Забастоўкі на Лідчыне (1935—1936)

Забастоўкі на Лідчыне — масавыя забастоўкі працаўнікоў, выкліканыя звальненнем часткі працаўнікоў і нізкімі зарплатамі. Забастоўкі цягнулася 7 месяцаў, а скончыліся судом іх арганізатараў, хаця пазней умовы працы былі ўсё такі палепшаныя.

Забастоўкі на Лідчыне
Дата 30 снежня 1935 года—6 ліпеня 1936 года
Месца Ліда, Нёман
Прычыны звальненне часткі працаўнікоў, нізкія зарплаты
Мэты паляпшэнне ўмоў працы
Характарыстыка забастоўкі, пікеты
Вынік арышт арганізатараў, паляпшэнне ўмоў працы
Бакі канфлікту
Працаўнікі Сцяг Польшчы Уладальнікі фабрык
Ключавыя фігуры
Раман Бярнацкі
Юзаф Чушкевіч
Саламон Мелуп
Сілы
Саюз прафесійных саюзаў і іншыя
Лік удзельнікаў
ад 2 тысяч да 6 тысяч
Страты
Раман Бярнацкі
Арыштавана12 чалавек

Эканамічны рост правіць

Пасля заключэння 18 сакавіка 1921 года Рыжскай мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расеяй Лідчына ўвайшла ў склад створанага ў межах адроджанай польскай дзяржавы Наваградскага ваяводства. Пасля Першай сусветнай вайны ўся Наваградчына перажывала вялікі гаспадарчы заняпад, з’яўляючыся адным з найбольш занядбаных рэгіёнаў тагачаснай Польшчы. Да 1927 года найбольш эканамічна развітым горадам Наваградскага ваяводства лічыўся Слонім, а Ліда стаяла толькі на трэцім месцы, саступаючы яшчэ і Баранавічам. У сферы прамысловасці на Лідчыне тады працавалі ўсяго 338 чалавек. Але з другой паловы 1927 года пачалося ажыўленне гаспадарчага жыцця, якое працягвалася да канца 1929 года, калі тэрыторыю Польшчы ахапіў сусветны эканамічны крызіс. У гэты час у Лідзе знайшліся ініцыятыўныя людзі, здольныя акумуляваць неабходныя капіталы для стварэння прамысловай вытворчасці. Гэта былі пераважна жыдоўскія прамыслоўцы і гандляры. У выніку іх дзейнасці ў 1927—1929 гадах у Лідзе пачалі працу новыя прадпрыемствы: млыны, тартакі, кафлярні, хімічная фабрыка «Карона» і фабрыка гумовых ботаў «Ардаль». Найбуйнейшым прадпрыемствам па-за межамі горада была шкляная гута «Нёман» у пасёлку Нёман (цяпер — горад Бярозаўка), заснаваная яшчэ ў 1883 годзе. Такі рывок дазволіў Лідзе выйсці на першае месца па развіцці прамысловасці ў Наваградскім ваяводстве, чаму паспрыяла яе выгаднае размяшчэнне на шляху чыгуначных камунікацый і наяўнасць вялікай колькасці таннай некваліфікаванай працоўнай сілы.

Найбуйнейшым прамысловым прадпрыемствам у Лідзе было акцыянернае таварыства гумовай вытворчасці «Ардаль» (слова «Ардаль» на ідыш азначае «бот, галёш»). Яно ў якасці вытворцы гумовага абутку мела значэнне ў маштабе ўсёй Польшчы. Калі ў 1930 годзе ва ўсёй лідскай прамысловасці працавалі каля 800 працаўнікоў, то 1/3 з іх складалі працаўнікі «Ардаля». Акрамя таго, з 1934 года разнастайныя гумовыя вырабы вырабляла фабрыка «Унігум». Таксама ў горадзе дзейнічалі хімічнае прадпрыемства «Карона» (вырабляла фарбы, чарніла, туш, лакі, пластылін, клей і інш.), дзве фабрыкі сельскагаспадарчых машын і жалезнага ліцця (братоў Шапіра і «Бэнланд»), фабрыка «Дротіндустрыя», фабрыка спружын «Звуй», фабрыка вырабу шкіпінару «Дэстылят», тры кафлярні («Танур», «Рааф» і «Нэшэр»), дзве лямцавыя фабрыкі, некалькі цагельняў і паравых тартакоў, фабрыка па вырабе мыла, два бровары, дзве фабрыкі па вытворчасці алею, тры шакаладна-цукеркавыя фабрыкі, 8 пякарняў. Да сярэдзіны 1930-х гг. горад меў 8 электрастанцый і 8 млыноў. Паліграфічныя паслугі аказвалі 4 друкарні.

Працоўны рух у 1920-я гады правіць

Бурны рост тутэйшай прамысловасці спрыяў і ўзмацненню развіцця на Лідчыне прафсаюзнага руху. Ён адрадзіўся пасля ўсіх ваенных дзеянняў у 1921 годзе, калі па ініцыятыве Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) былі створаныя 8 прафсаюзных арганізацый паводле розных галінаў прамысловасці. Адначасова ўзнікла і гарадская рада гэтых саюзаў.

Спачатку ў лідскім прафсаюзным руху ўдзельнічалі каля 500 працаўнікоў, але да 1925 года адбывалася пастаяннае ягонае разрастанне, у выніку чаго працаўнікамі розных прадпрыемстваў былі арганізавана праведзеныя 10 забастовак. 1 траўня 1925 года у Лідзе ўпершыню адбылася маніфестацыя працаўніоў, у якой удзельнічалі 2000 чалавек. У 1929 годзе на шкляной гуце «Нёман» прайшоў амаль двухмесячны страйк з удзелам каля 700 працаўнікоў, у выніку якога адміністрацыя прадпрыемства была вымушаная задаволіць асноўныя іх патрабаванні (павышэнне заробкаў на 25%, неадкладная выплата запазычанасці на заробках, узгадненне з прафсаюзам прыёму і звальнення рабочых, забеспячэнне спецвопраткай і інш.).

Але з-за немагчымасці выпрацаваць агульную праграму дзейнасці і амбіцый лідараў галіновых саюзаў з паловы 1920-х гадоў пачынаецца згасанне прафсаюзнага руху на Лідчыне. Былі ліквідаваныя шэраг галіновых саюзаў: кушняроў, цырульнікаў, краўцоў, з агульнагарадскога аб’яднання выйшаў саюз металістаў. У выніку да пачатку 1931 года прафсаюзны рух у горадзе пад эгідай польскіх сацыялістаў практычна згас. У лютым 1931 годзе рэшткі прафсаюзных арганізацый ППС у горадзе, шукаючы новыя шляхі для сваёй дзейнасці, перайшлі ў беспартыйную Генеральную федэрацыю працы (ГФП). 7 красавіка 1931 года у горадзе быў створаны выканальны аддзел ГФП, пасля чаго адразу з’явілася некалькі новых галіновых саюзаў і ўдалося правесці два паспяховыя страйкі: пекараў і цагельшчыкаў.

6 верасня 1931 года была створаная рада Саюза прафесійных саюзаў (СПС). Да канца 1934 года гэтая рада аб’ядноўвала саюзы будаўнікоў, металістаў, транспартнікаў, сельскагаспадарчых працаўнікоў. Увогуле сябрамі гэтага Саюза ў тым годзе былі 546 чалавек, якія плацілі сяброўскія складкі, а 124 беспрацоўныя члены былі ад гэтых выплат вызваленыя. На сходзе ж актывістаў лідскага СПС, які адбыўся 10 сакавіка 1935 года у кінатэатры «Эра», была агучаная інфармацыя, што колькасць працоўных, кантраляваных гэтым прафсаюзным аб’яднаннем, дасягнула 1500 чалавек.

Эканамічная крыза правіць

Ва ўмовах, якія склаліся ў польскай дзяржаве да 1930-х гадах, лідскія прафсаюзы мелі шмат працы. Сусветная эканамічная крыза значна пагоршыла агульную сітуацыю, што не магло не адбіцца і на становішчы працаўнікоў. Шмат якія ўстановы спынілі выпуск прадукцыі, у выніку чаго вырасла беспрацоўе. У 1931 годзе ў Лідзе былі зарэгістраваныя 122 беспрацоўныя, а ў 1932—1933 гадах іх колькасць яшчэ больш вырасла.

Цяжкія былі і ўмовы працы тых людзей, якім пашчасціла ўладкавацца на заводы і фабрыкі. Так, у беларускай газеце «Наша воля» сітуацыя на найбуйнейшым прадпрыемстве Ліды, фабрыцы «Ардаль», апісвалася наступным чынам:

800 работнікаў, пераважна работніц, маладых дзяўчат. Многа малалетніх, ад 15 гадоў. Працуюць усе «на акорд» [здзельная аплата працы]. А гадзіне 12 абед. Ніхто не мае часу памыць рукі, грызуць чарствы хлеб, стоячы пры варштатах працы. Работніцы зарабляюць ад 1 зл[отага] 30 гр[ошаў] на дзень, пры гэтым варта адзначыць, што пакуль дойдзе да такой платы, то кожная мусіць папрацаваць 2 тыдні толькі за 30 гр. на дзень, другія два - па 50 гр., трэція - па 80 гр. Работнікі зарабляюць па 2 зл., а некаторыя па 2 зл. 50 гр. Палавіна работнікаў і работніц ужо хворыя, другая палавіна мае пачаткі хваробы. Усе маюць выгляд твараў як у сухотнікаў. Да гэтага часу былі не арганізаваны. Фабрыкант кожны дзень адных выкідаў на вуліцу, а з вуліцы браў другіх, за цяжкую працу плаціў колькі падабалася

Забастоўка на «Ардалі» правіць

У самым канцы 1935 года на фабрыцы «Ардаль», дзе за некалькі месяцаў да таго паралельна з Саюзам прафсаюзаў стаў дзейнічаць і Прафесійны саюз хімічных рабочых, выбухнуў страйк. Непасрэдныя яго прычыны віленская кансерватыўная газета «Słowo», якая пільна сачыла за сітуацыяй на фабрыцы, вызначала так:

У галіне вырабу гумовага абутку ёсць два сезоны: летні і зімовы. Летні пачынаецца ў студзені і заканчваецца ў чэрвені, і за гэты час вырабляецца тавар, які мае меншы збыт. У зімовы час, ад ліпеня да снежня, вырабляюцца галёшы, боты і іншыя больш складаныя рэчы, якія маюць карыстаюцца лепшым попытам. А таму ў зімовы сезон працуе больш рабочых, чым у летні. Традыцыйна пры канцы снежня пэўная колькасць непатрэбных рабочых звальняецца. Так было заўсёды. Так было і ў 1935 годзе. 28 снежня рабочыя атрымалі абвешчанні і ў адпаведнасці са звычаем завод на працягу двух тыдняў спыніўся для рамонту. Аднак паколькі заставалася шмат лішняй сыравіны для працы, рабочыя ў дадатак працавалі яшчэ два дні, 30 і 31 снежня, але ўжо ў колькасці на 70 чалавек менш, чым у звычайны зімовы перыяд.

З-за звальнення згаданых 70 працаўнікоў кіраўніцтва прафсаюза хімічных рабочых вывела 30 снежня 1935 года рабочых і работніц з фабрыкі і спыніла машыны. Усяго забастоўку абвесцілі 720 працаўнікоў, якія запатрабавалі павелічэння акордных выплат на 25%, дзённых заробкаў для мужчын у памеры ад 2 зл. 50 гр. да 3 зл., а для жанчын — 1 зл. 50 гр.

Перамовы правіць

Дырэкцыя фабрыкі спачатку намагалася аднавіць яе працу пры дапамозе штрэйкбрэхераў. 1 студзеня 1936 г. уладальнік прадпрыемства Саламон Мелуп правёў іх вярбоўку, адначасова звярнуўшыся па дапамогу да паліцыі. 5 студзеня пад аховай паліцыянтаў на фабрыку былі дастаўленыя 30 рабочых, пасля чаго запусцілі станкі, якія, аднак, працавалі ўхаластую. Страйкавы камітэт даручыў устанавіць прозвішчы штрэйкбрэхераў і абысці іх кватэры, да некаторых з іх былі ўжытыя пагрозы. У выніку 10 студзеня, пасля пяці дзён халастой працы, С. Мелуп быў вымушаны адмовіцца ад сваёй задумы з пускам фабрыкі.

Пачаліся перамовы дэлегатаў рабочых і прадстаўнікоў прафсаюза з дырэкцыяй, прытым яны адбываліся як на месцы ў Лідзе, так і ў Варшаве пры пасярэдніцтве Міністэрства сацыяльнай апекі. Аднак да згоды бакам прыйсці так і не ўдалося, паколькі прафсаюз, паводле паведамленняў тагачаснай прэсы, яшчэ больш павялічыў вымаганні да адміністрацыі. Сярод іншага фігуравалі, напрыклад, такія патрабаванні, як агульнае павелічэнне заробкаў на 25%, забарона сезоннага летняга звальнення часткі рабочых і да таго падобнае.

Ультыматум правіць

Пасля правалу перамоваў адміністрацыя выставіла рабочым ультыматум, абвясціўшы, што хто ў тэрмін да 22 студзеня не выйдзе на працу, той будзе звольнены. Да 20 студзеня кіраўніцтву фабрыкі ўдалося набраць каля 200 новых працаўнікоў, што дазволіла аднавіць працу прадпрыемства. Ранейшыя ж працаўнікі ў поўным складзе прынялі рашэнне да працы на ўмовах дырэкцыі не прыступаць, у выніку чаго ўсе 720 працаўнікоў былі звольненыя. У такіх умовах усё большы ўплыў на настроі рабочых стаў аказваць больш радыкальны Саюз прафесійных саюзаў, актывісты якога праз тры дні пасля аднаўлення працы фабрыкі заблакавалі на яе ўваход, не дазваляючы прыступаць да працы штрэйкбрэхерам. У выніку адміністрацыя зноў была вымушана прыпыніць працу прадпрыемства на неакрэслены тэрмін.

Другія перамовы правіць

5—6 лютага ў Лідзе пры ўдзеле акруговага інспектара працы пачаліся новыя перамовы, на якіх мусілі абмяркоўвацца ўмовы заканчэння страйку. У якасці перамоўных бакоў выступалі дырэкцыя фірмы «Ардаль», а таксама прадстаўнікі абодвух прафесійных саюзаў. Прафсаюзы высунулі наступныя патрабаванні:

1) даць працу ўсім рабочым згодна з колькасцю гадоў, адпрацаваных імі паводле стану на 28 снежня 1935 года;

2) нікога не звальняць за ўдзел у страйку;

3) прызнаць прафсаюзныя арганізацыі на прадпрыемстве;

4) падвысіць плату за здзельную працу на 25%;

5) гарантаваць штодзённую здзельную заработную плату на 20-25% вышэйшую, чым дзейсная дзённая стаўка

Для дырэкцыі прадпрыемства гэтыя патрабаванні выглядалі, аднак, завышанымі і нерэалістычнымі. Са свайго боку яна заявіла, што «не мае намеру звальняць каго-небудзь за ўдзел у страйку і будзе наймаць рабочых, гледзячы на іх кваліфікацыю і свае патрэбы. Заробкі рабочых на «Ардалі» значна вышэйшыя, чым на іншых прадпрыемствах у горадзе, а падчас агульнага зніжэння цэнаў падвышэнне заробкаў не з'яўляецца актуальным, тым больш што фабрыка мае неспрыяльнае становішча. Яна размешчана на значнай адлегласці ад асноўных цэнтраў пастаўкі сыравіны, што значна павялічвае вытворчыя выдаткі».

У выніку перамовы зноў скончыліся нічым.

Усеагульная забастоўка правіць

Да канца лютага рабочыя гуртавалі свае сілы, а 25 лютага на агульнагарадскім мітынгу, на які сабраліся каля дзвюх тысяч чалавек, было прынята аднагалоснае рашэнне арганізаваць у горадзе 24-гадзінны ўсеагульны страйк, дзеля чаго быў абраны страйкавы камітэт з 5 сяброў «Саюза прафсаюзаў» і 5 чалавек ад прафсаюза працаўнікоў хімічнай прамысловасці. На заклік страйкавага камітэта 27 лютага на працу на ўсіх прадпрыемствах горада не выйшлі каля 4 тысяч чалавек. А 15 гадзіне ў кінатэатры «Эра» адбыўся мітынг, на які сабраліся ад 2 да 6 тысяч чалавек, пасля чаго адбылася дэманстрацыя пад лозунгам: «Хай жыве чырвоная рэвалюцыйная барацьба ардалеўцаў!». У падтрымку рабочых фабрыкі «Ардаль» выступілі рамізнікі, працаўнікі рэстаранаў, банкаў, кінатэатраў. Лісты і грашовыя сродкі адправілі рабочыя варшаўскай фабрыкі «Рыгавар», прафсаюзы шафёраў і іншыя. У выніку ў гэты дзень у горадзе працавалі толькі рабочыя электрастанцыі і часткова млына. Спынілі працу нават прыватныя рамеснікі. У нумары віленскай газеты «Słowo» сітуацыя апісвалася такімі словамі:

Не працавалі рамізнікі, кінатэатры, аркестры, афіцыянты, ніхто наогул не працаваў. Гэта быў вялікі ўсеагульны страйк, выбітная палітычная дэманстрацыя. Горад быў як пад акупацыяй або як у часы нейкага бескаралеўя. Нічога дзіўнага, што ў такой сітуацыі натоўп сабраўся на мітынг у кінатэатры «Эра».

Вядома, рэдактар газеты жадаў паказаць працаўнікоў тэрарыстамі і гэтак далей.

Страйк на «Ардалі» працягваўся да канца сакавіка, калі яго нарэшце ўдалося пры дапамозе афіцыйных асобаў спыніць. Бакі пагадзіліся вырашыць спрэчку шляхам дзяржаўнага арбітражу. Міністэрства сацыяльнай апекі прызначыла арбітра, які вызначыў узровень павелічэння аплаты для найніжэйшай катэгорыі работнікаў і мінімальную аплату для паасобных катэгорый. Было таксама пастаноўлена, што на працу будуць прымацца толькі тыя працаўнікі, што працавалі на фабрыцы да пачатку забастоўкі. Спачатку на фабрыцы пачалі працаваць 200 працаўнікоў, а з 30 сакавіка — 350. Было таксама прынятае рашэнне, што «да новага сезона з-за 13-тыднёвага страйку фабрыка не будзе больш прымаць рабочых на працу. Не будзе таксама пачатая пабудова двух раней планаваных новых цэхаў»

Забастоўка на «Нёмане» правіць

У пачатку сакавіка 1936 года складаная сітуацыя склалася таксама на шкляной гуце «Нёман» у аднайменным пасёлку пад Лідай (сучасны горад Бярозаўка). На гэтай гуце, якая прадавала свае вырабы не толькі ў Польшчы, але таксама экспартавала іх у Францыю і Англію, працавалі 700 чалавек з 2000 жыхароў пасёлка [28]. Умовы працы і тут пакідалі жадаць лепшага. Як пісала газета «Front Robotniczy»:

У гуце Столе [уладальнікі фабрыкі] цяжка зарабіць на хлеб. Кабеты зарабляюць па 90 гр[ошай] у дзень, мужчыны крыху больш. У іншых гутах выкідваюць работнікаў з прычыны нястачы працы, у гуце пана Столе рабочыя працуюць па 12 і 14 гадзін на суткі. У нядзелю таксама. З распаленай печы да 1400 градусаў выбухае жар. Замест паветра лёгкія ўцягваюць са свістам густую душную галярэту. У галаву б'е кроў. А пры выплатах дастаецца толькі за восем гадзін у дзень. Тут фабрыка пільна перасцерагае васьмігадзінны дзень працы. Ані аднэй гадзіны налічбовай не аплачвае.

Яшчэ ў студзені 1936 года прафсаюзам былі паднятыя пытанні адносна адпачынкаў рабочых, легалізацыі працоўных арганізацый і да таго падобнае, а таксама ініцыяваныя перамовы адносна гэтага з адміністрацыяй. 16 студзеня адбылося абмеркаванне сітуацыі ў павятовага інспектара працы. Да пары да часу ўдавалася пазбягаць масавых пратэстаў, але напружанне нарастала, і звальненне ў канцы студзеня аднаго з рабочых прывяло да выбуху незадавальнення. Дзевяць рабочых тады ў знак салідарнасці са звольненым адмовіліся выходзіць на працу.

Да сітуацыі падключыўся лідскі павятовы стараста, які ініцыяваў правядзенне 6 лютага адмысловых перамоваў і спрабаваў займаць неўтральную пазіцыю. Пасля іх правядзення звольнены працаўнік быў адноўлены на працы, а інспектар працы выпрацаваў умовы паразумення, якімі, сярод іншага, прадугледжвалася вяртанне да працоўных ставак 1933 года (пазней «парэзаных») і прыняцце ўмовы, каб уласнікі гуты не маглі без згоды прафсаюза звальняць і прымаць на працу рабочых.

Аднак гэтыя захады адно толькі дазволілі адкласці праяўленне больш маштабнага незадавальнення яшчэ на месяц. У пачатку сакавіка на прадпрыемстве выбухнула забастоўка. Беларуская газета «Наша воля» паведамляла пра яе наступным чынам:

Бастуе 670 асобаў. Прычына забастоўкі — нарушэнне ўставадаўства працы ўласнікам гуты, напрыклад, заместа 8 гадз. працы работнікі працавалі па 16-18 гадзін на суткі, атрымоўваючы нармальную зарплату 2 зл. Кабеты маюць ад 80-90 гр., мужчына ад 1 зл. 10 гр. да паўтара злотага. Майстры, перадусім тыя, што прадаюцца прадпрыемцы, атрымоўваюць да 12 зл. у дзень. Бастуючыя дамагаюцца: прыняць звольненых рабочых, 8-мі гадзіннага дня працы і падвышэння платы для нізшай катэгорыі работнікаў і ўвядзення прадбачаных уставадаўствам платных урлёпаў.

Шкляная гута ў Нёмане працягвала баставаць і пасля заканчэння страйку на фабрыцы «Ардаль», больш таго — пратэсты на ёй нават пашырыліся. Уладальнікі не пагаджаліся падвысіць заробкі да ўзроўню 1933 года і прызнаць «Саюз прафсаюзаў» у якасці паўнавартаснага партнёра.

Падзел у лагеры працаўнікоў правіць

За тры месяцы забастоўкі працаўнікі разбіліся на два лагеры. Частка іх не салідарызавалася са страйкам і працягвала працаваць на гуце. Колькасць людзей, што працавалі, як сведчыла адміністрацыя, складала каля 260 чалавек, паводле інфармацыі забастоўшчыкаў — каля 200 чалавек. Мясцовыя людзі казалі, што сярод іх было не болей за 60 кадравых рабочых, паводле інфармацыі фабрыкі такіх было 70.

Штрэйкбрэхеры працавалі на фабрыцы ў адмысловых варунках. Яны сталі добраахвотнымі вязнямі яе муроў, бо баяліся выйсці на вуліцу, дзе дарэмна чакалі пагаднення з адміністрацыяй каля 400 рабочых-забастоўшчыкаў. Для штрэйкбрэхераў уладальнік гуты арганізаваў прывоз харчоў і забяспечыў жытлом унутры фабрыкі. У выніку праца прадпрыемства цалкам не спынялася, і таму ўладальнікі гуты маглі сабе дазволіць не заўважаць спарадычныя акцыі забастоўшчыкаў.

За часам страйку справа неаднаразова даходзіла да вострых сутычак паміж рабочымі, што баставалі, і іх калегамі, якія хадзілі на працу. Некалькі разоў на гуту ўводзілася паліцыя, а два разы ў Лідзе выбухаў агульны страйк пратэсту. У Лідзе і на гуце было затрымана некалькі асоб, якія падазраваліся ў кантактах з міжнародным камунізмам.

Перамовы правіць

Абодва бакі — уладальнікі гуты Столе і забастоўшчыкі — падалі справу на дзяржаўны арбітраж, пасля чаго на пачатку чэрвеня адбылася канферэнцыя з удзелам наваградскага ваяводы. Аднак рашэнні, прынятыя падчас яе, не былі выкананыя. Рабочыя патрабавалі, каб Столе не шукалі сабе працаўнікоў па-за межамі Нёмана. Каб зрабіць немагчымым прыезд новых працаўнікоў, 11 і 12 чэрвеня пікеты рабочых блакавалі адзіную браму фабрыкі, а 13 чэрвеня, у суботу, на загад каменданта паліцыі з Наваградка, натоўп быў жорстка разагнаны. Шмат рабочых, у тым ліку і жанчыны, былі моцна збітыя, прытым выпадкова пацярпелі нават два цалкам невінаватыя чыноўнікі фабрыкі, якіх ніяк нельга было абвінаваціць у сімпатыі да рабочых. 6 чалавек былі арыштаваныя, у тым ліку і сябра рады лідскага «Саюза прафсаюзаў» Гульбіновіч, які кіраваў забастоўкай. Пры гэтым прадзяржаўная прэса разам з дзяржаўнымі чыноўнікамі даволі няўклюдна спрабавалі аспрэчыць інфармацыю пра збіццё рабочых, але іх заявы былі абвергнутыя публікацыямі афіцыйных медыцынскіх даведак.

Страйкоўцы у гуце «Нёман» мелі тры асноўныя патрабаванні:

1) прызнанне ўладальнікамі гуты паўнамоцтваў рабочых арганізацый;

2) змена сістэмы аплаты працы. Калі дагэтуль разлічванне заробкаў рабіў майстар, то рабочыя жадалі, каб гэта ўзяла на сябе непасрэдна дырэкцыя;

3) падвышэнне заробкаў на 15-20%.

18 чэрвеня дзеля таго, каб вывучыць сітуацыю на месцы, на гуту прыехаў адмыслова дэлегаваны прадстаўнік урада. Але толькі 9 ліпеня газета «Słowo» змагла паведаміць, што забастоўка скончаная, а працаўнікі працуюць з 6 ліпеня.

Другая забастоўка ў Лідзе правіць

Інфармацыя пра гвалтоўныя падзеі, што адбыліся на гуце «Нёман», выклікала новы агульны страйк у Лідзе. Яго кульмінацыяй стаў панядзелак 15 чэрвеня. У 25-тысячным горадзе спынілася ўся прамысловасць. Баставалі машынабудаўнічыя фабрыкі «Бэнланд» і «Поланд», фабрыка цвікоў «Дротіндустрыя», хімічная фабрыка «Карона», фабрыка гумовых вырабаў «Унігум», бровары Памірмайстра і Пупко, млыны «Аўтамат», Віленскага, Шалаховіча і Пупко, тартакі Гурвіча, Мельніка, Палячака і Рафаловіча, алярні «Шэмен» і «Аліт», кафлярні «Тануф», «Рааф» і Пупко, фабрыка сукна і лямца братоў Жыжэмскіх, лямцавая фабрыка Рабіновіча. Не працавалі нават кінатэатры, цырульні і рамізнікі. Крамы былі адчыненыя толькі часткова. Перасталі працаваць нават беспрацоўныя, што выконвалі грамадскія работы па будаўніцтве дарог у прыгарадзе Ліды. Не баставалі ў выніку фактычна толькі супрацоўнікі дзяржаўных устаноў. Грамадскі парадак у горадзе, аднак, не парушаўся.

6 чэрвеня сітуацыя часткова ўлагодзілася. Аднавіліся грамадскія работы, выехалі на працу рамізнікі, адчыніліся кінатэатры. Агульная колькасць страйкоўцаў у горадзе зменшылася з 1050 да 950 чалавек. 17 чэрвеня была адноўлена праца ўсіх прадпрыемстваў, а горад стаў выглядаць так, як і звычайна. На той момант, у Нёмане яшчэ ішла забастоўка.

Суд правіць

У траўні 1936 года ў Лідзе адбыўся суд над галоўнымі арганізатарамі забастовак на фабрыцы «Ардаль» і на гуце «Нёман». На лаве падсудных апынуліся прафсаюзныя лідары Раман Бярнацкі і Малеўскі. Супраць іх сведчылі ўладальнікі абодвух прадпрыемстваў, а таксама іншыя сведкі. У выніку 12 траўня Лідскі акруговы суд прысудзіў Бярнацкага за «антыўрадавую дзейнасць і тэрор» на 3 гады турмы, а Малеўскага — на 2. Асуджаныя падалі справу на апеляцыю, але, як аказалася, толькі сабе на шкоду, бо ў кастрычніку 1936 года, разгледзеўшы справу паўторна, апеляцыйны суд у Вільні замест палёгкі дадаў Раману Бярнацкаму яшчэ 5 гадоў зняволення ў турме для рэцыдывістаў, прысуд жа Малеўскаму пакінуў без зменаў.

Кропка ў судовым пераследзе лідараў рабочага руху была пастаўленая пасля завяршэння ўсіх падзей. Яшчэ на пачатку лета 1936 года было арыштавана 7 чалавек, а потым яшчэ 5. 21 студзеня 1937 г. у лідскім акруговым судзе пачаўся вялікі працэс супраць 12 чалавек. На лаве падсудных знаходзіліся асобы, «выкрытыя ў камуністычнай дзейнасці і прыналежнасці да КПЗБ», большасць з якіх мелі ўзрост ад 20 да 25 гадоў і раней ужо караліся за камуністычную дзейнасць. Значная частка абвінавачання грунтавалася на факце стварэння падсуднымі «Саюза прафсаюзаў» на фабрыцы «Ардаль» і арганізацыі страйку на гэтай жа фабрыцы. Суд працягваўся 4 дні, і ў выніку яго 8 абвінавачаных былі асуджаныя да турэмнага зняволення на тэрміны ад 2 да 8 гадоў, а чацвёра — апраўданыя.

Але забастоўка 1936 года не была дарэмнай, бо прымусіла уладальнікаў прадпрыемства сярод іншага сур’ёзна задумацца пра паляпшэнне ўмоў працы і павелічэнне заробкаў рабочых. Так, у адным з артыкулаў, надрукаваных у лістападзе 1938 г. у газеце «Codzienna Gazeta Handlowa», можна прачытаць, што на фабрыцы «Ардаль»:

Пастаянна паляпшаецца ахова здароўя і ўмовы бяспекі. Маецца спецыяльныя станцыя для дапамогі маці і дзецям, дзіцячы сад, дзе працуюць спецыялісты, хуткі медыцынскі кантроль за жанчынамі — гэта сведчыць пра сацыяльны, адукацыйны і гігіенічны догляд фабрыкі за сваімі працаўнікамі.

Спасылкі правіць