Канстант
Флавій Юлій Канстант (лац.: Flavius Iulius Constans), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Канстант, — рымскі імператар як цэзар у 333—337 гадах, як аўгуст у 337—350 гадах.
Канстант | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
лац.: Flavius Iulius Constans | |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Канстанцый II | ||||||
Пераемнік | Флавій Клаўдзій Юліян | ||||||
Нараджэнне |
320[1][2] |
||||||
Смерць |
18 студзеня 350[3] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Дынастыя Канстанціна | ||||||
Бацька | Канстанцін I Вялікі | ||||||
Маці | Флавія Максіма Фауста | ||||||
Жонка | Olympias of Armenia[d] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Канстант быў малодшым сынам імператара Канстанціна I Вялікага. У 333 годзе ён атрымаў тытул цэзара. Пасля смерці бацькі Канстант атрымаў у долю Італію, Ілірыю і Афрыку. У 340 годзе ў яго адбыўся канфлікт з яго братам Канстанцінам II, які ў выніку быў забіты, пасля чаго Канстант атрымаў сабе яго ўладанні — Іспанію, Галію, Брытанію. Імператар ваяваў з сарматамі на Дунаі, франкамі на Рэйне і піктамі і скотамі ў Брытаніі. З'яўляючыся прыхільнікам артадаксальных паглядаў, Канстант падтрымваў у арыянскай царкоўнай спрэчцы бок Афанасія Вялікага і змагаўся супраць паганцаў, іўдзеяў і данатыстаў у Афрыцы. Аднак у выніку змовы пад кіраўніцтвам военачальніка Магна Магненцыя імператар быў зрынуты 18 студзеня 350 года. Пасля гэтага Канстант пусціўся ва ўцёкі, але быў дагнаны і забіты непадалёк ад Пірэнеяў[4].
Канстант насіў пераможны тытул «Сармацкі Найвялікшы» з 338 года[5].
Біяграфія
правіцьЖыццё да прыходу да ўлады
правіцьУ антычных крыніцах жыццё і кіраванне Канстанта апісваюцца вельмі коратка, і таму мы маем пра іх бедную інфармацыю. Пры рэканструкцыі яго біяграфіі выкарыстоўваюцца розныя працы IV стагоддзя і пазнейшыя працы[6]. Дакладная дата нараджэння будучага імператара Флавія Юлія Канстанта невядомая. Выходзячы з паведамленняў рымскага гісторыка Еўтропія[7] і візантыйскага Іаана Занары[8], паводле якіх на момант смерці Канстанту было трыццаць гадоў, можна зрабіць выснову, што ён нарадзіўся прыблізна каля 320 года[9]. Аднак Псеўда-Аўрэлій Віктар піша, што імператар сканаў ва ўзросце дваццаці сямі гадоў[10]. Такім чынам, з гэтай крыніцы атрымваецца, што Канстант нарадзіўся ў 323 годзе[9]. Нямецкі гісторык Ота Зеек больш схіляецца да другой даты, бо ўзрост, што паведамляецца Еўтропіем і Іаанам Занарам, здаецца яму ўсяго толькі акругленнем дадзеных Псеўда-Аўрэлія Віктара[11].
Бацькам Канстанта быў рымскі імператар Канстанцін I Вялікі, а маці — Флавія Максіма Фаўста[6]. Ён быў трэцім і самым малодшым сынам, які нарадзіўся ў гэтым шлюбе[6]. Зневажальныя аповеды, якія перадаваліся Зосімам , пра тое, што нібы яго маці была наложніца Канстанціна[12], па ўсёй бачнасці, з'яўляюцца блытанінай з падобнымі паведамленнямі пра іншых сыноў імператара Крыспа і Канстанціна II[4]. Па матчынай лініі Канстант з'яўляўся ўнукам аднаго з заснавальнікаў тэтрархіі Максіміяна Геркулія, а па бацькаўскай — яго малодшага суправіцеля Канстанцыя I Хлора[9]. Канстант выхоўваўся як хрысціянін[6]. Ён атрымаў адукацыю пры двары свайго бацькі ў Канстанцінопалі пад кіраўніцтвам знакамітых прамоўцаў свайго часу, у тым ліку і паэта Эмілія Магна Арборыя, які выкладаў яму лаціну[11][4].
25 снежня 333 года Канстант быў абвешчаны цэзарам сваім бацькам, па ўсёй бачнасці, у Канстанцінопалі[9]. Як апавядае Аўрэлій Віктар , у наступную пасля гэтай падзеі ноч «усё неба бесперапынна палала агнямі» (магчыма, гэта было паўночнае ззянне), што было вытлумачана як благое прадвесце для будучага кіравання Канстанта[13]. Потым юны цэзар некаторы час жыў пры двары Канстанціна I, але прыблізна летам 335 года быў адпраўлены ў Італію, якая была аддадзена пад яго кіраванне[11]. Пазней, магчыма, у 336 годзе[5], але ва ўсякім разе незадоўга да смерці свайго бацькі, Канстант быў заручаны з Алімпіядай, дачкой прэфекта прэторыя Флавія Аблабія , што было зроблена, як здаецца, з-за палітычных меркаванняў[6]. Аднак шлюб так і не адбыўся, і пасля гібелі Канстанта Алімпіяда выйшла замуж за цара Вялікай Арменіі Аршака II[14].
Выгляд і асабістыя якасці
правіцьАнтычныя аўтары досыць адмоўна характарызуюць Канстанта. Так, Аўрэлій Віктар піша наступнае:
«па маладосці гадоў [Канстант] быў вельмі неасцярожны і неўтаймаванага нораву, да таго ж паддаваўся ўплыву благіх сваіх слуг, быў, апроч таго, вельмі прагны і грэбаваў вайсковымі сіламі […]. Ён за грошы браў сабе ў закладнікі прыгожых хлопчыкаў і заляцаўся за імі, бо ўсталявана, што ён меў такі заган»[15].
Тым не менш, пра праўдзівасць дадзенай характарыстыкі мы судзіць не можам[4]. Псеўда-Аўрэлій Віктар паказвае на тое, што ў імператара было слабое здароўе[10], а Еўтропій піша, што Канстант не быў абдзелены палкаводніцкім талентам[16]. Партрэты Канстанта малююць маладога чалавека, выгляд якога мае некаторыя падабенствы са статуямі Атона[17]. Ад бацькі ён успадкаваў схільнасць да рыторыкі. Хрысціянскага сафіста Праэрэсія імператар выклікаў да свайго двара ў Галіі, зрабіў яго сваім сатрапезнікам і запрашаў за адзін стол з тымі, каго той найболей паважаў, а потым адпусціў з дарункамі і прысвоіў яму тытул ганаровага вайсковага магістра[11].
Кіраванне
правіцьЗмаганне з Канстанцінам II
правіцьПасля смерці Канстанціна I Вялікага 22 мая 337 года[6] і знішчэнні салдатамі практычна ўсіх сваякоў, якія маглі б мець прэтэнзіі на трон, Канстант і яго два браты, Канстанцін II і Канстанцый II, 9 верасня 337 года былі абвешчаны аўгустамі войскам[11]. Спачатку Канстанту адыходзілі тэрыторыі прэтарыянскай прэфектуры Італіі і Афрыкі[18]. Канстант быў гэтым незадаволены, таму браты сустрэліся ў панонскім горадзе Вімінацыум улетку 338 года для перагляду меж іх уладанняў (часам гэты з'езд пераносяць на верасень 337 года[6])[18]. Там таксама было перагледжана і дапоўнена заканадаўства часоў Канстанціна[19].
Пры новым падзеле Канстант атрымаў не толькі дыяцэзы Македонія, Дакія і Панонія, якія да таго належалі пляменніку Канстанціна I Далмацыю Малодшаму, да таго часу ўжо забітаму, але і дыяцэз Фракія разам з Канстанцінопалем, які Канстанцый II па невядомай нам прычыне саступіў малодшаму брату[4]. Аднак, калі стасункі паміж Канстантам I і Канстанцінам II імкліва пагоршыліся, бо першы аспрэчваў права другога мець званне старэйшага аўгуста, Канстант у 339 годзе аддаў Канстанцыю II Канстанцінопаль і частку Фракіі, вылічваючы, што дзякуючы гэтаму падарунку той падтрымае яго ў спрэчцы[4]. У прынцыпе, уладанні Канстанта з'яўляліся буферам паміж уладаннямі Канстанціна II і Канстанцыя II[19]. Таксама Канстанцін II атрымаў апеку над сваім непаўналетнім суправіцелем. Ён прымаў законы, абавязковыя для ўладанняў абодвух братоў, і прызначаў намеснікаў у правінцыі Канстанта[11]. Аднак ён быў незадаволены, што не атрымаў такую тэрыторыю, якая адпавядала яго статусу старэйшага аўгуста[20]. Магчыма, Канстанцыю II таксама не падабалася тое, што фактычна ў руках яго старэйшага брата засяродзілася ўлада над трыма чвэрцямі тэрыторыі Рымскай імперыі[11]. Тымчасам увосень 338 года Канстант здабыў перамогу ў прыдунайскіх правінцыях над сарматамі і прысвоіў сабе пераможны тытул «Сармацкі Найвялікшы»[11]. Гэты поспех узмацніў яго ўпэўненасць у сабе, і ён запатрабаваў поўнай незалежнасці і пачаў самастойна прымаць заканадаўства для сваёй тэрыторыі, на што яго падбухторваў трыбун Амфілохій[11]. Пасля сармацкай вайны 6 красавіка 339 года Канстант пабываў у панонскім горадзе Саварыя[11].
Раздражнёны тым, што Канстант атрымаў Ілірыю і Фракію пасля смерці Далмацыя, Канстанцін запатрабаваў, каб ён аддаў яму афрыканскія правінцыі ў якасці кампенсацыі набытага ім багатага рэгіёна[20]. Таксама ён патрабаваў саступіць і Італію, але Канстант адмовіўся. Апроч таго, ён заручыўся падтрымкай Канстанцыя II, перадаўшы яму некаторыя тэрыторыі (пра што гаварылася вышэй), і разам з ім займаў пасаду консула ў 339 годзе[5]. У выніку ў 340 годзе Канстанцін II уварваўся ў Італію[6]. На чале з бязладным натоўпам, больш прыдатным для рабавання, а не для заваявання, ён раптам уварваўся ва ўладанні Канстанта[20]. Канстант, які знаходзіўся ў той час у дакійскім горадзе Наіс, дзе ўціхамірваў хваляванні мясцовых плямён, скіраваў супраць яго перадавы корпус ілірыйскіх войскаў, а сам выступіў праз некаторы час услед[20]. Аднак яго падначаленыя ўладкавалі каля Аквілеі засаду і знішчылі атрад Канстанціна II і самога гасудара[20]. Яго цела было скінута ў раку Альса[20]. Калі Канстант з асноўнай арміяй прыбыў 9 красавіка 340 года ў Аквілею, ён выявіў, што вайна ўжо скончана[11]. У выніку ён далучыў да сваіх уладанняў валоданні брата — Іспанію, Галію і Брытанію[6]. З гэтага часу ўлада над Рымскай дзяржавай прыналежала толькі яму і Канстанцыю II[4]. Апроч гэтага, Канстант прыняў тытул «Maximus Victor ac Triumphator» (бел.: Найвялікі Пераможац і Трыумфатар)[5].
Супольнае кіраванне з Канстанцыем II
правіцьХваляванні ў Рымскай імперыі, найхутчэй, сталі прычынай уварвання франкаў у 341 годзе[11]. У той час Канстант знаходзіўся на дунайскай мяжы (24 чэрвеня ён пабываў у Лаўрыакуме, дзе, па ўсёй бачнасці, ізноў уціхамірваў прымежныя плямёны[4])[11]. Пасля гэтага ён спешна адпраўляецца ў Галію, дзе правёў паспяховую кампанію супраць франкаў, якія нападалі ў 341 і 342 гадах[6]. 25 студзеня 343 года імператар прыбывае ў Банонію, адкуль перапраўляецца ў Брытанію, дзе паддае рэформе сістэму абароны ўзбярэжжа і прызначае адказнага за гэта военачальніка[21]. Мусібыць, Канстант вёў баявыя дзеянні супраць піктаў і скотаў[11]. Пры ім быў адрамантаваны вал Адрыяна[21]. Ён таксама стварыў новае адмысловае падраздзяленне, якое павінна займацца разведкай і рэгулярна рабіць данясенні мясцовым камандзірам[21]. Канстант стаў апошнім законным рымскім імператарам, які наведаў Брытанію[4]. Вядома, што ў яго кіраванне былі створаны тры легіёны: I Юліевы Альпійскі , II Юліевы Альпійскі , III Юліевы Альпійскі[5]. Таксама былі адрэстаўраваны лазні Агрыпы ў Рыме[5].
Наколькі браты былі адзіныя пры рашэнні палітычных пытанняў, гэтак вялікія былі паміж імі рэлігійныя нязгоды, злучаныя з хрысціянскімі навукамі[21]. Тэма рэлігіі заставалася дамінантнай ва ўнутранай палітыцы. Хоць абодва імператары былі хрысціянамі, Канстанцый, як і многія яго суайчыннікі на Усходзе, быў прыхільнікам арыянства. Канстант, аднак, з'яўляўся прыхільнікам артадаксальнага хрысціянства, заснаванага на знаку веры, прынятым Нікейскім саборам[4]. Ён таксама быў адзіным з братоў, які прыняў хрышчэнне ў 337 годзе[4].
Па патрабаванні Канстанта для замірэння паміж праваслаўнымі (на захадзе) і моцнай арыянскай партыяй (на ўсходзе) у 342 годзе быў скліканы Сардыкійскі сабор , дзе імператар прыняў бок ворага арыян Афанасія Вялікага[6]. Канстант шчодра фінансаваў заходняе духавенства, з якім меў асаблівыя адносіны[4]. Дзякуючы імператарскай падтрымцы царква змагла змагацца з сектай данатыстаў у афрыканскіх правінцыях. Асабліва вялікую шкоду прычынялі рэгіёну цыркумцэліёны — радыкальныя групоўкі, якія бароліся з сацыяльнай няроўнасцю шляхам забойства і рабавання багатых людзей[21].
Пастаянныя канфлікты з персамі паслабілі пазіцыі Канстанцыя II, і ў 345/346 годзе Канстант адкрыта пагражаў яму пачаць вайну, калі ён не будзе згодзен з вяртаннем Афанасія на пасаду біскупа Александрыі. Тот напісаў яму замірэнчы ліст, у якім казаў, што выканае яго жаданне[11]. У знак замірэння браты сталі консуламі ў 346 годзе[21]. Пры Канстанце заахвочваліся пераследы іўдзеяў і паганцаў. Супраць апошніх у 341 годзе імператар разам з Канстанцыем II выдаў закон пра забарону паганскіх ахвяраванняў[6].
Смерць
правіцьХоць першая частка кіраванні Канстанта была досыць паспяховай, паступова ён пачаў губляць свой аўтарытэт[6]. Імператар, відаць, імкнуўся атрымаць гэтулькі грошай, колькі ён мог выціснуць са сваіх падданых, а таксама займаўся продажам урадавых пастоў тым, што прапанаваў найвышэйшую цану[6]. Таму яго вінавацілі ў прагнасці[22]. Апроч таго, антычныя крыніцы перадаюць аповеды, што Канстант адкрыта выказваў пагарду салдатам[22]. Імператара таксама асуджалі за гомасексуальныя схільнасці[6]. Магчыма, на яго дзеянні ўплывала тое, што ён пакутаваў ад падагры[11].
У выніку супраць яго паўстала змова на чале з камандзірам целаахоўнікаў Магнам Магненцыем, комітам святых шчодрасцей Марцэлінам і некім Хрэстыем[11][20]. Як толькі змова была гатова, Марцэлін пад падставай дня нараджэння свайго сына даў пышнае свята ў Аўгустадунуме 18 студзеня 350 года, куды былі запрошаны ганаровыя і ўслаўленыя грамадзяне, а таксама вайсковая верхавіна[20]. Свята адмыслова зацягвалася да познай ночы. У нейкі момант Магненцый выйшаў — нібы па натуральнай патрэбе і раптам вярнуўся, убраны ў імператарскае адзенне[20]. Змоўцы імгненна віталі яго як імператара[20]. Салдаты паспяшаліся прыняць прысягу на вернасць новаму гасудару. Гарадскія вароты былі зачынены, і досвета Магненцый авалодаў Аўгустадунумам[20]. У гэты час Канстант паляваў у суседніх лясах. Пазнаўшы пра адбыты пераварот, ён кінуўся ва ўцёкі ў суправаджэнні вернага яму франка Ланіягаіса[11]. Аднак каля горада Алена (суч. Эльн, Францыя) непадалёк ад іспанскай мяжы Канстант быў дагнаны адборнымі салдатамі на чале з Гаізонам[11]. Імператар паспрабаваў схавацца ў храме, але быў выцягнуты адтуль і засечаны[5].
Вынікі кіравання
правіцьАнтычныя аўтары апісваюць біяграфію Канстанта ў змрочных тонах. Яго схільнасць да раскошы, цвёрдая фінансавая палітыка і адмоўнае стаўленне да салдатаў і іх кіраўніцтва зрабілі імператара непапулярным кіраўніком. Падтрымка духавенства тут не была дастатковая, бо яно не брала ўдзел проста ў кіраванні дзяржавай[23].
Рэлігійная палітыка была адным з асноўных кірункаў яго ўрада. Падзеі тых часоў паказваюць, што рэлігія і палітыка ў той час былі моцна ўзаемазвязаны[23].
Нягледзячы на свой юны ўзрост — ён кіраваў 13 гадоў і ва ўзросце 27 гадоў быў забіты, Канстанта цалкам можна лічыць годным наступнікам Канстанціна I Вялікага. Перамогі над вонкавымі ворагамі і палітычнае майстэрства ў адносінах з яго братам Канстанцыям сведчаць пра здольнасці, якія маглі б дазволіць яму ў адзін выдатны момант завалодаць усёй Рымскай імперыяй. Але напружаныя адносіны з арміяй і, магчыма, няправільна абраныя саветнікі перашкодзілі яму гэта зрабіць[23].
Крыніцы
правіць- ↑ Constante // Diccionario biográfico español — Real Academia de la Historia, 2011. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Costante I // Sapere Encyclopedia — De Agostini Editore, 2001.
- ↑ Constante // Diccionario biográfico español — Real Academia de la Historia, 2011.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Грант 1998.
- ↑ а б в г д е ё Lendering 2002.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о DiMaio 1998.
- ↑ Евтропий. Бревиарий от основания Города. X. 9. 1.
- ↑ Иоанн Зонара. Сокращение истории. XIII. 6.
- ↑ а б в г PLRE 1971.
- ↑ а б Псевдо-Аврелий Виктор. Извлечения о жизни и нравах римских императоров. XLI. 23.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Seeck 1900.
- ↑ Зосим. Новая история. II. 39. 1.
- ↑ Аврелий Виктор. О цезарях. XLI. 13.
- ↑ Аммиан Марцеллин. Деяния. XX. 11. 3.
- ↑ Аврелий Виктор. О цезарях. XLI. 23—24.
- ↑ Евтропий. Бревиарий от основания Города. X. 9. 2.
- ↑ Flavius Iulius Constans. Einleitung (ням.). Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
- ↑ а б Canduci 2010, p. 130.
- ↑ а б Flavius Iulius Constans. Herrschaft I (Die Auseinandersetzung mit Constantinus II.) (ням.). Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Gibbon 1930.
- ↑ а б в г д е Flavius Iulius Constans. Herrschaft II (Constans & Constantius II.) (ням.). Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
- ↑ а б Аврелий Виктор. О цезарях. XLI. 23.
- ↑ а б в Flavius Iulius Constans. Bewertung (ням.). Personen Kaiser. Праверана 30 красавіка 2014.
Літаратура
правіцьПершасная літаратура
правіць- Аврелий Виктор. Константин, Лициний, Крисп, Констанций, Лициниан, Констант, Далмаций, Магненций, Ветранион // О цезарях.
- Псевдо-Аврелий Виктор. Константин, Лициний, Крисп, Константин [II], Лициниан, Мартиниан, Констанций [II], Констант, Делмаций, Анибалиан, Магненций, Ветранион // Извлечения о жизни и нравах римских императоров.
- Зосим. Книга II // Новая история.
- Евтропий. Книга X // Бревиарий от основания Города.
Даследаванні
правіць- Gibbon, Edward. The History of the Decline and Fall of the Roman Empire. Volume 3. Chapter 18. — New York: Fred de Fau and Co, 1930.
- Otto Seeck. Constans 3). In: Paulys Realencyclopädie der classischen Altertumswissenschaft (RE). Band IV,1. — Stuttgart, 1900. — 948–952 p.
- Jones A. H. M. Fl. Iul. Constans 3 // Prosopography of the Later Roman Empire / A. H. M. Jones, J. R. Martindale, J. Morris. — Cambridge University Press, 1971. — Vol. I: A.D. 260–395. — P. 220. — ISBN 0-521-07233-6 [2001 reprint].
- Грант, М. Римские императоры. Констант I. — 1998.
- DiMaio, Michael; Frakes, Robert.. Constans I (337—350 A.D.) (англ.). An Online Encyclopedia of Roman Emperors. 1998.
- Jona Lendering.. Constans (англ.)(недаступная спасылка) (21 студзеня 2002). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2013. Праверана 30 красавіка 2014.
- Canduci, Alexander. Triumph & Tragedy: The Rise and Fall of Rome’s Immortal Emperors. — Pier 9, 2010.
Спасылкі
правіць- Roman Imperial Coins of Constans (англ.). Wildwinds. — Монеты Константа. Праверана 30 красавіка 2014.