Адкрыць галоўнае меню

З'езд беларускіх нацыянальных арганізацый — з'езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальны арганізацый у Мінску 25-27 сакавіка (7-9 красавіка) 1917 г., на якім быў створаны (мінскі) Беларускі Нацыянальны Камітэт і прынята праграма гэтага камітэта, якая падтрымала Часовы ўрад Расіі і агучвала патрабаванне ўвядзення аўтаноміі Беларусі ў складзе федэрацыйнай Расіі, палітычнае і культурнае адраджэнне беларускага народа.

ГісторыяПравіць

З'езд быў скліканы па ініцыятыве мінскага беларускага Нацыянальнага камітэта, на чале якога стаяў Раман Скірмунт, і прадстаўнікоў мінскага аддзела БСГ, на чале якога стаяў Аркадзь Смоліч. Скірмунт і Смоліч добра ведалі адзін аднаго, бо Скірмунт быў членам, а Смоліч — супрацоўнікам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Яшчэ да з'езду буйныя маянткоўцы Эдвард Вайніловіч (старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі), князь Станіслаў Радзівіл і даўняя мецэнатка беларускамоўнага друку княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравалі на патрэбы Рамана Скірмунта і будучага БНК (г. Мінск) значныя фінансавыя сродкі[1].

25 сакавіка 1917 г., напярэдадні з'езду, БСГ на сваёй канферэнцыі выступіла ў падтрымку Часовага ўрада Расіі, ухваліла ўвод у яго склад прадстаўніка расійскіх эсэраў (Аляксандра Керанскага[2]) і выступіла з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі[3]. Да гэтага часу ідэю аўтаноміі Беларусі выказвалі і іншыя партыі і арганізацыі, у першую чаргу тыя, якія былі пад уплывам буржуазна-памешчыцкага «блоку» з ліку каталіцкіх маянткоўцаў і інтэлігенцыі[4]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) і ўстанаўлення ўлады Часовага ўрада Расіі, на працягу сакавіка 1917 г. у Мінску Камітэт грамадскай бяспекі і мінская гарадская дума надавалі пэўную ўвагу беларускаму насельніцтву горада толькі тым, што друкавалі на беларускай мове загады і адозвы Часовага ўрада Расіі, але не аб'яўлялі аб жаданні стварэння аўтаноміі Беларусі[5].

На з'ездзе ў Мінску 25-27 сакавіка (7-9 красавіка) 1917 г. прысутнічала каля 150 прадстаўнікоў розных беларускіх арганізацый і прадстаўнікоў грамадскасці Мінска: бежанскіх камітэтаў, камітэтаў дапамогі пацярпелым ад вайны, прадстаўнікі БСГ, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай партыі народных сацыялістаў, Народнай дэмакратычнай партыі і дзеячы, якія не прадстаўлялі якой-небудзь канктрэтнай арганізацыі, прадстаўнікі Петраградскага і Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (адіны прадстаўнік — І. Кузьміцкі)[6]. Трэба адзначыць, што выбары дэлегатаў на з'езд не праводзіліся, а спецыяльныя запрашэнні на з'езд адпраўляў Аркадзь Смоліч[7].

Асноўная мэта з'езда — выпрацоўка ў новых гістарычных умовах поглядаў на будучы лёс і палітычны лад Беларусі[8].

Старшынёй з'езда быў абраны Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), а намеснікамі — памочнік мінскага губернскага камісара (ад Часовага ўрада Расіі) рускі эсэр І. Метлін і юрыст Павел Аляксюк[9]. У пачатку з'езда былі зачытаны прывітальныя прамовы дэлегатаў і тэлеграмы ад непрысутных прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, а таксама нацыянальных арганізацый Украіны і Літвы[10]. Павел Аляксюк выступіў з прамовай аб мінулым і будучым Беларусі; з дэкларацыяй ад імя БСГ выступіў Аркадзь Смоліч; з дэкларацыяй ад імя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі выступіў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі — указваў, што беларускаму народу, каб быць моцным, трэба мець нацыянальную мову, школу, культуру і аўтаномію[11]. Накіраванасць усіх выступленняў была прасякнута ідэяй грамадзянскага прымірэння ўсіх класаў і сацыяльных слаёў Беларусі[12].

На з'ездзе аднадушна было прынята рашэнне, каб паслаць прывітальныя тэлеграмы Часоваму ўраду Расіі, Мінскаму Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, беларускім нацыянальным арганізацыям горада і жаўнерам у акопах на лініі руска-нямецкага фронту[13]. Адзіным дысанансам агульнаму тону з'езда стала выступленнем І. Мятліна (памочніка мінскага губернскага камісара), які выказаўся, што нацыянальны рух на Беларусі «не натуральны, бо пад ім няма цвёрдага фундаменту народных нізоў», таму замест узняцця беларускага нацыянальнага пытання і формы палітычнай суб'ектнасці Беларусі трэба яднаць усе сацыял-дэмакратычныя сілы для ўмацавання заваёў рэвалюцыі і ўдзелу восенню 1917 г. ва Устаноўчым сходзе Расіі[14]. Прысутныя асудзілі падобныя заявы і вымусілі І. Мятліна і яго прыхільнікаў пакінуць з'езд[15].

25 сакавіка з'езд абраў камісіі: арганізацыйная (узначаліў Павел Аляксюк), агітацына-палітычная (Алесь Бурбіс), фінансавая (Эдвард Будзька), школьная (Браніслаў Тарашкевіч), друку (Зміцер Жылуновіч), земская (Сталпоўскі), этнаграфічная (Міхаіл Кахановіч)[16].

26 сакавіка адбыліся выступленні ад камісій. Аркадзь Смоліч (ад агітацыйнай камісіі) указаў на важнасць усведамлення беларускімі сялянамі гістарычнага моманту і важнасці арганізаванасці, акцэнтаваўшы на значнасць у гэтым працэсе ролі сельскіх настаўнікаў. Рэзалюцыя агітацыйнай камісіі адзначыла неабходнасць стварэння прапагандысцкіх арганізацый на вёсцы — у першую чаргу ўтварэння сялянскіх і настаўніцкіх суполак і саюзаў і правядзення іх з'ездаў, арганізацыі кааператываў[17]. Ад адукацыйнай камісіі і друку Тарашкевіч і Жылуновіч афіцыйна выказаліся пра неабходнасць адкрыцця беларускага ўніверсітэта і іншых ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову навучання, стварэння падручнікаў на роднай мове (у тым ліку, па гісторыі края), адкрыцця курсаў беларускай мовы для падрыхтоўкі настаўнікаў, пашырэнне пазашкольнай асветы. Прынята рашэнне пра арганізацыю таварыства «Прасьвета» і выданне газеты[18].

Этнаграфічная камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губерній, стварала камісію для ўдакладнення яе межаў (Яўхім Карскі, Аляксандр Шахматаў, Мацвей Любаўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі). Асновай тэрыторыі аўтаномнай Беларусі вызначаліся пяць губерняў: Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская[19]. Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння ўсёй Віленскай губерні ў склад Літоўскай Рэспублікі. Камісія выказала пратэст на зварот дэпутацыі Літоўскага нацыянальнага камітэта да Часовага ўрада Расіі, у якім літоўскі камітэт выказаў жаданне ўстанавіць свой (а не беларускі) адміністрацыйны кантроль над той часткай Віленскай губерні, якая не была занята немцамі, а знаходзілася пад кантролем Часовага ўрада Расіі. Этнаграфічная камісія з'езда свой пратэст на літоўскія прэтэнзіі абапірала дадзенымі, што больш паловы Віленскай губерні складаюць беларусы[20].

Фінансавая камісія прапанавала стварыць аддзел для арганізацыі беларускага нацыянальнага банка. Эдвард Будзька праінфармаваў, што на патрэбы далейшай работы ў ствараемы нацыянальны фонд ужо ўнесена 2000 рублёў ад петраградскіх рабочых-беларусаў[21].

Самыя важныя палажэнні прагучалі ад арганізацыйнай камісіі: Павел Аляксюк агучыў рашэнні арганізацыйнай камісіі з'езда: 1) лічыць неабходным стварэнне ў Мінску ў найбліжэйшы час Беларускай Краёвай Рады — найвышэйшага органа ўлады аўтаномнай Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі; 2) да выбараў у Беларускую Краёвую Раду «найвышэйшай краёвай інстытуцыяй» з'яўляецца з'езд, які абірае Беларускі Нацыянальны Камітэт (у Мінску)[22]. З'езд па сутнасці выказаўся ад імя ўсяго беларускага народа[23].

Аграрнае пытанне на з'ездзе не абмяркоўвалася. З вуснаў некаторых прадстаўнікоў БСГ (партыя адрадзілася з небыцця ў дзень пачатку работы з'езда) гучала патрабаванне аб радыкальным вырашэнні аграрнага пытання (скасавання прыватнай уласнасці на зямлю), але гэта не адлюстравалася ў выніковых рэзалюцыях з'езда[24].

З'езд падтрымаў рашэнне аб аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі. Гэта быў максімум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расіі, які кантраляваў тэрыторыю цэнтральнай і ўсходняй Беларусі (з Мінскам) і адкладваў пытанне аб дзяржаўным уладкванні Расіі да склікання Устаноўчага сходу Расіі, аднак неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і недзялімай Расіі». Для перагавораў з Часовым урадам Расіі па пытанні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі з'езд выбраў дэлегацыю ў складзе Рамана Скірмунта, Івана Краскоўскага, Эдварда Будзькі, Паўла Аляксюка, Міхаіла Кахановіча, Яўсея Канчара і Івана Касяка[25].

На апошнім пасяджэнні 27 сакавіка 1917 г. з'езд прыняў дэкларацыю аб падтрымцы Часовага ўрада Расіі, а таксама перадаваў выканаўчыя функцыі створанаму на з'езде Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту (БНК), які павінен быў стаць цэнтральным кіраўнічым органам усяго беларускага нацыянальнага руху: арганізаваць Беларусь у кантакце з Часовым урадам Расіі, падрыхтаваць выбары ў Беларускую Краёвую Раду і агульнарасійскі Устаноўчы сход (восенню 1917 г.), прыступіць да распрацоўкі канстытуцыі Беларускага Краёвага Ураду[26]. У склад БНК былі выбраны 18 членаў: 10 асоб ад БСГ, а астанія ад іншых партый і арганізацый: Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Усевалад Фальскі, Браніслаў Тарашкевіч, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька, Вінцэнт Гадлеўскі, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Бабарыкін, Фабіян Шантыр, Міхаіл Кахновіч, Вацлаў Іваноўскі, Лявон Дубейкаўскі, Зміцер Жылуновіч[27]. Быў абраны і прэзідыум БНК: Раман Скірмунт (старшыня), Павел Аляксюк (намеснік старшыні), Усевалад Фальскі (намеснік старшыні), Лявон Заяц (скарбнік), Браніслаў Тарашкевіч (пісар-сакратар)[28].

Такім чынам, з'езд стварыў новы палітычны орган — Беларускі Нацыянальны Камітэт, які прэтэндаваў на ўладу на той тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем Часовага ўрада Расіі і яго органаў у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Большасць членаў БНК належалі да сацыялістычнай партыі БСГ, аднак кірунак дзейнасці з'езда і новастворанага БНК вызначала невялікая група палітыкаў (Раман Скірмунт, Павел Аляксюк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі), якая мела цесныя стасункі з лідарамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і прытрымлівалася не сацыялістычных, а ліберальна-дэмакратычных поглядаў — блізкіх да поглядаў расійскіх лібералаў — «кадэтаў», якія пераважалі ў складзе Часовага ўрада Расіі[29]. Расійскія канстытуцыйныя дэмакраты выступалі супраць сацыялістычных лозунгаў нацыяналізацыі зямлі і скасавання прыватнай уласнасці на зямлю, а лічылі патрэбным захаваць прыватную ўласнасць на зямлю і перадаць малазямельным сялянам толькі часткі зямель ад валоданняў буйных і сярэдніх зямельных уласнікаў — за грашовую кампенсацыю былым зямельным уласнікам па рынкавай цане.

БНК аб'явіў сваёй мэтай нацыянальна-культурнае і палітычнае адраджэнне беларускага народа і ў сваёй адозве да насельніцтва выказаў прарасійскую арыентацыю: «эканамічнае становішча і тыя мажлівасці, якія адкрыліся з рэвалюцыяй перад дэмакратычнай Расіяй, звязваюць нас з Расійскай Федэрацыйна-Дэмакратычнай Рэспублікай»[30]. З'езд выбраў і дэлегацыю (на чале са Скірмунтам) для перагавораў з Часовым урадам Расіі аб аўтаноміі Беларусі[31].

Зноскі

  1. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 24.
  2. Аляксандр Керанскі, хоць фармальна і ўваходзіў у склад партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, але па сутнасці быў папулістам і мог лёгка ўступаць у кааліцыі з іншымі палітыкамі.
  3. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 8.
  4. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 5—6.
  5. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 31.
  6. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 29, 31; Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 9.
  7. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 9.
  8. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  9. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 9.
  10. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 9.
  11. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 29; Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 9; Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 9.
  12. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 9.
  13. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 9.
  14. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 29—30.
  15. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  16. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  17. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30; Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 10.
  18. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 10.
  19. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 23.
  20. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 10, 11.
  21. Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці... С. 11.
  22. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 9; Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  23. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 22.
  24. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 23.
  25. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  26. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 9.
  27. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  28. Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам.... С. 30.
  29. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 9.
  30. Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)... С. 9.
  31. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 23.

ЛітаратураПравіць

  • Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е.Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — №1. — С. 9—15.
  • Жылуновіч, З. З'езд беларускіх нацыянальных арганізацый 25 сакавіка 1917 года // Полымя. — 1925. — № 6. — С.
  • Игнатенко, И. М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. — Мн., 1986. — С. 222—236.
  • Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Пратакол з'езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25—27 марта 1917 г. // Спадчына. — 1990. — № 4.
  • Смалянчук, А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. — 1994. — № 6.
  • Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М.Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта / С. Рудовіч // Гістарычны альманах. — Гродна, 1999. — Т. 2. — С. 14—37. [1]
  • Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.