Дзмітрый Аляксандравіч Завадскі
Дзмітрый Аляксандравіч Завадскі (28 жніўня 1972 — 7 ліпеня 2000?) — беларускі журналіст, тэлевізійны аператар, беларускі палітвязень, вязень сумлення[1].
Дзмітрый Завадскі | |
---|---|
Род дзейнасці | журналіст |
Дата нараджэння | 28 жніўня 1972 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 ліпеня 2000 (27 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Маці | Вольга Рыгораўна Завадская |
Жонка | Святлана Завадская |
Дзеці | Юрый Завадскі |
Біяграфія
правіцьДзмітрый Аляксандравіч Завадскі нарадзіўся 28 жніўня 1972 г. ў Мінску. Вучыўся ў Інстытуце культуры, але не скончыў. З 1989 г. працаваў на беларускім тэлебачанні.
З 1994 г. па 1997 г. — асабісты аператар А. Р. Лукашэнкі
Са студзеня 1997 г. — аператар Грамадскага расійскага тэлебачання («ГРТ»).
22 ліпеня 1997 г. кінааператар Дз. Завадскі, разам з кіраўніком здымачнай групы «ГРТ» Паўлам Шараметам, кіроўцам службовай машыны Яраславам Аўчыннікавым былі затрыманыя беларускімі памежнікамі. У адносінах да іх быў складзены пратакол па факту незаконнага ўезду ў памежную зону, затым здымачную групу адпусцілі. 23 ліпеня 1997 г. у праграме «Время» па «ГРТ» быў паказаны сюжэт журналістаў пра ненадзейную ахову беларуска-літоўскай мяжы, праз якую лёгка могуць прайсці парушальнікі.
26 ліпеня 1997 г. Дз. Завадскі і Я. Аўчыннікаў былі затрыманыя ў Мінску. Кіраўнік здымачнай групы П. Шарамет таксама быў затрыманы ў гэты ж дзень ў аэрапорце Мінск-2, калі ён вяртаўся з паездкі ў Балгарыю. Журналісты былі абвінавачаны ў незаконным пераходзе мяжы. Напачатку яны былі дастаўленыя ў памежную камендатуру г. Ашмяны, затым змешчаны пад варту ў турму СІЗА г. Гродна. Неўзабаве Я. Аўчыннікаў быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
29 ліпеня 1997 г. БАЖ выступіла з патрабаваннем вызваліць журналістаў. Расійскі саюз журналістаў звярнуўся да прэзідэнта Расіі Б. Ельцына з прозьбай дабіцца вызвалення Дз. Завадскага і П. Шарамета.
Б. Ельцын публічна запатрабаваў вызвалення журналістаў.[2]
31 ліпеня 1997 г. некалькі дзясяткаў беларускіх журналістаў правялі акцыю пратэсту. Яны прайшлі з закладзенымі за галаву рукамі каля будынку МЗС, КДБ і адміністрацыі прэзідэнта. Міліцыя затрымала 15 чалавек, якія былі асуджаныя і аштрафаваныя.[3]
30 жніўня 1997 г. у Мінску адбыўся гэтак званы «Марш у турэмных робах»—адная з самых яркіх акцыяў пратэста журналістаў супраць абмежавання свабоды слова і ў знак салідарнасці са зняволенымі журналістамі Дз. Завадскім і П. Шараметам. Трынаццаць журналістаў прайшлі ў турэмных робах, з шыльдамі «Я — „нячэсны журналіст“», «Я плохо говорил о нашем президенте», «I’m a journalist» па мінскіх вуліцах і зладзілі мітынг у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор.[4]
Паэт і нядаўні палітычны зняволены Славамір Адамовіч падчас мітынгу публічна зашыў сабе рот, сімвалізуючы ўдушэнне свабоды слова.[5]
4 верасня 1997 г. Дз. Завадскі быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Па словах Дз. Завадскага, напісаць ліст з пакаяннем яго ўгаварыў карэспандэнт «Интерфакса» Сяргей Заяц.
30 верасня 1997 г. было завершана следства па крымінальнай справе. У адносінах да Я. Аўчыннікава абвінавачванне было знятае.
Падчас зняволення журналістаў быў аказаны ціск на іх адвакатаў.
Суд над Дз. Завадскім і ягонымі калегамі праходзіў у г. Ашмяны, суддзя Віталь Казакевіч, дзяржаўны абвінаваўца Уладзімір Сідо. Суд пачаўся 17 снежня 1997 г. і скончыўся 28 студзеня 1998 г. Журналістаў абвінавачвалі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы па папярэдняй змове, паўторна (туды-сюды). П. Шарамет дадаткова абвінавачваўся па ч. 1 арт. 167 КК РБ у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў.
Да крымінальнай справы былі дапушчаныя грамадскія абаронцы — Міхаіл Пастухоў і Уладзімір Нісцюк ад БАЖ, Барыс Звозскаў ад Беларускага хельсінкскага камітэта, Віктар Кузняцоў ад ОРТ.
Відэааператар Дз. Завадскі быў асуджаны на паўтары гады пазбаўлення волі ўмоўна. П. Шарамета пакаралі на два гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на адзін год «за наўмыснае групавое парушэнне дзяржаўнай мяжы».
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Дз. Завадскага вязнем сумлення.[1]
З кастрычніка па май 2000 г. Дз. Завадскага працаваў у Чачні, дзе разам з П. Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзеннік»[6].
Знікненне
правіць7 ліпеня 2000 г. Дз. Завадскі быў выкрадзены, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Мінск-2» на аўтамабілі, каб сустракаць свайго калегу П. Шарамета. Аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце, але самога Дз. Завадскага з тых часоў ніхто не бачыў. Знікненне Дз. Завадскага ўстала ў адзін шэраг са знікненнямі вядомых апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, расследаванне якіх таксама не дало вынікаў і адказаў на ўсе пытанні.
У верасні 2002 г. Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы заявіла, што «сур’ёзна занепакоеная адсутнасцю прагрэсу ў справе» і заснавала следчы падкамітэт для расследавання справы «зніклых» у Беларусі палітыкаў.[7]
Расследаванне справы
правіць14 сакавіка 2002 года па справе аб выкраданні Дз. Завадскага былі асуджаныя 4 чалавекі — былыя супрацоўнікі спецыяльнага атраду міліцыі «Алмаз».
Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні журналіста групу былога супрацоўніка спецпадраздзялення «Алмаз»[8] Валерыя Ігнатовіча, і асудзіў дваіх чалавек (В. Ігнатовіча і М. Маліка) на пажыццёвае зняволенне, былога курсанта акадэміі МУС Аляксея Гуза на 25 гадоў зняволення, беспрацоўнага, раней судзімага Сяргея Савушкіна на 12 гадоў зняволення. Паводле абвінавачвання, матывам злачынства стала помста: Дз. Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баевікоў.
Ананімны следчы КДБ распавёў СМІ версію следства аб тым, што адбылося з Завадскім: «07.07.2000 г. Саушкин, Игнатович и Малик в аэропорту „Минск-2“ совершили похищение Д. Завадского. Перед этим вели длительное наблюдение за домом, где проживал Д. Завадский. Соседи неоднократно видели автомобиль Игнатовича, стоявший у подъезда. Также есть свидетели, которые видели в аэропорту машину Игнатовича в день похищения Д.Завадского. В автомашине Игнатовича была обнаружена лопата. По имевшимся небольшим пятнам крови была проведена геномная экспертиза, которая установила, что кровь принадлежит именно Д. Завадскому».
Асуджаныя не прызналі сваёй віны ні па адным з эпізодаў.
Журналіст П. Шарамет за два дні да пачатку судовага працэсу даў прэс-канферэнцыю ў Маскве[9], на якой распавёў, што замовіў выкраданне тагачасны генеральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман. Вясной 2000 г. ён займаў пасаду кіраўніка Савета Бяспекі і мог быць зацікаўленым у тым, каб знішчыць сведку дзеянняў беларускіх спецслужбаў у Чачні.
Месца пахавання Дзмітрыя Завадскага да сёння невядомае.
Чатыром беларускім чыноўнікам, экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Рады бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову, экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнка забаронены ўезд у краіны ЕС і ЗША з-за падозранняў ў іх датычнасці да знікненняў беларускіх апазіцыянераў і журналіста Дз. Завадскага.[10]
27 лістапада 2003 г. Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым.
4 жніўня 2004 г. Маці зніклага журналіста Вольга Завадcкая падала ў Пракуратуру РБ заяву аб аднаўленні расследавання справы аб знікненні Дз. Завадскага ў сувязі з наноў адкрытымі абставінамі. Паводле заявы, са словаў А.Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі вынікае, што ён валодае фактычнай інфармацыяй і дакументамі, якія маюць дачыненне да справы аб знікненні Дз. Завадскага, але дагэтуль не абнародаваныя і не вывучаныя следствам і судом. В. Завадская запатрабавала правесці пракурорскую праверку гэтых фактаў і, пры наяўнасці падстаў, узбудзіць вытворчасць па справе ў сувязі з наноў адкрытымі абставінамі. Пракуратура ніяк не адрэагавала на зварот, і 17 верасня В. Завадская падала ў суд Цэнтральнага раёна Мінска скаргу на незаконныя дзеянні пракурорскіх работнікаў, патрабуючы абавязаць іх даць матываваны адказ.
12 кастрычніка 2004 г. Суддзя суда Цэнтральнага раёна г. Мінска С. В. Ганчар адмовіўся разглядаць скаргу В.Завадскай на дзеянні службовых асоб Пракуратуры РБ у сувязі з «непадведамаснасцю» справы. Пасля гэтага В.Завадская падала скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі.
25 лістапада 2004 г. Калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам суддзі Лугіной адхіліла скаргу В. Завадскай.
3 снежня 2004 г. В. Завадская атрымала ліст з Пракуратуры РБ за подпісам начальніка ўпраўлення Ф. А. Шэдава, у якім сказана, што «вывучэннем крымінальнай справы па абвінавачанні Ігнатовіча і Маліка ўстаноўлена, што ў ёй сабраны ўсе матэрыялы па ўказаным эпізодзе злачынства (…) Іншых матэрыялаў у органах пракуратуры і іншых дзяржаўных арганізацыях няма. Пры такіх абставінах няма падстаў для ўзбуджэння вытворчасці па наноў адкрытых абставінах…». З адказу пракуратуры не зразумела, ці былі запатрабаваныя і вывучаныя дакументы, аб існаванні якіх заявіў на прэс-канферэнцыі 20 ліпеня 2004 г. А. Лукашэнка і якія прасіла ў сваёй заяве вывучыць В.Завадская.
10 снежня 2004 г. В. Завадская накіравала скаргу Генеральнаму пракурору П. Міклашэвічу на адмову Рэспубліканскай пракуратуры ўзбуджаць вытворчасць па наноў адкрытых абставінах у справе аб знікненні яе сына.
7 красавіка 2005 г. Маці Дз. Завадскага Вольга Рыгораўна атрымала паведамленне з Пракуратуры РБ пра «узнаўленне папярэдняга расследвання ў адпаведнасці з ч.3 арт. 249 УПК РБ». У дакуменце гаворыцца, што «папярэдняе расследаванне крымінальнай справы № 980159, узбуджанай па факце бясследнага знікнення 7 ліпеня 2000 года Вашага сына Завадскага Дзмітрыя 4 красавіка 2005 года ўзноўлена ў сувязі з неабходнасцю правядзення следчых дзеянняў па дадзенай справе».
4 мая 2005 г. У «Народнай волі» з’явілася публікацыя М. Коктыш пад назвай «Труп Дмитрия Завадского может быть найден на одном из белорусских кладбищ». У ёй гаварылася, што ў Пракуратуру РБ паступіла хадайніцтва ад юрыста, намесніка старшыні БХК Гары Паганяйлы з просьбай правесці эксгумацыю і даследванне некалькіх трупаў, каб выключыць альбо пацвердзіць прыналежнасць аднаго з іх Дз. Завадскаму.
30 мая 2006 г. на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны пракурор РБ Пётр Міклашэвіч заявіў, што падначаленае яму ведамства «працягвае пошукі Дзмітрыя Завадскага». «На гэты момант месцазнаходжанне Дзмітрыя Завадскага не ўстаноўлена, але пракуратура Беларусі працягвае яго пошук. І раней праводзіліся праверкі шэрагу эпізодаў па дадзенай справе, і яны праводзяцца і цяпер. Месцазнаходжанне Дзмітрыя Завадскага высветліць не ўдалося».
Прэмія Дзмітрыя Завадскага
правіцьПрэмія імя Дзмітрыя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм» Архівавана 3 красавіка 2012. была заснавана ў 2001 г. па ініцыятыве Першага канала (Расія) і Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
У 2008 г. лаўрэатамі прэміі сталі(недаступная спасылка) радыёжурналіст Генадзь Кеснер, фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Андрэй Лянкевіч, фатограф Юрый Дзядзінкін.
У 2007 г. лаўрэатамі прэміі сталі карэспандэнт газеты «Белорусы и рынок» Генадзь Барбарыч, радыёжурналістка Наталля Макушына (Гродна), журналіст Анатоль Гатоўчыц (Гомель).
У 2006 г. лаўрэатамі прэміі сталі галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» Андрэй Дынько, фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Юлія Дарашкевіч, карэспандэнт газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии" Алег Улевіч.
У 2005 г. прэмія была ўручаная карэспандэнту РЕН-ТВ у Мінску Аліне Слав, аператару Уладзіміру Косціну, журналістцы «Радыё Свабода» Любові Лунёвай, рэдактару газеты Głos znad Niemna Анджэю Пісальніку, журналісту «Белорусской деловой газеты» Сергею Сацуку.
У 2004 г. прэмію атрымалі інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш, журналістка «Беларуской деловой газеты» Ірына Халіп, тэлежурналіст Леанід Міндлін.
У 2003 г. лаўрэатамі прэміі сталі фотакарэспандэнт беларускага прадстаўніцтва Associated Press Сяргей Грыц, фотакарэспандэнт Reuters Васіль Фядосенка, рэдакцыя «Белорусской деловой газеты».
У 2001 г. першымі лаўрэатамі прэміі імя Дзмітрыя Завадскага сталі тэлеаператары Сяргей Гельбах (беларускі карпункт «ГРТ» (Першага канала, Расія), Сяргей Пушкін (беларускі карпункт РТР), Канстанцін Марозаў (беларускі карпункт тэлекампаніі НТВ), Уладзімір Андронаў (беларускі карпункт тэлекампаніі ТВ6), Уладзімір Бабарыка (беларускае прадстаўніцтва Reuters).
Фонд імя Дзмітрыя Завадскага
правіцьФонд[11] быў заснаваны ў памяць аб гвалтоўным знікненні журналіста. Сваякі і сябры Дз. Завадскага аб’ядналіся, каб падтрымаць незалежных журналістаў Беларусі, якія вымушаныя працаваць у няпростых умовах і штодня рызыкаваць жыццём. Галоўная задача Фонда — працягнуць працу па расследаванню абставін гвалтоўнага знікнення Дз. Завадскага і забяспечыць дапамогу іншым беларускім журналістам.
Заснавальнік фонда — жонка Дз. Завадскага Святлана Завадская.
Сям’я
правіцьБыў у шлюбе са Святланай Завадскай, меў сына Юрыя. Святлана ў другім шлюбе была з актывістам Сержуком Бахуном, ад якога нарадзіла дачку Адэлю.
Зноскі
- ↑ а б http://www.belaruspartisan.org/m/politic/239027/(недаступная спасылка) Политические узники Гродненской тюрьмы
- ↑ https://www.kommersant.ru/doc/185061 Ельцин посадил Лукашенко
- ↑ https://belaruspartisan.by/m/politic/363373/(недаступная спасылка) Как судили Шеремета и Завадского в Ошмянах: история в лицах и фактах
- ↑ https://gazetaby.com/cont/print_rdn.php?sn_nid=98861(недаступная спасылка) После флешмоба в Березовке «Салідарнасць» решила вспомнить другие яркие политические акции в истории независимой Беларуси.
- ↑ http://belsat.eu/ru/programs/performansy-protesta/ Перформансы протеста
- ↑ http://www.youtube.com/watch?v=TUYGFW2xd5M
- ↑ http://dic.academic.ru/dic.nsf/ruwik%20%20%20%20%20%20i/302643 Завадский, Дмитрий Александрович это
- ↑ http://zavadsky.org/ru/history/8.html Архівавана 15 верасня 2010.
- ↑ http://lenta.ru/world/2001/09/10/sheremet/ Архівавана 6 сакавіка 2016.
- ↑ https://www.newsru.com/world/07jul2009/zavadsky.html Белорусские СМИ вспоминают: 9 лет назад пропал оператор ОРТ Дмитрий Завадский
- ↑ Фонд Завадскага Архівавана 3 красавіка 2012.
Літаратура
правіць- Palitviazni.info — 2013. — С. 295—296.
Спасылкі
правіць- Фонд Дмитрия Завадского Архівавана 15 верасня 2010.
- «Банда» Фільм пра «экскадроны смерці на YouTube — 2015, Белсат (руск.)
- https://palitviazni.info/viazen/zmicier-zawadski Архівавана 10 верасня 2016.
- http://www.gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=77662
- http://belprauda.org/svetlana-zavadskaya-bol-ostalas-so-mnoj-na-vsyu-zhizn/(недаступная спасылка)
- https://baj.by/ru/content/gromkie-dela Архівавана 28 чэрвеня 2017.
- http://www.moyby.com/news/234362/