Збіццё паветранага шара ў Бярозаўскім раёне

Збіццё паветранага шара ў Бярозаўскім раёне — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 12 верасня 1995 года ў Бярозаўскім раёне, калі сілы СПА збілі амерыканскі паветраны шар D-Caribbean, які ўдзельнічаў у міжнародных гонках паветраных шароў «Кубак Гордана Бэнета» і заляцеў у паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Польшчы. Абодва пілоты, Алан Фрэнчэль і Джон Сцюарт, загінулі[1].

Ход падзей правіць

12 верасня 1995 года ў Швейцарыі пачалося міжнароднае спаборніцтва паветраплавальнікаў. Як сцвярджалі арганізатары чэмпіянату, пра мерапрыемства былі папярэджаныя дыспетчарскія службы ўсіх краін, праз чый паветраны калідор транзітам скіроўваліся экіпажы[2], але беларускія дыспетчары вырашылі, што ім паведамленне даслалі памылкова[3]. У выніку пагранічныя і супрацьпаветраныя сілы не былі папярэджаныя пра магчымасць перасячэння шарамі паветранай граніцы Беларусі, і беларуская авіяцыя атрымала загад збіць шар, які, праляцеўшы над Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй і Польшчай, перасёк межы краіны. Пра наяўнасць людзей у кошыку шара беларускія вайскоўцы не ведалі. Збіты шар рухнуў на ўскрайку дачнага кааператыва маторарамонтнага завода каля Бярозы, экіпаж загінуў.

Наступствы правіць

Збіты паветраны шар стаў прычынай міжнароднага скандалу і расследавання. Экіпаж ваеннага верталёта Мі-24, які збіў шар, доўга дапытвалі, потым узнагародзілі гадзіннікамі[2]. Дзяржаўная камісія ў справе высвятлення прычын трагедыі так і не патлумачыла, ці насамрэч была неабходнасць збіваць паветраны шар. Тагачасны начальнік аддзела аператыўнага рэагавання Савета бяспекі Юрый Сівакоў настойваў, што амерыканцы памерлі яшчэ да таго, як іх збілі: падняўшыся на вялікую вышыню (2300 м), памерлі ад недахопу кіслароду. Іншыя эксперты не выключалі, што спартсмены сапраўды маглі знаходзіцца без прытомнасці, але да зямлі ляцелі жывымі[2]. Трагічную навіну спрабавалі ўвогуле схаваць ад грамадскасці — пасольства ЗША ў Мінску толькі праз суткі даведалася пра гібель сваіх грамадзян. Ніхто з беларускіх афіцыйных асоб не ўзяў на сябе адказнасць за інцыдэнт[1]. Але пасля гэтага паветраныя шары, якія траплялі на тэрыторыю Беларусі з-за мяжы, імкнуліся пасадзіць.

Памяць правіць

У першую гадавіну трагедыі дэмакратычныя актывісты з Бярозы (сябры БНФ Сяржук Русецкі з аднапартыйцамі) усталявалі на месцы падзення амерыканскіх паветраплавальнікаў памятны знак — валун з надпісам «Прабачце».

Цікавыя факты правіць

Заўвагі правіць