Заходне-Сібірская раўніна
Заходне-Сібірская раўніна (нізіна) — раўніна, размешчана ў Азіі, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, адна з самых вялікіх нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары.
Заходне-Сібірская раўніна | |
---|---|
руск.: Западно-Сибирская равнина | |
Каардынаты: 62° пн. ш. 76° у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Расія, Казахстан |
Працягласць з поўначы на поўдзень | 1900 км |
Працягласць з захаду на ўсход | 2000 км |
Плошча | 2,7 млн км² |
Рэкі | Об, Іртыш, Енісей |
Знаходзіцца паміж Карскім морам на поўначы, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на поўдні, Уральскімі гарамі на захадзе і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на ўсходзе. Працягнулася з поўначы на поўдзень на 2500 км, з захаду на ўсход ад 1000 км (на поўначы) да 1900 км (на поўдні). Плошча каля 3 млн км².
Раўніна прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на поўначы), алювіяльныя і азёрныя (на поўдні) пароды. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жалезная руда, торф, будаўнічыя матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на поўначы (выш. 50—150 м), уздоўж заходніх, паўднёвых і ўсходніх ускраін невялікія (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на поўначы) або пясчанымі грывамі (на поўдні). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэп. У сярэдняй частцы раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (вышыня да 285 м).
Клімат кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −28 °C на поўначы да −16 °C на поўдні, ліпеня ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах, да 600 мм у лясной.
На тэрыторыі раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўжыня 250 тыс. км). Галоўныя рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т.л. салёных і горка-салёных (на поўдні).
У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўночная частка занята тундрай (глеевыя і глеявата-падзолістыя глебы) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (падзоліста-глеевыя глебы), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая частка раўніны належыць да лясной зоны (падзолістыя глебы), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сібірская лістоўніца). На поўдні лесастэп (чарназёмныя глебы) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (чарназёмныя і каштанавыя глебы), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэрыторыі лясной зоны забалочана), якія на поўдні змяняюцца саланцамі і саланчакамі.
Жывёльны свет разнастайны: паўночны алень, пясец, лемінгі, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сібірская казуля.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).