Адкрыць галоўнае меню

Здзітава (Бярозаўскі раён)

(Пасля перасылкі з Здзітаў)
Вёска
Здзітава
Zdzitava carkva.JPG
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1643
Аўтамабільны код
1
Здзітава на карце Беларусі ±
Здзітава (Бярозаўскі раён) (Беларусь)
Здзітава (Бярозаўскі раён)
Здзітава (Бярозаўскі раён) (Брэсцкая вобласць)
Здзітава (Бярозаўскі раён)

Здзі́тава[1] (трансліт.: Zdzitava, руск.: Здитово) — вёска ў Беларусі, у Спораўскім сельсавеце Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, паміж Чорным і Спораўскім азёрамі. Размешчана за 35 км на паўднёвы ўсход ад Бярозы, за за 2 км ад чыгуначнай станцыі Белаазёрск.

Назва, верагодна, паходзіць ад назвы р. Дзітва.

Паходжанне назвыПравіць

Вёска Здзітава з'яўляецца самым старажытным паселішчам Бярозаўскага раёна.

На думку Ф. Д. Клімчука, назва вёскі паходзіць, ад слова «зодчы» (будаўнік), у мове ванаў «задзі» — будаваць. Адсюль Здзітаў — «будоўля». У мове ванаў «Зьд» значыць «каменная сцяна».

Мяркуецца, горад быў абнесены каменнай сцяной. Звяртае ўвагу, што вельмі падобная назва была тады ў сучаснага горада Дзятлава (Гродзенская вобласць) — Здзяцел. Прасочваецца сувязь і з назвамі возера Джыдзінне, што за семнаццаць кіламетраў ад Здзітава, і рэчкі Дзітва, што ў Лідскім раёне (Гродзенская вобласць).

С. Амяльчук выказаў меркаванне, што назва вёскі Здзітава паходзіць ад ракі Дзітва. Калі жыхароў вёскі пыталіся адкуль яны, тыя адказвалі — з Дзітвы, адсюль і назва — Здзітава.[2]

ГісторыяПравіць

Адна з самых старажытных вёсак Бярозаўшчыны. Упершыню ўзгадваецца як г. Здзітаў у 1005 г. ва «Устаўной грамаце аб заснаванні Тураўскай епіскапіі»[3], потым у Іпацьеўскім летапісе пад 1252 г., калі паселішча было апорным пунктам для войска Данілы Галіцкага ў час яго вайны з Міндоўгам. Паводле археалагічных звестак, г. Здзітаў існаваў у XIXIII стст., уваходзіў у спіс 35 гарадоў рускіх зямель, што існавалі на Беларусі да 1300 года. Тут праходзілі Дняпроўска-Нёманскі і Дняпроўска-Бугскі водныя шляхі, «дорога великая Березинская и Здитовская». Месцазнаходжанне горада дакладна вызначана ў 1938 годзе. Выявіў гарадзішча А. Цынкалоўскі, абследавалі М. А. Ткачоў (1970), потым Я. Г. Звяруга.

У 1240-я г. вялікі князь літоўскі Міндоўг авалодаў Здзітавам-на-Ясельдзе. У 1263 годзе Войшалк (сын Міндоўга) выдаў сваю сястру за Шварна Данілавіча і даў у пасаг гарады Здзітаў і Слонім. У выніку ваеных дзеянняў кіеўскіх князёў супраць яцвягаў горад быў разбураны, а жыхары перасяліліся ў іншыя мясцовасці з той жа назвай — Здзітаў. За 7 км ад старажытнага горада на р. Дарагабуж — у сучасную в. Здзітава Спораўскага сельсавета, а таксама за 22 км ад горада — сучасную вёску Здзітаўскага (былога Углянскага) сельсавета.

Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць

З пачатку XIV ст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1430 годзе мястэчка. Узгадваецца ў «Кнізе судовых спраў літоўскіх» (1520). З другой паловы XV ст. вядомы «Здзітаў Гарадок» («Здзітаў дварэц») каля возера Спораўскае — цэнтр дзяржаўнай воласці Слонімскага павета Троцкага ваяводства. У 1452 годзе значная частка воласці была перададзена пінскаму князю Юрыю Сямёнавічу. Потым Здзітаў падараваны Казімірам, каралём польскім і вялікім князем літоўскім «княгіні Швітрыгайлавай». У 1520 годзе «двор» — адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр воласці і мястэчка, праз якое ішла вялікая дарога з Валыні ў Вільню. З другой паловы XVI ст. у Слонімскім павеце Новагародскага ваяводства. У 1559 годзе значную частку воласці займала Здзітаўская пушча (4x2 мілі).

У 1561 годзе гаспадарчы двор з мястэчкам, «дворцом „Хрысіца“» і воласцю перададзены ў заклад на 3 гады Васілю Цішкевічу, а з 1562 года — у яго пажыццёвае ўладанне. У 1567 годзе ўпамінаецца царква Успення. У 1590 годзе Здзітаўская воласць з дваром, мястэчкам і фальваркам у закладзе ў слонімскага старосты Льва Сапегі.

У XVIIXVIII стст. Здзітаў — цэнтр староства Сапетаў у Новагародскім ваяводстве. У 1757 годзе смаленскі ваявода Пётр Павел Сапега перадаў староства старосце Адаму Бжастоўскаму.

Пад уладай Расійскай імперыіПравіць

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1868 годзе ўзгадваецца як Здзітаў. 19 верасня 1884 года ў Здзітаве пажар знішчыў 30 сялянскіх дамоў з маёмасцю, страты склалі 15 845 руб. У 1886 годзе мястэчка ў Пескаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні, дзейнічалі царква, школа, піцейны дом. Паводле перапісу 1897 года сяло, якое межавала з в. Гарбова і выселкам Качавічы, дзейнічалі прыходская царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У Качавічах працаваў ветраны млын; у в. Гарбова — кузня, тут знаходзіўся будынак Здзітаўскай царквы (пры ім 1 двор, 8 жыхароў). У сядзібе Здзітава, якую арандаваў Афром Готлейб, у 1 доме жылі 6 чалавек.

Найноўшы часПравіць

У 1905 годзе сяло на мяжы Слонімскага і Кобрынскага паветаў. У 1910 годзе складалася з трох асобных частак — Новай Слабады, сяла і асобнай вуліцы Гарбоўкі. У пачатку XX ст. існавала манаполька (у 1910 яе прыбытак складаў 22 тыс. руб., у 1912 — 12 тыс. руб.).

Аб беднасці жыхароў сяла, якія выязджалі на заробкі ў Амерыку, пад псеўданімамі «Здзітавец», «Стары дзед Міхась» і інш. пісаў у 19101914 гг. у «Нашу ніву» мясцовы настаўнік і краязнаўца Міхаіл Рамановіч. Ён у пачатку 1900-х г. падрыхтаваў рукапісны «Сборник народных песен крестьян , Кобринского и Слонимского уездов Гродненской губернии». Частка запісаў мясцовых народных песень была надрукавана вядомым этнографам-фалькларыстам Еўдакімам Раманавым, які ў 1910 годзе выявіў тут археалагічную стаянку, у сядзібе селяніна Гладкоўскага знайшоў рэшткі старажытнага глінянага посуду.

З 1915 года акупіравана германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года войскамі Польшчы. У ліпені—жніўні 1920 на кароткі час была ўстаноўлена савецкая ўлада.

З 1921 года ў складзе Палескага ваяводства Польшчы. У 1924 годзе вёска ў Пескаўскай гміне Косаўскага павета.

З 1939 года ў БССР. З 1940 года цэнтр Здзітаўскага сельсавета. Дзейнічалі школа, ветраны млын, хата-чытальня.

У 19411944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У час акупацыі ў заходняй частцы вёскі базіраваліся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, Брэсцкі падпольны абкам КП(б)Б. 3 красавіка 1944 года карнікі пачалі наступаць на пазіцыі партызан з некалькіх напрамкаў. Партызаны і 10 тыс. мірных жыхароў, якія знаходзіліся пад іх аховай, апынуліся ў акружэнні, партызанскія брыгады імя Дзяржынскага (камандзір В. М. Манахаў, камісар П. Р. Кавалёў), «Савецкая Беларусь» (камандзір М. У. Бабкоў, камісар П. І. Маслоў), 345-ы атрад (камандзір С. А. Яроцкі) і атрад імя С. М. Будзённага (камандзір К. Е. Мерзлякоў, камісар П. К. Каламійцаў) 7 дзён паспяхова адбівалі атакі карнікаў. Акупанты загубілі 48 жыхароў вёскі, на франтах загінулі 78 воінаў-землякоў. Імем аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Беларусі, Героя Савецкага Саюза С. І. Сікорскага, імем М. У. Бабкова, арганізатара партызанскага руху на Брэстчыне і ў Бярозаўскім раёне, камандзіра партызанскай брыгады «Савецкая Беларусь», у вёсцы названы вуліцы.

У 1975 годзе да 30-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі на месцы баёў створаны мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» (скульптар В. Дз. Кліменка, архітэктар В. А. Пак).

Паводле перапісу 1970 года працавалі сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 магазіны. 18 студзеня 1988 года Здзітаўскі сельсавет быў перайменаваны ў Спораўскі (Здзітаўскім стаў называцца былы Углянскі сельсавет).

ІнфраструктураПравіць

Працуюць сярэдняя і пачатковая школы, бібліятэка, Дом культуры, царква.

Здзітаўская сярэдняя школаПравіць

Першыя ўзгадаванні аб Здітаўскай школе адносяцца да 1921 г. Школа размяшчалася ў вясковых хатах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны школа знаходзілася ў зямлянках. Настаўнікамі былі Марыя Васільеўна Шляхценка і Любоў Аляксандраўна Грыцова.

У 1946 г., пачала дзейнічаць беларускамоўная пачатковая школа ў хаце мясцовага жыхара Мікалая Максімавіча Чарвякоўскага, а праз некаторы час школа перамясцілася ў новы будынак.

У тым жа годзе пачала працаваць пачатковая школа ва ўрочышчы Ямы ў хаце мясцовага жыхара М.І. Сычыка. Першымі настаўнікамі былі Каўганка, Букініч, К.П. Міхнюк.

З 1950-га па 1959 гг. дырэктарам Горбаўскай школы (у той час яна мела такую назву) быў Уладзімір Васільевіч Савельеў. У 1951 г. прыехалі настаўнікі Н.І. Малаева, І.Ф. Міхалкоўскі, Г.В. Нядзвецкі, В.С. Нядзвецкая, В.В. Гавенчык, І.С. Вашкевіч, Д.С. Макарэвіч (Вашкевіч). У 1952 г. адбыўся першы выпуск сямігодкі. У 1954 г. школа атрымала новы будынак. Школа стала цэнтрам сяла, тут праводзіліся сходы і вечарыны.

У гэты ж час кіраўнік У.В. Савельеў арганізаваў першую ў Бярозаўскім раёне вячэрнюю школу сельскай моладзі. З 1954-га па 1957 гг. там працаваў філіял сямігадовай школы.

У пачатку 1960-х гг. нягледзячы на ўзбуйненне школы будынкаў не хапала. Навучанне працягвалася ў хатах. У 1962 г. школа стала васьмігодкай і працавала ў 3 змены.

Сённяшні двухпавярховы цагляны будынак сярэдняй школы пабудавалі ў 1964 г., а таксама ўзвялі інтэрнат для вучняў.[4]

НасельніцтваПравіць

  • XIX стагоддзе:
    • 1886 — 57 двароў, 644 жыхары.
    • 1897 — 131 двор, 754 жыхары, у выселку Качавічы — 25 двароў, 131 жыхар, у в. Гарбова — 45 двароў, 270 жыхароў.
  • XX стагоддзе:
    • 1905 — 981 жыхар.
    • 1924 — 189 будынкаў, 960 жыхароў.
    • 1940 — 276 двароў, 1458 жыхароў.
    • 1959 — 127 гаспадарак, 615 жыхароў.
    • 1970 — 565 гаспадарак, 1212 жыхароў.
    • 1994 — 446 двароў, 1,2 тыс. чал.[5]
    • 1997 — 1200 жыхароў
  • XXI стагоддзе:
    • 2005 — 427 двароў, 1047 жыхароў.

СлавутасціПравіць

 
Новая царква

Страчаная спадчынаПравіць

  • Сядзіба
  • Царква

Музей «Здзітаўскі фальварак»Правіць

Гісторыя стварэнняПравіць

Практычным кампанентам інавацыйнай дзейнасці школы стала рэалізацыя адукацыйных праектаў, накіраваных на паляпшэнне дабрабыту школьнай супольнасці. Распрацаваны вобраз жадаемага будучага, стратэгія «Школа і вёска: разам да ўстойлівага развіцця», створаны эколага-этнаграфічны музей «Здзітаўскі фальварак», «Да ўстойліва Здзітава з дапамогаю спорта». Усе праекты рэалізоўваюцца школай у цесным супрацоўніцтве з Праграмай Развіцця ААН, Асацыяцыяй агентстваў мясцовай дэмакратыі ALDA (Францыя), АУ «Новая Еўразія» (г. Мінск), ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», аддзелам адукацыі Бярозаўскага райвыканкама, Спораўскім сельскім выканаўчым камітэтам і іншымі партнёрамі.

У 2009 годзе з мэтай стварэння эколага-этнаграфічнага музея вучнямі і працаўнікамі Здзітаўскай школы сумесна с зацікаўленынмі жыхарамі вёскі, ААТ "Спорава", Спораўскім лясніцтвам і пры фінансавай падтрымцы Праграмы развіцця ААН была праведзена рэканструкцыя старой закінутай хаты. Яна была прадстаўлена школе былой жыхаркай вёскі Смаркалавай Л.М. Пры правядзенні рамонтных работ стараліся максімальна захаваць аўтэнтычнасць.[6] Для напаўнення музея экспанатамі вучні школы сумесна з настаўнікам Аполька Н.В. арганізавалі этнаграфічную экспедыцыю. Мясцовыя жыхары падаравалі ў музей рэчы побыту селяніна Здітава пачатку 20 стагоддзя. Усе экспанаты ў музеі знаходзяцца ў рабочым стане і пры жаданні наведвальнікі могуць паспрабаваць іх у дзеянні.[7]

Мерапрыемствы ў Здзітаўскім фальваркуПравіць

 
Свята ў музеі Здзітаўскі фальварак

На базе музея вучнямі школы ладзяцца тэматычныя адукацыйныя экскурасіі,святочныя абрады і мерапрыемствы для вучнёўскай моладзі, турыстаў згодна распрацаванаму цыклу традацыйных свят нашых продкаў "Карагод народных свят вёскі Здзітава".

Музей «Здзітаўскі фальварак», зялёны маршрут «Паміж трох азёр» — праекты, якія з'яўляюцца асновай для сацыяльна-эканамічнага адраджэння навакольнай мясцовасці, прапаганды ідэй устойлівага развіцця.

У цяперашні час музей Здзітаўскі фальварак з'яўляецца элементам зялёнага маршруту "Паміж трох азёр" - сумеснага праекта Здзітаўскай СШ, РБЗ Спораўскі і Праграмы развіцця ААН. Гэта трохдзённы веласіпедны маршрут працягласцю каля 70 км., які ахоплівае тэрыторыі некалькіх сельскіх саветаў Бярозаўскага раёна. Маршрут арыентаваны як на турыстаў з ліку мясцовых жыхароў сельскага савета ,бліжэйшых рэгіёнаў, так і на турыстаў, у тым ліку замежных, якія наведваюць заказнік "Спораўскі" з мэтай вывучэння яго жывёльнага і расліннага свету.

 
Маркіроўка зялёнага маршруту
 
На Зялёным маршруце Між трох азёр

Вядомыя асобыПравіць

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Здзі́таў, м.
  2. Кніга Здзітава- Радзіма мілая, Прапілеі, 2015 год, С. 7, 8.
  3. Щапов, Я. И. Туровские уставы XIV в. о десятине // Археографический ежегодник за 1964 год / АН СССР, Отд-ние истории, Археографическая комиссия. — М.: Наука, 1965. — 393, [1] с. — С. 271—272.
  4. Государственное учреждение образования "Здитовская средняя школа" Берёзовского района, дата доступа: 05.01.2017
  5. Шаміль Бекцінееў, Міхаіл Спірыдонаў, Валерый Шаблюк. Здзітава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 438.
  6. Здітава-радзіма мілая."Здзітаўская сярэдняя школа" Бярозаўскага раёна. "Прапілеі" .Мінск 2015.С.49
  7. Здітава-радзіма мілая."Здзітаўская сярэдняя школа" Бярозаўскага раёна. "Прапілеі" .Мінск 2015.С.50
  8. Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Здзітаўская сярэдняя школа» Бярозаўскага раёна. «Здзітава-Радзіма мілая». "Прапілеі", Мінск, 2015. Стар. 88-94.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць