Замах на Курлова (1906) — тэрарыстычны акт здзейснены І. Пуліхавым і А. Ізмайловіч з мэтаю забойства мінскага губернатара П. Р. Курло́ва.

Пасля г.зв. Курло́ўскага расстрэлу, група эсераў, таксама ўзгадаўшы П. Р. Курлову экзекуцыю сялян у Курскім павеце і жорсткае збіццё ў Курску выхаванцаў землямернага вучылішча і школьнікаў, прысудзіла губернатара да смерці.

Выканаўцу прысуду вызначалі праз жрэбій. Жрэбій выпаў на Аксенкруга, але ён спужаўся. Тады Іван Пуліхаў добраахвотна вызваўся выканаць прысуд, да яго далучылася А. Ізмайловіч. Яны нанялі кватэру паблізу дома Курлова і доўга за ім назіралі. Акцыю фінансаваў Яўстафій Любанскі.

Для здзяйснення тэракту быў выкарыстаны момант адпявання ў Петрапаўлаўскім саборы памерлага генерал-маёра Курча. Калі з сабору вынеслі і паставілі на катафалк труну, Курлоў выпраміўся і Пуліхаў кінуў у яго бомбу. Бомба патрапіла ў галаву, але не падарвалася, бо перадавалася праз агента «ахранкі» Зінаіду Жучэнку, якая папярэдне адвезла яе ў Маскоўскае ахоўнае аддзяленне, дзе бомба была абясшкоджаная начальнікам аддзялення М. фон Котэнам.

Бомба ўпала Курлову пад ногі, вакол было шмат народу і паліцэйскіх. Пуліхава схапілі, тымчасова Ізмайловіч страляла з «Браўнінга» у паліцмейстара Норава. Ізмайловіч, адбіраючы ў яе зброю, збілі. Схопленых тэрарыстаў адвезлі ў 1-ю паліцэйскую частку.

Літаратура

правіць
  • Бугаенко В. Иван Пулихов — кто он? Именем одного из первых террористов Беларуси названа улица Минска // Вечерний Минск, февр. 10, 1997.