Змяі́ны (укр.: Зміїний) — востраў у Чорным моры. Уваходзіць у склад Адэскай вобласці Украіны. Агульная плошча — 2,22 км². Насельніцтва — каля 30 чал. (2012 г.).

Змяіны
укр. Зміїний
Агульны выгляд
Агульны выгляд
Характарыстыкі
Плошча2,22 км²
Насельніцтва30 чал.
Шчыльнасць насельніцтва13,51 чал./км²
Размяшчэнне
45°15′18″ пн. ш. 30°12′15″ у. д.HGЯO
АкваторыяЧорнае мора
Краіна
ВобласцьАдэская вобласць
Змяіны востраў (Украіна)
Змяіны
Змяіны
Змяіны востраў (Адэская вобласць)
Змяіны
Змяіны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Змяіны знаходзіцца за 35 км на ўсход ад дэльты Дуная, за 130 км на паўднёвы захад ад Адэсы, за 570 км на паўднёвы захад ад Кіева. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 675,4 м, шырыня з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — 661 м.

Востраў мае мацерыковае паходжанне. Сфарміраваўся ў выніку апускання шэльфа чарнаморскай западзіны з-за тэктанічных працэсаў і падвышэння ўзроўню сусветнага акіяна. Прычым, гэтыя працэсы працягваюцца і ў нашы дні[1]. Складзены крышталічнымі пародамі. Берагі абрывістыя. На востраве 4 пляжы. Найбольшая вышыня — 41,3 м. На прылеглым шэльфе (20 — 70 км ад Змяінага) выяўлены запасы вуглевадародаў[2].

Клімат умераны, дзякуючы ўздзеянню мора больш мяккі, чым ў кантынентальнай прычарнаморскай частцы Адэскай вобласці. Сярэдняя зімовая тэмпература рэдка апускаецца ніжэй за 0 °C. Зафіксаваны мінімум −30 °C. Сярэдняя летняя тэмпература — +22 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 300 мм.

Прырода правіць

Антычныя крыніцы ўзгадвалі пра тое, што востраў быў пакрыты лесам. У нашы дні флора тыповая для еўрапейскіх стэпаў. Выяўлена 42 віды раслін, у тым ліку 7 метлюжковых і 11 астравых. Распаўсюджаныя жывёлы — птушкі (вераб'і, гарбаткі, пеганкі і інш.) і казуркі[3].

Гісторыя правіць

Востраў Змяіны звычайна атаесамляецца з востравам Леўкос (стар.-грэч.: Λευκός) (літаральна, «Белы»), вядомым старажытным грэкам з VII ст. да н. э. На ім знаходзіўся храм Ахіла, заступніка мараплаўцаў[4]. Сучасная назва з’яўляецца прамым перакладам больш позняга грэчаскага наймення Фіданісі (грэч. Φίδονισι). Лічыцца, што яно ўзнікла з-за вужоў, што прыплывалі на бярвеннях з дэльты Дуная[5].

У канцы XVIII ст., калі востраў з’явіўся на картах, ім валодала Асманская імперыя. У 1788 г. каля яго берагоў адбылася марская бітва паміж ваеннымі флотамі асманаў і Расійскай імперыі. У 1829 г. быў перададзены Расіі. На ім пабудавалі маяк, прычым матэрыялам для будаўніцтва сталі рэшткі пабудоў, прынятых за храм Ахіла[6]. У 1841 годзе г. арганізавана навуковая экспедыцыя для даследавання Змяінага. Пасля паражэння Расіі ў Крымскай вайне ў 1856 годзе востраў зноў адышоў да Асманскай імперыі. У 1879 годзе далучаны да Румыніі. Румынскія ўлады арганізавалі на ім ваеннае паселішча. Падчас I Сусветнай вайны Змяіны на кароткі час быў захоплены нямецкім крэйсерам «Брэслау»[7]. У 1944 годзе на востраве высадзіліся савецкія маракі і без бою авалодалі ім.

У 1946 годзе Змяіны афіцыйна далучаны да УССР. У 1948 годзе падпісана пагадненне паміж СССР і Румыніяй, згодна якому Румынія пагаджалася з пераходам вострава да СССР. У савецкі час дзейнічала ваенная база. З 1991 года ў складзе незалежнай Украіны[8]. У канцы 1990-ых гг. паміж Румыніяй і Украінай узніклі тэрытарыяльныя спрэчкі з-за вострава і прылеглай акваторыі. Яны былі вырашаны ў 2009 г., калі Міжнародны суд ААН абвясціў рашэнне па справе аб дэлімітацыі кантынентальнага шэльфа і эканамічных зон Украіны і Румыніі ў Чорным моры[9]. Суд не паставіў пад сумнеў прыналежнасць Змяінага Украіне.

24 лютага 2022 года ў час уварвання Расіі ва Украіну расійскія ваенныя атакавалі востраў. Яго абаронцы здавацца не збіраліся. Пасля гэтага з ракетнага крэйсера «Масква» і патрульнага карабля «Васілій Быкаў» пачаўся абстрэл. Абаронцы вострава загінулі або былі ўзяты ў палон. 30 чэрвеня расійскія войскі адступілі з вострава.

Інфраструктура правіць

У 1998 годзе востраў Змяіны атрымаў статус ахоўваемай тэрыторыі. У 2007 годзе рашэннем Вярхоўнай Рады на востраве створана паселішча Белы. Зацверджаны план яго развіцця[10]. Дзейнічаюць памежная застава, маяк, пошта, музей. Маюцца сталая паромная сувязь з Вілкава, мабільная сувязь і інтэрнэт[11]. Востраў наведваецца турыстамі.

Зноскі