Канстанцін Сідаровіч
Канстанцін Сідаровіч (14 верасня 1906, Беласток — 29 мая 1990, Беласток) — беларускі грамадска-культурны дзеяч.
Канстанцін Сідаровіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 14 верасня 1906 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 мая 1990 (83 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Партыя | |
Член у |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і выхадцаў з малазямельных сялян. У 1914—1915 гадах вучыўся ў Беластоку ў пачатковай школе. У 1915 годзе сям’я выехала ў бежанства ў Кацярынаслаўскую губерню, у сяло Саксагань, дзе ён пайшоў у другі клас пачатковай школы. Пазней яны пераехалі ў Кацярынаслаў.
У 1922 годзе сям’я Сідаровічаў вярнулася ў Беласток, які паводле Рыжскага мірнага дагавора адышоў да Польшчы. Цяжка захварэў на тыф, а пазней на ліхаманку. Пасля выздараўлення самастойна вучыўся чытаць і пісаць па-польску. Упершыню сутыкнуўся з беларускім рухам у 1923 годзе будучы падлеткам, калі выпадкова трапіў на «працэс 45-ці». У 1926 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беластоцкага павятовага камітэта Беларускай сялянскай-работніцкай грамады. У 1927 годзе быў у ліку стваральнікаў і актывістаў гуртка Таварыства беларускай школы ў Беластоку. У 1935 годзе спрабаваў заснаваць у Беластоку гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1937 годзе ўдзельнічаў у стварэнні Кааператыўнага таварыства працаўнікоў беларускага тэатра «Полымя», які дзейнічаў на Беласточчыне.
Падчас нямецкай акупацыі быў членам Беларускага камітэта ў Беластоку, дзе спяваў у хоры і граў у аркестры.
У 1944 годзе стаў ініцыятарам аднаўлення дзейнасці тэатральнага кааператыву «Полымя», які неўзабаве быў ліквідаваны новай уладай. У 1945 годзе быў сярод арганізатараў беларускай школы ў Беластоку. Пасля бараніў яе ад пераўтварэння ў рускамоўную. У часы Польскай Народнай Рэспублікі далучыўся да дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства і працаваў у тыднёвіку «Ніва». Перадаў БГКТ тэатральныя дэкарацыі створаныя Язэпам Драздовічам для ТБШ у 1933 годзе, якія захоўваў на гарышчы свайго дома. Падтрымліваў сувязь з беларускімі эмігрантамі, сярод якіх Васіль Лукашык і Сяргей Хмара, за што трапіў пад нагляд Службы бяспекі ПНР. Быў гадзіншчыкам па прафесіі.
Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку.
Калекцыя дакументаў Канстанціна Сідаровіча была набытая Беларускім гістарычным таварыствам.
Спасылкі
правіць- Марыля Базылюк. На жыццёвых сцежках... Успаміны // Беларускі каляндар // Галоўнае праўленне БГКТ, Беласток, 1990. — С. 93—101.
- Яўген Мірановіч. Кастусь Сідаровіч // Ніва. Беларускі гамадска-культурны тыднёвік, Беласток, 1990. — С. 5.
- Aparat Represji w Polsce Ludowej 1944—1989. — 2008. — № 1(6). — С. 232—233.
- Беларускаму Гістарычнаму Таварыству — 15 гадоў! Архівавана 16 верасня 2012.
- Cmentarz w Białymstoku. Konstanty Sidorowicz