Камп’ютар
Камп’ю́тар (англ.: computer) — машына, якая апрацоўвае даныя згодна са спісам інструкцый.
Сучасны камп’ютар складаецца з абсталявання, якое прадстаўляе фізічныя часткі камп’ютара (працэсар, клавіятура, манітор і г. д.), і праграмнага забеспячэння (аперацыйнай сістэмы і прыкладных праграм).
Камп’ютары маюць некалькі фізічных форм. Першыя прылады, якія нагадваюць сучасны камп’ютар, з’явіліся ў сярэдзіне 20-га стагоддзя (прыкладна ў 1940—1945), але машыны, падобныя на камп’ютары, існавалі і раней. Першыя электронныя камп’ютары мелі памер вялікіх памяшканняў, спажывалі электрычнай энергіі як некалькі соцень сучасных персанальных камп’ютараў.
У цяперашні час камп’ютары выкарыстоўваюцца практычна ва ўсіх абласцях чалавечай дзейнасці.
Этымалогія
правіцьСлова камп’ютар — вытворнае ад англійскіх слоў to compute, computer, якія перакладаюцца як «вылічаць», «вылічальнік» (англійскае слова, у сваю чаргу, паходзіць ад лацінскага computāre — «вылічаць»). Першапачаткова ў англійскай мове гэта слова азначала чалавека, які робіць арыфметычныя вылічэнні з прыцягненнем або без прыцягнення механічных прылад. У далейшым яго значэнне было перанесена на самі машыны. Сучасныя камп’ютары, аднак, выконваюць мноства задач, не звязаных напрамую з арыфметыкай.
Упершыню трактоўка слова «камп’ютар» з’явілася ў 1897 годзе ў Оксфардскім слоўніку англійскай мовы. Яго складальнікі тады разумелі камп’ютар як механічную вылічальную прыладу. У 1946 годзе слоўнік папоўніўся дапаўненнямі, якія дазваляюць падзяліць паняцці лічбавага, аналагавага і электроннага камп'ютара.
Лічбавы або аналагавы
правіцьФундаментальным рашэннем пры праектаванні камп’ютара з’яўляецца выбар, ці будзе ён лічбавай або аналагавай сістэмай. Лічбавыя камп’ютары працуюць з дыскрэтнымі лікавымі або сімвальнымі пераменнымі; аналагавыя прызначаны для апрацоўкі бесперапынных патокаў уваходных даных. Сёння лічбавыя камп’ютары маюць значна шырэйшы дыяпазон прымянення, хоць іх аналагавыя сабраты ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца для некаторых спецыяльных мэт. Варта таксама згадаць, што тут магчымыя і іншыя падыходы, якія прымяняюць, напрыклад, у імпульсных і квантавых вылічэннях, аднак пакуль што яны з’яўляюцца альбо вузкаспецыялізаванымі, альбо эксперыментальнымі рашэннямі.
Прыкладамі аналагавых вылічальнікаў, ад простага да складанага, з’яўляюцца: намаграма, лагарыфмічная лінейка, астралябія, асцылограф, тэлевізар, аналагавы гукавы працэсар, аўтапілот, мозг.
Сярод найбольш простых дыскрэтных вылічальнікаў з'яўляюцца абак, або звычайныя лічыльнікі; найбольш складанай з такога роду сістэм з’яўляецца суперкамп’ютар.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Савіцкі М. Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы / Мікола Савіцкі. — Мн.: Энцыклапедыкс. 2009. ISBN 978-985-6742-83-8
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Камп’ютар