Жыды (верш)

верш Янкі Купалы

«Жыды» ― верш Янкі Купалы, напісаны ў 1919 годзе і надрукаваны ў беларускай штодзённай грамадска-палітычнай і літаратурнай газеце «Беларусь»[1].

Перадгісторыя верша правіць

 
К. Кукевіч. Букініст

У 1918 годзе Янка Купала жыў у Смаленску, з ліпеня працуючы агентам па забеспячэнні прадуктамі Заходняй вобласці. Быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Пецярбургскага археалагічнага інстытута[ru]. 21 студзеня 1919 года пераехаў у Мінск. Да таго часу, на тэрыторыі Беларусі ўтварылася Беларуская Народная Рэспубліка, вышэйшым органам кіравання якой сталі Рада БНР і Народны сакратарыят, куды ўваходзілі прадстаўнікі не толькі беларускіх (Беларуская сацыялістычная грамада, беларускія эсэры) і агульнарасійскіх (эсэры, меншавікі), але і двух габрэйскіх партый: Бунда і Паалей Цыона[ru][2].

У 1916 і 1917 гадах Янка Купала не напісаў ніводнага верша. Але, мабыць, падзеі на Радзіме заахвоцілі яго да стварэння у 1919 годзе серыі артыкулаў.

У артыкуле «Незалежная дзяржава і яе народы» (лістапад 1919) Купала пісаў: «У нашым краю шмат жыве палякаў, расійцаў, жыдоў, татараў… Лепшыя з гэтых людзей даўно ўжо прыйшлі да пераканання, што свабодны беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней адносіцца да іх, чымся беларус, падняволены чужынцам… У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць „ні эліна, ні іудзея“». Непрыманне расійскіх чыноўнікаў і польскіх абшарнікаў як прыгнятальнікаў беларускага народа лейтматывам праходзіць у ранніх вершах Купалы: «Раз абселі Беларуса Маскалі ды Ляхі і давай яму сваяцтва тыкаці з-пад пахі» («Сваякі», 1914); «Я мець ад кагосьці і штосьці прывык: ад рускага чына — нагайку і штык, ад польскага пана — прыгон і бізун» («Я мець ад кагосьці…», 1914). У больш познім вершы, прысвечаным 10-годдзю БССР, Купала пісаў пра «годы няволі»: "Вораг польскі і рускі шчыра множыў курганы, — не было Беларусі, толькі быў «Край забраны» («Летапіснае», 1928).

Зянон Пяткевіч у змешчанай у польскай газеце «Prawda» рэцэнзіі на паэму «Адвечная песня» пісаў, што беларускай літаратуры няма і што Купала — «інтэлігент, які пераапранаецца ў пастуховую скуру»[3] Пасля рэзкага водгуку ў «Нашай ніве» на рэцэнзію З. Пяткевіча апошні даслаў у рэдакцыю «Нашай нівы» ліст, у якім (на беларускай мове!) пісаў, што яго няслушна зразумелі: «Калі я сказаў, што няма яшчэ беларускай літаратуры, то значыць, што няма яе мінуўшчыны, але я веру ў будучыню жывога народу. Беларуская літаратура яшчэ творыцца, расце з гэтага народу» [4] [5].

Сярод твораў Янкі Купалы гэтага перыяду вылучаецца верш «Жыды», апублікаваны 7 кастрычніка 1919 года ў газеце «Беларусь». Другая публікацыя была ажыццёўленая праз 70 гадоў у часопісе «Нёман» з прадмовай Алеся Бяляцкага, без 4-7 радкоў. Трэцяя публікацыя, цалкам, у зборы твораў Янкі Купалы 1997 года. Янка Купала ўключаў гэты верш у свой зборнік «Спадчына» (1922), але ў выніку яго там не аказалася. Прычына невядомая.

Купала ўжо ўскосна гайдаўся яўрэйскай тэмы: у 1911 годзе ён, разам з іншымі дзеячамі, у асноўным пецярбургскай і маскоўскай інтэлігенцыі, падпісаў ініцыяваны У. Г. Караленкай ліст «К российской общественности» супраць Справы Бейліса[6].

Купалу звязвала цеснае сяброўства с беларуска-габрэйскім пісьменнікам Змітраком Бядуляй (Самуілам Плаўнікам), выдаўшым у 1918 годзе кніжку «Жыды на Беларусі», дзе, у прыватнасці, гаварылася: «У пэрыядзе амерцьвення беларускаго нацыянальнаго асьведамлення, жыды, як і самі Беларусы, хоць добра ведалі беларускую мову, але глядзелі на яе як на „мужыцкую“, і, русіфікуючыся самі, нісьвядома служылі русіфікатарскай ідэі Вялікаросіі. Але гэта быў той багаты кляс, каторы атрымаў сваю навуку ў расійскіх школах, а што тычыцца простых местачковых жыхароў, то апрача роднай мовы яны ведаюць толькі беларускую. Ад самага пачатку беларускага адраджэння, амаль ні побач з першымі піанэрамі беларускага руху пайшлі, хоць і ў малым ліку, і жыды, выйшоўшыя з вёскі; хаця шырэйшыя інтэлігентныя масы жыдоўства, асабліва ў местах, ні могуць яшчэ пазбыцца сукцэсаў расійскага тут уладання і ўсё яшчэ служаць праваднікамі русіфікацыі»[7].

Раней да яўрэйскай тэмы звяртаўся Францішак Багушэвіч (верш «Падарожныя жыды»), пазней Рыгор Барадулін ("Толькі б яўрэі былі!.. кніга павагі і сяброўства (Мн., Кнігазбор, 2011).

Ідэя і вобразнасць верша правіць

Успрымаючы ў 1919 годзе расійскіх шавіністаў і польскіх нацыяналістаў як праціўнікаў стварэння беларускай дзяржавы, Купала шукае саюзнікаў у барацьбе з імі, і знаходзіць іх у габрэях. Свае думкі з гэтай нагоды ён і выказаў у вершы «Жыды».

Жыды! — гаворыць Купала, ― хоць вас усё і паліваюць брудам, я вам веру. Вы такія ж нявольнікі на беларускай зямлі, як і мы. Далей у Купалы з’яўляецца дзіўная карціна: «здек», асвячоны абразом, закручвае яўрэяў у пятлю. Незразумела, што меў на ўвазе Купала ― праваслаўе ці ўвогуле рэлігію? Толькі з новай Беларуссю па Купале магчыма жыццё жыдоў ― «сцяг ваш і нашая паходня будуць жыць». Купала тлумачыць пераслед яўрэяў: «Таго ж Хрыста прыбілі вы да крыжу, бо ён вам вораг для Бацькаўшчыны быў». Па Купалу, яўрэі ўсюды сталі ізгоямі, і толькі беларуская зямля іх прыняла. Масква і Варшава нацкоўвалі на іх чэрнь, а Беларусь стала яўрэйскім дзецям нянькай. Аднак жа, яўрэі сталі забываць, хто іх прытуліў, і сталі цягнуцца да моцных свету гэтага. Далей у вершы зусім ужо дзіўнае. Яўрэі чакаюць Месію, яго чакаюць па Купале і беларусы, ― ён прыйдзе, і беларусы пойдуць разам з жыдамі, як тады! «Тады» ― гэта, мабыць, 1917 год. Пара, жыды, гаспадары ўсяго свету, заплаціць Беларусі за яе дабро, ― заключае Купала.

На думку беларускага гісторыка прафесара Захара Шыбекі, які жыве ў Ізраілі, Янка Купала «хацеў бачыць у габрэях вялікую сілу і рэзерв у справе нацыянальнага будаўніцтва… і быў вельмі засмучаны не здзейсненым саюзам габрэяў і беларусаў. Нацыянальны праект беларусаў не стаў прывабным не толькі для габрэяў, але і для беларусаў. І ў гэтым віна і бяда саміх беларускіх лідараў і ўсяго беларускага народа. У габрэйскіх лідараў, сапраўды, была асцярога, што стварэнне на руінах Расійскай імперыі незалежных дзяржаў прывядзе да расчлянення габрэйскага народа. Таму яны аддавалі перавагу адзінай Расіі, але дэмакратычнай, з шырокай культурнай аўтаноміяй для народаў гэтай краіны»[8].

Жыды

Жыды! «Хрыстапрадаўцы і прыблуды»!
О, слава вам, ўсебеларускія жыды!
Я веру вам, хоць чорнай гразьзю ўсюды
Плюе вам раб і цар, стары і малады.

Нявольнікі вы сёньня з намі разам
На беларускай змучанай зямлі,
Дзе чорны зьдзек пасьвенчаным абразам
Гняце вас разам, як зьвяр’ё, ў крутой пятлі.

Вы ўскрэсьнеце, жыды, усьлед за Беларусяй, —
Сьцяг ваш і нашая паходня будуць жыць,
Хоць наш магільнік кветкай апрануўся,
Хоць згубны мор над намі гібеляй імжыць!

Ня згасьлі вашы і ня згаснуць сьвечкі, —
Вы для народаў далі мудрага Хрыста,
Якому ўзьнесьлі грэшныя авечкі
Муры, дзе векі бьець паклоны бедната.

Таго ж Хрыста прыбілі вы да крыжа,
Бо ён вам ворагам для Бацькаўшчыны быў,
I распасьцерці сваю ўладу выжай
Народ ваш меціўся пад водгаласы ніў.

Але вам край ваш выдзерлі народы,
На вечнае бадзяньне ў прочкі згналі вас,
I разбрыліся вы — ўсе вашы роды
Па нэтры ўсіх старон на векавы папас.

I вось, Усход і Захад, Поўдзень, Поўнач,
Уся зямля гасьцьмі тады вас прыняла,
Вы ўсім і ўсе нясьлі вам братню помач,
Вы ўсіх тады і ўсе вас сьцераглі ад зла.

Калі ў Гішпаньі ўзбунтаваны людзі
З сваёй краіны выгналі вас напасьмех,
На беларускім полі вашы грудзі
На век знайшлі дняваньне, страву і начлег.

Шлі дні. I вас у ланцугі скавалі
Бязбожны каралі і дэспаты-цары.
Адны вас беларусы шанавалі,
Як блізкіх родных — да сьвятлейшае пары.

Масква й Варшава аплюлі вам імя
I ў дзікай чэрні ненавісьць спладзілі к вам,
А Беларусь пад крыльлямі сваімі
Вас грэла й вашым нянькаю была дзяцям.

Пасьля, жыды, вы зрэкліся народу,
Які вам шчыра даў багацьце і прыпын;
Пайшлі прыдбаць сабе чэсьць і выгоду:
Да сільных тых, хто даў вам вісельню і чын!

Раскіданыя гібнуць па ўсім сьвеце.
Вы Месіі чакаеце яшчэ, жыды, —
Тэй Месіі ждуць Беларусі дзеці.
I з вамі пойдуць, як вы з намі, ўсе тады.

Ваш ясны сьветач там, дзе Палестына,
Наш ясны сьветач — Маці-Беларусь адна;
Спадзе ланцуг ваш у сьляпым загіну,
Спадзе ланцуг наш і зазьзяе ўсім вясна!

Цяпер за вамі слова ў буру гэту:
Пайці ці не, з народам нашым да сьвятла…
Пара, жыды, паны усяго сьвету,
Сплаціці доўг, які вам Беларусь дала!

 
Памятны знак ў ізраільскім горадзе Ашдодзе

У 1982 годзе па рашэнні ЮНЕСКА ў свеце адзначалася 100-годдзе Янкі Купалы. Ізраільскі горад Ашдод вырашыў назваць яго імем адну з плошчаў. Аднак, некаторыя члены мясцовага савета выказаліся супраць, прыводзячы ў доказ гэты, на іхнюю думку, супярэчлівы верш Купалы. Але плошчу назвалі, і ў 2015 годзе на ёй адкрылі і помнік «беларускаму песняру»[9].

Зноскі

  1. Сташкевіч М. С. «Беларусь» // Энцыклапедыя Літаратура і мастацтва. — Мн.: БелЭн, 1984. — Т. 1. — С. 413.
  2. Белорусская Народная Республика // Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. — Мн.: БелЭн, 1979. — Т. 1. — С. 67.
  3. Наша Ніва, 1910, № 38 Архівавана 2 кастрычніка 2017.
  4. Наша Ніва, 1910, № 46(недаступная спасылка)
  5. Алесь Смалянчук. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. — Гродна: Беларускае гістарычнае таварыства, 2001. — С. 272. — 332 с. — ISBN 985-417-345-1.
  6. Евгений Мороз.. Дело Бейлиса в юридической перспективе. Народ Книги в мире книг (декабрь 2008).
  7. Змітрок Бядуля. Жыды на Беларусі. — Менск: Друкарня Я. Д. Грынблята, 1918. — С. 23-24. — 32 с.
  8. Владимир Лившиц. Так был ли Янка Купала антисемитом? // Роман-газета «Мастерская». — Телль-Авив: 2013.
  9. У муніцыпалітэце Ашдоду давялося даводзіць, што Купала — не антысэміт. Радыё Свабода.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць