Замкавы парк (Мір)

(Пасля перасылкі з Замкавы парк, Мір)

Замкавы парк — пейзажны парк, размешчаны навокал Мірскага замка. Існаванне парку адбывалася амаль адначасова з пабудовай замка, пасля таго, як замак згубіў сваю абарончую функцыі і пераўтварыўся ў палацавую рэзіденцыю.

Мірскі парк, верасень 2014.

Італьянскі сад правіць

Італьянскі сад быў закладзены ў 17 ст. на поўдзень за замкавымі валамі як рэгулярны парк італьянскага тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі[1]. Сад — адзін з найстарых рэгулярных паркаў Беларусі. Інвентара парку часу рэнесансу не выяўлена. Лічыцца, што парк быў плошчай каля 4,2 га, у плане меў прамавугольнік з сістэмай баскетаў, аформленых ліпай[1].

Першае вядомае згадванне парку прыводзіцца ў Інвентары, складзеным 14 жніўня 1660 года. Па дадзеных Інвентара, у 1654 годзе казацкія атрады Івана Залатарэнкі і маскоўскага ваяводы Трубяцкога занялі Мір, разрабавалі замак, спалілі фальварак і італьянскі сад. У Інвентары за 1686 год згадваюцца толькі мірскія сажалкі (ставы) агульнай колькасцю ў 8[2]: «стаў пад фальваркам», «стаў пад замкам», «стаў пад мястом». Чацвёрты стаў размяшчаўся каля млына, называнага «мураванага», пяты стаў — «пад звярынцам». Спустошаны «італьянскі» сад, на месцы якога мелася шмат ляшчыны, згадваецца ў чарговым Інвентары за 1688 год, а спустошаны італьянскі сад згадаецца у чарговым Інвентары за 1688 год. Сад быў абгароджаны тынам, а з боку поля — жэрдкамі. У 1692 годзе садоўнікам працаваў Пятроўскі, якому ў год плацілі 350 злотых, а калі пабудавалі хату, плату паменшылі да 80 злотых і ўвялі даплату жытам, пшаніцай, гарохам, ячменем, аўсом, «вепруком», соллю, маслам і сырамі[3].

Лічыцца, што адраджэнне парку вялося прыкладна адначасова з аднаўленнем разбуранага замка. Тым не менш у дзённіку стольніка Пятра Талстога, які наведаў Мір у 1697 годзе, звесткі пра парк не прыводзяцца; у дзённіку згадваецца толькі «звярынец — хваёвы гай абгароджаны»[2].

Італьянскі сад паказваецца ў Інвентары за 1720 год. Паводле Інвентара за 1722 год, ён быў «абгароджаны ад варот замка і да фігарні»[4]. Пасля перабудовы «італьянскі сад» (ogrod wloski) мог называцца так толькі па традыцыі. Лічыцца, што ён пачаў выконваць больш эканамічнае, чым дэкаратыўнае значэнне, што пацвярджаецца тым, што ў інвентарах XVIII ст. перасталі сустракацца згадванні пра пладовы сад з усходняга боку ад замка[5].

Дэталёвае апісанне рэнесанснага парку, трансфармаванага ў стылю барока, вядома па інвентары 1746 г. Парк меў выразны геаметрычны малюнак — складаўся з 25 квадратаў, у якіх знаходзіліся адзінкавыя пладовыя дрэвы, выгадоўваліся прышчэпы, гародніна, адзін квадрат служыў гародам для «зелак» (лекавай травы), некаторыя пуставалі ці былі прабаранаваны і падрыхтаваны для гадоўлі раслін. За паркам месцілася: хата садоўніка з аранжарэяй, гаспадарчыя пабудовы, цяпліцы, а за імі — гарод. Ад замка да пабудоў зялёнымі сценамі «кватэр» былі сфармаваны алеі. Па левым боку, уздоўж канала, алея была ўтворана «шпалерамі рознага дрэва». Яе кірунак прасочваецца па адзінкавых, вельмі старых, ліпах і канадскіх таполях, пасаджаным у шэраг у паваенныя гады. У выніку пашырэння канала ўладкованы вадаём. Другую алею ўтваралі «кватэры», у абсаджванні якіх выкарыстоўваліся хмызняковыя расліны: парэчка, агрэст, лаванда. Трэцяя алея была вішнёвай[1]. Інвентар адлюстроўвае пабудову парку, характар яго выкарыстання, у ім няма садовай арнаментыкі, акрамя земляных крамак, пакрытых дзёрнам. Лічыцца, што да 1746 г. парк страціў сваё барочнае прызначэнне[6].

У 1805 «італьянскі» сад займаў 6 моргаў 150 прутоў (каля 4,62 га). Вуліцы-алеі былі аформлены шпалерамі з ліпы, ад якіх да нашага часу захавалася 11 ліп, невялікі фрагмент былой шпалеры ці лінейнай ахоўнай пасадкі па ўсходнім краі былога парку. Дыяметр ствала самай буйнай ліпы складае 115 см. У 1830 памеры «гароду шпалеравага» паменшыліся да 4 моргаў 91 прута. Пракладзенай дарогай на Стоўбцы парк быў адрэзаны ад замка і фактычна асуджаны на павольнае згасанне[1].

Паркавы комплекс у 19 ст правіць

 
Штучны вадаём.

У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (плошчай каля 25 га), у кампазіцыю якога ўвайшлі рэшткі рэгулярнага парку ў заходняй частцы. Ландшафтная кампазіцыя ўсходняй часткі падзяляецца на 3 зоны. У першай, паўднёвай зоне знаходзіцца штучны вадаём, абмежаваны з поўдня хваёвымі прысадамі, а з захаду насыпной дамбай; другая, цэнтральная зона лугавая; у трэцяй, паўночнай зоне сканцэнтраваны асноўныя паркавыя насаджэнні. Лісцевыя пароды дрэў растуць у масівах, хвойныя — асобнымі групамі. У парку шмат экзотаў: лістоўніца (Larix) (сібірская (Larix sibirica), еўрапейская (Larix decidua), Larix × eurolepis), хвоя чорная (Pinus nigra), дугласія шэрая (Pseudotsuga menziesii var. glauca), чаромха віргінская (Prunus virginiana), явар пенсільванскі (Acer pensylvanicum), Malus baccata, дуб звычайны пірамідальны (Quercus robur) і інш. На ўсход ад замку знаходзіцца фальварак, на поўдзень — каскад ставоў з вадзянымі млынамі[1].

Дамінантнае становішча ў кампазіцыі парку заняў вялікі вадаём, які быў сфармаваны на месцы саду, закладзенага былым арандатарам маёнтка Антон Путятам, і захаваў прыкладна ранейшую форму і памеры да цяперашняга часу. Вялікі, паўнаводны вадаём быў акружаны па перыметры нешырокай алеяй з хвойных дрэў. Уздоўж паўднёвага і паўднёва-заходняга берага была закладзена алея з хвоі звычайнай, а ўздоўж паўночнага — з елкі звычайнай[7].

Англійскі парк правіць

Новы этап у развіцці парка пачынаецца у 1930-ыя гады, пасля вяртання князя Міхаіла Святаполк-Мірскага ў Мір. У гэты час закладваецца новы пейзажны парк на месцы поля, паміж фальваркам і замкам. Яго прастора павялічваецца шляхам пераносу ў 1934 годзе дарогі, пракладзенай прыкладна сто гадоў таму на захад. Сам парк ствараўся ў духу пейзажных натуралістычных паркаў таго часу стылю эклектыкі. У аснову кампазіцыі быў пакладзены прынцып чаргавання невялікіх драўняных груп і палян, на якія адкрываліся выгляды шляху прытрымлівання па дзвюх алеях. Адна з алей, злёгку выгінаючыся, праходзіла па паўночнай ускраіне парку. У яго ўсходняй частцы (перад фальваркам) алея замыкалася вялікай палянай. Ад паляны адыходзіла другая алея, якая вяла ўздоўж вадаёма да замка. Ад алеі да нашага часу захаваліся адзінкавыя ліпы[8].

Склад насаджэнняў парку адрозніваўся разнастайнасцю. Яго аснову складалі мясцовыя віды: (клён вастралісты, ліпа драбналістая, вяз гладкі, дуб чарэшчаты. З відаў іншаземнай флоры найбольш часта выкарыстоўваўся ясень пенсільванскі (Fraxinus pennsylvanica). У групах у выглядзе салітэраў раслі хвоя веймутава (Pinus strobus), лістоўніца еўрапейская (Larix decidua), елка канадская (Picea glauca),піхта аднаколерная (Abies concolor), явар (Acer pseudoplatanus), ліпа буйналістая (Tilia platyphyllos). Мелася шмат квяцістых кустоў: розныя сарты бэзу звычайнага (Syringa vulgaris), спірэі (Spiraea), язміну (Jasminum), снежнаягадніка белага (Symphoricarpos albus). Асноўнымі планавальнымі прыёмамі пры фармаванні насаджэнняў парку з'яўляліся букетные пасадкі з ясеня пенсільванскага, кветнікі з ліпы драбналістай (адна з іх захавалася), групы з акцэнтнымі відамі, салітэры на палянах[9].

 
Капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх сярод парку.

Асабістая ўвага была нададзена афармленню царквы-пахавальні, якая служыла своеасаблівай малой архітэктурнай формай парку. Перад ёй з двух бакоў былі высаджаны розныя віды хвойных раслін, а таксама выгадоўвалася шмат руж[10].

Усяго ў паркавых насаджэннях было скарыстана каля 70 відаў садовых форм і гібрыдаў. Да нашага часу захавалася нешмат з раслін: частка іх вымерзла ў суровую зіму 1939-1940 гадоў, частка была высечана ў гады вайны ці былі згублены ў пасляваенны час[11].

У гады другой сусветнай вайны ў глыбіні былога італьянскага саду было расстраляна некалькі тысяч яўрэяў. У пасляваенны час на гэтым месцы быў усталяваны мемарыальны знак[12].

Легенда пра знішчаны квітнеючы сад правіць

У канцы XIX стагоддзя на паўднёвай тэрыторыі замка была выкапана вялікая сажалка, з якой звязаны розныя трагічныя гісторыі. Падчас рэканструкцыі замка і ўладкаванні ландшафту князь Мікалай Святаполк-Мірскі, каб стварыць на гэтым месцы штучны вадаём, загадаў выкапаць возера на месцы квітнеючага саду.

Мясцовыя людзі адмаўляліся выконваць загад, лічачы высечку квітнеючых дрэў вялікім грахом. Тады князь уласнаручна ссек некалькі квітнеючых яблынь[13], пасля чаго яму ў начным бачанні з'явілася незнаёмка і скляла яго род. Па другой версіі да князя прыйшла маці аднаго з лесасекаў, загінулага пры высечцы саду, і скляла гэтыя месцы, сказаўшы, што з гэтага часу кожны год у сажалцы будзе тануць па адным чалавеку за кожнае высечанае дрэва. Прычым, колькі менавіта дрэў ссеклі не вядома, і тонуць у сажалцы толькі мужчыны[14].

Так ці інакш, але аж да нашых часоў ў сажалцы кожны год тануў чалавек… А сам князь Мікалай быў знойдзены на яго беразе мёртвым у 1898 годзе. А па жаданні яго жонкі на паляне паміж палацам і замкам як знак жалобы былі высаджаны хвойныя дрэвы[15].

Зноскі правіць

  1. а б в г д Архітэктура Беларусі. с.348
  2. а б Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.92
  3. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 86
  4. Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.93
  5. Дмитрий Бубновский. История создания… с. 29
  6. Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.95
  7. Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.96
  8. Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.98-99
  9. Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.99
  10. Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.99-100
  11. Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. с.100
  12. А. Аксёнова, В. Кузменя, О. Грищенков. Реставрация и приспособление памятника. с.9-10
  13. Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с. 18
  14. Мирский замок: история создания и современность, А. С. Судакова, с.51
  15. Людмила Массакова. Сокровище мира. с.38

Літаратура правіць

  • Калнін В. В. Мірскі замак. — Мн., 2002.
  • Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002.-200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
  • Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р на. — Ми. Ураджай, 2000.—645 с.; іл. ISBN 985-04-0347-0.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Мастак Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • А. Аксёнова, В. Кузменя, О. Грищенков Реставрация и приспособление памятника архитектуры XVI—XX веков замкового комплекса в г. п. Мир Гродненской области (II очередь. Регулярный парк). Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага культурнага ландшафтаў : навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір, 6 чэрвеня 2010 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Замкавы комплекс «Мір»; навук. рэд. А. А. Ярашэвіч. — Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня імя С. Буднага, 2012. — 96 с. ISBN 978-985-6796-77-0.
  • Ольга Новицкая, Людмила Прокопенко. Княжеская церковь-усыпальница в Мире. (К 100-летнему юбилею). Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага культурнага ландшафтаў : навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір, 6 чэрвеня 2010 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Замкавы комплекс «Мір»; навук. рэд. А. А. Ярашэвіч. — Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня імя С. Буднага, 2012. — 96 с. ISBN 978-985-6796-77-0.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік/Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Ірына Махоўская, Ірына Раманава. Халакост у мястэчку Мір паводле матэрыялаў вуснай гісторыі. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
  • Анатолий Федорук. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
  • Дмитрий Бубновский. «На скрыжаванні ўсіх шляхоў…» История создания мирского замка. Архитектура и строительство. № 2/2012. Март-Апрель 2012.
  • Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. Кореличский район / А. Т. Федорук. — Минск : Беларусь, 2013. — 174 с. : ил.— (Серия «Старинные усадьбы Беларуси»). ISBN 978-985-01-1006-0.
  • Калнін В. В. Мірскі замак = The Mir Castle/В. В. Калнін;пер. На англ. мову А. І. Казека. Мастак К. У. Хацяноўскі. — 2-ое выданне. Мн.:Беларусь, 2005. — 159 с.:іл. ISBN 985-01-0589-5
  • Бутэвіч А. І. Таямніцы Мірскага замка: Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам. Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. — 2011. — 128с. ISBN 978-985-6994-61-9