Калінкавіцкі строй

Калінкавіцкі строй – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Усходнім Палессі. Бытаваў у XIX – 1-й паловы XX ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім раёнах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных фальбонак, каўнярамі жаночых кашуляў, прыгожымі багата аздобленымі гарсэтамі.

Калінкавіцкі строй XIX ст. Музей старажытнабеларускай культуры

Жаночае адзенне правіць

Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца-андарак, фартух, гарсэт, галаўны ўбор.

 
Дзяўчына ў калінкавіцкім строі. Фота 2007 г.

Кашулю шылі з трох полак саматканага белага палатна, з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным прышытым ці здымным каўняром з мноствам пышных фальбонак, падобным да каўняра заходнееўрапейскага свецкага касцюма XVI ст. Аздаблялі кашулю натыканнем (пераборы), вышыўкай на каўняры (процягам, пляцёнкай, крыжыкам, сакаленнем), рукавах (шырокая паласа арнаменту ў верхняй частцы рукава ў адных выпадках рэзка абрывалася, у другіх – паступова пераходзіла ў больш лёгкі, празрысты малюнак), плечавых устаўках, падоле, а таксама карункамі, мохрыкамі, нашыўкамі тканін.

Спадніцу-андарак кроілі з чатырох полак саматканага сукна ў вертыкальныя пункцірныя рознаколерныя паскі на сакавіта-малінавым фоне і ў рознаколерныя паскі на цёмна-чырвоным фоне, якія ўтваралі буйную клетку. Да верху спадніцы, сабранага ў дробныя складкі, прышывалі спецыяльна вытканы пояс.

Фартух шылі з дзвюх полак палатна, злучалі іх дэкаратыўным швом-расшыўкай. Белае поле фартуха натыкалася строгім арнаментам з прамавугольнікаў і квадратаў і тонка распрацаваным арнаментам гарызантальных палос.

Гарсэт шылі з тонкага саматканага, злёгку прываленага сукна або фабрычных тканін – шарсцянкі, аксаміту, атласу, саціну чорнага (радзей цёмна-фіялетавага, цёмна-вішнёвага ці сіняга). Кроіўся прыталеным з баскай у форме чатырох кліноў або пышнай фальбоны, зашпіляўся спераду на гаплікі. Крыссё яго абапал засцёжкі аздаблялі нашыўкай тасьмы розных колераў, упрыгожвалі металічнымі і касцянымі гузікамі, машыннай ці ручной строчкай.

Традыцыйнымі галаўнымі ўборамі дзяўчат былі вянкі, розныя паводле крою і аздаблення павязкі накшталт маленькіх ручнікоў – скіндачкі. Замужнія жанчыны насілі наміткі, хусткі, чапцы са скіндачкай, донца якіх вышывалася густым чырвоным арнаментам.

Мужчынскае адзенне правіць

 
Калінкавіцкі строй. Паштовая марка Беларусі

Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля з поясам і нагавіцы. Тунікападобную кашулю шылі з белага кружэльнага палатна, аздаблялі паскамі геаметрычнага арнаменту на каўняры, пазусе, плячах, рукавах і падоле. Адзенне дапаўнялася галаўным уборам (магерка, аблавуха), скураной кайстрачкай-калітой, а таксама скураным чэхлікам для ножыка, грабеньчыка.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць