Жыве Беларусь!
Жыве Беларусь! — патрыятычны заклік-дэвіз, скіраваны на абуджэнне нацыянальна-грамадзянскіх пачуццяў, кансалідацыю народу Беларусі ў абарону свабоды, незалежнасці сваёй краіны, роднай мовы, усёй нацыянальнай культуры[1].
ГісторыяПравіць
Бярэ вытокі ад паўстанцкага руху 1863—1864, дзейнасці яго кіраўніка К. Каліноўскага, нелегальнага паролю віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі: «Люблю Беларусь. — Так узаемна»[1]. Канчатковую ідэйна-мастацкую лапідарную завершанасць набывае ў вершы Янкі Купалы «Гэта крык, што жыве Беларусь» (1905—1907):
«А вот як не любіць гэта поле, і бор, |
Вар’іруецца і замацоўваецца ў паэтычных і публіцыстычных творах многіх іншых пісьменнікаў-нашаніўцаў, ідэолагаў нацыянальнага руху[1].
У 1912 годзе апублікаваны верш Хведара Чарнышэвіча «Жыве Беларусь!».
У рэдакцыйнай нататцы «Нашай Нівы» (1911, № 9—10) зазначалася:
Расце беларускі нацыянальны рух, будзяцца да новага, уласнага жыцця забытыя ўсімі ўбогія беларускія вёскі; будзяцца і пачынаюць пазнаваць свае нацыянальнае імя нашы мястэчкі і месты. Будзіцца аграмадны крывіцкі абшар родных гоняў, лугоў і лясоў, і ў песнях народных песняроў грымне, што «жыве Беларусь!» |
Гэты ж заклік-дэвіз у мадыфікаваным, разгорнутым выглядзе — «Няхай жыве вольная Беларусь!» — прагучаў на Усебеларускім з’ездзе 1917, атрымаў пашырэнне ў грамадска-палітычным жыцці Беларускай Народнай Рэспублікі, потым, у саветызаванай форме, у БССР («Няхай жыве Савецкая Беларусь!» і інш.)[1][3].
Менавіта «Жыве Беларусь!» упершыню загучала як палітычны нацыянальны заклік у 1918 (выступленне А. Баліцкага ў Кіеўскім універсітэце, што А. Баліцкаму ставіў у віну С. Вальфсон — «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі», 1931, С. 45), кліч ужываўся на сходах студэнтаў у 1920-х у Празе, пазней на грамадскіх сходах у Парыжы, Вільні[4].
Сустракаецца ў адной з вайсковых песень віцебскіх партызанаў. Аўтар тэкста[5] Пімен Панчанка[6].
Па Другой Сусветнай вайне зрабіўся прыкметным, неад’емным элементам палітычнага і духоўнага жыцця беларускай эміграцыі. Пад назвай «Жыве Беларусь» выходзілі часопісы, а пазней так зваўся перыёдык Беларускага вызваленчага руху (1957—1962, Англія—ЗША), бюлетэнь БЦР (1976—1986, Германія—ЗША). Спрыяла пашырэнню клічу «Жыве Беларусь!» у Заходняй Еўропе дзейнасць тэатральнае беларускае трупы з такой жа назвай. Гэтая трупа ездзіла па Германіі ў 1944—1948 і сотні разоў выступала як для беларусаў, гэтак і для небеларусаў. Кліч «Жыве Беларусь!» зрабіўся стандартным для беларускіх скаўтаў пры абавязковым характары афіцыйнага скаўцкага клічу «Напагатове!». Арганізацыі моладзі, студэнцкія і грамадскія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плакатаў, паштовак з надпісамі «Жыве Беларусь». Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі аздобіла летнія саколкі з надпісам «Жыве Беларусь»[4].
На Беларусі аднаўленне, грамадская легітымнасць гэтага выразу абумовілася развіццём руху Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне», іншых грамадскіх арганізацый[1].
Пад дэвізам «Жыве Беларусь!» выходзіла «Народная газета» (1990–2020)[9] — афіцыйнае друкаванае выданне парламента Беларусі.
Як заўважыў у турэмным дзённіку Артур Раманчук, у час пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе ў некаторых афіцыйных пратаколах заклік «Жыве Беларусь!» фігураваў пад азначэннем «антыдзяржаўны лозунг»[10].
Гл. таксамаПравіць
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Аляксей Каўка. Жыве Беларусь! //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 377.
- ↑ Гэта крык, што жыве Беларусь
- ↑ Виктор Корбут. Жыве Беларусь! // «Советская Белоруссия» № 126 (22781), 11 ліпеня 2007.
- ↑ 4,0 4,1 Вітаўт Кіпель. Жыве Беларусь! // «Наша Ніва» № 8 (270), 22 лютага 2002.
- ↑ У якасцi асновы быў узяты пераклад на беларускую мову верша Аляксея Суркова[ru]
- ↑ Пімен Панчанка. Выбраныя пераклады. // Збор твораў. У чатырох тамах. Том 1. Вершы i паэмы (1934 — 1945 гг.). Выбраныя пераклады. / Р. І. Барадулін. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1981. — Т. 1. — С. 332. — 366 с. — 17 000 экз.
- ↑ Сяржук Доўгушаў: Песьня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сьцяг
- ↑ [1]
- ↑ «Народная газета» змяніла дэвіз «Жыве Беларусь!» на іншы // nn.by 5 снежня 2020
- ↑ Турэмны дзённік Артура Раманчука — пляменніка былога кандыдата ў прэзідэнты. Гарадзеншчына. Радыё «Свабода». — ...выкрыкваў антыдзяржаўныя лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Сыходзь!». Праверана 5 снежня 2020.