаторых рэгіёнах Заходняй, Паўднёвай і Усходняй Азіі.
Жаўрук-смяцюх | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Класіфікацыя і этымалогія
правіцьЖаўрук-смяцюх быў адным з відаў, упершыню апісаных Карлам Лінеем у XVIII ст. у працы «Сістэма прыроды» (лац.: Systema Naturae). Быў уключаны ў род Alauda, пакуль нямецкі натураліст Фрыдрых Бое не ўключыў яго ў новы род Galerida ў 1821 годзе. Колін Гарысан у 1865 годзе рэкамендаваў паўторна аб’яднаць прадстаўнікоў родаў Galerida і Lullula у род Alauda з прычыны, на думку Гарысана, недастаткова яскравых размежаванняў паміж гэтымі таксонамі, аднак гэта так і не было зроблена[1].
Сучасная навуковая назва жаўрука-смецюха паходзіць ад лацінскіх слоў galerum (капялюш) і cristata (чубатая). Па-беларуску птушку называюць «жаўрук-смяцюх», бо яна любіць сяліцца на ўзбочынах дарог, жылых участках і іншых месцах з нізкай травой, якія гістарычна часта былі забруджаны смеццем.
Падвіды ды іх арэал
правіцьНа сённяшні дзень вылучаюць 32 падвіды жаўрука-смецюха[2]:
- Іберыйскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata pallida Brehm, CL, 1858) — сустракаецца ў Партугаліі і Іспаніі;
- Цэнтральнаеўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata cristata Linnaeus, 1758) — сустракаецца на шырокіх абшарах тэрыторый ад Паўднёвай Скандынавіі і Францыі да Беларусі, Украіны і Венгрыі;
- Заходнеітальянскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata neumanni Hilgert, 1907) — сустракаецца на захадзе Цэнтральнай Італіі;
- Грэчаскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata meridionalis Brehm, CL, 1841) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Усходняй Харватыі да Цэнтральнай Грэцыі і Заходняй Турцыі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від;
- Кіпрскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata cypriaca Bianchi, 1907) — сустракаецца на Родасе, Карпатасе і Кіпры;
- Паўднёва-ўсходні еўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata tenuirostris Brehm, CL, 1858) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Усходняй Венгрыі і Румыніі да Беларусі, Паўднёвай Расіі і Казахстана;
- Каўказскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata caucasica Taczanowski, 1888) — сустракаецца на ўсходзе Эгейскіх астравоў, поўначы Турцыі і поўдні Каўказа;
- Паўночна-заходні мараканскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata kleinschmidti Erlanger, 1899) — сустракаецца на паўночным захадзе Марока;
- Заходнемараканскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata riggenbachi Hartert, 1902) — сустракаецца на захадзе Марока;
- Паўночнаалжырскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata carthaginis Kleinschmidt, O & Hilgert, 1905) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад паўночна-ўсходняй часткі Марока да поўначы Туніса;
- Паўночна-ўсходні алжырскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata arenicola Tristram, 1859) — сустракаецца на паўночным усходзе Алжыра, поўдні Туніса і паўночным захадзе Лівіі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від;
- Кірэнаіцкі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata festae Hartert, 1922) — сустракаецца на ўзбярэжжы Паўночна-Усходняй Лівіі;
- Паўночна-ўсходні лівійскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata brachyura Tristram, 1865) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Паўночна-Усходняй Лівіі да Паўднёвага Ірака і Паўночнай Аравіі;
- Паўднёва-ўсходні алжырскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata helenae Lavauden, 1926) — сустракаецца на паўднёвым усходзе Алжыра і паўднёвым захадзе Лівіі;
- (Galerida cristata jordansi Niethammer, 1955) — сустракаецца на плато Аір (Паўночны Нігер);
- Жаўрук-смяцюх дэльты Ніла (Galerida cristata nigricans Brehm, CL, 1855) — сустракаецца ў дэльце Ніла (Паўночны Егіпет); калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від;
- Жаўрук-смяцюх Паўночнай даліны Ніла (Galerida cristata maculata Brehm, CL, 1858) — сустракаецца ў Цэнтральным Егіпце;
- Жаўрук-смяцюх Паўднёвай даліны Ніла (Galerida cristata halfae Nicoll, 1921) — сустракаецца ў Паўднёвым Егіпце і Паўночным Судане;
- Дангольскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata altirostris Brehm, CL, 1855) — сустракаецца ва Усходнім Судане і Эрытрэі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від;
- Самалійскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata somaliensis Reichenow, 1907) — сустракаецца ў Паўднёвай Эфіопіі, Паўночным Самалі і Паўночнай Кеніі;
- (Galerida cristata balsaci Dekeyser & Villiers, 1950) — сустракаецца на ўзбярэжжы Маўрытаніі;
- Сенегальскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata senegallensis Statius Müller, PL, 1776) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Маўрытаніі і Сенегала да Нігера; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від у родзе Alauda;
- Нігерыйскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata alexanderi Neumann, 1908) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Паўночнай Нігерыі да Заходняга Судана і Паўночна-Усходняй ЦАР;
- Суданскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata isabellina Bonaparte, 1850) — сустракаецца ў Цэнтральным Судане; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від;
- Жаўрук-смяцюх узбярэжжа Леванта (Galerida cristata cinnamomina Hartert, 1904) — сустракаецца ў Заходнім Ліване і Паўночна-Заходнім Ізраілі;
- Усходнелеванцкі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata zion Meinertzhagen, 1920) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Паўднёвай Турцыі да Паўночна-Усходняга Ізраіля;
- Цэнтральнатурэцкі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata subtaurica Kollibay, 1912) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Цэнтральнай Турцыі да Паўднёва-Заходняга Туркменістана і Паўночнага Ірана;
- Казахстанскі жаўрук-смяцюх, або Белуджыстанскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata magna Hume, 1871) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Цэнтральнага Ірана і Цэнтральнага Туркменістана да Паўночна-Заходняга Пакістана, Казахстана, Паўднёвай Манголіі і Паўночна-Заходняга Кітая; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від;
- (Galerida cristata leautungensis Swinhoe, 1861) — сустракаецца ў Паўночна-Усходнім і Усходнім Кітаі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від у родзе Alauda;
- (Galerida cristata coreensis Taczanowski, 1888) — сустракаецца ў Карэі;
- Гілгіцкі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata lynesi Whistler, 1928) — сустракаецца ў Паўночным Пакістане;
- Індыйскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata chendoola Franklin, 1831) — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Цэнтральнага і Усходняга Пакістана да Паўднёвага Непала праз Заходнюю і Паўночную Індыю; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від у родзе Alauda.
Раней Магрыбскага жаўрука-смецюха вызнавалі за адзін з падвідаў жаўрука-смецюха, аднак з дапамогай малекулярна-генетычных даследаванняў (у прыватнасці, аналізу мітахандрыяльнай ДНК) Албанам Жыламэ і яго калегамі было даказана, што гэта розныя віды[3]. Увагу даследчыкаў прыцягнула дзюба Магрыбскага жаўрука-смецюха, бо яна была значна даўжэйшай за дзюбы тых падвідаў жаўрукоў-смецюхоў, што таксама пражываюць у Магрыбе[4].
У Беларусі зарэгістраваныя два падвіды жаўрука-смецюха: Цэнтральнаеўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata cristata) і Паўднёва-ўсходні еўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata tenuirostris).
Біятоп
правіцьЗвычайна жаўрук-смяцюх аддае перавагу адкрытым сухім лугам, але сустракаецца таксама і па ўскраінах палёў і дарог, у прамысловых раёнах, портах, аэрапортах, ля чыгункі і ў гарадскіх парках[5]. Ідэальнымі з’яўляюцца сухія і цёплыя тэрыторыі з нізкарослай расліннасцю, пераважна на гліністых пясчаных грунтах. Пры гэтым актыўныя ўрбанізацыя і развіццё сельскай гаспадаркі скарачае колькасць прыдатных для гэтай птушкі тэрыторый[6].
Апісанне
правіцьЗнешні выгляд
правіцьЖаўрук-смяцюх мае даволі тыповы для жаўрука знешні выгляд[7], аднак вылучаецца і яскравымі асаблівасцямі. Даўжыня цела жаўрука-смецюха складае 17—19 см, размах крылаў — 29—38 см. Маса вагаецца ў дыяпазоне 36,5—46 г[6][8]. Афарбоўка верху цела буравата-шэрая з падоўжнымі шырокімі цёмнымі стракатымі плямамі, ніз жа цела брудна-белы з падоўжнымі бурымі стракатымі плямамі на грудзях. Крайнія стырнавыя пёры рудаватыя і светляйшыя за астатні хвост. На галаве знаходзіцца вялікі шылаваты чуб. У маладых птушак чуб невялікі[9][10]. Самкі і самцы амаль не адрозніваюцца, але маладыя птушкі маюць болей плям на спіне ў параўнанні з дарослымі[7].
Голас
правіцьГолас жаўрука-смецюха падобны да голасу палявога жаўрука, але больш прарэзлівы, мае больш частыя перапынкі[9]. Вабны крык — прарэзлівае «ді-діі-трі» або «ірі-трі-тріэ», мяккае «джютт». Жаўрук-смяцюх спявае звычайна седзячы на паверхні, а часам — у палёце (пераважна на вышыні ад 30 да 60 м над зямлёй, што адрознівае яго ад жаўрука палявога, які дэманструе падобныя паводзіны, але таксама спявае падчас узлёту)[8][11].
Харчаванне
правіцьЖаўрук-смяцюх пераважна харчуецца ежай расліннага паходжання: насеннем дзікай травы, аўса, пшаніцы і ячменю[9]. Зімой птушка здольная перайсці на дробную жывёльную ежу[7]. Таксама жывёл спажываюць маладыя жаўрукі. Дажджавыя чэрві, дробныя жукі, мухі, маленькія матылі, вусені, а таксама (зрэдку) дробныя смаўжы ды павукі — аснова жывёльнага рацыёну жаўрука-смецюха[12].
Размнажэнне
правіцьСамка будуе добра замаскіраванае гняздо, будаўнічым матэрыялам для якога з’яўляюцца завялыя травінкі, карані і каласкі (канцы якіх тырчаць па-за краямі гнязда), на зямлі ў рытвінцы сярод няшчыльнай расліннасці, грудкоў зямлі, камянёў і г. д.[7] Зрэдку жаўрук-смяцюх будуе гнёзды на схілах або каменных сценах. Агульны дыяметр гнязда складае 9—15 см, унутраны дыяметр — 6,5—7 см, вышыня — 4,5—5 см.
У перыяд красавік-чэрвень самка двойчы адкладае ад 2 да 6 (у пераважнай большасці выпадкаў — ад 3 да 5) яек. Яйкі крыху падоўжаныя, часта ўздзьмутыя. Яны вельмі нагадваюць яйкі жаўрука палявога, але адрозніваюцца ад апошніх наяўнасцю на белым або шараватым фоне светла-шэрых ці шэра-фіялетавых глыбокіх плямак. Паверхневыя яйкі жаўрука-смецюха могуць мець густы аліўкава-карычневы або шэра-карычневы колер і ўтвараць пояс (або «шапачку») на шырокім канцы. Сярэднія памеры яек — 22 на 17 мм (пры рэальным дыяпазоне 19—25,5 мм на 15—19,5 мм)[8].
Яйкі выседжваюцца ад 11 да 14 дзён (найчасцей 11—12 дзён), пасля чаго вылупліваюцца птушаняты, якія (як і прадстаўнікі іншых жаўрукоў) пакідаюць гняздо ў пошуках ежы досыць рана — на 8—11 дзень, а лётаць пачынаюць ва ўзросце 15—16 дзён[5].
Экалогія і ахова
правіцьКолькасць
правіцьЖаўрук-смяцюх перажыў некалькі абумоўленых кліматам пашырэнняў і скарачэнняў арэала на працягу апошніх стагоддзяў. Такім чынам вобласць распаўсюджвання пашыралася ў перыяд цеплыні ў XVI ст. і XVIII ст. і зноў скарачалася ў перыяд холаду XVII ст. У пачатку XX ст. жаўрук-смяцюх скарыстаўся магчымасцю гнездавацца ў гарадах і на прамысловых пабудовах.
Глабальная папуляцыя жаўрука-смецюха ў свеце складае, па розных ацэнках, ад 22 000 000 да 91 200 000 дарослых птушак[13]. Што да еўрапейскай папуляцыі, то тут няма такой вялікай розніцы паміж мінімальнай і максімальнай ацэнкамі колькасці чубатага жаваранка: у Еўропе пражываюць ад 7 200 000 да 15 200 000 дарослых птушак.
З 1930-х гадоў папуляцыя, пачынаючы з паўднёвага ўсходу, амаль ва ўсёй Еўропе драматычна скарачаецца. Агульная колькасць жаўрука-смецюха ў Еўропе скарацілася з 1980 г. агулам на 98 %[14] і знаходзіцца ў неспрыяльных умовах, што пагражае стабільнасці ўсёй сусветнай папуляцыі гэтай птушкі[15].
Абмежавальныя фактары
правіцьНягледзячы на спрыяльныя кліматычныя ўмовы XX ст., паўторнага пашырэння арэала жаўрука-смецюха не адбылося. Асноўнымі прычынамі з’яўляюцца, відавочна, недахоп ежы і змены месцаў пражывання гэтай птушкі. Рудэральныя і аблогавыя палі даступныя для чубатага жаваранка толькі ў нязначнай ступені і на працягу адносна кароткага перыяду. Сёння адкрытыя плошчы, напрыклад, на тэрыторыі гарадоў, якія з пачатку XX ст. пачаў засяляць жаўрук-смяцюх, усё больш азеляняюцца, угнойваюцца і шчыльна засаджваюцца. Іншыя сырыя зямельныя плошчы таксама адразу азеляняюцца. Да гэтага дадаецца інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі і ўшчыльненне ландшафту за кошт шырокіх неапрацаваных ускраін палёў. Следствам гэтага з’яўляецца адсутнасць дзікіх траў і іх насення, важных для харчавання птушак. Адначасова адсутнічае дастатковы асартымент насякомых у перыяд гнездавання.
Ахова
правіцьНягледзячы на тое, што ў Чырвоным спісе Міжнароднага саюза аховы прыроды жаўрук-смяцюх апісаны як від пад найменшай пагрозай (Least concern, LC)[16], заўважыўшы тэндэнцыю да імклівага скарачэння яго колькасці шэраг дзяржаў і міждзяржаўных аб’яднанняў шчыльна заняліся пытаннем аховы гэтай птушкі.
Жаўрук-смяцюх знаходзіцца пад аховай «Птушынай дырэктывы» — Дырэктывы Еўрапейскага Саюза аб захаванні дзікіх птушак. Чубаты жаваранак занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з прысваеннем III катэгорыі (VU) і ахоўваецца законам. Гэта птушка ахоўваецца на відавым узроўні ў Польшчы, Славакіі (асобна ад «Птушынай дырэктывы»).
Жаўрук-смяцюх і чалавек
правіцьСвяты Францыск Асізскі лічыў жаўрука-смецюха асаблівай птушкай, падкрэсліваў падабенства яе жыцця з жыццём францысканцаў: зямлісты колер апярэння чубатага жаваранка, яго пакорлівасць («бо ён ідзе ахвотна ўздоўж узбочыны і знаходзіць зерне для сябе») і доўгі час, які ён праводзіць у спевах[17].
Птушка 2017 года ў Беларусі
правіцьНацыянальную кампанію «Птушка года» грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць з 2000 г. Галоўная мэта кампаніі — прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас.
У мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем жаўрука-смецюха, удзельнікі XIX з’езда грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» шляхам галасавання абралі яго птушкай 2017 г.[18]
У межах кампаніі 22 сакавіка 2017 г. Белпошта выпусціла шэраг філатэлістычнай прадукцыі[19][20]:
- Паштовую марку для перасылкі непрыярытэтнай міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі (пісем, бандэролей, дробных пакетаў) масай да 20 г уключна;
- Малы аркуш вышэйзгаданых паштовых марак (7 марак і 1 купон у аркушы);
- Паштовую картку для картмаксімума;
- Канверт першага дня;
- Спецыяльны паштовы штэмпель.
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціць памятную манету, прысвечаную жаўруку-смецюху.
Акрамя гэтага, у межах кампаніі пройдуць конкурсы ад АПБ:
- Найлепшы плакат «Выратуй жаўрука-смецюха!» — да 1 ліпеня 2017 г. прымаюцца мастацкія выявы, выкананыя ад рукі фарбамі ў розных тэхніках;
- Конкурс «Птушка-арт» — 5 чэрвеня (у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя) 2017 г. як мага большая колькасць людзей мусіць скласці з саміх сябе сілуэт птушкі года, а фотаздымак даслаць АПБ;
- Літаратурны конкурс «Верш-чатырохрадкоўе пра жаўрука-смецюха і ягоны лад жыцця» — да 1 ліпеня 2017 г. прымаюцца маленькія вершы пра асаблівасці жыцця жаўрука-смецюха, адметныя прыкметы, уласцівыя яму.
У філатэліі
правіцьЗноскі
- ↑ Harrison, C.J.O. (1966). "The Validity of Some Genera of Larks (Alaudidae)". Ibis. 108 (4): 573–83. doi:10.1111/j.1474-919X.1966.tb07209.x.
- ↑ "IOC World Bird List 6.4". IOC World Bird List Datasets. doi:10.14344/ioc.ml.6.4.
- ↑ Gill, F: Waxwings to swallows(недаступная спасылка). IOC World Bird List: Version 3.4. International Ornithologists’ Union (30 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 24 July 2011. Праверана 30 July 2013.
- ↑ Guillaumet, Alban; Pons, Jean-Marc; Godelle, Bernard; Crochet, Pierre-Andre (2006). "History of the Crested Lark in the Mediterranean region as revealed by mtDNA sequences and morphology". Molecular Phylogenetics and Evolution. 39 (3): 645–56. doi:10.1016/j.ympev.2006.01.002. PMID 16473529.
- ↑ а б Hayman, Peter; Hume, Rob (2001). The complete guide to the bird life of Britain and Europe. 2004: Bounty Books. p. 185. ISBN 9781857327953.
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: месца (спасылка) - ↑ а б Snow, David; Perrins, Christopher M., рэд-ры (1998). The Birds of the Western Palearctic concise edition. Vol. 2. Oxford: Oxford University Press. pp. 1037–1040. ISBN 0198501889.
- ↑ а б в г Černý, Walter (1975). A Field Guide in Colour to Birds. Перакладчык Margot Schierlová. Illustrated by Karel Drchal. London: Octopus Books Limited. pp. 156–157. ISBN 070640405X.
- ↑ а б в Жаўрук-смяцюх. Птушкі Беларусі — Ахова птушак Бацькаўшчыны(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2015. Праверана 21 сакавіка 2017.
- ↑ а б в Harbard, Chris (1989). Songbirds: How to attract them and identify their song. London: Kingfisher Books. p. 52. ISBN 0862724597.
- ↑ Burnie, David (2001). Animal: The Definitive Visual Guide to the World's Wildlife. London: Dorling Kindersley. p. 342. ISBN 9780789477644.
- ↑ Hayman, Peter; Burton, Philip (1979). "Crested Lark". The Birdlife of Britain (2nd ed.). London: Mitchell Beazley Publishers Limited. p. 80. ISBN 0855330872.
- ↑ Robinson, R.A.. Crested Lark Galerida cristata . BirdFacts. British Trust for Ornithology (16 студзеня 2013). Праверана 28 July 2013.
- ↑ Species factsheet: Galerida cristata(недаступная спасылка). Birdlife International. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2016. Праверана 28 July 2013.
- ↑ Bestandentwicklung Galerida christata European Bird Census Council
- ↑ BirdLife International 2004: Birds in Europe: population estimates, trends and conservation status. BirdLife Conservation Series No. 12, BirdLife International, Wageningen, The Netherlands.
- ↑ Жаўрук-смяцюх: інфармацыя на сайце Чырвонай кнігі МСАП (англ.)
- ↑ Armstrong, Edward A. (1973). Saint Francis, Nature Mystic: The Derivation and Significance of the Nature Stories in the Franciscan Legend. Berkeley and Los Angeles, California: University of California Press. pp. 90–91. ISBN 0520019660.
- ↑ Жаўрук-смяцюх — птушка 2017 года! — Ахова птушак Бацькаўшчыны Архівавана 4 красавіка 2017.
- ↑ Птица года. Хохлатый жаворонок — Белпочта
- ↑ Хохлатая марка — Ахова птушак Бацькаўшчыны Архівавана 26 сакавіка 2017.
Літаратура
правіць- Hans-Günther Bauer, Einhard Bezzel und Wolfgang Fiedler (Hrsg): Das Kompendium der Vögel Mitteleuropas: Alles über Biologie, Gefährdung und Schutz. Band 2: Passeriformes — Sperlingsvögel, Aula-Verlag Wiebelsheim, Wiesbaden 2005, ISBN 3-89104-648-0
Спасылкі
правіць- Жаўрук-смяцюх — птушка 2017 года! — Ахова птушак Бацькаўшчыны Архівавана 4 красавіка 2017.
- 10 цікавых фактаў пра жаўрука-смецюха — Ахова птушак Бацькаўшчыны Архівавана 26 лютага 2017.
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам. III катэгорыя (VU) |
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |