Кавалевічы (Пухавіцкі раён)

вёска ў Пухавіцкім раёне

Кавале́вічы[1] (трансліт.: Kavalievičy, руск.: Ковалевичи) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 45 км па паўднёвы захад ад Мар’інай Горкі, 48 км ад Мінск, 22 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі МінскАсіповічы, на аўтадарозе Р69 СмалявічыШацк; на рацэ Кавалёўка (прыток Шаці).

Вёска
Кавалевічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
40 чалавек (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовыя індэксы
222839
Аўтамабільны код
5
СААТА
6244863021
Кавалевічы на карце Беларусі ±
Кавалевічы (Пухавіцкі раён) (Беларусь)
Кавалевічы (Пухавіцкі раён)
Кавалевічы (Пухавіцкі раён) (Мінская вобласць)
Кавалевічы (Пухавіцкі раён)

Гісторыя правіць

Раннія часы. Вялікае Княства Літоўскае правіць

Кавалевічы ёсць старажытным паселішчам. На поўначы вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Маяк, або Гарадзішча, месцяцца археалагічныя помнікі — гарадзішча, 2 могільнікі, 2 курганы. Аляксандр Ельскі адзначаў, што гарадзішча мясцовыя людзі называюць таксама Замчышчам[2].

У 1605 годзе вёскай валодалі Януш Радзівіл і яго жонка Соф’я з Алелькавічаў, апошняя з роду Алелькавічаў, слуцкіх князёў. У гэты час вёска ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Дакументам ад 14 сакавіка 1606 года, засведчаным у трыбунале віленскім, Януш і Сафія Радзівілы аддаюць у заклад Кавалевічы разам з Сяргеевічамі і з даменам Хатляны, Свянтохне Акунёўне Бальцаровай Раецкай, войскай троцкай, у суме 4000 кап грывень літоўскіх, заклад з часам быў выплачаны. У радзівілаўскім інвентары землі згадваюцца як «бакштанскія» (г. зв. «Бакштанскае графства»). Пазней спадчыннікамі сталі Якуб і Ганна Прошыцы, якія ў 1617 годзе прадалі Кавалевічы і суседнія вёскі Янушу Быхаўцу.

Януш Быхавец канфліктаваў з суседам Андрэем Вінкам, які жыў у суседнім Шацку. Яны рабілі ўзаемныя шляхецкія наезды, а ў 1620 годзе Вінка са збройным атрадам знішчыў Кавалевічы і суседнія Таўкачэвічы з рэзідэнцыяй Быхаўца, ды забіў апошняга[2]. Гэтая справа разбіралася ў трыбуналах праз нашчадкаў забітага, скончылася ў Навагрудку ў 1628 годзе. Быхаўцам былі пацверджаныя правы на зямлю, але неўзабаве яны праз доўг перайшлі да Заранкаў герба Корчак, а ў 1748 годзе былі канчаткова выкупленыя імі ва ўласнасць, належалі да дамена Дудзічы. Казімір Заранак, сын Браніслава, падчашы ваўкавыскі, з жонкай Лахоўскай меў дзвюх дачок: Елізабету і Аляксандру, для якіх у 1748 годзе набыў дадатковыя землі вакол уладанняў. Падзяліў іх на 2 часткі: дамен Хатляны ўзяла Елізабета, у шлюбе Завіша; Аляксандра, якая не была ў шлюбе, атрымала Дудзічы з прылеглымі вёскамі, у тым ліку Кавалевічы.

Кавалевічы на плане генеральнага межавання Мінскай губерні, 1800 г.

Каля 1760 года Казімір Заранак памёр, Дудзічамі і ваколіцамі валодала асабіста Аляксандра. 27 верасня 1767 года Аляксандра пабралася шлюбам з Юзафам Прозарам старостам жмудскім, пазней ваяводам віцебскім. Яны мелі дзвюх дачок: Барбару і Ружу. Аляксандра Прозарава памерла ў Дудзічах у 1768 годзе, дочкамі да паўналецця апекаваўся Юзаф Прозар, пазней перадаўшы апеку ксяндзу Букатаму, канцыляру віленскай кафедры. У 1785 годзе Барбара і Ружа выйшлі замуж, а пазней падзялілі маёмасць. Кавалевічы з навакольнымі вёскамі атрымала Барбара, якая пабралася шлюбам з Францішкам Букатым[d], падкаморыем надворным і шамбелянам, пазнейшым паслом Рэчы Паспалітай ў Вялікабрытаніі. Праз тое, што Францішак Букаты быў паслом у Лондане, ён не мог даглядаць свае ўладанні на Літве, таму даверыў гэта прэлату Антонію Букатаму.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. Францішак Букаты памёр у 1797 годзе, а Барбара Букатова з Прозараў другі раз пабралася шлюбам з Ксаверыем Ліпскім герба «Грабе», кашталянам лянчыцкім, ды ўсю маёмасць перапісала яму.

Каля 1830 года Кавалевічы былі адабраныя на карысць крэдытораў, потым іх купіў Тадэвуш Завіша. Ян Завіша, сын Тадэвуша ў 1859 годзе прадаў Кавалевічы Касперу, аднаму з сыноў Ліпскага. Па смерці бяздзетнага Каспера Ліпскага ў 1861 годзе Кавалевічы перайшлі Ельскім, кроўным памерлага. Аднак праз даўгі Ельскія не маглі ўтрымліваць Кавалевічы, таму імі валодалі розныя асобы, пакуль не сталі ўласнасцю Івана Андрэевіча Бунге. У 1870 годзе сяло і маёнтак у Шацкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. У 1880 годзе ў маёнтку быў заснаваны вінакурны завод, у якім у 1913 годзе працавала 7 рабочых.

 
Карта ваколіц Шацка 1927 года, на якой пазначана вёска Кавалевічы

У 1897 годзе ў сяле быў хлебазапасны магазін, капліца. У 1913 годзе адкрытае земскае народнае вучылішча.

Найноўшы час правіць

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы.

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. За савецкай уладай народнае вучылішча было пераўтворанае ў працоўную школу 1-й ступені, у 1922 годзе было 20 вучняў. У пачатку 1930-х гадоў створаны калгас «Чырвоны пуцілавец», была кузня, лесапільны і вапнавы заводы, збудаваныя ў 1933 годзе.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй. У ваколіцах вёскі дзейнічала савецкая партызанская брыгада «Беларусь». У верасні 1943 года нацысты спалілі вёску, загубілі 73 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўленая.

Да 29 чэрвеня 2006 года вёска ўваходзіла ў склад Сяргеевіцкага сельсавета[3]. З 2006 года па 28 мая 2013 года ў складзе Праўдзінскага пассавета[4].

Насельніцтва правіць

  • 1800 — 26 двароў, 181 жыхар
  • 1870 — 117 жыхароў мужчынскага полу
  • 1897 — сяло, 56 двароў, 395 жыхароў; маёнтак, 4 двары, 59 жыхароў
  • 1908 — сяло, 73 двары, 538 жыхароў; маёнтак, 17 жыхароў
  • 1917 — сяло, 90 двароў, 520 жыхароў; хутар, 13 двароў, 109 жыхароў
  • 1940 — 110 двароў, 430 жыхароў
  • 1960 — 303 жыхары
  • 1999 — 79 жыхароў
  • 2002 — 44 двары, 70 жыхароў
  • 2010 — 40 жыхароў
  • 2012 — 24 гаспадаркі, 33 жыхары

Вядомыя ўраджэнцы правіць

Славутасці правіць

Страчаная спадчына правіць

  • Капліца

Спіс вуліц правіць

  • Цэнтральная вуліца[5]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. а б Jelski A. 1883, с. 507.
  3. Решение Минского областного Совета депутатов от 29 июня 2006 г. №222 "Об упразднении Горелецкого, Краснооктябрьского, Селецкого, Сергеевичского сельсоветов и изменении границ Новоселковского, Пуховичского, Ветеревичского сельсоветов и Правдинского поссовета Пуховичского района" (руск.)
  4. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
  5. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса(недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2022. Праверана 8 сакавіка 2020.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць