Жукоўскае (гідралагічны заказнік)

Гідралагічны заказнік «Жукоўскае» — гідралагічны заказнік мясцовага значэння аб’яўлены на землях Асінторфскага лясніцтва дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Аршанскі лясгас» у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці з мэтай захавання ў натуральным стане каштоўных лесабалотных экалагічных сістэм і ўнікальных прыродна-ландшафтных комплексаў з удзелам дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Агульная плошча гідралагічнага заказніка мясцовага значэння «Жукоўскае» складае 263 гектары. У цэнтральнай частцы гідралагічнага заказніка знаходзіцца возера Зялёнае. Заснаваны 8 снежня 2008 года.

АпісаннеПравіць

Выгляд і статус ахоўнай тэрыторыі: заказнік мясцовага значэння. Ландшафтна-гідралагічны.

На тэрыторыі гідралагічнага заказніка мясцовага значэння «Жукоўскае» забараняецца:

  • правядзенне меліярацыйных работ, а таксама работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і гідралагічнага рэжыму;
  • здабыча торфу;
  • скідванне неачышчаных сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе;
  • выпальванне сухой расліннасці і яе рэшткаў на корані, спальванне рэшткаў драўніны;
  • пашкоджанне і знішчэнне драўняна-хмызняковай расліннасці, парушэнне натуральнага глебавага покрыва, за выключэннем выканання лесагаспадарчых работ, а таксама работ па ахове і абароне ляснога фонду;
  • збор і нарыхтоўка рэдкіх і знікаючых раслін;
  • касьба;
  • правядзенне суцэльных высечак лесу;
  • расчыстка прыбярэжнай і воднай расліннасці ў прыбярэжнай паласе возера Зялёнае, акрамя ўчасткаў, адведзеных пад месцы адпачынку;
  • узворванне зямель на адлегласці 100 метраў ад берагавой лініі возера Зялёнае;
  • прымяненне ядахімікатаў для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін;
  • забор вады з возера Зялёнае для прамысловых мэтаў;
  • стаянка механічных транспартных сродкаў, развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне асобных палатак або палатачных гарадкоў, іншых месцаў адпачынку па-за ўстаноўленымі месцамі;
  • размяшчэнне адходаў у несанкцыянаваных месцах;
  • размяшчэнне жылой забудовы, памяшканняў для часовага пражывання (садовых домікаў, дач).

Сучасны стан: у натуральным відзе, у асноўным залесены.

Наяўнасць ягаднікаў: верхавое балота — журавіны — 5 %, чарніцы — 30 % (побач воз. Зялёнае). На нізінным балоце — чарніцы лакальна, на мінералцы — чарніцы лакальна. Прамысловыя жывёлы: лось, кабан, ліса, куніца, бабры.

Праходнасць: нізінныя балоты абводненыя. Верхавік — праходнасць здавальняючая.

У Чырвоную кнігу РБ занесены: расліны — на перыяд пошукаў не выяўленыя. птушкі — сустракаюцца ў пралёце, а таксама ў гнездавы перыяд — скапа — 1 пара, барадатая няясыць — 1 пара, махнаногі сыч — 2 пары, вераб’іны сыч — 1 пара, трохпальцы дзяцел — 1 пара, шэры журавель — 1 пара.

ЛітаратураПравіць

  • Гідралагічны заказнік мясцовага значэння «Жукоўскае» // Прыродная спадчына Дубровеншчыны : [эколага-краязнаўчы даведнік] / склад. Н. А. Дударава. — Наваполацк : ІП Маладзечкін А. У., 2015. — С. 38-39.
  • Дубровенский район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. — [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. — С. 18.