Зямля (карціна Фердынанда Рушчыца)

карціна Фердынанда Рушчыца

«Зямля» (польск.: Ziemia) — карціна мастака Фердынанда Рушчыца, скончаная 1898 годзе і ўпершыню выстаўленая на персанальнай выстаўцы Рушчыца ў 1899 годзе. Адзін з лепшых і найбольш вядомых твораў мастака. Карціна перадвызначыла кірунак нацыянальнага пейзажнага жывапісу ў XX стагоддзі і стала сімвалам Беларусі[1]. Знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага музея Варшавы[2].

Фердынанд Рушчыц
Зямля. 1898
Ziemia
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 164 × 219 см
Нацыянальны музей у Варшаве, Польшча
(інв. MP 393 і MP 393 MNW)

Гісторыя правіць

Карціна была створана Рушчыцам па вяртанні ў радавы маёнтак Багданава з доўгага падарожжа па Заходняй Еўропе з мэтай удасканалення свайго мастацтва. Была скончаная ўвосень 1898 года, а ў наступным годзе прадстаўлена на першай персанальнай выстаўцы ў Вільні. Увесну 1899 года «Зямля» ўпершыню выстаўлена ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе выклікала негатыўную рэакцыю[3], а ўзімку — у Варшаве, дзе яе адразу ж закупіла галерэя «Захэнта». Менавіта гэтая карціна прынесла мастаку шырокую вядомасць[4].

Апісанне правіць

Ніжнюю частку палатна запоўніў плаўна закруглены цёмна-карычневы пагорак, рассечаны барознамі толькі што зааранай зямлі. На вяршыні пагорка два валы, запрэжаных у хамуты, і араты-селянін, які, выбіваючыся з апошніх сіл, паганяе іх, бо імкнецца хутчэй узараць сваё поле. Зямля з’яўляецца сімвалам вечнасці, адраджэння і прыроды-маці. Яна сімвалізуе настойлівасць і стабільнасць, пануе над матэрыяльнымі рэчамі, ростам, смерцю, багаццем і ўрадлівасцю. На заднім плане агромністае неба з пераднавальнічнымі свінцовымі хмарамі, што навіслі над карычневым полем.

Канфлікт і сімбіёз стыхій зямлі і паветра, зніжэнне дэталізацыі, мінімум формаў і фарбаў, выкарыстанне шырокіх мазкоў — усё гэта стварае характэрны меланхалічны настрой невыноснай катаржнай працы[4]. Нягледзячы на гэта, упарты сейбіт застаецца непераможаным і, здаецца, здольны пераадолець сам час[5].

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. Сто твораў ХХ стагоддзя. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля.
  2. Gallery of Polish Painting Masterpieces…
  3. Фердынанд Рушчыц Архівавана 18 снежня 2015. Спадчына Беларусі: гісторыя і мастацтва
  4. а б Александр Белый, Земля Фердинанда Рущица Архівавана 29 снежня 2010.
  5. Богданов П. С., Богданова Г. Б.,Рущиц Фердинанд

Спасылкі правіць

  • Konrad Niciński. Ferdynand Ruszczyc "Ziemia" (польск.). Culture.pl (сакавік 2011). Праверана 23 снежня 2011.