Кальварыя (прадмесце)

прадмесце
(Пасля перасылкі з Кальварыя, прадмесце)

Кальва́рыя, Кальвары́йскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, уздоўж шляху да Кальварыйскіх могілак і вакол іх. Архітэктурная дамінантай мясцовасці быў могілкавы касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які захаваўся да нашага часу.

Кальварыйскае прадмесце, удалечыні відаць брама Кальварыйскіх могілак

На захадзе ад Кальварыі месціцца прадмесце Цівалі, на поўначы — Міхалянка, на ўсходзе — Татарская Слабада, на поўдні — Тучынка[1][2].

Гісторыя правіць

 
Касцёл Усвіжання Святога Крыжа ў наш час

У XVIII ст. на ўзгорку, што размяшчаўся на Ракаўскім гасцінцы (раён цяперашняй вуліцы Кальварыйскай), адкрыліся каталіцкія могілкі. Назва могілак паходзіць з лацінскай мовы і перакладаецца, як чэрап, лысая гара, што для хрысціян разумеецца як Галгофа[3].

Ужо ў канцы XVIII — пачатку XIX стст. на гэтых могілках існаваў драўляны касцёл з «высокімі вежамі», які ў 1830 годзе разабралі з прычыны старасці[4]. У 1830 годзе мінскі гісторык і збіральнік даўніны Юрый Кабылянскі пабудаваў могілкавую ўваходную браму. У верхняй яе частцы знаходзіцца надпіс на польскай мове, з якога відаць, што пад адной з масіўных апораў пахаваная жонка гісторыка — Юзэфа. У 1839 годзе на могілках збудавалі капліцу (цяпер гэта Касцёл Узвіжання Святога Крыжа), у якой быў пахаваны знакаміты беларускі мастак Ян Дамель. За алтаром капліцы знаходзілася велічная фрэска — выява гары Іерусалімскай Кальварыі, крыжовай Галгофы. «У цэнтры гэтай фрэскі вялікі, у пазалачонай раме вобраз Хрыстоса, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамеля», — пісаў у сваім гістарычна-краязнаўчым нарысе «Мінск» вядомы паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвіг Кандратовіч)[5].

Паводле сведчанняў беларускага падарожніка Паўла Шпілеўскага яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. могілкі атачаў «арэхавы лес, багаты на грыбы і ягады»[6]. У «Спісе домаўладальнікаў… г. Мінска», які датычыцца 1866—1867 гадоў, згадваецца «Кальварыя (урочышча) — 6 дамоў»[4].

 
Могілкавая брама ў наш час

У сувязі з ростам горада ў пачатку XX ст. Кальварыя ўвайшла ў склад Мінска, у пятую паліцэйскую частку. Гэтую ж назву атрымала навакольнае прадмесце, праз якое праходзіла Кальварыйская вуліца[7].

За часамі БССР камуністы перайменавалі Кальварыйскую вуліцу ў гонар Іосіфа Апанскага — савецкага чэкіста, які ўвайшоў у гісторыю як змагар супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У 1993 годзе вуліцы Апанскага вярнулі гістарычную назву[8].

На пасяджэнні 6 мая 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліцаў і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліцы Кальварыйская — праезд Кальварыйскі — могілкі «Кальварыя» назвы «Кальварыйскі»[9].

Сучаснасць правіць

На Кальварыйскіх могілках да нашых дзён захавалася мураваная брама, помнік класіцызму, выкананая ў характэрнай традыцыі беларускага дойлідства, а таксама неагатычны Касцёл Узвышэння Святога Крыжа.

Ад назвы прадмесця і могілак пайшлі такія мінскія тапонімы, як Кальварыйская вуліца, Кальварыйскі праезд і Кальварыйскі сквер.

Цікавыя факты правіць

Галерэя правіць

Зноскі правіць

  1. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 231
  4. а б в Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  5. Лакотка А. І. Кальварыя // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 548
  6. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 468
  7. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008
  8. Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы Архівавана 26 студзеня 2009. // «Минск старый и новый», 28.11.2005
  9. У Менску з'явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі Архівавана 3 чэрвеня 2009. // Наша Ніва, 14 мая 2009
  10. Пазняк 3. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў.— Мн.: Нар. асвета, 1985.— 111 с, іл.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць