Кадышскі бой (1863)
Кадышскі бой 1863. Адбыўся 21 — 22 мая 1863 г. у ходзе паўстання 1863—1864 гг. паміж паўстанцкімі атрадамі Аўгустоўскага павета і ўрадавымі войскамі каля в. Кадыш (цяпер у Гродзенскім раёне). Напярэдадні бою атрад пад камандаваннем Ваўра знаходзіўся на паўднёвым беразе Аўгустоўскага канала, атрады Бранта і В. Гласкі — уздоўж дарогі паміж Сапоцкінам і Кадышом. Урадавыя войскі 2 калонамі ў складзе 2 пяхотных рот і 1 кавалерыйскага ўзвожа рушылі на іх з поўначы праз в. Капцёва і Вейселі (цяпер у Літве) і 20 мая выйшлі на левы бераг р. Чорная Ганча (левы прыток Нёмана) каля в. Кадыш. 21 мая, каб не дапусціць іх пераправы на правы бераг, атрады Бранта і Гласкі напалі на праціўніка. У ходзе бою паўстанцы панеслі страты каля 20 чал. забітымі і палоннымі і былі вымушаны адысці на Захад, у Аўгустоўскую пушчу. 22 мая ім на дапамогу падаспеў значна большы атрад Ваўра, які пасля 18-кіламетровага маршу атакаваў царскія войскі і сарваў праследаванне атрадаў Бранта і Гласкі. Разбітыя карнікі адступілі назад у Кадыш, вечарам таго ж дня паўстанцкія атрады рушылі на захад у глыб Аўгустоўскай пушчы на р. Марыха. Сяляне навакольных вёсак Галавенчыцы, Гарачкі, Зацішша і інш. пахавалі загінуўшых паўстанцаў у брацкай магіле, якая знаходзіцца за 500 м на паўночны захад ад Кадыша каля шашы Сапоцкін — Капчамесціс. На магіле пастаўлены драўляны і металічны крыжы, чорна-шэрая гранітная пліта з надпісам на польскай мове «Воінам 1863 года. 1927 год».
Літаратура
правіць- Zielinski, S. Bitwy i potyczki 1863—1864. — Rapperswil, 1913. — S. 258—259.
- Барысаў, І., Бажэнаў, Ю. Кадышскі бой 1863 / Ілья Барысаў, Юрый Бажэнаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 523. — ISBN 985-11-0041-2.