Калежскі саветнік

Калежскі саветнік — грамадзянскі чын VI класа ў Табелі аб рангах (Расійская імперыя). Па статуце быў ніжэй за стацкага саветніка і вышэй за надворнага саветніка, тытулаваўся «ваша высокаблагароддзе». Быў роўны па прававым становішчы ваеннаму саветніку. Па гэтым чыне да 1845 года надавалася спадчыннае дваранства. З 1803 года ўзводзіць у гэты чын мелі права дзяржаўныя службоўцы па статусе не ніжэй за міністра і яму роўныя. Назва чыну паходзіць ад пасады саветніка ў пятроўскай калегіі, гэта значыць службовай асобы, якая з'яўляецца абавязковым членам калегіі. У гэты чын аўтаматычна ўзводзіліся павятовыя правадыры дваранства (незалежна ад чыну, які быў раней або звання ніжэйшых класаў) у тым выпадку, калі яны абіраліся на пасаду паўторна.

Калежскія саветнікі маглі займаць сярэднія кіруючыя пасады: начальнік аддзялення, справавод у цэнтральных установах і інш.