Канстанцый I Хлор

Фла́вій Вале́рый Канста́нцый (лац.: Flavius Valerius Constantius), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Канстанцый I Хлор — рымскі імператар як Цэзар у 293—305 гадах, як Аўгуст у 305—306 гадах. Бацька Канстанціна Вялікага і заснавальнік дынастыі Канстанцінаў. Мянушку Хлор (грэч. χλωρός, што азначае «бледны») атрымаў пазней ад візантыйскіх гісторыкаў[4].

Флавій Валерый Канстанцый
лац.: Flavius Valerius Constantius
Скульптурны партрэт Канстанцыя Хлора
Скульптурны партрэт Канстанцыя Хлора
Цэзар 293305
Аўгуст 305306
Папярэднік Дыяклетыян і Максіміян
Пераемнік Галерый і Флавій Север
Нараджэнне 31 сакавіка 250(0250-03-31)
Верхняя Мёзія
Смерць 25 ліпеня 306(0306-07-25) (56 гадоў)
Род Дынастыя Канстанціна
Імя пры нараджэнні лац.: Flavius Constantius
Бацька Flavius Eutropius[d] або Максіміян
Маці Claudia Crispina[d]
Жонка Святая Алена і Флавія Максіміяна Феадора[d]
Дзеці Канстанцін I Вялікі[1][2], Флавія Юлія Канстанцыя[d], Anastasia[d], Eutropia[d], Юлій Канстанцый[d], Далмацый Старэйшы[3] і Flavius Hannibalianus[d]
Веравызнанне Старажытнарымская рэлігія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходзіў з прыдунайскіх правінцый. У 293 годзе Дыяклетыян абвясціў Канстанцыя цэзарам. На гэтай пасадзе ён праводзіў кампаніі супраць узурпатара Алекта ў Брытаніі, на Рэйне супраць алеманаў і франкаў. Стаўшы аўгустам у 305 годзе, Канстанцый пачаў паспяховую карную кампанію супраць піктаў і скотаў. Аднак у наступным годзе ён сканаў у Эбаракуме. Яго смерць выклікала пачатак крызісу тэтрархіі[5].

Канстанцый насіў наступныя пераможныя тытулы: «Германскі Найвялікшы» — з 294 года, «Брытанскі Найвялікшы» — з 296 года, «Карпійскі Найвялікшы», «Армянскі Найвялікшы», «Мідыйскі Найвялікшы», «Адыябенскі Найвялікшы», «Персідскі Найвялікшы» — з 297 года, «Сармацкі Найвялікшы» — магчыма, з 299 года, «Сармацкі Найвялікшы» (другі раз) і «Германскі Найвялікшы» (другі раз) — з 301 года, «Брытанскі Найвялікшы» (другі раз) — з 306 года[5].

Біяграфія

правіць

Жыццё да прыняцця ўлады

правіць

Флавій Валерый Канстанцый Хлор нарадзіўся ў Ілірыку 31 сакавіка меркавана ў 250 годзе[6]. Паводле кнігі «Гісторыя Аўгустаў», ён быў сынам знатнага выхадца з Дарданіі  (ням.) Еўтропія і Клаўдзіі, пляменніцы імператараў Клаўдзія II і Квінтыла[7]. Панегірыст Еўменій называе яго нават незаконнанароджаным сынам Клаўдзія[4]. Сучасныя гісторыкі, такія як Пат Сазерн  (англ.) і аўтары PLRE, падазраюць, што гэты радавод быў прыдуманы Канстанцінам I Вялікім ужо пасля смерці Канстанцыя для ўмацавання сваёй улады, і што яго сям’я былі нязнатнага паходжання[4][8][8][9].

Канстанцый быў членам корпуса пратэктараў імператара пры Аўрэліяне і ўдзельнічаў у паходзе супраць Пальмірскага царства[10]. Паводле зборніка біяграфій імператараў «Гісторыя Аўгустаў», у часы ўладарання Проба Канстанцый быў дуксам[11], але гэта, хутчэй за ўсё, выдумка аўтара[9]. Паводле «Ананіма Валезія», Канстанцый быў яшчэ і ваенным трыбунам[12]. Адзіная дакументальна пацверджаная пасада Канстанцыя — гэта прызначэнне яго прэзідам Далмацыі ў кіраванне Кара[10][13]. Была выказана здагадка, што пасля паўстання Дыяклетыяна Канстанцый перайшоў на яго бок і ўзяў удзел у бітве пры Маргусе ў 285 годзе[14].

У 286 годзе Дыяклетыян прызначае свайго сябра Максіміяна суправіцелем і дае яму ў валоданне заходнія правінцыі, у той час як сам забірае ўвесь Усход, пачынаючы працэс, які ў канчатковым выніку прывядзе да падзелу Рымскай імперыі на дзве часткі — Заходнюю і Усходнюю[15]. У 288 годзе, калі тэрмін яго знаходжання на пасадзе прэзіда Далмацыі скончыўся, Канстанцый быў прызначаны прэфектам прэторыя пры заходнім імператары Максіміяне[16]. З тых часоў ён, як відаць, заняў значнае становішча пры імператарскім двары[4]. На працягу перыяду 288—289 гадоў Канстанцый пад камандаваннем Максіміяна прымаў актыўны ўдзел у вайне супраць алеманаў, правядзення кампаній на тэрыторыі варварскіх плямёнаў за Рэйнам і Дунаем[16]. Для ўмацавання сувязей паміж імператарам і яго ўплывовым военачальнікам у 289 годзе Канстанцый адмовіўся ад сваёй жонкі (або наложніцы) Алены і ажаніўся з дачкой імператара Максіміяна Феадорай[16].

Кіраванне

правіць

Абвяшчэнне цэзарам

правіць
 
Аргентыус з партрэтам Канстанцыя Хлора

У 293 годзе Дыяклетыян, усведамляючы амбіцыі свайго суправіцеля, дазволіў Максіміяну садзейнічаць Канстанцыю ў атрыманні тытула імператара падчас новага падзелу імперыі[17]. Дыяклетыян падзяляе адміністрацыю Рымскай імперыі на дзве паловы, якія адносяцца да заходняй і ўсходняй часткам. Кожнай паловай будзе кіраваць аўгуст пры падтрымцы цэзара. Абодва цэзары мелі права спадчыны пасля смерці аўгуста.

У Медыялане 1 сакавіка 293 года Канстанцый быў афіцыйна прызначаны цэзарам Максіміяна[17]. Ён прыняў імя Флавія Валерыя і атрымаў у кіраванне Галію, Брытанію і, магчыма, Іспанію[17]. Дыяклетыян, усходні Аўгуст, у імкненні захаваць баланс сіл у імперыі прызначае 21 мая 293 года ў Філіпопалі военачальніка Галерыя сваім цэзарам[17]. Канстанцый быў старэйшым з двух цэзараў, і таму ў афіцыйных дакументах ён заўсёды меў прыярытэт, быўшы згаданым перад Галерыем[18]. Сталіцай Канстанцыя была Аўгуста Трэвераў, размешчаная на рацэ Мазела[19][5]. У гэтым горадзе імператар пачаў будаўніцтва грандыёзнага палацавага комплексу, які быў завершаны яго сынам[5]. Комплекс займаў усю паўночна-заходнюю частку горада[5].

Першай задачай Канстанцыя пасля абвяшчэння цэзарам было задушыць паўстанне рымскага ўзурпатара Караўзія, які абвясціў сябе імператарам у Брытаніі і паўночнай Галіі ў 286 годзе[10]. Пасля паражэння, нанесенага ім Максіміяну, той быў вымушаны прызнаць уладу мяцежніка[14]. У канцы 293 года Канстанцый аблажыў і ўзяў штурмам галоўную базу і гавань Караўзія на кантыненце — Банонію[20]. Вялікая дамба, якая стаяла на ўваходзе ў бухту, не дазволіла Караўзію паслаць да горад падмацаванне, і таму ўзурпатар быў вымушаны здаць горад[20]. Неўзабаве пасля гэтага Караўзій быў забіты сваім скарбнікам Алектам, які абвясціў сябе імператарам[20].

Канстанцый правёў наступныя два гады ў нейтралізацыі пагрозы нападзення франкаў, якія былі саюзнікамі Алекта[21], бо паўночная Галія заставалася пад кантролем брытанскага ўзурпатара прынамсі да 295 года[22]. Ён таксама ваяваў супраць алеманаў і дабіўся некаторых перамог у вусці Рэйна ў тым жа годзе[23]. Адміністрацыйныя праблемы азначалі, што ён здзейсніў прынамсі адну паездку ў Італію ў той час[21]. Нарэшце, у 296 годзе Канстанцый палічыў, што дастаткова ўмацаваўся на кантыненце, і здаў камандаванне войскамі на Рэйне Максіміяну[24]. Ён арганізаваў дзве флатыліі. Адна, пад камандваннем самога Канстанцыя, выйшла з Баноніі, а другая пад камандаваннем прэфекта прэторыя Юлія Асклепіядота адплыла з вусця Сены[25]. Дзякуючы моцнай смузе прэфект здолеў удачна пазбегнуць сустрэчы з галоўным флотам Алекта і высадзіўся з арміяй на востраве Уайт[26]. Алект з усімі сіламі накіраваўся насустрач войску Асклепіядота, і гэта дало Канстанцыю магчымасць без перашкод высадзіцца ў Кенце[27]. Аднак спроба не ўвянчалася поспехам, таму што з-за моцнай смугі частка караблёў не змагла далучыцца да асноўнага флоту, і цячэннем яе аднесла да вусця Тэмзы[5]. Праз некаторы час імператар адправіўся на паўднёвы бераг Ла-Манша, а прэфекту ўдалося канчаткова разбіць Алекта дзесьці на поўначы Хэмпшыра або Беркшыра, у выніку чаго ўзурпатар загінуў[27]. Аднак частка яго наймітаў з племені франкаў выратавалася і драпежнічала аж да Ландыніума, дзе іх перабілі легіянеры Канстанцыя, якія размінуліся з ім пры высадцы ля кенцкага ўзбярэжжа і абыходнай дарогай дабраліся да правінцыйнай сталіцы[27]. Жыхары горада сустракалі імператара як вызваліцеля[24].

 
Залаты медальён, выпушчаны ў гонар перамогі над Алектам

У гонар гэтых перамог Канстанцый выпусціў серыю вялікіх залатых памятных медальёнаў. На адным з іх з надпісам «Міласэрнасць імператараў» намаляваны сам імператар у львінай накідцы, які працягвае руку ўкленчанай Брытаніі, а Перамога кладзе яму на галаву карону[5]. На іншым медальёне, буйнейшым, знаходзіцца надпіс «Аднаўляльнік вечнага міру» і намаляваны Канстанцый, які скача на кані да гарадской сцяны[5]. Указана, што гэта горад Ландыніум.

Канстанцый заставаўся ў Брытаніі на працягу некалькіх месяцаў, падчас чаго замяніў большую частку адміністрацыі ўзурпатара і правёў рэформы падзелу правінцыі. У выніку падзелу Верхняя Брытанія  (англ.) была ператворана ў Максіму Цэзарэйскую і Брытанію Першую, а Ніжняя Брытанія  (англ.) у Флавію Цэзарэйскую і Брытанію Другую[28]. Па яго загадзе былі адноўлены вал Адрыяна і прыгранічныя крэпасці, а ў Ландыніуме пабудаваны манетны двор[29]. З Галіі ў Брытанію быў адпраўлены шэраг майстроў для аднаўлення разбураных падчас баявых дзеянняў гарадоў[30]. Летам 297 года імператар адправіўся ў Італію, каб сачыць за ёй у той час як Максіміян ваяваў з маўрамі ў Афрыцы, але неўзабаве вярнуўся назад у Галію[4].

Пасля вяртання ў Галію ў 297 годзе Канстанцый засяліў там мноства пустэльных зямель франкамі, каб кампенсаваць значныя страты, выкліканыя яго папярэднімі паходамі на саюзнікаў Алекта і Караўзія[31]. У наступным годзе Канстанцый ваяваў у бітве пры Лінгоне супраць алеманаў, але яго атрад быў вымушаны бегчы[4]. Канстанцый сам быў паранены і ў сувязі з блізкасцю ворага загадаў не адкрываць гарадскія вароты, а падняць яго на канатах на сцяну. Ён быў закрыты ў горадзе, але быў вызвалены сваёй арміяй праз шэсць гадзін і перамог ворага, які страціў 60 тысяч салдат[32]. Імператар ізноў перамог варвараў, якія пераправіліся цераз заледзянелы Рэйн, каля Вінданісы, тым самым умацаваўшы абарону германскай мяжы[33]. У 300 годзе Канстанцый правёў кампанію супраць франкаў на Рэйне[31]. Аднак наступныя тры гады рэйнская мяжа працягвала займаць увагу Канстанцыя[33]. У час свайго кіравання Канстанцый стварыў тры новыя легіёны: I Надзейны Флавіеў Гальскі, I Флавіеў Марсаў і XII Пераможны[34].

У 303 годзе Канстанцый сутыкнуўся з указам Дыяклетыяна, якія азначаў пачатак Вялікага ганення на хрысціян[6]. З усіх чатырох тэтрархаў Канстанцый, які быў язычнікам, прыклаў мінімум намаганняў для рэалізацыі ўказу Дыяклетыяна ў заходніх правінцыях, якія былі пад яго непасрэдным кіраўніцтвам[6]. Ён толькі абмежаваўся зачыненнем некалькіх цэркваў[6]. Еўсевій Кесарыйскі сцвярджаў, што Канстанцый быў хрысціянінам[35].

Прызначэнне аўгустам і смерць

правіць

Паміж 303 і 305 годам Галерый пачаў дабівацца права ўзяць уладу Канстанцыя пасля сыходу Дыяклетыяна[36]. У 304 годзе Максіміян Геркулій сустрэўся з Галерыем, верагодна, для абмеркавання гэтага пытання пераемнасці, і Канстанцый або не быў запрошаны, або не змог прыехаць на сустрэчу з-за напружанага становішча на Рэйне[33]. Да 303 года, відаць, існавала сакрэтнае пагадненне паміж тэтрархамі, што сын Канстанцыя Канстанцін і сына Максіміяна Максенцый павінны былі быць прызначаны цэзарамі пасля адрачэння Дыяклетыяна і Максіміяна[37]. Да канца 304 года Галерый пераканаў Дыяклетыяна (які ў сваю чаргу пераканаў Максіміяна) прызначыць цэзарамі сваіх стаўленікаў Флавія Севера і Максіміна Дазу[33].

Дыяклетыян і Максіміян сышлі ў адстаўку 1 мая 305 года, магчыма, з-за дрэннага здароўя Дыяклетыяна[6]. Флавій Север і Максімін Даза былі прызначаны цэзарамі. Перад войскамі, якія сабраліся ў Медыялане, Максіміян Геркулій зняў свой пурпурны плашч і перадаў яго новаму цэзару Северу і абвясціў Канстанцыя аўгустам[38]. Тая ж самая сцэна разыгралася ў Нікамедыі, дзе Дыяклетыян абвясціў цэзарам Максіміна Дазу, а аўгустам Галерыя[37]. Канстанцый, які быў умоўна старэйшым імператарам, кіраваў заходнімі правінцыямі, адмовіўшыся ад Італіі і Афрыкі, у той час як Галерый прыняў пад сваё начальства ўсходнія правінцыі. Канстанцін, расчараваўшыся ў сваіх надзеях стаць цэзарам, збег з-пад нагляду Галерыя пасля таго, як Канстанцый прасіў усходняга аўгуста вызваліць яго сына па прычыне сваёй хваробы[39]. Канстанцін далучыўся да двара свайго бацькі на ўзбярэжжы Галіі падчас падрыхтоўкі да кампаніі ў Брытаніі[40].

У 305 годзе Канстанцый пераправіўся ў Брытанію і накіраваўся на крайнюю поўнач вострава, пачаўшы ваенную экспедыцыю супраць піктаў, і, відаць, атрымаў перамогу, пра што сведчыць пераможны тытул «imperator II», атрыманы ім 7 студзеня 306 года[41]. Пасля вяртання ў Эбаракум на зімоўку Канстанцый планаваў працягнуць кампанію, але 25 ліпеня 306 года ён сканаў[42]. Калі Канстанцый паміраў, ён рэкамендаваў свайго сына салдатам у якасці пераемніка, і пасля гэтага Канстанцін быў абвешчаны імператарам легіёнамі ў Эбаракуме[42][43]. З Брытаніі цела Канстанцыя было перавезена ў Галію, дзе і было пахавана, як відаць, у Аўгусце Трэвераў[4].

У антычнай літаратуры Канстанцый Хлор паўстае выключна ў добрым святле. Відаць, ён сапраўды карыстаўся павагай у сваіх уладаннях дзякуючы ўмеламу кіраванню, а яго ваенныя дасягненні былі вельмі значнымі, нават калі і прымаць да ўвагі, што Брытанія была вернута намаганнямі прэфекта прэторыя. Канстанцый атрымлівае хвалу за тое, што ён не ўступіў у адкрытае супрацьстаянне з Галерыем і тым самым не ўвёў дзяржаву ў новую грамадзянскую вайну. Аднак з-за таго, што Галерый валодаў моцнай арміяй і буйнымі сродкамі, Канстанцый проста не меў іншага выхаду. Але цалкам магчыма, што раптоўная смерць утрымала яго ад спробы перавароту[5].

У антычнай літаратуры Канстанцый I атрымлівае станоўчыя водгукі. Язычніцкія і хрысціянскія аўтары былі добрай думкі пра яго, як, напрыклад, Еўтропій:

«Быў ён мужам вялікім і зычлівасці найвялікшай, намагаўся ўзбагаціць правінцыялаў і прыватных асоб, не імкнучыся да такога ж павелічэння дзяржаўнай казны, і казаў, што лепш грамадскае багацце трымаць у прыватных асоб, чым захоўваць яго ў адным куфры. Жыў ён так сціпла, што ў святочныя дні, калі жадаў зладзіць баль для сваіх шматлікіх сяброў, браў у пазыку ў прыватных асоб сярэбраны посуд для ўпрыгожвання стала свайго. Ён быў не толькі любімы, але ў Галіі нават шанаваўся нароўні з багамі і асабліва за тое, што ў яго кіраванне пазбавіліся нарэшце ад дыяклетыянавай небяспечнай разважлівасці і ад максіміянавай крыважэрнай безразважнасці[44]».

Еўсевій Кесарыйскі ў сваёй «Царкоўнай гісторыі» таксама станоўча гаворыць пра Канстанцыя:

«Быў ён самым добрым і рахманым з усіх імператараў. Ён адзіны з сучаснікаў годна правёў увесь час свайго кіравання, праявіўшы сябе і ў іншым для ўсіх даступным і да ўсіх міласцівым. Ён зусім не ўдзельнічаў у вайне супраць нас, ахоўваў сваіх падданых хрысціян ад шкоды і крыўд, не руйнаваў цэркваў і нічога іншага супраць нас не прыдумляў»[45].

Хрысціянскія аўтары хваляць яго за мяккае стаўленне да іх рэлігіі і невыкананне ўказу Дыяклетыяна аб ганенні[5]. Да таго ж сваім умелым кіраваннем ён мог набыць пашану ў сваіх падданых[5].

У мастацтве

правіць

У літаратуры

правіць

Канстанцый Хлор з’яўляецца адным з галоўных герояў аповесці Іўліна Во «Алена».

У легендах

правіць

Імя Канстанцыя засталося ў легендах брытаў — так, Гальфрыд Монмуцкі ў сваёй «Гісторыі каралёў брытаў» прысвячае яму некалькі раздзелаў. Паводле гэтага твора, Канстанцый быў пасланы ў Брытанію рымскім сенатам пасля таго, як брытанскі кароль Асклепіядот быў зрынуты Коелем. Коель пагадзіўся плаціць даніну Рыму, але памёр праз восем дзён. Канстанцый ажаніўся з дачкой Коеля Аленай і стаў каралём Англіі. Алена нарадзіла яму сына Канстанціна, які ўзыйшоў на прастол Брытаніі, калі яго бацька памёр у Ёрку праз адзінаццаць гадоў[46]. Аднак Генрых Хантынгданскі развянчаў легенду пра тое, што Алена была дачкой брытанскага караля, бо Канстанцый развёўся з ёй яшчэ да брытанскага паходу[47].

Зноскі

правіць
  1. А. Ловягин Константин Великий // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XVI. — С. 63–67.
  2. Константин Великий (Гай Флавий Валерий) // Военная энциклопедияСПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1913. — Т. 13. — С. 131–132.
  3. Любкер Ф. Dalmatius // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 370.
  4. а б в г д е ё Otto Seeck. Paulys Realencyclopädie der classischen Altertumswissenschaft (RE). Band IV (ням.). Constantius 1). Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2012. Праверана 27 мая 2012.
  5. а б в г д е ё ж з і к Грант 1998.
  6. а б в г д Michael DiMaio, Jr 1996.
  7. Трэбелій Паліён. Гісторыя Аўгустаў. Боскі Клаўдзій. XIII. 2.
  8. а б Southern 2001, p. 172.
  9. а б PLRE. Fl. Val. Constantius 12.
  10. а б в Potter 2004, p. 288.
  11. Гэта рымская ваенная пасада.
  12. Ананім Валезія. Паходжанне імператара Канстанціна. I. 2.
  13. Corpus Inscriptionum Latinarum 3, 9860
  14. а б Potter 2004, p. 280.
  15. Southern 2001, p. 142.
  16. а б в Canduci 2010, p. 119.
  17. а б в г Southern 2001, p. 145.
  18. Southern 2001, p. 147.
  19. Сучасная назва — Мозель.
  20. а б в Birley 2005, p. 385.
  21. а б Southern 2001, p. 149.
  22. Birley 2005, p. 387.
  23. Birley 2005, pp. 385–386.
  24. а б Southern 2001, p. 150.
  25. Birley 2005, p. 388.
  26. Аўрэлій Віктар. Пра цэзараў. XXXIX. 42.
  27. а б в Potter 2004, p. 292.
  28. Birley 2005, p. 393.
  29. Birley 2005, p. 403.
  30. Лацінскія панегірыкі. V. 21.
  31. а б Birley 2005, p. 373.
  32. Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання Горада. IX. 23.
  33. а б в г Southern 2001, p. 152.
  34. Jona Lendering.. Constantius I Chlorus (англ.). Архівавана з першакрыніцы 21 чэрвеня 2012. Праверана 20 чэрвеня 2012.
  35. Еўсевій Кесарыйскі. Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна. I. 11-13.
  36. Potter 2004, p. 344.
  37. а б Potter 2004, p. 340.
  38. Potter 2004, p. 342.
  39. Southern 2001, p. 169.
  40. Southern 2001, p. 170.
  41. Birley 2005, p. 406.
  42. а б Potter 2004, p. 346.
  43. Canduci 2010, p. 126.
  44. Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання Горада. X. 2-3.
  45. Еўсевій Кесарыйскі. Царкоўная гісторыя. VIII. 13. 12.
  46. Гальфрыд Монмуцкі. Гісторыя каралёў Брытаніі. 78.
  47. Генрых Хантынгданскі. Гісторыя англійскага народа. I. 37.

Крыніцы і літаратура

правіць

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць