Каланіяльны перыяд гісторыі ЗША

Каланіяльны перыяд гісторыі ЗША — перыяд засялення еўрапейцамі Паўночнай Амерыкі. Ён ахапіў XVI—XVIII стагоддзі. Тым не менш, некаторыя пісьмовыя крыніцы і археалагічныя дадзеныя пацвярджаюць, што ў эпоху Сярэднявечча вікінгі будавалі свае паселішчы на тэрыторыі паўночнаамерыканскага кантынента.

Старажытная гісторыя правіць

Людзі на тэрыторыі ЗША ўпершыню з’явіліся, паводле ацэнак археолагаў, ад 12 да 40 тыс. гадоў таму. Як мяркуецца, яны трапілі сюды праз Аляску, якая ў той час злучалася з Азіяй.

Першыя спробы еўрапейцаў асвоіць тэрыторыю правіць

У 1513 г. іспанскія каланісты, на чале якіх быў Хуан Понсэ дэ Леон, высадзіліся ў Фларыдзе і пачалі асваенне тэрыторыі, якая пазней стала часткай ЗША[1].

Пасля гэтага на працягу ўсяго XVI ст. іспанскія, партугальскія і французскія даследчыкі вандравалі па розных частках тэрыторыі будучых ЗША з мэтай будаўніцтва калоній. З цягам часу тэрыторыя ў раёне р. Місісіпі стала ўладаннем Францыі, а значная частка заходняга рэгіёна сучасных Злучаных Штатаў належала іспанскай калоніі Мексіка.

Першыя брытанскія калоніі правіць

У 1585 г. на востраве Роўноўк Айлэнд (сучасная Паўночная Караліна) шэраг брытанскіх маракоў на чале з У. Рэйлі зрабіла першую няўдалую спробу заснаваць трывалае пасяленне. Праз 2 гады была зроблена аналагічная экспедыцыя з тым жа вынікам[2].

Але ў 1607 г. камерцыйная Вірджынская кампанія здолела заснаваць горад Джэймстаўн на тэрыторыі сучаснага штата Вірджынія. Пасля гэтага пачалося актыўнае камерцыйнае і гаспадарчае асваенне навакольных тэрыторый. А з 1624 г. Вірджынія перастала быць карпаратыўным уладаннем і стала каралеўскай калоніяй.

«Мэйфлаўэр» правіць

У 1620 г. у Вірджынію адправіўся карабель з англійскімі пурытанамі, якія пражывалі як бежанцы ў Галандыі. Рэч была ў тым, што па прычыне іх рэлігійных поглядаў і грамадзянскай пазіцыі пурытане мусілі пакінуць Вялікабрытанію. Урад Галандыі станоўча ставіўся да іх веры і быў у стане канкурэнтнай барацьбы з Вялікабрытаніяй. Таму мноства пурытан перасялілася ў Галандыю. Але на новай радзіме яны сутыкнуліся з дыскрымінацыяй з боку мясцовых пурытан: напрыклад, англічанам не давалі магчымасці займацца пэўнымі відамі працы альбо рабіць кар’еру ў Царкве.

Некаторыя сем’і эмігрантаў вырашылі перасяліцца ў Вірджынію, якая тады належала прыватнай англійскай кампаніі і давала больш шансаў на свабоду веравызнання. Але карабель «Мэйфлаўэр», на якім яны плылі, збіўся з курсу ў выніку шторму, і перасяленцы апынуліся некалькі далей у паўночным напрамку ад сваёй мэты. Так была заснавана калонія Новая Англія.

Розныя катэгорыі перасяленцаў правіць

Па нацыянальным складзе будучыя 13 штатаў засялялі пераважна англічане, галандцы і шведы. Паводле іншых характарыстык, гэта былі ўсе, хто быў незадаволены жыццём у Старым Свеце. Нярэдка прадстаўнікі варагуючых бакоў, напрыклад, манархісты і рэспубліканцы, засялялі розныя амерыканскія калоніі і мірна жылі на новым месцы. Часам гэта тэндэнцыя закранала і ўнутраную міграцыю: калі пэўная частка жыхароў адной калоніі была незадаволена жыццём, яны перасяляліся на іншыя землі і ўтваралі новую калонію.

Сярод перасяленцаў можна вылучыць наступныя катэгорыі:

  • Англійскія сяляне, якіх сагналі з іх зямель у выніку палітыкі агароджвання.
  • Пурытане, якія масава перасяляліся да Англійскай рэвалюцыі (1640—1660 гг.) у Амерыку па прычыне рэпрэсій каралеўскага ўрада на радзіме. У 1630 г. яны заснавалі Калонію Масачусэтскага заліва, цяпер вядомую як штат Масачусэтс.
  • Англійскія манархісты, асабліва дваране, якія беглі ад рэпрэсій падчас Англійскай рэвалюцыі (1640—1660 гг.). Многія з іх пасяліліся на Поўдні сучасных ЗША.
  • Розныя невялікія напрамкі хрысціянства, якія цярпелі ад дыскрымінацыі ў розных краінах Еўропы: квакеры, менаніты, амішы, баптысты і мараўскія браты[3]. Так, мецэнат Вільям Пэн у 1682 г. заснаваў г. Філадэльфія і калонію Пенсільванія.
  • Шукальнікі прыгод і лепшай долі з розных краін Еўропы. Асабліва пасля 1680 г. эмігрантаў з Вялікабрытаніі стала менш, чым з іншых краін Еўропы[4].
  • Чорныя рабы з Афрыкі і іншых рэгіёнаў амерыканскага кантынента.

Заснаванне новых калоній правіць

Лёс галандскіх калоній правіць

З пачатку ХVII ст. галандскія каланісты пачалі асваенне зямель сучаснага штата Нью-Ёрк. У 1624 г. яны заснавалі горад Новы Амстэрдам, які сёння вядомы як Нью-Ёрк. Аднак з другой паловы ХVII ст. пасля Рэвалюцыі ўрад Вялікабрытаніі пачаў праяўляць больш увагі да сваіх валоданняў на атлантычным узбярэжжы Амерыкі з мэтай выціснуць усіх канкурэнтаў. У гэты жа час на землях, падкантрольных галандскім каланістам, пачалі масава сяліцца англійскія каланісты. Спачатку кіраўніцтва галандскіх калоній яшчэ трымала пад кантролем сітуацыю, і англійскія перасяленцы ў галандскіх уладаннях падпарадкоўваліся мясцовай каланіяльнай адміністрацыі, але вельмі хутка англічан стала так шмат, што адбылася поўная асіміляцыя галандцаў.

Каланізацыя 1630-1730-х гг. правіць

У 1630-х гг. падчас унутранай міграцыі каланістаў пачалося засяленне зямель цяперашняга штата Род-Айленд.

У 1660-х гг. ішло актыўнае засяленне Паўночнай i Паўднёвай Караліны з заснаваннем буйных плантацый і дробных фермерскіх гаспадарак.

Да 1730-х гг. асноўная частка тэрыторыі пад кантролем Вялікабрытаніі была заселена і мела межы з іспанскімі і французскімі валоданнямі. У 1732 г. была заснавана апошняя з 13 калоній, якія ўвайшлі ў склад ЗША, — Джорджыя.

Развіццё калоній у ХVIIІ ст. правіць

У ХVIIІ ст. калоніі дасягнулі свайго росквіту. Сфарміравалася адносна дэмакратычная сістэма самакіравання. Адкрываліся ўніверсітэты і публічныя бібліятэкі, што было б малаверагодным пры адсутнасці стабільнага эканамічнага росту.

Адносіны каланістаў з індзейцамі правіць

Індзейцы ўяўлялі сабой мноства плямёнаў і саюзаў плямёнаў, якія не мелі дакладна акрэсленых межаў сваіх уладанняў і не вельмі шчыльна засялялі кантынент. Толькі каля пачатку ХІХ ст. індзейцы сталі адносіцца да белых каланістаў Амерыкі як да ворагаў. На працягу ўсяго папярэдняга каланіяльнага перыяду адносіны да белых перасяленцаў былі рознымі. Часам індзейцы рабіліся саюзнікамі белых альбо дзелавымі партнёрамі, з якімі гандлявалі. Часам паміж каланістамі і індзейцамі ішлі войны мясцовага значэння. У некаторых выпадках індзейцы рабіліся васаламі каланістаў. У дзвюх буйных войнах паміж еўрапейцамі, Французскай і індзейскай  (бел. (тар.)) (1754—1763 гг.) і Вайне за незалежнасць (1775—1783 гг.), шэраг плямёнаў ваявалі на адным баку супраць іншых плямёнаў, якія ваявалі на другім[5]. Ваявалі індзейцы і паміж сабой, напрыклад, калі еўрапейцы зганялі іх далей ад Атлантыкі, і яны ваявалі за новыя землі з іншымі плямёнамі.

Як заўважыў прафесар Дональд Уізэнхант, «індзейцы для каланістаў былі перашкодай» (they were viewed as an obstacle)[6]. Таму каланісты рознымі спосабамі забіралі зямлю ў індзейцаў: куплялі ці аднімалі сілай. На ранніх этапах каланіяльнага перыяду, калі ў індзейцаў зямлі было шмат, былі выпадкі, што індзейцы самі дазвалялі белым сяліцца ў межах сваіх уладанняў, бо разважалі, што рэсурсаў для земляробства, палявання, збіральніцтва хопіць на ўсіх. Але з ростам белага насельніцтва калоній гэта спынілася.

Няправільна лічыць, што індзейцы баяліся агнястрэльнай зброі. Падобна да плямёнаў Сібіры, яны хутка навучыліся ёю карыстацца. Аднак да пачатку ХІХ ст. індзейцы не разглядалі каланістаў так, як іх разглядалі самі каланісты, — як перашкоду. Таму метадычнае вынішчэнне асобных плямёнаў каланістамі заставалася праблемай гэтых плямёнаў. Да таго ж белае насельніцтва калоній расло, а сагнаныя з зямель індзейцы, не гатовыя да пераходу да новых спосабаў вядзення гаспадаркі, паміралі масава, і іх колькасць скарачалася.

Рабства ў калоніях правіць

Першыя чорныя рабы былі завезены ў паўднёвыя калоніі ў 1619 г[7]. Але індзейцаў, захопленых у палон альбо купленых за грошы, ужо да гэтага прымушалі да паднявольнай працы. Цікава, што калі ў 1675 г. індзейцы поўдня Новай Англіі паўсталі супраць белых і былі разбіты, некалькі соцень палонных паўстанцаў зрабілі рабамі[8].

Да 1660-х гг. раб мог атрымаць свабоду на пэўных умовах, часцей за ўсё за выдатную працу на гаспадара. Але ў 1660-я гг. гадоўля тытуню, цукровага трыснягу і г.д. на плантацыях прывяла да адмены ўсіх магчымасцяў выкупіць свабоду, і рабства, у тым ліку масавы завоз чорных нявольнікаў, набыло сістэмны характар.

Зноскі

  1. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p. 10.
  2. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p. 12.
  3. Цікава, што ў ЗША ХІХ ст. падобным чынам новаўтвораны рэлігійны рух — мармоны таксама перасяліліся на захад ЗША ў раён г. Солт-Лэйк-Сіці, каб пазбегнуць дыскрымінацыі ў іншых штатах.
  4. Падрабязны аналіз розных хваляў эміграцыі ў Злучаныя Штаты і гісторыя ўтварэння абшчынных суполак прыводзіцца ў лекцыі «Амерыканскія абшчыны і іх рассяленне» д-ра Рычарда Канья: R. Kania. American Community and Neighborhood (англ.) Гл. таксама беларускі пераклад.
  5. Супрацьстаянне розных індзейскіх плямёнаў падчас Французскай і індзейскай вайны добра апісана ў рамане «Апошні з магікан» Дж. Ф. Купера.
  6. Фраза прагучала падчас лекцыі на англійскай мове для студэнтаў факультэта міжнародных адносін БДУ ў аддзяленні на вул. Маякоўскага, 96 у Мінску зімой 2004—2005 гг., калі прафесар пад эгідай дзяржаўнай адукацыйнай праграмы чытаў курс лекцый па гісторыі ЗША. Лекцыя была прысвечана каланіяльнаму перыяду і вайне за незалежнасць.
  7. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p. 25.
  8. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p. 20.