Зміцер Аляксандравіч Паліенка

Зміцер Аляксандравіч Паліенка (нар. 26 мая 1994, г. Мінск, Беларусь) — палітычны зняволены[1][2], вязень сумлення[3], сацыяльны актывіст.

Зміцер Аляксандравіч Паліенка
Род дзейнасці палітык, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 26 мая 1994(1994-05-26) (29 гадоў)
Месца нараджэння

Біяграфія правіць

Зміцер Паліенка нарадзіўся 26 мая 1994 года ў Мінску. Скончыў школу № 120 у Мінску. Потым Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9. Працаваў на заводзе МАЗ.

З 15-ці гадоў з’яўляўся актывістам беларускага аддзялення Нацыянал-бальшавісцкай партыі, удзельнічаў у іх акцыях, за што неаднаразова быў асуджаны ў адміністрацыйным парадку.

Затым З. Паліенка стаў самастойна займацца сацыяльнай дзейнасцю, арганізоўваў збор паштовак для палітвязняў, займаўся разнастайнымі сацыяльнымі праблемамі.

Вясной 2014 г. З. Паліенка далучыўся да анархістаў.

Храналогія пераследу правіць

Затрыманы 3 ліпеня 2011 г. падчас маўклівых акцый пратэсту ў Мінску. Быў адпушчаны, бо на той момант яму яшчэ не было 18 гадоў[4].

9 мая 2012 года, будучы актывістам НБП, разам з Аляксандрам Паляковым вывесіў расцяжку супраць будаўніцтва гатэля «Пекін» каля парку 40-годдзя Перамогі ў Мінску. Быў затрыманы міліцыяй, пасля трохгадзіннай гутаркі адпушчаны як непаўнагадовы. Яго папярэдзілі, што з бацькамі выклічуць на размову ў інспекцыю па справах непаўнагадовых[5].

Затрыманы ў канцы мая 2012 г., напярэдадні візіту ў Мінск прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту[6].

22 жніўня 2013 г. Цэнтральны суд г. Мінска прызнаў З. Паліенку вінаватым у правядзенні 6 жніўня 2013 г. акцыі каля Міністэрства абароны. Побач з Мінабароны была вывешана расцяжка «Далоў войска нявольнікаў!». Суд пакараў яго штрафам у 12 базавых велічынь[7]. 4 кастрычніка 2013 г. Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову суда Цэнтральнага раёна аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці З. Паліенку[8].

25 кастрычніка 2013 г. З. Паліенка быў прэвентыўна затрыманы на прахадной завода МАЗ, дзе працаваў і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі. Абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Асуджаны на 6 сутак арышту. Верагодная прычына затрымання — пасяджэнне Савета кіраўнікоў МЗС краін СНД, якое прайшло ў Мінску 24 кастрычніка 2013 года[9].

26 снежня 2013 г. З. Паліенка ізноў быў прэвентыўна затрыманы на прахадной завода МАЗ. Актывіста даставілі ў РУУС Заводскага раёна і склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП РБ — «дробнае хуліганства». 27 снежня 2013 г. яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Затрыманне адбылося напярэдадні акцыі «Стоп падатак»[10].

4 сакавіка 2014 г. З. Паліенка быў затрыманы за графіці «Далоў паліцэйскую дзяржаву!». Быў моцна збіты супрацоўнікамі міліцыі, патрабаваў хуткую дапамогу. Толькі пасля таго як пачаў ускрываць вены, хуткая была выклікана і ён быў адвезены ў шпіталь, пазней аштрафаваны[11].

Чарговае прэвентыўнае затрыманне З. Паліенкі адбылося напярэдадні Дня волі 22 сакавіка 2014 г. На аўдыёзапісе чуваць, як супрацоўнік міліцыі ўпрошвае актывіста адчыніць дзверы кватэры: «Дима, пожалей меня, открой двери». Суд адбыўся 25 сакавіка. З. Паліенку абвінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі арыштам на 13 сутак[10].

8 мая 2014 г. З. Паліенка быў прэвентыўна затрыманы перад Чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску. У судзе Заводскага раёна г. Мінска ён быў асуджаны на 10 сутак арышту і абвясціў галадоўку[12][13]. Падчас адбывання тэрміну ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў З. Паліенку вазілі ў суд, які пастанавіў адправіць яго на прымусовае лячэнне ў ЛПП на адзін год. Паводле сяброў З. Паліенкі, такім чынам яго хацелі ізаляваць ад палітычнай дзейнасці[14]. Спачатку З. Паліенка ўтрымліваўся ў Светлагорскім ЛПП, а апошнія тры месяцы ў ЛПП г. Дзяржынска. За нязначныя парушэнні Правіл унутранага распарадку З. Паліенку неаднаразова выносіліся спагнанні, ягоная картка была адзначаная чырвонай паласой, як «схільнага да пабегу». У ЛПП атрымаў спецыяльнасць стропальшчык.

Пасля вызвалення з ЛПП працягваў займацца актыўнай дзейнасцю.

6 і 7 красавіка 2016 г. быў асуджаны на штрафы за ўдзел у пікетах каля расійскага пасольства і каля міністэрства адукацыі ў Мінску[15].

26 красавіка 2016 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска, суддзя — М. Хома, вынес пастанову пакараць актывіста З. Паліенку штрафам у памеры 20 базавых велічынь за ўдзел у акцыі салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка, якая адбылася 2 красавіка 2016 г. каля расійскага пасольства ў Мінску[16].

28 красавіка 2016 г. суд, суддзя — Е. Круковіч, пакараў З. Паліенку штрафам у 20 базавых велічынь за ўдзел у Дні волі 25 сакавіка.

29 красавіка 2016 г. З. Паліенка быў затрыманы за ўдзел у рэгулярнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса», якія спрабуюць адстаяць свае правы на велаінфраструктуру ў горадзе. 29 красавіка 2016 года ў Мінску адбыўся жорсткі разгон велапрабегу. Акцыя была гвалтоўна спыненая супрацоўнікамі міліцыі, з прымяненнем непрапарцыйнай сілы. Было затрымана шэсць чалавек. З іх — чатырох абвінавацілі ў парушэнні правіл дарожнага руху і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Пазней супраць двух затрыманых, Зміцера Паліенкі і Стаса Канавалава, была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 364 КК РБ — «Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

6 мая 2016 г. стала вядома, што З. Паліенку перавялі ў СІЗА г. Жодзіна. Яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 364 КК РБ[17].

12 мая 2016 г. суддзя Цэнтральнага суда г. Мінска Вікторыя Шабуня прысудзіла З. Паліенку, які ў гэты час знаходзіўся ў жодзінскім СІЗА, штраф у 60 базавых велічынь за ўдзел у пікеце каля расійскага пасольства, які адбыўся 18 красавіка 2016 г.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай з нагоды ўтрымання пад вартай удзельніка «Крытычнай масы» З. Паліенкі. Праваабаронцы патрабавалі вызваліць З. Паліенку да канца следства, а таксама спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў і назіральнікаў[18].

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Нuman Rights Watch» у сваім штогадовым Сусветным дакладзе аб сітуацыі з правамі чалавека за 2016 г. асудзіла затрыманне З. Паліенкі[19].

20 ліпеня 2016 года Праваабарончы цэнтр «Вясна» праінфармаваў Рабочую групу па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН аб зняволенні З. Паліенкі[20].

У Мінску праходзілі акцыі салідарнасці ў падтрымку З. Паліенкі[21][22][23].

Акцыя салідарнасці з З. Паліенкам прайшла ў Екацярынбургу[24].

11 кастрычніка 2016 г. пачаўся суд над З. Паліенкам. У апошнім слове на судовым працэсе З. Паліенка назваў існуючы палітычны рэжым у Беларусі дыктатурай, заявіў, што яго пераследуюць за палітычную барацьбу з рэжымам і прачытаў верш нядаўняга палітвязня І. Аліневіча «Забітае сумленне».

12 кастрычніка 2016 года, пасля пяці месяцаў знаходжання пад вартай, З. Паліенка быў асуджаны Цэнтальным судом г. Мінска, суддзя В. Есьман, па артыкуле 364 КК РБ і па ч. 2 артыкула 343 КК РБ (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару) на два гады зняволення з двухгадовай адтэрміноўкай. Суд пастанавіў вызваліць З. Паліенку з-пад варты наўпрост у зале суда[25][26].

Вядучыя праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай, дзе падкрэслілі, што абвінавачванні супраць З. Паліенкі не знайшлі падчас суда свайго падцверджання і дастатковага абгрунтавання і парушаюць права актывіста на свабоду мірных сходаў.

8 снежня 2016 года З. Паліенку і Вячаслава Касінерава затрымалі ўвечары ў скверы Котаўка ў Мінску, пасля таго як яны расклеілі плакаты ў абарону дрэў. Дзве гадзіны іх пратрымалі ў Савецкім РУУС г. Мінска, пасля чаго адпусцілі[27].

27 снежня 2017 г. Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыйную скаргу З. Паліенкі і пакінуў у сіле прысуд Цэнтральнага раённага суда[28].

10 сакавіка 2017 г. З. Паліенка быў затрыманы ў мінскім Доме правасуддзя. Ён прыйшоў на абвяшчэнне прысуда суда Першамайскага раёна па так званай «справе антыфашыстаў». Пасля агучвання прысуду некалькі актывістаў пачалі выкрыкваць «Ганьба!» і іншыя рэплікі на знак нязгоды з рашэннем суддзі адносна пакарання фігурантаў справы, але затрыманы быў толькі З. Паліенка. Ён быў дастаўлены ў суд Маскоўскага раёна г. Мінска. Суддзя Таццяна Мотыль прызнала З. Паліенку вінаватым у парушэнні арт. 17.1 КаАП РБ «Дробнае хуліганства» і арт. 23.4 КаАП РБ «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асоб» і пакарала яго адміністрацыйным арыштам на 7 сутак[29].

20 сакавіка 2017 г. З. Паліенка быў затрыманы, калі прыйшоў да Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску, каб передаць перадачу арыштаваным грамадскім актывістам. Суддзя Вера Галаўкова прызнала яго вінаватым па арт. 23.34 КаАП РБ за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва офіснага цэнтра ў Курапатах 25 лютага 2017 г. і асудзіла на 15 сутак арышту[30]. У дзень сканчэння тэрміну арышту З. Паліенка на свабоду не выйшаў. Як паведамілі яго былыя сукамернікі, актывісту «дадалі» яшчэ 10 сутак арышту, за што — не зразумела. Праваабаронцы не выключаюць, што гэта было зроблена спецыяльна, каб пратрымаць актывіста да вынясення наступнага судовага рашэння.

7 красавіка 2017 г. суд Заводскага раёна Мінска, суддзя Алена Капцэвіч, разгледзеў пытанне аб адмене адтэрміноўкі крымінальнага пакарання З. Паліенку. У віну яму былі пастаўлены невыкананне абавязку аб працаўладкаванні, парушэнне рэжыму падчас адтэрміноўкі пакарання, два адміністратыўныя спагнанні. Суд адмяніў адтэрміноўку і пастанавіў накіраваць яго ў калонію[31].

Прааналізаваўшы судовы працэс, праваабаронцы прыйшлі да высновы, што пазбаўленне волі на 1,5 гады З. Паліенкі мае характар палітычна матываванага пераследу з мэтай спынення ягонай публічнай дзейнасці. Яны прызналі яго палітычным вязнем[32].

14 красавіка 2017 г. была апублікавана сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення З. Паліенкі[33].

18 красавіка 2017 года З. Паліенку накіравалі ў бабруйскую калонію[34]. У калоніі яго паставілі на прафілактычны ўлік, ён вымушаны насіць жоўтую бірку «схільнага да экстрэмізму»[35][36]. Амаль штомесяц палітычны зняволены трапляе ў штрафны ізалятар[37].

22 жніўня 2017 года З. Паліенка быў прызнаны праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення. У заяве Amnesty International канстатуе, што З. Паліенка «быў зняволены выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і свабоду мірных сходаў» і патрабуе вызваліць яго неадкладна і безумоўна[38].

24 кастрычніка 2018 года Паліенка выйшаў на волю[39].

Зноскі

  1. http://www.salidarnasc.org/content/%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%B0%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D1%86%D1%8B-%D0%B2%D1%8B%D0%B7%D0%BD%D0%B0%D1%8E%D1%86%D1%8C-%D0%B7%D0%BC%D1%96%D1%86%D0%B5%D1%80%D0%B0-%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%96%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D1%83-%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B2%D1%8F%D0%B7%D0%BD%D0%B5%D0%BC(недаступная спасылка)
  2. Спіс палітычных вязняў
  3. Amnesty International: В Беларуси появился узник совести Архівавана 22 лютага 2018.
  4. Хроніка «маўклівай рэвалюцыі» 3 ліпеня: затрымана каля 310 чалавек (удакладненыя звесткі)
  5. Абаронцу парку выклікаюць з бацькамі ў міліцыю
  6. Затрыманы нацбол Дзяніс Сахар
  7. Нацболы пакараныя штрафамі
  8. Мінгарсуд адмяніў пастанову ад прыцягненні да адказнасці нацбола Дзмітрыя Паліенкі
  9. За што міліцыянеры не любяць Зміцера Паліенку
  10. а б За што міліцыянеры не любяць Зміцера Паліенку?
  11. «Ты, шчанюк, не паважаеш міліцыю? Мы табе ныркі адаб’ем!»
  12. Перад чэмпіянатам — суды, арышты, папярэджаньні
  13. Затрыманні і арышты напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі-2014 працягваюцца (спіс дапаўняецца)
  14. Нацбола, якога міліцыянер прасіў пасядзець на сутках, «закрываюць» у ЛТП
  15. https://spring96.org/persecution?Name=Паліенка+Дзьмітрый
  16. Паліенку аштрафавалі на 20 базавых, справу Касінерава адправілі на дапрацоўку
  17. Дзмітрыя Паліенку перавялі ў Жодзінскае СІЗА і прад’явілі абвінавачванне (абноўлена)
  18. Заява з нагоды ўтрымання пад вартай удзельніка «Крытычнай масы» Дзмітрыя Паліенкі
  19. [1]
  20. ПЦ «Весна» проинформировал Рабочую группу по произвольным задержаниям ООН о деле Дмитрия Полиенко
  21. Акцыя ў падтрымку арыштаванага раварыста Паліенкі. Відэа
  22. Касінерава аштрафавалі на 840 рублёў за салідарнасьць са Зьмітром Паліенкам
  23. Мікалайчык, Гарачцы, Маёравай і Вінярскаму далі штрафы на 1050 рублёў кожнаму
  24. У Екацярынбургу выказалі салідарнасьць са зьняволеным беларусам Паліенкам. Фота
  25. Паліенку пакаралі зьняволеньнем з адтэрміноўкай і вызвалілі ў судовай залі пад воклічы «Жыве Беларусь!»
  26. Зьміцер Паліенка. Першыя хвіліны на волі. Відэа з суду
  27. У Котаўцы затрымалі двух актывістаў. «За падазроны зьнешні выгляд»
  28. Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд раварысту Паліенку
  29. Затрыманага актывіста Зміцера Паліенку асудзілі на 7 сутак
  30. Дзмітрыя Паліенку асудзілі на 15 сутак
  31. Паўтары гады Зміцер Паліенка правядзе за кратамі
  32. Экспертнае заключэнне па справе Зміцера Паліенкі
  33. Патрабуем неадкладнага вызвалення палітычнага вязня Зміцера Паліенкі
  34. Зміцера Паліенку накіравалі ў бабруйскую калонію. Падтрымайце палітвязня!
  35. На Зміцера Паліенку ў калоніі начапілі «жоўтую бірку экстрэміста»
  36. На Змітра Паліенку ў калоніі начапілі «жоўтую бірку экстрэміста»
  37. Палітвязня Зміцера Паліенку працягваюць «прэсаваць» у калоніі
  38. Amnesty International: Дзмітрый Паліенка — вязень сумлення
  39. Мінус адзін: на волю выйшаў палітвязень Зміцер Паліенка

Спасылкі правіць