Адкрыць галоўнае меню
План Магілёва ў канцы XVII ст.

Задубравенскі пасад — гістарычны раён Магілёва, размешчаны на захад ад р. Дубравенка. Абмежаваны на поўдні ракой Дняпро, на ўсходзе ракой Дубравенка, на захадзе вуліцамі Заводскай (былая вул. Папінская), Чалюскінцаў (былая Быхаўская шаша), Мянжынскага (былая вул. Малое Завалле), Лазарэнкі (з былымі польскімі могілкамі) і Садовай (былыя завулкі Садоўскі і Пушкаровічаў). Згадваецца ў пісьмовых крыніцах XVIXVIII стст. Тут праходзіла частка Палявога вала[1] з 5 драўлянымі брамамі: Віленскай, Уструшненскай, Быхаўскай, Папінскай, Трысненскай, ад якіх пачыналіся гарадскія вуліцы.

На падставе фіксацыйных планаў Магілёва з наваколлямі 1783 г. можна сцвярджаць, што паласа кварталаў Задубравенскага пасада мела рэгулярную планіроўку ў XVII ст.[2] Грамадскі цэнтр пасада ўяўляў сабой гандлёвую плошчу на беразе Дубравенкі ля падножжа прыбярэжных узгоркаў. У раёне плошчы размяшчаўся культавы комплекс Успенскай царквы[3].

У межах Задубравенскага пасада знаходзіліся Папінская, Трысненская, Каскоўская і Дабраслаўская сотні. Задубравенскі пасад разам са Шклоўскім і Віленскім пасадам складалі Новы горад.

Задубравенскі пасад

На сучаснай тэрыторыі пасада захаваліся мураваныя Барысаглебская царква (зав. Брусава, 2), будынак жаночага епархіяльнага вучылішча (вул. Вароўскага), а на старажытных каталіцкіх могілках — 2 мураваныя капліцы. Тэрыторыя Задубравенскага пасада, абмежаваная схіламі вул. Вароўскага, зав. Ленінградскім, вул. Правая Дубравенка, зав. Яравым і тэрыторыяй Быхаўскага рынку, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.

СпасылкіПравіць