Збігнеў Бжазінскі
Збігнеў Казімеж Бжазінскі (польск.: Zbigniew Kazimierz Brzeziński; 28 сакавіка 1928, Варшава — 26 мая 2017, Фолс-Чэрч, Вірджынія, ЗША) — амерыканскі палітолаг, сацыёлаг і дзяржаўны дзеяч польскга паходжання. Дарадчык па нацыянальнай бяспецы 39-га прэзідэнта ЗША Джымі Картэра (1977—1981).
Біяграфія Правіць
Нарадзіўся ў Польшчы ў сям’і польскага дыпламата, усё свядомае жыццё правёў у Амерыцы. Пісаў пераважна на англійскай мове. Навучанне пачаў у Канадзе, дзе вывучаў эканоміку і паліталогію ўва ўніверсітэце Mc Gill. У 1950 годзе тамсама атрымаў дыплом з адзнакай («first class honors in economics and political science»). У 1953 годзе Бжазінскі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт, атрымаў ступень доктара філасофіі і быў пакінуты пры вучылішчы. У свае 25 гадоў Бжазінскі стаецца адным з наймалодшых выкладчыкаў Гарвардскага ўніверсітэта. У 1958 годзе атрымлівае амерыканскае грамадзянства.
Свае навуковыя зацікаўленні ён рэалізуе спярша ў Цэнтры даследаванняў Расіі (Russian Research Center), a пасля, ужо ў якасці выкладчыка, у Цэнтры міжнародных адносін (Center for International Affairs). У 1960 годзе прызначаецца прафесарам публічнага права і кіравання (public law and government) Калумбійскага ўніверсітэта. Адначасна стаецца дырэктарам Навуковага інстытута міжнародных змен (Institute of International Change).
У перыяд з 1977 і да 1981 году займаў пасаду дарадчыка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы (дзякуючы якой у 1980—1981 гадох рабіў усё магчымае, каб пазбегчы савецкай інтэрвенцыі ў Польшчу). Прэзідэнт Джымі Картэр напіша пасля ў сваіх успамінах, што яго захаплялі праніклівыя аналізы дарадчыка, глыбокія гістарычныя веды, шырокія гарызонты і канцэпцыі апошняга, якія здзіўлялі сваёй дальнабачнасцю і арыгінальнасцю.
Акрамя гэтага, Бжазінскі быў членам Савета нацыянальнай бяспекі (камітэта Міністэрства абароны па комплескнай доўгатэрміновай стратэгіі) і членам Прэзідэнцкага Савета па замежнай разведцы. У 1981 годзе за заслугі ў справе нармалізацыі амерыканска-кітайскіх дачыненняў і за ўнёсак у развіццё палітыкі па правах чалавека і па нацыянальнай бяспецы ЗША ён уганараваны прэзідэнцкім медалём свабоды.
Пасля працаваў дарадчыкам у вашынгтонскім Цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў (Center for Strategic and International Studies), а таксама выкладчыкам амерыканскай знешняй палітыкі ў Школе паглыбленых міжнародных даследаванняў імя Пола Нітцэ пры ўніверсітэце Джонса Хопкінса. Амерыканская паліталогія ў адзін голас разам з Кісінджэрам і Шлезінгерам залічае Збігнева Бжазінскага ў разрад найбольш буйных амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў.
Доктар honoris causa Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта, Каталіцкага Люблінскага ўніверсітэта, а таксама Браціслаўскага ўніверсітэта. У 2000 годзе ён даў згоду на сваё прызначэнне старшынём камітэта «ЗША—Славакія».
Пасля анексыі Крыма і падтрымкі Расіяй сепаратыстаў на Данбасе, Бжазінскі заявіў:
У апошнія некалькі гадоў Расія перастала арыентавацца на дэмакратычныя каштоўнасці, а ў грамадстве ўзяў верх шавінізм, на якім грае прэзідэнт Пуцін. Выкарыстоўваючы для сваіх мэт рускі нацыяналізм, прэзідэнт Пуцін адкрыў «скрыню Пандоры», паколькі ў Расіі жыве вялікая колькасць насельніцтва, якое прадстаўляе нерускую меншасць, і яно патэнцыйна таксама можа заявіць пра свае правы. Нацыяналізм, які сарваўся з ланцуга, можа быць разбуральным для Расіі
|
Бібліяграфія Правіць
Кнігі Правіць
- 1970 — Between Two Ages : America’s Role in the Technetronic Era. — Viking Press, 1970. — ISBN 978-0-313-23498-9
- 1983 — Power and Principle: Memoirs of the National Security Adviser, 1977—1981. — Farrar, Straus, Giroux, 1983. — ISBN 978-0-374-23663-2.
- 1997 — «The Grand Chessboard: American Primacy and Its Geostrategic Imperatives»
- 2007 — Second chance. — Basic books, 2007.
Пераклады па-беларуску Правіць
- Бязладдзе. Геапалітычная пустка // ARCHE Пачатак, 1998, пер. Сяргей Петрыкевіч
- Агонія камунізму // Быць (або не быць) сярэднееўрапейцам. Сучаснае польскае мысленне, 2000
- Жыццё з новай Ёўропай // ARCHE Скарына, 2001-1, с.27-45, пер. Сяргей Сматрычэнка
- Глабальнае дамінаванне ці сусветнае лідарства? Заключэнне // ARCHE Скарына, 2005-1, пер. Аляксей Ігнатовіч
Зноскі
Літаратура Правіць
- Бжазінскі Збігнеў(недаступная спасылка), Arche.by