Жлобінская седлавіна
Жлобінская седлавіна — тэктанічная структура ў Беларусі (Гомельская вобласць), падзяляе Беларускую і Варонежскую антэклізы і з'яўляецца перамычкай паміж Аршанскай упадзінай і Прыпяцкім прагінам.
Мае асіметрычную будову: паўночны яе схіл з'яўляецца досыць спадзістым, а паўднёвы ўяўляе сабой сістэму ступенчатых разломаў. Даўжыня 50 км, шырыня 45 км. На захадзе мяжуе з Бабруйскім пахаваным выступам Беларускай антэклізы, на поўначы — з Аршанскай упадзінай, на ўсходзе — з Суражскім пахаваным выступам, на поўдні з Гарадоцка-Хацецкай тэктанічнай ступенню (некаторыя даследчыкі адносяць яе да глыбока пахаванай часткі Жлобінскай седлавіны) Прыпяцкага прагіну.
Крышталічны фундамент у межах седлавіны залягае на глыбіні ад -650 да -900 м. Платформавы чахол складзены пераважна з рыфейскіх і вендскіх адкладаў, якія перакрываюцца сярэднедэвонскімі, юрскімі, мелавымі, палеагенавымі, неагенавымі і антрапагенавымі ўтварэннямі.
Пачатак фарміравання Жобінскай седлавіны ў познім пратэразоі. Блізкі да сучаснага выгляд яна набыла ў канцы герцынскага этапу. У палеазоі і да сярэдняга мезазою на тэрыторыі седлавіны пераважалі ўзыходныя тэктанічныя рухі. У жывецкі час дэвонскага перыяду, юрскім, мелавым, палеагенавым перыядах раён падвяргаўся адмоўным тэктанічным рухам і быў неглыбокім морам. Ад неагену да антрапагену ўключна тэрыторыя Жлобінскай седлавіны ўзвышаецца над узроўнем мора і з'яўляецца месцам намнажэння кантынентальных асадкаў.
Літаратура
правіць- Гарэлік З. Жлобінская седлавіна // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Шкуратаў У. Жлобінская седлавіна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).