Здарэнне на пешаходным мосце ў Гомелі (1975)
Здарэнне на пешаходным мосце ў Гомелі ў 1975 годзе — людскі затор на пешаходным мосце праз р. Сож у Гомелі 2 сакавіка 1975 года, які прывёў да цісканіны, ускладненай галалёдзіцай. Па афіцыйных звестках у выніку цісканіны і падзення сур’ёзныя траўмы атрымалі 12 чалавек (сярод іх — 3 дзіцяці), а смяротных сыходаў удалося пазбегнуць.
КантэкстПравіць
Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт для народнага святкавання «Провадаў зімы» 2 сакавіка 1975 года вызначыў месцы не толькі непасрэдна ў горадзе, але і ў зарэччы Сожа (на левым беразе).
Ход падзейПравіць
Уначы напярэдадні свята выпаў снег, які пакрыў сабой пешаходны мост, подступы да яго і прырэчныя дамбы. Рух людзей да месца гулянняў па мосце пачаўся каля 10:00. Ад 11:00 людская плынь стала павялічвацца — утрамбаваны снег ператварыўся ў лёд, па якім наступным групам гараджан давялося перамяшчацца замаруджанай хадой. Тэрміновых захадаў па пасыпцы пяском моста і подступаў да яго камунальная служба не зрабіла — пясок падвезлі ўжо пасля здарэння.
Асноўныя сілы міліцыі канцэнтраваліся ў зарэччы, дзе павінны былі забяспечваць грамадскі парадак. На 12:00 плынь ахвочых удзельнічаць у святкаванні ўзрасла яшчэ больш, што прывяло да ўтварэння каля моста натоўпу. Натоўп прарваўся праз рэдкі міліцэйскі ланцужок і шчыльнай плынню рушыў на мост. З прычыны галалёдзіцы людзі сталі падаць, узнік затор, а следам за ім — цісканіна. Па ўспамінах відавочцаў, на мосце было чутно храбусценне костак, бо людзей прыціскала да парэнчаў. Народная пагалоска расказвала пра падзенне на сожскі лёд праз парэнчы некалькіх чалавек і нават дзіцячых калясак.
Парадак на мосце быў адноўлены пасля прыцягнення дадатковых сіл міліцыі з іншых заслонаў, а пацярпелыя атрымалі медычную дапамогу.
ЛітаратураПравіць
- Некрашевич, А. Г. Гомельская милиция. История и современность. 1917—2017 / А. Г. Некрашевич. — Гомель: Барк, 2017. — С. 157—158.
- Глушаков, Ю. Проводы зимы в Гомеле приводили к массовой давке и стихийному «бунту» (Аўтар артыкула памылкова адносіць здарэнне да 1974 г.)