Жыгімонт Карыбутавіч
Жыгімонт Карыбутавіч (канец XIV ст. — 1435, пад Вількамірам) — кароль чэшскі, вялікалітоўскі военачальнік.
Жыгімонт Карыбутавіч | |
---|---|
| |
Нараджэнне |
1395 |
Смерць |
1435[1][2] |
Род | Гедзімінавічы і Карыбутавічы[2] |
Бацька | Карыбут[3] |
Маці | Анастасія Алегаўна[d][3] |
Дзейнасць | ваеннае майстэрства[4] і палітыка[4] |
Бітвы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і князя ноўгарад-северскага Карыбута Альгердавіча і разанскай княжны Анастасіі Алегаўны. Пасля смерці бацькі, недзе пасля 1404 года, выхоўваўся пры двары караля Ягайлы. Свайго ўдзелу, імаверна, не меў і служыў пры каралеўскім двары. У бітве пры Грунвальдзе (1410) узначальваў харугву. Падчас наступнай вайны Польшчы з Ордэнам вызначыўся як военачальнік, узяў ордэнскі замак Прабут у 1414 годзе.
Пасля смерці чэшскага караля Венцаслава ў 1419 годзе, гусіты паднялі паўстанне супраць улады яго малодшага брата Жыгімонта Люксембургскага (будучага імператара) і прапанавалі чэшскую карону Ягайлу, але той адмовіўся, тады гусіты звярнуліся да Вітаўта. Вітаўт пагадзіўся, бо тым часам вёў спрэчкі за Жамойць і, імаверна, хацеў мець Чэхію для палітычнага гандлю, але заявіў чэхам што сам не можа паехаць з ВКЛ і таму прызначыць у Чэхію намесніка. У 1422 годзе Вітаўт паслаў у Чэхію 5-тысячнае войска на чале са сваім намеснікам — Жыгімонтам Карыбутавічам.
Жыгімонт Карыбутавіч адразу павёў актыўныя дзеянні, што вымусіла імператара ўцячы з Чэхіі ў Венгрыю. Пасля ўзяцця замка Нестаў у Маравіі Карыбутавіч разаслаў па ўсёй Чэхіі грамату якой паведамляў, што прыбыў як намеснік Вітаўта і склікаў усе саслоўі на сейм у Часлаў, на якім афіцыйна прызнаны намеснікам чэшскага караля Вітаўта. 16 мая 1422 года Жыгімонт Карыбутавіч прыбыў у Прагу, дзе распусціў гарадскую раду — адзін з галоўных органаў улады ў гусіцкай Чэхіі, і правёў выбары новай.
Галоўнай задачай Карыбутавіча на першым этапе быў пошук кампрамісу паміж двума крыламі гусітаў — памяркоўнымі чашнікамі і радыкальнымі табарытамі. Урэшце табарыты на чале з Янам Жыжкам прызналі ўладу Жыгімонта Карыбутавіч, хоць і імкнуліся за самастойнай улады ў Празе. Калі Карыбутавіч займаўся аблогай імператарскага замка Карлштайн табарыты ўзнялі мяцеж і хацелі захапіць уладу ў Празе, але пражане не падтрымалі мяцежнікаў, а гарадская рада схапіла іх. Вярнуўшыся ў горад Карыбутавіч прысудзіў мяцежнікаў да смерці, але памілаваў, калі яны ўжо паклалі галовы на плаху, гэтым займеў яшчэ большы аўтарытэт сярод гусітаў абодвух плыняў.
Тым часам Вітаўт атрымаў ад імператара Жыгімонта Люксембургскага пацвярджэнне сваіх правоў на Жамойць і паабяцаў вывесці войскі з Чэхіі. Жыгімонт Карыбутавіч вымушаны быў вярнуцца ў Кракаў, дзе прысутнічаў на каранацыі Соф’і Гальшанскай. Але чэхі мелі пра яго добрую памяць і ў 1424 годзе чэшскія паслы ў Гародні прасілі Вітаўта адпусціць Жыгімонта Карыбутавіча ў Чэхію, дзе мелі намер каранаваць яго як чэшскага караля. Вітаўт жа казаў ім, што абяцаў імператару не падтрымліваць гусітаў і калі Карыбутавіч карануецца супраць яго волі, то будзе яму ворагам. Чэхі не гледзячы на гэта сустрэліся ў Кракаве з Карыбутавічам і ён прыняў іх прапанову.
На чале ўласнага 1,5-тысячнага войска 29 чэрвеня 1424 года Карыбутавіч прыбыў у Прагу, дзе на вачах грамады прыняў прычасце па гусісцкім абрадзе. Ён быў выбраны каралём, але не каранаваўся. Папа Рымскі Марцін V абвясціў Карыбутавіча ерэтыком, Вітаўт публічна адрокся яго, хаця яны ліставаліся, Карыбутавіч называў сябе слугой Вітаўта. Апроч таго, напачатку абранне не прызналі табарыты на чале з Жыжкам, які прывёў войска пад Прагу з намерам зруйнаваць яе, але пасля перамоў усё ж прызнаў Карыбутавіча каралём. Такім чынам, Карыбутавіч здолеў аб’яднаць абодва крылы гусітаў, пасля смерці Жыжкі ён узначальваў гусіцкае войска і 16 чэрвеня 1426 года разбіў імператарскае войска ў бітве пад Усцем.
Жыгімонт Карыбутавіч не хацеў далейшай вайны з імператарам і ў сваіх лістах да Вітаўта прасіў, каб той быў пасрэднікам у мірных перамовах. Таемная перапіска трапіла ў рукі радыкальных табарытаў, якія з амбонаў зачыталі яе пражанам. Усё гэта было палічана за здраду Жыгімонта Карыбутавіча і яго на чатыры месяцы зняволілі ў замку Вальдштайн. Тым часам табарыты захапілі ўладу ў Празе, але папулярнасць Карытубавіча сярод гараджан была настолькі вялікай, што табарыты адчувалі сябе няўпэўнена і вырашылі вывезці Карыбутавіча з Чэхіі. Таму 9 верасня 1426 года ён быў вызвалены і давезены пад вартай да польскай мяжы. Некаторы час Карыбутавіч жыў у Раціборы ў сваёй сястры Алены. Тут ён збіраў сваіх прыхільнікаў гусітаў, наймітаў, сюды з ВКЛ прывёў войскі Фёдар Астрожскі.
У красавіку 1430 года Жыгімонт Карыбутавіч з войскам пайшоў у Чэхію дзе заняў горад Глівіцу і абвясціў яго рэзідэнцыяй. Калі ён ездзіў у Кракаў на неадбылы дыспут з каталікамі — біскуп Збігнеў Алясніцкі, каб унікнуць дыспуту, загадаў зачыніць у горадзе ўсе касцёлы, Конрад Алясніцкі напаў на Глівіцу і спаліў яе. Яшчэ некаторы час Карыбутавіч са сваёй харугвай ваяваў супраць імператарскіх войск у Чэхіі, але ў 1431 годзе прасіў у новага вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы прыняць яго на службу. Лісты Карыбутавіча да Свідрыгайлы трапілі ў рукі Ягайлы, што дазволіла таму абвінаваціць Свідрыгайлу перад імператарам у сувязях з гусітамі, а Карыбутавіч здолеў вярнуцца ў ВКЛ толькі ў 1434 годзе. Прычым ехаў акружным шляхам, бо тым часам у ВКЛ трывала феадальная вайна ў якой Ягайла падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча супраць Свідрыгайлы. Спачатку Карыбутавіч з Чэхіі праз Свяшчэнную Рымскую імперыю з дапамогай Ордэна трапіў у яго сталіцу Марыенбург, адкуль немцы пераправілі яго морам у Рыгу, дзе Карыбутавіч пражыў год да часу пакуль Свідрыгайла не даслаў запрашэнне. У ВКЛ Карыбутавіч узначаліў войскі Свідрыгайлы.
На рацэ Святой пад Вількамірам 1 верасня 1435 года сустрэліся войскі Свідрыгайлы на чале з Карыбутавічам і войскі Жыгімонта Кейстутавіча, якія ў асноўным складаліся з польскіх харугваў, на чале з Якубам з Кабылян. Карыбутавіч прапанаваў праціўніку не праліваць братняй крыві, а пачаць перамовы паміж вялікімі князямі праз пасрэдніцтва імператара або каго-небудзь з еўрапейскіх каралёў, але прапанову не прыняў ні Жыгімонт Кейстутавіч, ні сам Свідрыгайла. У бітве пад Вількамірам Карыбутавіч быў паранены ў галаву і шыю, калі спрабаваў з некалькімі харугвамі затрымаць палякаў і даць магчымасць войскам Свідрыгайлы пасля адступлення перагрупавацца. Паранены трапіў у палон, калі яго спыталі чаму не ратаваўся ўцёкамі, ён адказаў, што гонар цэніць вышэй за жыццё. Неўзабаве Карыбутавіч памёр, нібыта раны яго былі смяротныя, паводле іншай версіі забіты.
Зноскі
- ↑ Zygmunt Korybutowicz // MAK
- ↑ а б в Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 179.
- ↑ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 178.
- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
Літаратура
правіць- Карыбутавічы // ЭГБ, Т.4, — Мн., 1997;
- Chłędowski K. Zygmunt Korybut: szkic historyczny (1420—1428) // Biblioteka Warszawska. T. 3. Warszawa, 1864. S. 32-98;
- Grydiel J. Życie i działalność Zygmunta Korybutowicza. Studium z dziejów stosunków polsko-czeskich w pierwszej połowie XV wieku // Prace Komisji Historycznej, oddział w Krakowie. Ossolineum. Wrocław, 1988. № 52. S. 23-78;
- Nikodem Jarosław. Polska i Litwa wobec husyckich Czech w latach 1420—1433. Studium o polityce dynastycznej Władysława Jagiełły i Witolda Kiejstutowicza // Instytut Historii UAM. Poznań, 2004.
- Semkowicz W. Korybutowicze i Nieświzcy w świetle sfragistyki // Miesięcznik Towarzystwa Heraldycznego. 1913. T. 6. S. 200—204;
- Semkowicz W. Łosk i wygaśnięcie Korybutowiczów // Rocznik Historyczny. 1926. № 7. S. 168—191;
- Войтович Л. Княжа доба на Русі: портрети еліти. Біла Церква, 2006. С. 650.