Злотніцтва
Злотніцтва — выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Старажытным Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы XV—XVIII стст. Пашырэнне механічнай апрацоўкі металаў у сярэдзіне XIX ст. прывяло да заняпаду злотніцтва.
На Беларусі вядома з часоў жалезнага веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст. н.э.). Найбольш пашырана як гарадское рамяство ў XII—XVIII стст. Беларускія майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр злотніцтва часоў Сярэднявечча — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161).
У XVI—XVII стст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У другой палове XVII ст. больш за 50 беларускіх злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т.л. П. Заборскі, В. Карпаў, М. Логінаў, Я. Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю[1].
Зноскі
- ↑ Максімава Э. С., Сямёнаў А. І. Злотніцтва // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва. — Мн.: БелЭн, 1985. — Т. 2. — С. 532. — 702 с.
Літаратура
правіць- Злотніцтва. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). — C. 76.
- Цітоў А. Злотніцтва Беларусі. XII — пачатак XX ст. — Мінск : Беларусь, 2020. — 270 с. — ISBN 978-985-01-1284-2.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Злотніцтва