Казімір Леў Сапега
Казімір Леў Сапега (15 ліпеня 1609, Вільня — 19 студзеня 1656, Берасце) — вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі (1631—1637), маршалак дворны літоўскі (1637—1645), падканцлер літоўскі (з 1645), адміністратар Берасцейскай эканоміі, староста рагачоўскі. Выбіраўся паслом на сеймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.
Казімір Леў Сапега | |
---|---|
![]() | |
![]() | |
Нараджэнне |
15 ліпеня 1609[1] |
Смерць |
19 студзеня 1656[1] (46 гадоў) |
Месца пахавання | |
Род | Сапегі |
Бацька | Леў Сапега[1] |
Маці | Альжбета з Радзівілаў[1] |
Жонка | Тэадора з Тарноўскіх[d][1] |
Адукацыя | |
Дзейнасць | палітык |
![]() |
Біяграфія Правіць
Сын канцлера літоўскага Л. І. Сапегі, брат Яна Станіслава і Крыштафа Міхала Сапегаў. Пачатковую адукацыю атрымаў дома і ў Віленскай акадэміі, з 1621 года разам з братам Крыштафам Міхалам вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Мюнхене і Інгальштацкім універсітэце. У 1624 годзе Крыштаф Міхал захварэў на сухоты, што вымусіла абодвух Сапегаў вярнуцца ў ВКЛ. Праз некаторы час браты зноў вучыліся ў Еўропе, гэтым разам у Лёвенскім універсітэце, які скончылі ў 1627 годзе. Далей вучыліся ў Бруселі, адкуль браты пераехалі ў Італію дзе вучыліся ва ўніверсітэтах Балоньі (1628) і Падуі (1629). Хвароба Крыштафа Міхала вымусіла ў 1629 братоў зноў вярнуцца ў ВКЛ.
У ліпені 1631 года атрымаў урад каралеўскага сакратара, 22.9.1631 і пісара вялікага літоўскага. Займаўся ўпарадкаваннем архіву Кароны. Браў удзел у канвакацыйным сойме (1632). Удзельнічаў у заключэнні выгаднага для Рэчы Паспалітай Палянаўскага мірнага дагавора (1634), меў вялікі давер караля Уладзіслава Вазы. У маі 1637 года атрымаў урад маршалка дворнага літоўскага. Быў паслом на сойм у 1637 годзе. 6.3.1645 атрымаў урад падканцлера літоўскага. Быў паслом на сойм у 1647 годзе. Пасля смерці караля Уладзіслава Вазы (1648) быў адным з чатырох яго душапрыказчыкаў. Падчас элекцыі быў прыхільнікам Яна Казіміра Вазы, хоць перад гэтым падтрымліваў Карла Фердынанда Вазу, які лічыў К. Л. Сапегу сваёй апорай у ВКЛ у час безкаралеўя.
Браў удзел у вайне з казакамі на Украіне (1648—1653), заключэнні Збораўскага пагаднення, бітве пад Берастэчкам. Канфліктаваў з Янушам Радзівілам, бо сам хацеў заняць урад вялікага гетмана. Удзельнічаў у большасці соймаў 1652—1654 гадоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) выставіў уласны полк. Выступіў супраць пагаднення Януша Радзівіла з Карлам X Густавам. Восенню 1655 года пад Берасцем каардынаваў баявыя дзеянні супраць маскоўскіх і шведскіх войскаў, аднак стан яго здароўя ў той час пагоршыўся. У лістападзе 1655 года, пасля паразы пад Вярховічамі, фармальна прызнаў шведскі пратэктарат над ВКЛ. На пачатку 1656 года атрымаў ад Яна Казіміра Вазы даручэнне весці перамовы пра мір з царом Аляксеем Міхайлавічам, але даручэння таго не выканаў, бо памёр.
Валодаў латыфундыяй з цэнтрам у Ружанах, дамогся ад караля прывілеяў на магдэбургскае права і кірмашы для сваіх мястэчак Бялынічы, Талачын, Бешанковічы, Ружаны.
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі — Мн.: Віктар Хурсік, 2017. — С. 57. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
Літаратура Правіць
- Sapieha E. Dom Sapieżyński. — Warszawa, 1995;
- Грыцкевіч А. П. Сапега Казімір Леў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Мн., 2002. — Т. 14. — С. 169.
- Грыцкевіч А. Сапегі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 545—550. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.;
- Сапега Казімір Леў // Красюк Ф. Ф. Зецела і яго ўладары. — Дзятлава. — 2007. — С. 9.
- Сапега Казімір Леў // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. — Мн., 1997. — С. 38-39.
- Сапегі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 6. — Мн., 2001. — С. 222—228.
- Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. — Мн., 2008.