Зара́ — змена афарбоўкі неба, якая суправаджае ўсход і заход Сонца. З’явы абумоўлены рассеяннем і дыфракцыяй сонечнага святла ў атмасферы, залежаць ад ступені яе празрыстасці.

Зара на возеры
Вячэрняя зара

У вячэрнюю зару пры адсутнасці воблакаў неба перад заходам Сонца над заходнім гарызонтам звычайна становіцца жаўтаватае або аранжавае, а на ўсходзе — з ружовым адценнем. Пасля заходу ў заходняй частцы неба ўтвараецца заравы сегмент, чырвоны каля гарызонта, аранжавы і жоўты вышэй. Калі Сонца апускаецца на 2—3° за гарызонт, вышэй заравога сегмента часта з’яўляецца пляма пурпуровага колеру, а на ўсходнім баку неба ўверх узнімаецца сінявата-шэры сегмент — цень Зямлі на фоне атмасферы. Па меры апускання Сонца за гарызонт цень узнімаецца ўсё вышэй, а сегмент у заходняй частцы неба блекне і знікае ў канцы змроку. Зрэдку пасля гэтага развіваецца другая фаза зары — больш бледны мутна-жоўты, потым шараваты сегмент. Пры ранішняй зары паслядоўнасць змен афарбоўкі неба адваротная.

Колеры зары больш яркія, калі ў атмасферы больш пылу і вільгаці. Насычанасць чырвоным колерам бывае пры значнай забруджанасці паветра ў выніку лясных пажараў, вулканічных вывяржэнняў і інш. Колер зары — адна з мясцовых прыкмет надвор’я.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць