Захоп закладнікаў у Луцку
Захоп закладнікаў у Луцку — тэрарыстычны акт у Луцку, які адбыўся 21 ліпеня 2020 года. На Тэатральнай плошчы асоба, устаноўленая як Максім Крываш, захапіла аўтобус БАЗ-А079 з 13 пасажырамі і забарыкадавалася ў ім[1]. Падзеі скончыліся вызваленнем закладнікаў і арыштам Крываша.
Захоп закладнікаў у Луцку | |
---|---|
Месца нападу |
Луцк, Валынская вобласць, Украіна |
Дата |
21 ліпеня 2020 |
Спосаб нападу | захоп аўтобуса з пасажырамі, выбухі |
Зброя | Аўтамат Калашнікава, самаробнае выбуховае прыстасаванне |
Загінулыя | 0 |
Параненыя | 0 |
Тэрарысты | Максім Крываш |
Закладнікі | 13 |
Асоба тэрарыста
правіцьТэрарыстам з’яўляўся 44-гадовы Максім Сцяпанавіч Крываш (укр.: Максим Степанович Кривош). Нарадзіўся 6 лістапада 1975 года ў горадзе Гай Арэнбургскай вобласці[2]. Бацька, Сцяпан Максімавіч Крываш, дацэнт палітэха, аўтар патэнта на выраб калектара электрычнай машыны. Маці загінула ў 2013 годзе ў аўтакатастрофе. Акрамя таго, у Максіма ёсць брат Багдан. У 2005 годзе ў мужчыны нарадзіўся сын[3].
Максім Крываш быў неаднаразова судзімы[4]. Знаходзіўся на псіхіятрычным лячэнні[5]. Аднак кіраўнік МУС Арсен Авакаў абверг інфармацыю пра тое, што Крываш лячыўся ў псіхіятрычным шпіталі[6].
У 2014 годзе апублікаваў у выдавецтве «ВолиньПолиграф» кнігу «Філасофія Злачынца» (руск.: Философия Преступника), дзе апісаў сваё знаходжанне ў зняволенні[7]. Наклад кнігі склаў 400 асобнікаў[8].
Як валанцёр займаўся дапамогай жывёлам у Дубне.
Ход падзей
правіцьПерад захопам аўтобуса Максім Крываш апублікаваў паведамленне ў Твітэры, дзе заявіў, што дзяржава — гэта першы тэрарыст і запатрабаваў ад першых асоб дзяржавы запісаць відэа-заяву аб тым, што менавіта яны — тэрарысты ў законе[9]. Акрамя таго, ён запатрабаваў ад Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскі заклікаць паглядзець фільм «Зямляне» 2005 года, які апавядае аб праблеме эксплуатацыі жывёл людзьмі[10].
Крываш захапіў аўтобус, які рухаўся з Красныліўкі ў Бэрэстэчка праз Луцк. Заходзячы ў аўтобус, ён меў пры сабе заплечнік і дарожную сумку[11]. Захоплены аўтобус спыніўся на Тэатральнай плошчы ля помніка Лесі Украінкі. Паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў Антона Герашчанкі, тэрарыст захапіў закладнікаў, патэлефанаваў у паліцыю ў 09:25 раніцы 21 ліпеня 2020 года, прадставіўся Максімам Плахім[12]. З-за захопу аўтобуса цэнтр горада быў перакрыты праваахоўнымі органамі[13]. Паліцыя пачала аперацыю «Закладнік», а Служба бяспекі Украіны ўвяла план «Бумеранг»[14]. Следчыя Валынскай паліцыі папярэдне кваліфікавалі захоп аўтобуса па артыкуле 147 КК Украіны (захоп закладнікаў). Па даных паліцыі ў аўтобусе знаходзілася каля 20 чалавек[10].
Для каардынацыі дзеянняў МУС у Луцк выехаў міністр МУС Арсен Авакаў[11].
Галоўны рэдактар выдання «Цэнзар» Юрый Бутусаў паведаміў, што тэрарыст патэлефанаваў яму і запатрабаваў, каб да аўтобуса прыбылі журналісты[15].
Паводле папярэдняй інфармацыі, Крываш зрабіў некалькі стрэлаў па паліцыянтах і кінуў у іх гранату, якая, аднак, не выбухнула[16]. Некалькі пазней у раёне знаходжання захопленага аўтобуса прагрымелі тры выбухі[17]. Неўзабаве абстрэлу падвергся офіс паліцыі, у МУС не выключылі, што агонь мог весці супольнік тэрарыста[18].
Да 19:00 тэрарыст дазволіў перадаць закладнікам ваду. Ваду да аўтобуса аднёс першы намеснік кіраўніка Нацпаліцыі Яўген Коваль[19].
Да 21:00 прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перагаварыў з тэрарыстам па тэлефоне, пасля чаго той вызваліў траіх закладнікаў[20]. Зяленскі таксама выканаў патрабаванне тэрарыста, запісаўшы ролік з тэкстам: «Фільм «Зямляне» 2005 года, глядзець усім»[21]. Пазней гэта відэа было выдаленае[22].
А 21:46 усе закладнікі былі вызваленыя ў ходзе штурму, а сам Крываш, які захапіў аўтобус, затрыманы[23][24]. Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакоў паведаміў, што ў Харкаве быў затрыманы супольнік тэрарыста[25].
Расследаванне
правіцьПасля арышту тэрарыста былі прад’яўленыя абвінчаванні па чатырох артыкулах крымінальнага кодэксу: захоп закладнікаў, незаконы зварот са зброяй, замах на жыццё работніка праваахоўных органаў, тэрарыстычны акт[26].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ У Луцьку терорист захопив автобус із заручниками: всі подробиці (укр.). www.unian.net (21 ліпеня 2020). Праверана 21 ліпеня 2020.
- ↑ Тюрма і духовна семінарія: що відомо про луцького терориста (оновлено)
- ↑ Бандитизм, взрывчатка, философия. Что известно про луцкого террориста Кривоша, захватившего маршрутку с людьми Архівавана 21 ліпеня 2020.
- ↑ Кілька термінів у в’язниці та лікування у психлікарні: відоме ім’я чоловіка, який захопив заручників у Луцьку. Оновлено
- ↑ Полиция: луцкий террорист был на учёте у психиатра
- ↑ Аваков опроверг информацию о том, что луцкий террорист лечился в психбольнице
- ↑ В типографии рассказали, почему опубликовали книгу мужчины, который захватил автобус в Луцке
- ↑ «Философия преступника»: о чём книга Максима Плохого, захватившего заложников в Луцке
- ↑ Луцкий террорист записал видео перед захватом
- ↑ а б В заложниках в Луцке около 20 человек — полиция
- ↑ а б Аваков вылетел в Луцк. В МВД назвали имя террориста
- ↑ В МВД рассказали о захватчике автобуса в Луцке
- ↑ Центр Луцька перекритий і для людей, і для машин (фото)
- ↑ Зараз головне — зберегти життя людей, — Денис Шмигаль про ситуацію в Луцьку
- ↑ «Луцкий террорист» позвонил Бутусову — требует прибытия СМИ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2020. Праверана 21 ліпеня 2020.
- ↑ Захватчик заложников в Луцке открыл огонь по полиции и выбросил из автобуса гранату (руск.). www.kommersant.ru (21 ліпеня 2020). Праверана 21 ліпеня 2020.
- ↑ На месте захвата заложников в украинском Луцке прозвучали взрывы . govoritmoskva.ru. Праверана 21 ліпеня 2020.
- ↑ В Луцке стреляли в помещение, в котором Аваков проводит совещание (руск.). nv.ua. Праверана 21 ліпеня 2020.
- ↑ В центре Луцка вооруженный мужчина захватил автобус с заложниками. Текстовый онлайн
- ↑ Зеленский поговорил с «Плохим», который держит заложников
- ↑ Президент выполнил требование террориста
- ↑ Зеленский записал странное видео по требованию мужчины, захватившего заложников в Луцке . varlamov.ru. Праверана 21 ліпеня 2020.
- ↑ Террорист, захвативший автобус в Луцке, задержан . ТАСС. Праверана 21 ліпеня 2020.
- ↑ Захватчик автобуса в Луцке задержан
- ↑ У луцького терориста були спільники в інших містах України
- ↑ Луцького терориста звинувачують за чотирма статтями