Камуністычная партыя Польшчы

Камуністычная партыя Польшчы (КПП) створана 16.12.1918 ў выніку аб'яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ) і Польскай сацыялістычнай партыі-лявіцы (ППС-лявіца). Адна з заснавальніц Камуністычнага Інтэрнацыянала (1919). Да лютага 1925 называлася Камуністычная рабочая партыя Польшчы (КПРП).

Камуністычная партыя Польшчы
Komunistyczna Partia Polski
Выява лагатыпа
Дата заснавання 1918 год
Дата роспуску 1938 год
Краіна
Ідэалогія Камунізм, марксізм
Колькасць членаў 7 000
Партыйны друк газета «Czerwony Sztandar», часопіс «Nowy przegląd»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

На I з'ездзе КПРП (16 снежня 1918 г.) прыняты палітычная платформа, маніфест і зацверджаны часовы статут партыі. З'езд ставіў задачу звяржэння панавання буржуазіі шляхам сацыялістычнай рэвалюцыі і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту ў цесным кантакце з рабочым класам Савецкай Расіі. У пытанні аб саюзе рабочага класа і сялянства КПРП улічвала інтарэсы толькі сельскагаспадарчага пралетарыяту; прызнанне права нацый на самавызначэнне лічыла несумяшчальным з пралетарскім інтэрнацыяналізмам, што фактычна азначала і адмаўленне незалежнасці Польскай дзяржавы. У 19181919 гг. асноўную ўвагу аддавала стварэнню Саветаў, арганізацыі забастовачнай барацьбы, што спрыяла ўвядзенню ў краіне 8-гадзіннага рабочага дня, сацыяльнага страхавання, права на забастоўку, іншых сацыяльных заваёў. У 1920 г. да КПРП далучылася ППС-апазіцыя, якая вылучалася ў самастойную партыю з левага крыла ППС — лявіцы  (руск.) (верасень 1919). У практычнай дзейнасці КПРП выкарыстоўвала і парламенцкія формы работы. У жніўні 1922 г. яна стварыла легальны Саюз пралетарыяту горада і вёскі, па спісе якога на выбарах у сейм у лістападзе 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сакавіку 1928 — 7 дэпутатаў-камуністаў.

Пераломным момантам у ідэалагічным развіцці КПРП стаў яе II з'езд (верасень-кастрычнік 1923), на якім партыя выступіла за адзінства дзеянняў у рабочым руху, саюз з усімі пластамі сялянства і інтэлігенцыяй, у падтрымку рэвалюцыйна-вызвольнай барацьбы беларускага і ўкраінскага народаў, за права нацый на самавызначэнне. На аснове гэтых рашэнняў у кастрычніку 1923 створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў КПРП на правах аўтаномнай арганізацыі. Рашэнні II з'езда садзейнічалі пашырэнню ўплыву КПРП на новыя пласты грамадства, умацаванню сувязей з сялянствам. 3 камуністамі цесна супрацоўнічалі Незалежная сялянская партыя, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Сельраб (1926-29) і інш.

У лютым 1924 група дзеячаў КПРП у эміграцыі (Ю. Ляшчынскі (Ленскі), Г. Штэйн-Каменскі (Л. Домскі), З. Уншліхт (С. Асінская) і Дамоўскі (Л. Прэнцкі)] з сектанцка-дагматычных пазіцый выступілі з крытыкай тактычнай лініі партыі, супраць пагадненняў з ППС. Створаная на V кангрэсе Камінтэрна (чэрвень-ліпень 1924) спецыяльная камісія адхіліла А. Варшаўскага (Варскага), М. Кашуцку (Костшэву), Г. Валецкага і Э. Прухняка ад кіраўніцтва КПРП, што ўзмацніла сектанцка-дагматычнае крыло ў кіруючым актыве партыі. III з'езд КПРП (студзень-люты 1925) перайменаваў партыю ў КПП і зарыентаваў на правядзенне адзінства дзеянняў толькі «знізу», г.зн. адмаўляў пагадненні з кіраўніцтвам сацыял-дэмакратычных партый, недаацэньваў значэнне дэмакратычных патрабаванняў, перабольшваў перспектывы рэвалюцыйнай барацьбы. Асуджэнне на IV канферэнцыі КПП (лістапад-снежань 1925) ультралевых, сектанцкіх памылак групы Домскага і ўстаноўка на адзінства дзеянняў у рабочым руху не ўнеслі істотных змен у практычную дзейнасць партыі.

Кіраўніцтва КПП падтрымала ваенны пераварот Ю. Пілсудскага (май 1926). Высвятленне прычын гэтага ў асяроддзі партыйнага актыву прывяло да ўтварэння ў кіруючым ядры КПП дзвюх фракцый: «большасці» — Варскі, Костшэва, Прухняк, А. Данялюк (Э. Стафанскі), Г. Ляўрэр (Бранд), Е. Сахацкі і інш., 5 — якая больш рэалістычна ацэньвала палітычную сітуацыю ва ўмовах прыходу да ўлады рэжыму «санацыі», лічыла найпершым вырашэнне задач дэмакратычнага характару, і «меншасці» — Ленскі, Я. Пашын, С. Амстэрдам (Г. Генрыкоўскі), Е. Герынг (Рынг), І. Лагіновіч (П. Корчык) і інш., — што арыентавалася на непасрэдна сацыялістычны этап рэвалюцыі, імкнулася фарсіраваць рэвалюцыйны працэс. Спробы IV з'езда КПП (май-жнівень 1927) прадухіліць фракцыйную барацьбу (у склад ЦК КПП былі выбраны лідары «большасці» і «меншасці») поспеху не мелі. 5-ы пленум ЦК КПП (чэрвень 1929) перадаў кіраўніцтва партыі прыхільнікам лініі «меншасці».

Недаацэнка неабходнасці дэмакратычных пераўтварэнняў у Польшчы была характэрна і для рашэнняў апошняга V з'езда КПП (жнівень 1930), што ўскладняла супрацоўніцтва з партыямі і арганізацыямі, апазіцыйнымі рэжыму «санацыі». У гады сусветнага эканамічнага крызісу (1929-33) КПП выступіла арганізатарам шматлікіх выступленняў рабочых і сялян у абарону іх жыццёвых інтарэсаў, супраць імкнення работадаўцаў перакласці цяжар эканамічнага крызісу на працоўных.

Ва ўмовах узмацнення наступу на сацыяльныя і палітычныя заваёвы КПП у сярэдзіне 1930-х гадоў адышла ад сектанцка-дагматычнай лініі, пачала захады па наладжванні адзінства дзеянняў з прадстаўнікамі розных палітычных кірункаў, у т.л. з ППС, Бундам, «Стронніцтвам людовым». Зыходзячы з рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна (ліпень-жнівень 1935), КПП распрацавала платформу дэмакратычных і сацыяльна-эканамічных патрабаванняў, канцэпцыю антыфашысцкага народнага фронту, што знайшла водгук у грамадскасці. Пад адзінафрантавымі лозунгамі адбыліся сумесныя забастоўкі рабочых рознай партыйнай прыналежнасці ў абарону сваіх сацыяльных і палітычных заваёў, масавыя выступленні сялян у 1936-37, шматлікія мітынгі і дэманстрацыі. КПП выступіла з патрабаваннем скасавання дагавора паміж Польшчай і фашысцкай Германіяй (1934), у якім бачыла пагрозу суверэнітэту краіны, арганізоўвала выступленні працоўных супраць пагрозы вайны, з'явілася ініцыятарам правядзення антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, паслядоўна выступала за дружбу з СССР. Тысячы камуністаў змагаліся ў 1936-37 у Іспаніі ў радах рэспубліканцаў. Нелегальна выходзілі друкаваныя органы КПП: газета «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»), тэарэтычны часопіс «Nowy Przegląd» («Новы агляд»).

У жніўні 1938 Выканкам Камінтэрна на падставе неабгрунтаваных абвінавачанняў у шырокім пранікненні ў кіруючыя органы партыі агентуры польскай дэфензівы прыняў рашэнне аб роспуску КПП. Гэтаму папярэднічалі арышты вясной — летам 1937 кіраўнікоў КПП, якія знаходзіліся ці былі выкліканы ў СССР: Ленскага (генеральны сакратар), Б. Бартноўскага (Бранкоўскага), Прухняка, У. Стэіна (Краеўскага), Ф. Гжэлыычака (Гжэгажэўскага), Рынга. Былі арыштаваны дзеячы былой «большасці» Варскі, Костшэва, Валецкі і інш. Аднак і пасля роспуску партыі камуністы працягвалі барацьбу ў розных грамадскіх арганізацыях. У маі 1939 Сакратарыят Выканкама Камінтэрна прыняў рашэнне аб аднаўленні КПП і стварыў ініцыятыўную групу, але гэта рашэнне засталося нявыкананым у сувязі з пачаткам 2-й сусветнай вайны. У гады вайны былыя члены КПП ўдзельнічалі ў партызанскім руху, сталі ініцыятарамі стварэння антыфашысцкіх арганізацый. У студзені 1942 камуністы стварылі Польскую рабочую партыю, якая прадоўжыла справу КПП.

У лютым 1956 у сумеснай заяве Цэнтральных Камітэтаў Камуністычных партый Савецкага Саюза, Балгарыі, Фінляндыі, Італіі і ПАРП абвінавачанне ў адрас КПП было прызнана сфальсіфікаваным, а яе роспуск неабгрунтаваным. Рэпрэсіраваныя кіраўнікі КПП былі рэабілітаваны, а яе дзейнасць ачышчана ад паклёпніцкіх выдумак.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Ладысеў У. Камуністычная партыя Польшчы // ЭГБ у 6 т. Т. 4. Мн., 1997.
  • Kowalski J. Zarys historii polskiego ruchu robotniczego w latach 1918—1939. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1962;
  • Dokumenty Komunistycznej Partii Polski, 1935—1938. Warszawa, 1968;
  • Cimek H. Komuniści a Polska (1918—1939). Warszawa, 1989;
  • Tragedia Komunistycznej Partii Polski. Warszawa, 1989.