Збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета Беларусі

Збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета Беларусі адбылося ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г., калі нявызначаныя супрацоўнікі сілавых структур пабілі і вывелі з Вярхоўнага Савета 19 дэпутатаў ад фракцыі БНФ «Адраджэньне», якія галадавалі ў знак нязгоды з рэферэндумам, ініцыяваным Прэзідэнта РБ Аляксандрам Лукашэнкам.

Збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь
Частка Палітычнага крызісу ў Беларусі (1995—1996)[ru]
The hunger strike of deputies to the Supreme Council building, Belarus, 1995.jpg
Галадуючыя апазіцыйныя дэпутаты Барыс Гюнтар, Сяргей Навумчык, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Аляксандр Шут, Пётр Садоўскі, Валянцін Голубеў, Віталь Малашка, Юрась Беленькі каля трыбуны Вярхоўнага Савета (11 красавіка 1995 г.)
Дата 12 красавіка 1995
Месца Дом урада (Мінск, Беларусь)
Прычыны Галадоўка дэпутатаў ад фракцыі БНФ «Адраджэньне» супраць рэферэндуму, які Вярхоўны Савет не падтрымаў
Мэты прымус дэпутатаў Вярхоўнага Савета прагаласаваць за рэферэндум
Характарыстыка збіццё
Вынік 13 красавіка 1995 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прызначыў рэферэндум на 14 мая 1995 г.
Бакі канфлікту
Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дэпутаты ад БНФ «Адраджэньне»
Ключавыя фігуры
Аляксандр Лукашэнка Зянон Пазняк
Лік удзельнікаў
да 600 супрацоўнікаў розных сілавых структур (КДБ, МУС і інш.) 19 дэпутатаў
Страты
Паранена19 дэпутатаў ВС РБ

ПерадумовыПравіць

Асноўны артыкул: Палітычны крызіс у Беларусі (1995—1996)[ru]

У пачатку 1995 г. Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка абвясціў, што згодна з Канстытуцыяй краіны, ён збіраецца правесці рэферэндум па змене дзяржаўнай сімволікі, наданню дзяржаўнага статусу рускай мове, і дэнансацыі Белавежскіх пагадненняў[1]. Неўзабаве была арганізавана і падтрымка ініцыятывы ад дэпутатаў. На той час па закону прэзідэнт краіны не мог прызначаць рэферэндумы, а толькі ініцыяваць іх для разгляду Вярхоўным Саветам.

18 сакавіка 1995 г. ў газеце «Звязда» з’явіліся звароты, падпісаныя 74 дэпутатамі Вярхоўнага Савета да А. Лукашэнкі. Адзін быў прысвечаны змене дзяржаўных сімвалаў, другі — наданню рускай мове статусу другой дзяржаўнай. Дэпутаты адзначалі, што «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг, якімі карысталіся «гітлераўскія прыслужнікі», набываюць асаблівую значнасць, напярэдадні 50-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і негатыўна ўспрымаюцца ў народзе. «З улікам таго, што Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай, не да твару ёй пераймаць герб і сцяг, няхай і дружалюбнай, але іншай суверэннай дзяржавы — Літвы, якія былі зацверджаны парламентам намнога раней за нашу рэспубліку»[2]. У другім лісце адзначалася, што Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь парушае Канстытуцыю і іншыя міжнародныя акты, а таксама абмяжоўвае правы грамадзян.

7 красавіка 1995 г. ў абарону мовы і сімвалаў да Вярхоўнага Савета звярнуўся Саюз пісьменнікаў Беларусі[2].

23 і 24 сакавіка ў Вярхоўным Савеце праходзіла абмеркаванне пытанняў, унесеных А. Лукашэнка на рэферэндум. Дэпутаты ад апазіцыі засяродзіліся на супярэчнасці лукашэнкаўскай ініцыятывы Канстытуцыі і законам і патэнцыйнай пагрозе расколу беларускага грамадства. Згодна артыкулу 3 Закона аб рэферэндуме Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што «на рэспубліканскі рэферэндум не выносяцца пытанні, якія парушаюць неад’емныя правы народу… на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы, пытанні, якія могуць выклікаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці». Пытанне аб статусе мовы якраз і трапляла пад гэту катэгорыю і, такім чынам, вынясенне яго на рэферэндум было неканстытуцыйным[2].

А. Лукашэнка ў сваім выступленні заявіў, што ўсе гэтыя пытанні (акрамя права прэзідэнта распускаць парламент), прысутнічалі ў яго перадвыбарчай праграме (што было не зусім так). Асаблівую ўвагу ён надаў тэме мовы і сімволікі.

Галасаванне ў Вярхоўным СавецеПравіць

10 красавіка абмеркаванне пытання аб рэферэндуму працягвалася. Тэксты прапанаваных пытанняў змяняліся некалькі разоў. Дэпутат С. Навумчык згадвае, што на той час, дэпутаты, былая партыйная намеклатура і камуністы, маглі прагаласаваць па пытанні мовы і сімвалаў[2]. Каб прадухіліць неспадзяванкі, 10 красавіка дэпутаты ад апазіцыі дамовіліся пайсці на крайнія меры.

11 красавіка 1995 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь на пасяджэнні, у Авальнай зале Дома ўрада (які належаў Адміністрацыі прэзідэнта), пачаў абмеркаванне з выступаў дэпутатаў Крыжаноўскага, Беленькага і Пазняка. Яны заявілі аб незаконнасці правядзення такога рэферэндума і парушэнні заканадаўчых актаў з Канстытуцыяй. Пасля гэтага дэпутаты-апазіцыянеры абвясцілі галадоўку, выйшлі са сваіх месцаў на сярэдзіну Авальнай залы і селі перад Прэзідыумам каля трыбуны[2].

Старшыня ВС Мечаслаў Грыб заявіў, што парламент павінен па закону разгледзець прапанову прэзідэнта і прагаласаваць. Пасля гэтага перад дэпутатамі выступіў Генадзь Майсееў, які абурыўся, што напярэдадні па БТ была паказана агітацыя за новыя прапановы А. Лукашэнкі, але не далі слова ніводнаму дэпутату. У гэты час у зале з’явіўся А. Лукашэнка, які заявіў, што не адмовіцца ад сваіх прапаноў, а дэпутаты павінны іх разгледзець[2].

У выніку галасавання па пытаннях[2]:

  • «Ці згодны вы з наданнем рускай мове роўнага статуса з беларускай? Так ці не» — прагаласавалі 124 дэпутаты (з агульнай колькасці 238 дэпутатаў) пры патрэбных для прыняцця станоўчага рашэнне 152 галасоў.
  • «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленні новага Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Так ці не?» — падтрымала 150 дэпутатаў.
  • «Ці згодны вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэнння Канстытуцыі? Так ці не?» — прагаласавала толькі 86 дэпутатаў.
  • «Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? Так ці не?» набрала патрэбную для зацвярджэння колькасць галасоў — 180.

Пасля адхілення парламенцкімі камісіямі прэзідэнцкай прапановы аб ініцыяванні рэферэндума А. Лукашэнка заявіў, што парламент павінен быў галасаваць адразу за ўсе 4 пытанні. Акрамя таго, ён мог бы пагадзіцца на кансультацыйны характар пытанняў аб роспуску парламента і інтэграцыі з Расіяй, аднак настойвае на абавязковым характары пытанняў пра сімвалах і мове[2]. Таму ён правядзе рэферэндум без яго санкцыі.

Падзеі ў ночы з 11 на 12 красавікаПравіць

Яшчэ ўвечары Галіна Сямдзянава атрымала інфармацыю, што супраць удзельнікаў галадоўкі можа быць ужытая сіла. З. Пазняк звярнуўся да М. Грыба з просьбай забяспечыць іх ахову, той сказаў, што нібыта кіраўніцтва КДБ паабяцала даслаць сваіх людзей[2].

Пасля 18-й гадзіны прэзідэнцкая ахова запатрабавала ад журналістаў пакінуць зал. Застацца ўдалося толькі карэспандэнтцы радыё «Свабода» Алене Радкевіч[2]. А 22:10 па БТ у праграме навін выйшаў рэпартаж пра галадаючых дэпутатаў дзе прагучалі словы: «Прэзідэнт імкнуўся вырашыць праблему мірнымі шляхамі, але вычарпаў усе магчымасці».

А 23:00 гадзіне ў Авальны зал увайшоў начальнік упраўлення аховы Міхаіл Цесавец з начальнікам службы аховы прэзідэнта Вячаславам Каралёвым. Разам з імі было некалькі дзясяткаў чалавек у ваеннай і міліцэйскай форме, а таксама хлопцы ў скураных куртках моцнага целаскладу. Цесавец заявіў, што па тэлефоне паведамілі аб закладзенай бомбе ў будынку парламента, і запатрабаваў пакінуць будынак, бо праводзіцца эвакуацыя. Цесавец спаслаўся на загад М. Грыба пакінуць памяшканне — але, дэпутаты звязаліся са спікерам і даведаліся, што Грыб падобнага распараджэння не даваў. Тады Цесавец загадаў хлопцам, што былі з ім вывесці прымусова дэпутатаў з залы, аднак тыя адмовіліся, калі пабачылі дэпутацкія пасведчанні і пачулі пра крымінальную адказнасць за парушэнне дэпутацкай недатыкальнасці. У гэты самы час на балконе над Авальнай залай з’явіліся два відэааператары, якія пачалі здымаць усё на камеры. Цесавец і Каралёў самі вырашылі паспрабаваць выцягнуць хоць аднаго з дэпутатаў — спачатку вырывалі з крэслаў Барыса Гюнтара, потым Ігара Гермянчука, але дэпутаты ўзяліся за рукі і задума не атрымалася.[2].

Пакуль ішла тузаніна, група сапёраў пад кіраўніцтвам палкоўніка са спецтэхнікай і сабакамі аглядала Авальны зал у пошуках бомбы.

Калі ў зал увайшла прэзідэнцкая ахова, падышла да журналісткі Радкевіч, якая пісала рэпартаж за сталом старшыні ВС (бо менавіта там была настольная лампа), і забрала з дыктафона касету. Праз некалькі хвілін і саму Радкевіч вывелі з залы, завялі ў памяшканне аховы і там апытвалі.

Некалькі дэпутатаў сышлі на першы паверх, бо ўсе дзверы былі адчынены. Міліцыя прапанавала ім выйсці на вуліцу, на плошчу, без гарантыяў вяртання ў зал. Дэпутаты нават здолелі даць інтэрв’ю праз зачыненыя шкляныя дзверы журналістам, што чакалі іх з вуліцы. Тыя расказалі, што ў двор Дома ўрада праехаў картэж і ў прэзідэнцкіх пакоях запалілася святло. Сяргей Навумчык і Алег Трусаў свярджаюць, што бачылі ў двары прэзідэнцкі лімузін і лічаць, што сам Лукашэнка прыехаў тады ў будынак урада[2].

А 00:41 гадзіне 12 красавіка сапёры скончылі агляд будынка, пратакол ад дэпутатаў падпісалі Алег Трусаў і Барыс Гюнтар.

А 2:35 першым людзей у камуфляжы заўважыў Валянцін Голубеў, які перад гэтым прыадчыніў дзверы ў фае. Ён крыкнуў: «Пад’ём! Ваенныя з аўтаматамі і ў масках!». Голубеў расказаў, што ў фае, выстраіўшыся некалькімі шэрагамі, стаялі ваенныя ў форме, са зброяй, у масках з супрацігазамі, усяго «чалавек пяцьсот альбо шэсцьсот». Галадуючыя паўскоквалі і паселіся ў ложы, дзе звычайна сядзяць члены Прэзідыума Вярхоўнага Савета. На балконах залы пасяджэнняў з’явіліся людзі з відэакамерамі (як мінімум двое)[2][3].

А 2:48 у зал увайшлі Цесавец, Каралёў і з імі невядомы чалавек у паўваенным адзенні (пазней Навумчык апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра «Альфы», потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі). Дэпутатам далі 5 хвілін, каб пакінуць памяшканне[2]. Дэпутаты дамовіліся, што будуць супраціўляцца, калі іх пачнуць выдаляць з памяшкання: схопяцца адзін за аднаго, а калі нападаючым удасца разарваць ланцуг, то паспрабуюць зрываць маскі і чапляцца — колькі хопіць сіл — за сталы і крэслы[3].

А 2:51 у адзін момант расчыніліся ўсе дзверы, у зале загарэлася святло і туды ўварваліся прыкладна 200 чалавек у чорных масках і цёмных камбінезонах, за імі беглі спецназаўцы ў шлёмах, рэспіратарах і з дубінкамі, а па перыметры зала стаялі аўтаматычкі[2][3].

Беленькі потым казаў, што адзін з першых у чорным зрабіў у паветры сальта і ўдарыў нагамі ў грудзі Пазняка". Гермянчук згадваў: «Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з края. На Пазняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы»[4]. Пазняк і Гермянчук паспелі сарваць з некалькіх нападнікаў маскі. Лідара апазіцыі білі асабліва жорстка, пісаў потым Навумчык: «Адзін „гарыла“ ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазняка білі аб сцяну. Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджанняў рознай цяжкасці»[2].

Лявон Баршчэўскі згадваў, што яму закруцілі рукі за спіну, «прычым так, што мой падбародак апынуўся ніжэй каленяў. Мяне пацягнулі паўкругам папярочнага праходу, які ішоў уздоўж задняга шэрагу дэпутацкіх крэслаў. Каля крэслаў ланцужком стаялі ваенныя ў камуфляжы і поўнай амуніцыі, і кожны з іх імкнуўся чаравікам патрапіць мне ў твар»[3].

Па згадках Лявона Баршчэўскага: «Маглі б проста вынесці ці вывесці. Але білі вельмі жорстка. Ботамі ў твар, выломвалі рукі, лупілі дубінкамі, наставіўшы аўтаматы, на што не было ніякай патрэбы. Мы ж былі бяззбройныя»[1]. Па словах дэпутата Голубева: «Я памятаю такі момант, што два чалавекі крутнулі мне рукі гэтак, што я, стоячы, ударыўся галавою аб падлогу і ў гэты момант атрымаў дручком па пазваночніку, і ногі адняліся. Мяне проста пацягнулі. Галава яшчэ працавала, але супраціўляцца я ўжо не мог»[5].

Усіх дэпутатаў моцна збівалі пакуль выводзілі ці выносілі з Вярхоўнага Савета. Пасля дэпутатаў кідалі ў міліцэйскія машыны. У машынах у дэпутатаў спыталі іх хатнія адрэсы, але тыя сказалі везці іх у пракуратуру. Там уночы былі выкліканы два дзяжурных пракурора і складзена заява. Туды ж прыехала і хуткая.

А 4-й усе дэпутаты, раскіданыя ў розных месцах сталіцы, сабраліся каля атэля «Кастрычніцкі» і пайшлі ў «лечкамісію», якая знаходзілася непадалёку, на вул. Чырвонаармейскай. Туды ж прыехалі журналісты[2].

12 красавікаПравіць

А 6-й гадзіне пасля сканчэння медыцынскага агляду збітыя дэпутаты паведамілі аб падзеях М. Грыбу. Той прыняў іх у сваім кабінеце разам з віцэ-спікерам Іванам Бамбізай, а таксама генеральным пракурорам Васілём Шаладонавым. Генпракурор заявіў, што яго ўжо праінфармавалі пра наш начны зварот у пракуратуру і ён пачынае крымінальную справу (у гэтай справе адбылося нават пасяджэнне калегіі Генеральнай пракуратуры). Па словах Навумчыка, Грыб назваў тое, што адбылося, дзяржаўным злачынствам і вырашыў тэрмінова сабраць Прэзідыум Вярхоўнага Савета[2].

Члены Прэзідыума ВС былі шакаваны начнымі падзеямі. Старшыня парламенцкай Камісіі па экалогіі Барыс Савіцкі, заявіў, што пасля збіцця дэпутатаў у Вярхоўнага Савета ёсць толькі два магчымыя варыянты: альбо распачаць працэдуру імпічмента А. Лукашэнкі, альбо — самараспусціцца. «Беларусь яшчэ ніколі гэтак блізка не падыходзіла да мяжы грамадзянскай вайны», — заявіў Грыб. Ён прапанаваў абмеркаваць сітуацыю на пасяджэнні Вярхоўнага Савета[2].

У гэты час каля Дому ўрада пачаў збірацца невялікі натоўп пратэстуючых, якіх адціскалі міліцыя. Збітых дэпутатаў у Дом урада не пусціла міліцыя, заявіўшы, што ўваход у будынак дазволены толькі па спісам і іх прозвішчаў там няма. Таксама не пусцілі ў будынак і генпракурора Шаладонава, які якраз прыехаў на месца падзей[2]. Згрупаваўшыся разам дэпутаты здолелі прарваць кардон міліцыі і патрапіць у Авальны зал.

Дэпутаты адразу заявілі, што пасля начных падзей праводзіць сесію ў падкантрольным Прэзідэнту Доме ўрада, а не ў будынку Вярхоўнага Савета, нельга. Грыб у гэты час пайшоў да А. Лукашэнкі, каб высветліць абставіны таго, што здарылася і паспрабаваць развязаць канфлікт. У выінку сесія распачалася ў будынку ўрада. Пасля абеда да дэпутатаў прыйшлі распавесці сваю версію падзей міністр абароны Анатоль Касценка і начальнік аховы будынка Міхаіл Цесавец. Яны заявілі, што па загаду Лукашэнкі, забяспечвалі бяспеку прысутным у будынку дэпутатам, якіх проста вывелі з Дому ўрада і развезлі па хатах[2].

У адказ Алесь Шут узняў кашулю і паказаў кровападцёкі ад дубінак. Раптам пачуліся выкрыкі дэпутатаў: «Мало Вам дали!»[6]. Навумчык у сваіх успамінах сцвярджае, што крычаў гэта Мікалай Дземянцей, былы старшыня Вярхоўнага Савета БССР[2].

Валянцін Голубеў распавёў як збівалі людзей і запатрабаваў паказаць усім кадры знятыя дзвумя відэакамерамі. Грыб адказаў, што абавязкова гэта пабачаць усе дэпутаты, і што гэта асабіста абяцаў яму зрабіць Лукашэнка. Пасля быў абвешчаны перапынак да 16-й гадзіны, калі да дэпутатаў абяцаў прыйсці прэзідэнт. А 16-й гадзіне дэпутаты ад апазіцыі сказалі, што рабіць у будынку ўрада няма чаго і яны пераносяць сваё галадаванне ў Вярхоўны Савет, які не належыць адміністрацыі прэзідэнта[2].

Пад час свайго выступу Лукашэнка імкнуўся даказаць, што менавіта дэпутаты ад апазіцыі вінаватыя ў «дэстабілізацыі сітуацыі» і што з дэпутатамі нічога дрэннага не рабілі — наадварот, выратоўвалі іх жыццё. Самі ж дэпутаты не галадалі, а елі і нават пілі ўночы.

«Когда мне Тесовец со слезами на глазах позвонил около 12 часов ночи и сказал: Александр Григорьевич, не получается похорошему, повынимали ножи, достали лезвия. Первое, говорят, вскрываем вены, отрезаем себе головы и вас повырезаем, кровью зальём здесь всё. Ну, извините, такие угрозы в резиденции президента — это уже слишком».

У той самы дзень дэмаралізаваныя ціскам А. Лукашэнкі і бязвольнымі паводзінамі М. Грыба дэпутаты прагаласавалі за ратыфікацыю Дагавора аб двухбаковых беларуска-расійскіх адносінах. Тады ж, увечары 12 красавіка, дэпутаты ад БНФ, прынялі заяву, у якой абвясцілі пра спыненне палітычнай галадоўкі[2].

13 красавікаПравіць

13 красавіка дэпутаты, без фракцыі БНФ, у шпаркім тэмпе прынялі закон «Аб патэнтах на гатункі раслін» і ратыфікавалі Дагавор паміж Беларуссю і Расіяй «Аб сумесных намаганнях па ахове дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь»[2].

Потым прысутныя дэпутаты ВС прынялі з парушэннем працэдуры пастанову аб правядзенні рэферэндума[7]. Яго прызначылі на 14 мая 1995 года.

Адным з апошніх прынятых законаў у гэты дзень было абвяшчэнне 7 лістапада (дзень «кастрычніцкай рэвалюцыі») — дзяржаўным святам.

У гэты дзень сесія скончылася ў буфеце. Урыўкі са стэнаграмы прыводзіць Навумчык: Лукашэнка: «… я приглашу сейчас этот весь зал за счёт государства. Слышите? Я имею право. И выпьем и по сто, и по двести граммов…» Грыб: «Дзякуй. Усіх вас чакаюць у буфеце»[2].

Расследванне падзейПравіць

Вінаватых у збіцці дэпутатаў праваахоўныя органы не назвалі і дагэтуль. Пазней А. Лукашэнка заявіў, што ён асабіста аддаў загад аб эвакуацыі дэпутатаў з будынка ў мэтах бяспекі. Прэзідэнт таксама заявіў, што ён мае «права патрабаваць навядзення парадку ў сваёй рэзідэнцыі» (у будынку Дома ўрада, дзе засядаюць дэпутаты, левае крыло належала кіраўніку дзяржавы і яго адміністрацыі). У інтэрв’ю журналістам А. Лукашэнка ацаніў усё, што адбылося, як правакацыю з мэтай дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадстве[3].

На наступны дзень, выступаючы перад дэпутатамі, Лукашэнка заявіў, што глядзеў відэа пра падзеі ў ВС, і ніхто нікога не біў. Дэпутаты самі з радасцю пакінулі зал парламента.

  Да никто никого не бил, никто никого не ломал. Сейчас с бытовой кассеты, которая здесь была отснята, мы перегоняем на БТК (или какая там кассета.) и мы покажем не только депутатам. Как только эта перегонка будет закончена, мы покажем это не только депутатам, мы покажем это всему народу… Мы покажем народу эту плёнку»[2]  

.

Лукашэнка абяцаў у хуткім часе паказаць гэты ролік па тэлебачанні, але тыя кадры так і не былі паказаны. Лявон Баршчэўскі расказаў, што праз 7 гадоў сустрэўся з Леанідам Сініцыным, які ў 1995 годзе ўзначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Той бачыў відэа збіцця ў Авальнай зале і прызнаўся: «Там быў проста жах!». Па словах Сініцына, змантаваць нешта з таго роліка было немагчыма[1].

У іншым інтэрв’ю Сініцын расказаў, што раніцай 12 красавіка яму прынеслі гэту касету. Ён паклікаў Міхаіла Чыгіра, у той час — прэм’ер-міністра, і яны разам глядзелі яе. Потым касету забраў сабе Уладзімір Замяталін, які ўзначальваў упраўленне інфармацыі ў прэзідэнцкай адміністрацыі[8].

18 красавіка Зянон Пазняк, Валянцін Голубеў, Ігар Гермянчук, Алег Трусаў і Сяргей Навумчык правялі канферэнцыю, на якой запатрабавалі даць відэазапіс у эфір, бо Адміністрацыя прэзідэнта адмовілася перадаць касету генпракуратуры.

У красавіку 1995-га газета «Свабода» надрукавала паведамленне пра расповед аднаго з супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі, якому ўдалося пабачыць запіс у часе таго самага перагону з бытавой касеты на прафесійную, пра якую казаў Лукашэнка. Відэазапіс спрабавалі за вялікія грошы купіць расійскія і заходнія тэлекампаніі[9].

Пасля гэтага здарэння Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па заяве групы дэпутатаў аб збіцці іх супрацоўнікамі спецслужбаў, аднак з цягам часу яна была прыпынена з прычыны «невысвятлення асоб, што дапусцілі буянства ў парламенце»[3]. Пры гэтым дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання ад БНФ Сяргей Навумчык у сваіх успамінах сцвярджае, што менавіта супрацоўнікі «Альфы» збівалі дэпутатаў ад апазіцыі, якія абвясцілі галадоўку ў Авальнай зале[10]. Генерал-лейтэнант Валерый Кез у адным з інтэрв’ю папрасіў прабачэння ў дэпутатаў БНФ і сказаў, цяпер ужо публічна, што збівалі іх афіцэры групы КДБ «Альфа». Менавіта яны і былі тымі самымі «гарыламі» ў чорных масках[2].

Па словах следчага Генпракуратуры Іосіфа Бролішса, «два эксперты-крыміналісты з падраздзяленняў МУС здымалі ўсё, што адбывалася на відэастужку», якую пасля аддалі прадстаўніку Адміністрацыі прэзідэнта. Адзінай перашкодай перадачы справы ў суд стала, па словах следчага, немагчымасць атрымаць у Адміністрацыі арыгінал стужкі[3].

Было апытана больш за 190 чалавек, што служылі ў сілавых структурах. 5 кастрычніка 1995 года Іосіф Бролішс прыняў рашэнне аб прыпыненні папярэдняга следства па крымінальнай справе, узбуджанай 12 красавіка 1995 г. па факце збіцця дэпутатаў, бо «па справе вычарпаныя ўсе магчымасці для збірання дадатковых доказаў следчым шляхам<…> папярэдняе следства па справе прыпыніць праз невыяўленне асоб, якія падлягаюць прыцягненню ў якасці абвінавачаных»[2].

Доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, які ў 1995 годзе быў суддзёй Канстытуцыйнага суда, лічыць, што толькі адзін факт скарыстання фізічнай сілы ў дачыненні да дэпутатаў «людзьмі ў камуфляжнай форме», і яшчэ ў будынку парламента, ставіць пад сумненне законнасць пастановы Вярхоўнага Савета наконт прызначэння рэферэндума, паколькі рашэнне было прынята пад прымусам. Само ж увядзенне ўзброеных людзей у парламент і нападзенне на дэпутатаў можна кваліфікаваць як захоп улады гвалтоўным чынам.

Спіс дэпутатаў, што прымалі ўдзел у галадоўцы і былі пабітыя[2]Правіць

Хацеў далучыцца да галадоўкі, але мусіў класціся ў шпіталь дэпутат Апазіцыі БНФ, палкоўнік міліцыі Ігар Пырх. Дэпутаты ўгаварылі не ўдзельнічаць у галадоўцы Галіну Сямдзянаву[2].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Кастусь Заблоцкі Як збівалі дэпутатаў 20 гадоў таму. Радыё Рацыя (11 красавіка 2015). Праверана 28 ліпеня 2019.
  2. 2,00 2,01 2,02 2,03 2,04 2,05 2,06 2,07 2,08 2,09 2,10 2,11 2,12 2,13 2,14 2,15 2,16 2,17 2,18 2,19 2,20 2,21 2,22 2,23 2,24 2,25 2,26 2,27 2,28 2,29 2,30 Навумчык, С. Дзевяноста пяты / Сяргей Навумчык; [Адк. рэд. А. Лукашук; Маст. Г. Мацур. — [Б. м.]: [Б. в.], 2015. — 320 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-73-7.]
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 Артем Шрайбман Избитая демократия. 20 лет назад голодавших оппозиционеров силой вывезли из парламента (руск.) . TUT.BY (11 красавіка 2015). Праверана 28 ліпеня 2019.
  4. Гермянчук, І. Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара / Ігар Гермянчук // Свабода. — 1995. — №. — 15 красавіка. — С.
  5. Валянцін Голубеў: Да рэферэндуму 1995 года Лукашэнка яшчэ саромеўся. Белсат (12 красавіка 2013). Праверана 28 ліпеня 2019.
  6. Навумчык, С. Пра што забыўся Трусаў / Сяргей Навумчык // Наша Ніва. — 2015. — № 7 (892). — 18 лютага. — С. 10.
  7. Запрудскі, С. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады / Сяргей Запрудскі // ARCHE Пачатак. — 2002. — № 1 (21). — С.
  8. Федута, А. Лукашенко. Политическая биография / Александр Федута. — М.: «Референдум», 2005. — С. 245.
  9. Навумчык, С. Іхнія рукі ўжо ў крыві / Сяргей Навумчык // Свабода. — 1995. — №. — 21 красавіка. — С.
  10. Зміцер Панкавец Спецназы Беларусі. Газета «Наша ніва» (12 жніўня 2009). Праверана 18 верасня 2018.