«За што?» — паэма Янкі Купалы, завершаная ў апошні дзень 1908 года ў Вільні і ўпершыню апублікаваная ў газеце «Наша Ніва» 15 студзеня 1909 года.[1]

«За што?»
Жанр паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 1908
Дата першай публікацыі 15 студзеня 1909
Апублікаваны ў «Наша Ніва»
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Апісанне правіць

«Гаварыце, думкі
Пакуль сонца ходзе,
Аб маёй старонцы,
Аб маім народзе».

Я. Купала

З паэмы «За што?»

У аснове паэмы, якая можа быць аднесена да жанру сацыяльна—бытавой, — рэальны жыццёвы выпадак: у свой час князі Радзівілы прагналі з зямлі і выкінулі з хаты продкаў Янкі Купалы. Дарэчы, на аналагічным адпраўным пункце пабудаваны і сюжэт драмы «Раскіданае гняздо». Аўтар па-мастацку сцісла і дакладна распавядае гісторыю трагічна зламанага лёсу галоўнага героя паэмы Юркі Дзягеля, які страціў усё, што меў, на што аддаў усе свае сілы. Пытанне, вынесенае ў назву паэмы, прыкоўвае ўвагу, але аўтар не дае на яго наўпроставага адказу. Сутнасць праблемы — зямля павінна належаць яе сапраўднаму гаспадару, чалавеку працы — выяўляецца самой логікай выкладзеных у творы падзей.[1]

Кампазіцыйна паэма складаецца з 5 часткаў. Першая — своеасаблівы аўтарскі маналог аб лёсе песняра з народа, яго прызванні і абавязку. Купала выкладае сваю эстэтычную праграму, жыццёвае, грамадзянскае і паэтычнае крэда. З другой часткі паэмы пачынаецца больш напружанае развіццё фабульнай асновы твору. Сюжэту паэмы ўласцівая трагічная афарбоўка, якая яскрава ўзмацняецца ў фінале. Элегічная канцоўка з асаблівай сілай падкрэслівае экспрэсіўнасць аўтарскіх думак-разважанняў аб лёсе роднай старонкі. Паэма напісаная ў адзіным рытмічным ключы: яе вершаваны памер — трохстопны харэй з моцнай стыхіяй пірыхіяў, якія ўзмацняюць натуральнае гучанне радкоў. Рыфма паэмы — перакрыжаваная.[1]

Зноскі

  1. а б в Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «За што?». — C. 235—236.

Літаратура правіць

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «За што?» / Аўтары — М. М. Арочка і В. У. Ярац. — C. 235—236.

Спасылкі правіць