Васіль Іванавіч Захарка
Васіль Іванавіч Захарка (1 красавіка 1877, в. Дабрасельцы, цяпер Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць — 14 сакавіка 1943, Прага) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра Рады БНР. Народны сакратар фінансаў БНР, пазней адказны за фінансы ў Радзе Народных Міністраў. 4-ы Старшыня (Прэзідэнт) Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (у эміграцыі, 1928—1943).
Васіль Іванавіч Захарка | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Пётр Крачэўскі | ||||||
Пераемнік | Мікола Абрамчык | ||||||
Нараджэнне |
1 красавіка 1877 |
||||||
Смерць |
14 сакавіка 1943 (65 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Веравызнанне | праваслаўе | ||||||
Партыя | |||||||
Член у | |||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьРаннія гады
правіцьНарадзіўся ў сялянскай сям’і, з ранніх гадоў працаваў пастушком. У 16 гадоў асірацеў, апекаваўся малодшай сястрой і 2 малодшымі братамі[2]. Атрымаў хатнюю пачатковую адукацыю. Скончыў Лыскаўскую настаўніцкую семінарыю. З 1895 года настаўнік царкоўнапрыходскай школы. Перад прызывам у войска працаваў пісарам.
У 1898 годзе прызваны ў расійскае войска, служыў да 1902 года. У час службы вытрымаў экзамен па праграме юнкерскага вучылішча і расійскай гімназіі. Звольніўшыся ў запас у афіцэрскім чыне, працаваў сакратаром губернскага праўлення, а пазней сакратаром бурмістра горада Пултуска (Мазовія, Польшча). У пачатку расійска-японскай вайны (1904) зноў мабілізаваны. На службе заставаўся да 1917 года і даслужыўся да рангу штабс-капітана, што давала яму права на асабістае дваранства[2].
Беларуская Народная Рэспубліка
правіцьЛютаўскую рэвалюцыю 1917 года заспеў у Барысаве. Адзін з арганізатараў З’езда беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту (18—21 кастрычніка 1917, Менск), быў дэлегаваны ў склад Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. На 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15(28) кастрычніка — 24 кастрычніка (6 лістапада, Менск) абраны сябрам выканаўчага камітэта Вялікай беларускай рады. У снежні абраны сакратаром Цэнтральнай беларускай вайсковай рады[2].
Актыўны ўдзельнік Усебеларускага з’езда ў Менску (снежань 1917), абраны членам Рады з’езда. Па разгоне Цэнтральнай беларускай вайсковай рады 31 студзеня 1918 года арыштаваны бальшавікамі. Разам з Кастусём Езавітавым, у сувязі з наступленнем нямецкіх войскаў на Менск, змог збегчы з гаўптвахты ў ноч з 18 на 19 лютага. Удзельнік падзей у Менску 19—21 лютага 1918 года. 18 сакавіка 1918 года на пленарным пасяджэнні Рада Усебеларускага з’езда была перайменавана ў Раду БНР, Захарка стаў сябрам Рады БНР. 23 сакавіка 1918 года быў упаўнаважаны Народным сакратарыятам атрымаць грошы, асігнаваныя Менскай гарадской думай. Вёў перамовы з нямецкімі ваеннымі ўладамі па справе грошай, канфіскаваных 25 лютага 1918 года. Да 29 сакавіка 1918 года Захарка заняў пасаду скарбніка (казначэя) рэспублікі. Як скарбнік, у часе адсутнасці народнага сакратара фінансаў падпісваў за яго дакументы[2]. 1 мая 1918 года абраны сябрам фінансавай камісіі Рады БНР.
З мая 1918 года кіраўнік друкарні Народнага сакратарыята. У красавіку разам з Макарам Касцевічам быў абраны Менскай думай сябрам міравога суддзі. Сябра камісіі па пераходзе Беларускага тэатра пад загад Народнага сакратарыята і Надзвычайнай бежанскай калегіі. 23 ліпеня 1918 года ўвайшоў у склад кабінета Івана Серады, заняўшы пасаду народнага сакратара фінансаў. 28 жніўня 1918 года быў дэлегаваны ў Кіеў атрымаць рэшту грошай з украінскай дзяржаўнай пазыкі ўраду БНР. У выніку расколу Беларускай сацыялістычнай грамады ўвайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў, сябра яе ЦК. 22 лістапада зацверджаны як міністр без партфеля ва ўрадзе Антона Луцкевіча (Рада Народных Міністраў БНР), выконваў абавязкі кіраўніка фінансамі[3][4], пазней стаў намеснікам старшыні[5].
У снежні 1918 года праз наступ бальшавікоў на Менск разам з урадам БНР пераязджае ў Вільню. Прыехаў у Гродна ў сярэдзіне снежня 1918 года. 15—16 снежня 1918 года ў якасці ганаровага госця прысутнічаў на Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе. Выконваў абавязкі кіраўніка канцылярыі Міністэрства беларускіх спраў Літвы. Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) і клуба «Беларуская хатка». У снежні 1918 года ўдзельнічаў у перамовах БНК з Гродзенскай управай. 30 снежня 1918 года разам з Пятром Крэчэўскім сустракаўся з камандаваннем нямецкай 10 арміі па пытанні аб перадачы зброі беларускай міліцыі. Будучы ў Гродне падаў разам з Антонам Луцкевічам некалькі нот пратэсту ад імя ўраду БНР супраць захопу беларускіх зямель Польшчай.
29 студзеня 1919 года выехаў ва Украіну, куды паехаў да Аркадзя Смоліча ў справе атрымання крэдыту ад ураду УНР[2]. Разам з Смолічам і Аляксандрам Цвікевічам выехаў у Германію, у сакавіку быў у Берліне. Зноў прыехаў у Гродна 17 сакавіка 1919 года з Берліна разам з Ю.Камарынцам. У гэты ж дзень удзельнічаў у святочнай вячэры ў беларускім клубе. Прысутнічаў на пасяджаннях ураду БНР у Гродне 18 і 21 сакавіка. Выступіў 25 сакавіка 1919 года на развітальнай вячэры, прысвечанай ад’езду Язэпа Варонкі з Гродна. Як прадстаўнік ураду БНР удзельнічаў у адкрыцці І-га беларускага настаўніцкага з’езда Гродзеншчыны 26 сакавіка. 5 красавіка Васіль Захарка ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву Кастуся Цвіркі-Гадыцкага аб далучэнні Беларусі да Польшчы. 7 красавіка Захарка звярнуўся да нямецкага крэйзгаўптмана Гродна з заявай лічыць справу арыштаванага напярэдадні ў горадзе Цвіркі-Гадыцкага беларускай «унутранай дзяржаўнай справай». Выехаў з Гродна ў Берлін у пачатку красавіка 1919 года. 22 траўня 1919 года звярнуўся да ўраду БНР з просьбай «звольніць яго ад абавязкаў кіравання грашовымі справамі з прычыны нездароўя», 25 траўня быў вызвалены ад загадвання міністэрствам фінансаў, але з таго часу, калі гэту пасаду прыме новая асоба[2], у той жа дзень атрымаў прызначэнне на пасаду часовага намесніка старшыні Рады міністраў БНР. У чэрвені 1919 года — у Коўне. З канца таго ж месяца быў зноў у Берліне, дзе фактычна выконваў абавязкі кіраўніка беларускага ўраду праз паездку Антона Луцкевіча на Парыжскую мірную канферэнцыю[2]. У канцы лета 1919 года ў Берлін прыехаў Язэп Варонка, на той час Міністр беларускіх спраў Літвы, у час прыезду Захарка азнаёміў яго з таемнай дыпламатычнай перапіскай БНР. 3 кастрычніка Антон Луцкевіч звольніў Захарку з пасады часовага намесніка старшыні ўраду. Захарка заставаўся загадчыкам фінансаў (скарбнікам) БНР і в. а. міністра фінансаў.
1 снежня 1919 года Васіль Захарка з Пятром Крачэўскім і Яфімам Бялевічам прыехалі ў Менск, на той час заняты палякамі. Захарка браў удзел у пасяджэннях Рады Міністраў БНР. 13 снежня 1919 года адбыўся раскол Рады БНР у пытанні стаўлення да палякаў, утварылася Найвышэйшая рада БНР (пацвердзіла паўнамоцтвы Антона Луцкевіча. Васіль Захарка разам з Палутай Бадуновай быў абраны намеснікам старшыні Народнай рады БНР (неафіцыйная назва, працягвала называцца проста Рада БНР) на чале з Пятром Крачэўскім. На пасяджэнні ўраду Антона Луцкевіча 15 лістапада 1919 года быў адхілены ад пасады міністра, сам Захарка заявіў што не лічыць урад Луцкевіча правамоцным і што «грошы, кнігі і рахунковасць, якія знаходзяцца ў яго руках, ён кабінету Луцкевіча не выдасць». Аркадзю Смолічу было даручана распачаць супраць яго судовы працэс.
Эміграцыя
правіцьУ канцы 1919 года ў Менску хаваўся ад арышту польскімі ўладамі. На пачатак 1920 года — зноў у Берліне, у лютым 1920 года — у Празе. У канцы траўня 1920 года ў Рызе браў удзел у працы арганізацыйнага бюро дзеля склікання Дзяржаўнай нарады ў Рызе і ў нарадах 30—31 траўня Прэзідыума Рады і Рады Народных Міністраў БНР Вацлава Ластоўскага.
З 24 чэрвеня па 12 верасня 1920 года быў у Маскве як старшыня Надзвычайнай дыпламатычнай місіі БНР[6]. У канцы 1920 — пачатку 1921 гадоў — у Рызе, з 1921 года з урадам БНР — у Коўне. Намеснік старшыні 1-й Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 года. Калі на Генуэзскай канфэрэнцыі ў траўні 1922 года Ластоўскі і Цвікевіч прызналі права Літвы на Вільню, Захарка, як і Крачэўскі, выказаўся за адстаўку Ластоўскага з пасады прэм’ера. Як адзначае гісторык Анатоль Сідарэвіч, да лета 1923 года Крачэўскі і Захарка ўдвох па сутнасці ўзялі на сябе паўнамоцтвы Прэзідыума Рады БНР[2].
З 23 жніўня 1923 года — міністр фінансаў ва ўрадзе Аляксандра Цвікевіча. 1 лістапада 1923 года выехаў у Прагу (Чэхаславакія), пасля таго як у верасні пастанавіў перанесці туды дзяржаўна-нацыянальны цэнтр. 12 — 16 кастрычніка 1925 года ў Берліне прайшла 2-я Усебеларуская канферэнцыя, на якой Захарка падпісаў пастанову Урада БНР, які абвяшчаў сябе «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць»[2]. Другую пастанову, «спыніць існаванне Ўраду БНР і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі» Захарка не падпісаў. Застаўся ў Празе разам з Пятром Крачэўскім, захоўваў традыцыі БНР.
12 снежня 1925 года абраны старшынём таварыства «Беларуская рада» ў Празе. Намеснік старшыні Рады БНР. Па смерці Пятра Крачэўскага, з 8 сакавіка 1928 і да 6 сакавіка 1943 года старышня (прэзідэнт) Рады БНР.
Збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Ларысу Геніюш. Супрацоўнічаў з расійскай і ўкраінскай эміграцыяй. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і петыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926)[7], «Беларусь — роль і значэнне на ўсходзе Еўропы» (не апублікавана)[8]. Перад сваёй смерцю, 6 сакавіка 1943 года, сваім тастаментам перадаў часовыя паўнамоцтвы старшыні Рады БНР Міколу Абрамчыку, архіў перадаў Абрамчыку і Ларысе Геніюш.
Памёр ад працяглай хваробы на туберкулёз. Пахаваны ў Празе на Ольшанскіх могілках.
Сям’я
правіцьБыў жанаты з Пелагеяй (Палінай) Іванаўнай Захарка (1890—1937).
Творы
правіць- Memorandum des Finanzministers der Weißruthenischen Volksrepublik. — Berlin, 1919. — 20 с.
- Краткий исторический очерк Белоруссии. — [б.д.]. — 5 с. [9]
- Памятная записка: Великое княжество Белорусско-Литовское. — Прага, 8 снежаня 1932. — 5 с. [10]
- Галоўныя мамэнты Беларускага Руху. — [Прага, 1926]. — 91 с.[11]
- Памяти П. Е. Кречевского // Белорусская трибуна [Чикаго]. — 1928. — № 2. — 20 октября. — С.
- Дзве культуры і дзве экспансіі // Іскры Скарыны. — 1934. — № 4. — С.
- На шляху беларускіх старадаўнасцяў // Іскры Скарыны. — 1935. — № 5. — С. 65—68.
- Прамова Васіля Захаркі, праізнесеная на Акадэміі, у памяць 10 угодкаў сьмерці Петры Антонавіча Крэчэускага. — 14 с.[12]
Крыніцы
правіць- ↑ BillionGraves — 2011.
- ↑ а б в г д е ё ж з Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Васіль Захарка . Радыё Свабода (22 кастрычніка 2017). Праверана 21 верасня 2023.
- ↑ Архівы БНР 1998, с. 302.
- ↑ Архівы БНР 1998, с. 303.
- ↑ Міхалюк Д. 2015, с. 290.
- ↑ Дыпляматычная місія БНР у Маскву ўлетку 1920 г. – Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (24 чэрвеня 2017). Праверана 22 верасня 2023.
- ↑ Часткова апублікавана ў кнізе: Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York, 1988., цалкам ў Запісах БІНІМ, № 24 (1999). С. 1-37.
- ↑ ЭГБ 1996, с. 417.
- ↑ Аўтарызаваны машынапіс, захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Ф. Р5910, воп. 1, спр. 447, арк. 1—5; дублікат без подпісу: там жа, Ф. Р5875, воп. 1, спр. 19, арк. 91—95.
- ↑ Аўтарызаваны машынапіс, захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Ф. Р5875, воп. 1, спр. 19, арк. 7—10 аб.
- ↑ Манускрыпт. Захоўваецца ў Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія).
- ↑ Два машынапісы, захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Ф. Р5875, воп. 1, спр. 17, арк. 20—34; там жа, арк. 43—57 (дублікат з аўтарскай праўкай).
Літаратура
правіцьВасіль Іванавіч Захарка ў Вікікрыніцах | |
Васіль Іванавіч Захарка на Вікісховішчы |
- Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том 1. Кніга 1 / Сяргей Шупа. — Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства. Наша Ніва, 1998. — ISBN 9986-9219-2-9.
- Геніюш, Л. Споведзь. — Мн., 1993.
- Глагоўская, Г. Васіль Захарка — другі Прэзідэнт БНР // Спадчына. — 1994. — № 1. — С.
- Лена Глагоўская. Захарка Васіль Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 416—417. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Захарка Васіль. Галоўныя момэнты беларускага руху (урывак) // на pawet.net
- Езавітаў, К. Васіль Захарка — змагар за беларускую дзяржаўнасьць.. Успаміны // Раніца. — 1943. — № 38 (150). — С.
- Маракоў, Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік: У 10 т. Т. 1. — Мн., 2003. — ISBN 985-6374-04-9
- Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.