Разета (касмічны апарат)

(Пасля перасылкі з КА Разета)

«Разета» (англ.: Rosetta) — касмічны апарат, прызначаны для даследавання каметы. Распрацаваны і створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам у супрацоўніцтве з NASA. Складаецца з дзвюх частак: уласна зонда «Разета» (англ.: Rosetta space probe) і спускальнага апарата «Філы» (англ.: Philae lander) .

Разета
Пралёт зонда «Разета» каля каметы (кадр з фільма Chasing a Comet — The Rosetta Mission)
Заказчык Еўропа ESA
Задачы пралёт астэроідаў, штучны спадарожнік каметы,
пасадка на яе паверхню
Пралёт планеты Марс, астэроідаў Штэйнс і Лютэцыя
Спадарожнік каметы 67P/Чурумава — Герасіменка
Запуск 2 сакавіка 2004 07:17:00 UTC
Ракета-носьбіт «Арыян 5G+»
Стартавая пляцоўка Францыя Куру, ELA-3
Працягласць палёту 12 гадоў 6 месяцаў і 28 дзён
NSSDC ID 2004-006A
Тэхнічныя характарыстыкі
Маса 3 000 кг
Магутнасць 850 Вт
Сайт праекта

Касмічны апарат запушчаны 2 сакавіка 2004 года да каметы 67P/Чурумава — Герасіменка[1][2]. «Разета» — першы касмічны апарат, які выйшаў на арбіту каметы. У рамках праграмы 12 лістапада 2014 года адбылася першая ў свеце мяккая пасадка спускальнага апарата на паверхню каметы. Асноўны зонд «Разета» завяршыў свой палёт 30 верасня 2016 года, здзейсніўшы жорсткую пасадку на камету 67P/Чурумава — Герасіменка[3].

Паходжанне назваў

правіць

Назва зонда паходзіць ад знакамітага Разецкага каменя — каменнай пліты з выбітымі на ёй трыма ідэнтычнымі па сэнсе тэкстамі, два з якіх напісаны на старажытнаегіпецкай мове (адзін — іерогліфамі, іншы — дэматычным пісьмом), а трэці напісаны на старажытнагрэчаскай мове. Параўноўваючы тэксты Разецкага каменя, Жан-Франсуа Шампальён змог расшыфраваць старажытнаегіпецкія іерогліфы; з дапамогай касмічнага апарата «Разета» навукоўцы спадзяюцца даведацца, як выглядала Сонечная сістэма да таго, як сфарміраваліся планеты.

Назва спускальнага апарата таксама звязана з расшыфроўкай старажытнаегіпецкіх надпісаў. На востраве Філы на рацэ Ніл быў знойдзены абеліск з іерагліфічным надпісам, у якім згадваецца цар Пталамей VIII і царыцы Клеапатра II і Клеапатра III. Надпіс, у якім навукоўцы распазналі імёны «Пталамей» і «Клеапатра», дапамог расшыфраваць старажытнаегіпецкія іерогліфы.

Перадумовы стварэння апарата

правіць

У 1986 годзе ў гісторыі даследавання касмічнай прасторы адбылася знамянальная падзея: на мінімальную адлегласць да Зямлі падышла камета Галея. Яе даследавалі касмічныя апараты розных краін: гэта і савецкія «Вега-1» і «Вега-2», і японскія «Суйсэй» і «Сакігакэ», і еўрапейскі зонд «Джота». Навукоўцы атрымалі найкаштоўную інфармацыю пра састаў і паходжанне камет.

Аднак засталося нераскрытым мноства пытанняў, таму НАСА і ЕКА пачалі сумесную працу над новымі касмічнымі даследаваннямі. НАСА сканцэнтравала высілкі над праграмай пралёту астэроіда і сустрэчы з каметай[en] (англ.: Comet Rendezvous Asteroid Flyby, скарочана CRAF). ЕКА распрацоўвала праграму вяртання ўзору ядра каметы (англ.: Comet Nucleus Sample Return — CNSR), якую планавалася ажыцявіць пасля праграмы CRAF. Новыя касмічныя апараты планавалася зрабіць на стандартнай платформе Mariner Mark II[en], што значана скарачала расходы. У 1992 годзе, аднак, НАСА спыніла распрацоўку CRAF з-за бюджэтных абмежаванняў. ЕКА працягнула распрацоўку КА самастойна. Да 1993 года стала зразумела, што з тагачасным бюджэтам ЕКА палёт да каметы з наступным вяртаннем узораў грунта немагчымы, таму праграму апарата падверглі вялікім зменам. Канчаткова яна выглядала так: збліжэнне апарата спачатку з астэроідамі, а потым з каметай, а затым — даследаванні каметы, у тым ліку мяккая пасадка спускальнага апарата «Філы». Завяршыць місію планавалася кантралюемым сутыкненнем зонда «Разета» з каметай.

Мэта і праграма палёту

правіць

Першапачаткова запуск «Разеты» быў запланаваны на 12 студзеня 2003 года. Мэтай даследаванняў была выбрана камета 46P/Віртанена.

Аднак у снежні 2002 года адбылася адмова рухавіка Вулкан-2 пры запуску ракеты-носьбіта «Арыян-5»[4]. У сувязі з неабходнасцю ўдасканалення рухавіка запуск касмічнага апарата «Разета» быў адкладзены[5], пасля чаго для яго была распрацавана новая праграма палёту.

Новы план прадугледжваў палёт да каметы 67P/Чурумава — Герасіменка, са стартам 26 лютага 2004 года і сустрэчай з каметай у 2014 годзе[6]. Адтэрміноўка запуску выклікала дадатковыя выдаткі каля 70 мільёнаў еўра на захоўванне касмічнага апарата і іншыя патрэбы. «Разета» была запушчана 2 сакавіка 2004 года ў 7:17 UTC з касмадрома Куру ў Французскай Гвіяне[2]. У якасці ганаровых гасцей на запуску прысутнічалі першаадкрывальнікі каметы прафесар Кіеўскага ўніверсітэта Клім Чурумаў і навуковы супрацоўнік Інстытута астрафізікі Акадэміі навук Таджыкістана Святлана Герасіменка[7]. Акрамя змянення часу і мэты, праграма палёту практычна не змянілася. Як і раней, «Разета» павінна была наблізіцца да каметы і запусціць да яе спускальны апарат «Філы».

«Філы» павінен быў падысці да каметы з адноснай хуткасцю каля 1 м/с і пры кантакце з паверхняй выпусціць два гарпуны, таму што слабая гравітацыя каметы не здольная ўтрымаць апарат, і ён можа проста адскочыць. Пасля пасадкі модуля «Філы» быў запланаваны пачатак выканання навуковай праграмы:

  • вызначэнне параметраў ядра каметы;
  • даследаванне хімічнага саставу;
  • вывучэнне змянення актыўнасці каметы з часам.

Варта заўважыць, што праграма палёту «Разеты» вельмі складаная. Яна ўключала чатыры гравітацыйныя манеўры каля Зямлі і Марса, прычым нават невялікія адхіленні маглі паўплываць на поспех.

Праграма палёту
 
1 — сакавік 2004: запуск КА
2 — сакавік 2005: першы пралёт каля Зямлі
3 — люты 2007: пралёт каля Марса
4 — лістапад 2007: другі пралёт каля Зямлі
5 — верасень 2008: збліжэнне з астэроідам Штэйнс
6 — лістапад 2009: трэці пралёт каля Зямлі
7 — ліпень 2010: збліжэнне з астэроідам Лютэцыя
8 — ліпень 2011: перавод КА ў рэжым сну
9 — студзень 2014: абуджэнне КА
10 — жнівень 2014: выхад на арбіту каметы
11 — лістапад 2014: пасадка спускальнага апарата на паверхню каметы
12 — верасень 2016: завяршэнне місіі
  • Запуск (сакавік 2004)
  • Першы пралёт каля Зямлі (сакавік 2005);
  • Пралёт каля Марса (люты 2007);
  • Другі пралёт каля Зямлі (лістапад 2007);
  • Сустрэча з астэроідам Штэйнс (5 верасня 2008);
  • Трэці пралёт каля Зямлі (13 лістапада 2009)[8];
  • Сустрэча з астэроідам Лютэцыя (10 ліпеня 2010);
  • Бяздзейнасць (май 2011 — студзень 2014);
  • Набліжэнне да камеце Чурумава — Герасіменка (студзень — май 2014);
  • Картаграфаванне каметы (жнівень 2014);
  • Пасадка спускальнага апарата «Філы» (12 лістапада 2014);
  • Даследаванне каметы (лістапад 2014 — снежань 2015);
  • Праходжанне перыгелія (жнівень 2015);
  • Кантралюемае сутыкненне зонда «Разета» з каметай (30 верасня 2016).

Канструкцыя

правіць

«Разета» была сабрана ў чыстым памяшканні ў адпаведнасці з патрабаваннямі COSPAR. Стэрылізацыя была не такой важнай, таму што каметы не разглядаюцца ў якасці аб’ектаў, дзе можна знайсці жывыя мікраарганізмы, затое на іх спадзяюцца знайсці малекулы-папярэднікі жыцця[9].

Электрычную энергію апарат атрымлівае ад дзвюх сонечных батарэй агульнай плошчай 64 м2[10] і магутнасцю 1 500 Вт (400 Вт у спячым рэжыме), кантралюемых энергетычным модулем вытворчасці кампаніі Terma[en], які таксама выкарыстоўваецца ў праекце «Марс-экспрэс»[11][12].

Галоўная рухальная ўстаноўка складаецца з 24 двухкампанентных рухавікоў з цягай у 10 Н. Апарат меў на старце 1 670 кг двухкампанентнага паліва, якое складаецца з монаметылгідразіну (гаручага) і тэтрааксіду азоту (акісляльніка).

Корпус з ячэістага алюмінію і разводку электрычнага сілкавання па борце вырабіла фінская кампанія Patria. Фінскі метэаралагічны інстытут  (англ.) вырабіў прыборы зонда і спускальнага апарата: COSIMA, MIP (Mutual Impedance Probe), LAP (Langmuir Probe), ICA (Ion Composition Analyzer), прыбор пошуку вады (Permittivity Probe) і модулі памяці (CDMS/MEM)[13].

Навуковае абсталяванне спускальнага апарата

правіць

Агульная маса спускальнага апарата — 100 кг. Карысная нагрузка масай 26,7 кг складаецца з дзесяці навуковых прыбораў. Спускальны апарат спраектаваны для прынамсі 10 эксперыментаў па вывучэнні структурных, марфалагічных, мікрабіялагічных і іншых уласцівасцяў ядра каметы[14]. Аснову аналітычнай лабараторыі спускальнага апарата складаюць піралізёры, газавы храматограф і мас-спектрометр[14].

Піралізёры

правіць

Для даследавання хімічнага і ізатопнага саставу ядра каметы «Філы» абсталяваны дзвюма плацінавымі піралізёрамі. Першы можа разаграваць узоры да тэмпературы 180 °C, а другі — да 800 °C. Узоры могуць разагравацца з кантралюемай хуткасцю. На кожным кроку пры павышэнні тэмпературы аналізуецца сумарны аб'ём газаў, якія вылучыліся[14].

Газавы храматограф

правіць

Асноўным інструментам дзялення прадуктаў піролізу з'яўляецца газавы храматограф. У якасці газу-носьбіта выкарыстоўваецца гелій. У апараце выкарыстоўваецца некалькі розных храматаграфічных калонак, здольных аналізаваць розныя сумесі арганічных і неарганічных рэчываў[14].

Мас-спектрометр

правіць

Для аналізу і ідэнтыфікацыі газападобных прадуктаў піролізу выкарыстоўваецца мас-спектрометр з час-пралётным (англ.: time of flying — TOF) дэтэктарам[14].

Спіс даследчых прыбораў па мэце прызначэння

правіць
  • ALICE (An Ultraviolet Imaging Spectrometer).
  • OSIRIS (Optical, Spectroscopic, and Infrared Remote Imaging System).
  • VIRTIS (Visible and Infrared Thermal Imaging Spectrometer).
  • MIRO (Microwave Instrument for the Rosetta Orbiter).

Газ і пыл

правіць
  • ROSINA (Rosetta Orbiter Spectrometer for Ion and Neutral Analysis).
  • MIDAS (Micro-Imaging Dust Analysis System).
  • COSIMA (Cometary Secondary Ion Mass Analyser).

Уплыў Сонца

правіць
  • GIADA (Grain Impact Analyser and Dust Accumulator).
  • RPC (Rosetta Plasma Consortium).

Цікавыя падзеі місіі

правіць
  • 25 лютага 2007 года «Разета» пралятала каля Марса. Падчас пралёту спускальны апарат «Філы» ўпершыню працаваў у аўтаномным рэжыме, з сілкаваннем ад уласных акумулятараў. Прыборамі спускальнага апарата з адлегласці ў 1 000 км была праведзена здымка планеты, атрыманы звесткі пра магнітнае поле Марса[15].
  • 8 лістапада 2007 года Каталінскі нябесны агляд выяўляе «астэроід» 2007 VN84, які, верагодна, здольны сутыкнуцца з Зямлёй. Астраном Дзяніс Дзенісенка першым паведаміў, што трывога беспадстаўная: гэта ўсяго толькі «Разета» рыхтуецца да гравітацыйнага манеўру каля Зямлі.
  • 4 жніўня 2008 года астэроід Штэйнс патрапіў у зону бачнасці касмічнага апарата. 14 жніўня 2008 года была здзейснена карэкцыя траекторыі палёту, што забяспечыла 5 верасня пралёт у 800 км ад астэроіда Штэйнс[16]. 6 верасня «Разета» перадала здымкі астэроіда з блізкай адлегласці[17]. На яго паверхні выяўлены 23 кратары дыяметрам звыш 200 метраў. Вузкавугольная камера NAC (Narrow-Angle Camera) пераключылася ў бяспечны рэжым за некалькі хвілін да збліжэння, і здымка была праведзена шырокавугольнай камерай WAC (Wide-Angle Camera), што істотна пагоршыла разрозненне здымкаў[18].
  • Увечар 10 ліпеня 2010 года касмічны апарат зблізіўся з астэроідам Лютэцыя. «Разета» зрабіла мноства здымкаў астэроіда. Усе жадаючыя маглі ўбачыць астэроід у прамым эфіры на адмысловай старонцы ў Інтэрнэце[19].
  • 20 студзеня 2014 года ў 10:00 па UTC (11:00 CET) «Разета» «прачнулася» ад унутранага таймера. Сігнал ад апарата быў прыняты ў 18:17 UTC (19:17 CET). Пачалася падрыхтоўка да сустрэчы з каметай Чурумава — Герасіменка.
  Вонкавыя відэафайлы
Арбітальны рух Разеты
  How to orbit a comet
  Rosetta: close orbits to lander deployment
  • У ліпені 2014 «Разета» атрымала першыя звесткі пра стан каметы Чурумава — Герасіменка. Апарат вызначыў, што ядро каметы, якое мае «няправільную» форму, штосекундна выпускае ў навакольную прастору каля 300 мілілітраў вады[20][21]. 3 жніўня 2014 года з адлегласці ў 285 км была атрымана выява з разрозненнем 5,3 метра/піксель Архівавана 3 кастрычніка 2016..
  • 7 жніўня 2014 года «Разета» наблізілася да ядра каметы на адлегласць каля 100 км[22].
  • У пачатку верасня 2014, пасля аналізу здымкаў паверхні каметы, атрыманых пры дапамозе сістэмы OSIRIS (навуковай сістэмы апрацоўкі выяў, усталяванай на «Разеце»), была складзена карта паверхні з вылучэннем некалькіх абласцей, кожная з якіх характарызуецца асаблівай марфалогіяй[23]. Акрамя гэтага, спектрограф ультрафіялетавага выпраменьвання Alice не выявіў спектральныя лініі, якія б паказвалі на наяўнасць участкаў паверхні каметы, пакрытых лёдам; у той жа час фіксуецца наяўнасць вадароду і кіслароду ў коме каметы[24].
  • Прынята рашэнне ажыццявіць пасадку на паверхню ядра каметы 12 лістапада 2014 года. Месцам пасадкі выбрана вобласць J[25].
  • 15 кастрычніка спецыялісты ЕКА пацвердзілі асноўнае месца пасадкі апарата «Філы». «Разета» знаходзілася на кругавой арбіце, у 10 км ад цэнтра чатырохкіламетровага ядра каметы. Гэта дазволіла больш дэталёва агледзець асноўнае і рэзервовае месцы пасадкі, каб завяршыць ацэнку небяспек (уключаючы абмежаванні, выкліканыя наяўнасцю валуноў)[26].
  • 12 лістапада ЕКА паведаміла пра адстыкоўку апарата «Філы» ад зонда «Разета», сігнал пра гэта паступіў у 10:03 па мясцовым часе ў Еўрапейскі цэнтр кіравання касмічнымі палётамі ў Дармштаце[27]. Спуск на паверхню ядра каметы заняў у яго каля сямі гадзін. На працягу гэтага часу апарат рабіў здымкі як самой каметы, так і зонда «Разета». Пасадка модуля ўскладнялася адмовай ракетнага рухавіка, які прыціскае апарат да грунта, што павялічыла рызыку адскоку ад каметы. Акрамя таго, не спрацавалі гарпуны, якія павінны былі замацаваць «Філы» на паверхні каметы. У 16:03 UTC адбылася пасадка апарата.
  • на 14 лістапада спускальны апарат «Філы» выканаў свае асноўныя навуковыя задачы і перадаў праз «Разету» на Зямлю ўсе вынікі ад навуковых прыбораў ROLIS, COSAC, Ptolemy, SD2 і CONSERT. Акрамя гэтага, апарат быў прыпадняты на 4 см і павернуты на 35° у спробе павялічыць асветленасць сонечных батарэй.
 
Фатаграфія каметы 67P/Чурумава — Герасіменка, зробленая 6 сакавіка 2015 года пры дапамозе камеры NAVCAM апарата «Разета» з адлегласці ў 82,9 км
  • 15 лістапада «Філы» пераключыўся ў рэжым энергазахавання (усе навуковыя прыборы і большасць бартавых сістэм выключаны) з-за вычарпання зараду батарэй на борце (кантакт страчаны ў 00:36 UTC). Асветленасць сонечных батарэй (і, адпаведна, магутнасць, якую яны выпрацоўвалі) была занадта малой для зарадкі акумулятараў і выканання сеансаў сувязі з апаратам[28]. Па здагадцы навукоўцаў, па меры набліжэння каметы да Сонца колькасць энергіі павінна было ўзрасці да велічынь, дастатковых для ўключэння апарата — такое развіццё падзей было ўлічана пры праектаванні апарата.
  • 13 чэрвеня 2015 года «Філы» выйшаў з рэжыму паніжанага энергаспажывання, была ўсталявана сувязь з апаратам[29].
  • 9 ліпеня сувязь з «Філы» спынілася з-за вычарпання запасаў энергіі ў акумулятарах апарата. Сонечныя батарэі больш не змаглі выпрацаваць дастатковую колькасць электраэнергіі для падзарадкі, таму што Філы прызямліўся ў цені[30].
  • 30 верасня 2016 года — зонд «Разета» быў накіраваны на сутыкненне з каметай Чурумава — Герасіменка, і на хуткасці 3 км/г сутыкнуўся з ёй. Гэта была кантралюемая жорсткай пасадка апарата на паверхню ў раёне «студняў» — мясцовых гейзераў. Падчас зніжэння, якое працягвалася 14 гадзін, апарат перадаваў на зямлю фатаграфіі і вынікі аналізаў газавых патокаў. Такім чынам завяршылася праграма даследавання каметы коштам 1,4 млрд еўра[3].

Навуковыя вынікі

правіць

10 снежня 2014 у анлайн-выпуску часопіса Science апублікавана артыкул 67P/Churyumov-Gerasimenko, a Jupiter family comet with a high D/H ratio[31] («67P/Чурумава — Герасіменка, камета сямейства Юпітэра з высокімі суадносінамі D/H»), у якой было адзначана больш высокая ў параўнанні з зямнымі акіянамі колькасць цяжкай вады ў лёдзе каметы — больш як у тры разу. Гэты вынік супярэчыць прынятай тэорыі, што вада Зямлі мае каметнае паходжанне[32].

23 студзеня 2015 часопіс «Science» апублікаваў спецыяльны выпуск навуковых даследаванняў, звязаных з каметай[33][34]. Даследчыкі выявілі, што асноўны аб'ём газаў, які вылучаецца каметай, прыпадае на «шыю» — вобласць злучэння дзвюх частак каметы: тут камеры OSIRIS увесь час фіксавалі паток газу і абломкаў. Члены навуковай каманды сістэмы атрымання выяў OSIRIS усталявалі, што вобласць Хапі, якая размешчана ў перамычцы паміж дзвюма буйнымі долямі каметы і дэманструе высокую актыўнасць як крыніца газапылавых патокаў, адлюстроўвае чырвонае святло менш эфектыўна за іншыя вобласці, што можа азначаць прысутнасць замарожанай вады на паверхні каметы ці неглыбока пад яе паверхняй.

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. ESA Science & Technology: Rosetta (англ.)(недаступная спасылка). — Разета на сайце ЕКА. Архівавана з першакрыніцы 13 верасня 2011.
  2. а б «Разета» адправілася на камету Чурумава — Герасіменка. Грани.ру (2 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  3. а б Апарат Rosetta завяршыў сваю 12-гадовую місію. ТАСС (30 верасня 2016).
  4. Ракета Ariane-5 з двума спадарожнікамі ўпала ў акіян адразу пасля запуску(недаступная спасылка). Грани.ру. Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  5. Палёт Rosetta да каметы Віртанена сарваны. Грани.ру. Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  6. Новай мэтай для «Разеты» стане камета, адкрытая савецкімі астраномамі. Грани.ру (12 сакавіка 2003). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011.
  7. Бурба Г. Як сесці на хвост каметы? // Вокруг света, 2005, № 12 (навукова-папулярны артыкул).
  8. "Касмічны апарат «Разета» развітаўся з Зямлёй". Кампустужка. 13 лістапада 2009 года. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2014. Праверана 6 кастрычніка 2016. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  9. "No bugs please, this is a clean planet!". European Space Agency. 30 July 2002. Праверана 7 March 2007.
  10. The Rosetta orbiter. European Space Agency (16 студзеня 2014). Праверана 13 August 2014.
  11. Stage, Mie. «Terma-elektronik v?kker rumsonde fra arelang dvale» Ingenioren, 19 January 2014.
  12. Jensen, H. & Laursen, J. «Power Conditioning Unit for Rosetta/Mars Express» Space Power, Proceedings of the Sixth European Conference held 6-10 May, 2002 in Porto, Portugal. Edited by A. Wilson. European Space Agency, ESA SP-502, 2002., p.249 Bibliographic Code: 2002ESASP.502..249J
  13. Rosetta — pyrstotahden matkassa («Разета» на шляху да каметы)
  14. а б в г д H. Rosenbauer, F. Goesmann; et al. (1999). "The COSAC Experiment on the Lander of the Rosetta Mission". Adv. Space Res. 23 (2): 333–340. doi:10.1016/S0273-1177(99)00054-X.
  15. Philae lander in first autonomous operation (англ.)
  16. Encounter of a different kind: Rozetta observes asteroid at close quarters (англ.). ЕКА (8 верасня 2008 года). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011. Праверана 6 кастрычніка 2016.
  17. Encounter of a different kind: Rosetta observes asteroid at close quarters (англ.). ЕКА (6 верасня 2008 года). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011. Праверана 6 кастрычніка 2016.
  18. A diamond in the sky (англ.). Astronomy.com (8 верасня 2008 года). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011. Праверана 6 кастрычніка 2016.
  19. Апарат ESA паказаў першыя здымкі астэроіда Лютэцыя // Lenta.ru
  20. «Разета» атрымала першыя звесткі пра камету Чурумава — Герасіменка
  21. "Здымкі Rosetta паказваюць «няправільную» форму каметы 67P/Чурумава — Герасіменка"(руск.). AstroNews. 12 ліпеня 2014 года. Архівавана з арыгінала 17 ліпеня 2014. Праверана 6 кастрычніка 2016. {{cite news}}: no-break space character у |title= на пазіцыі 67 (даведка); Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  22. «Вачамі» Разеты: разнастайнасць паверхні каметы 67Р/Чурумава — Герасіменка(недаступная спасылка) (17 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2014. Праверана 6 кастрычніка 2016.
  23. Апублікавана карта каметы 67P/Чурумава — Герасіменка(недаступная спасылка) (9 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2014. Праверана 6 кастрычніка 2016.
  24. Атрыманы першы ўльтрафіялетавы спектр паверхні каметы Чурумава — Герасіменка(недаступная спасылка) (5 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2014. Праверана 6 кастрычніка 2016.
  25. На камеце 67P/Чурумава — Герасіменка абрана месца для пасадкі(недаступная спасылка) (15 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2014. Праверана 6 кастрычніка 2016.
  26. ESA confirms the primary landing site for Rosetta (англ.)
  27. Максім Раманаў (12 лістапада 2014 года). "Робат «Філа» адстыкаваўся ад касмічнага зонда «Разета»". UfaTime.ru. Архівавана з арыгінала 12 лістапада 2014. Праверана 6 кастрычніка 2016. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  28. "Our lander's asleep"(англ.). 2014-11-15.
  29. "Rosetta's lander Philae wakes up from hibernation"(англ.). European Space Agency, Media Relations Office. 14 June 2015. Праверана 2015-06-14.
  30. Сувязь з модулем Philae на камеце Чурумава-Герасіменкі адключаць у асяроддзе назаўжды. ТАСС (26 ліпеня 2016).
  31. K. Altwegg et al. 67P/Churyumov-Gerasimenko, a Jupiter family comet with a high D/H ratio(англ.) // Science : часопіс. — 2015. — Т. 347. — № 6220. — DOI:10.1126/science.1261952 Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015.
  32. Rosetta Instrument Reignites Debate on Earth's Oceans (англ.). NASA (10 снежня 2014). Праверана 25 студзеня 2015.
  33. Staff. Special Issue: Catching a Comet (англ.) (23 студзеня 2015). Праверана 25 студзеня 2015.
  34. Chang, Kenneth (22 студзеня 2015). "Rosetta Finds Out Much About a Comet, Even With a Wayward Lander". The New York Times(англ.). Праверана 25 студзеня 2015.

Спасылкі

правіць
Схемы і мадэлі палёту Разеты