Канстанцін (Хоміч)

беларускі праваслаўны дзеяч, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі

Архіепіскап Канстанцін (свецкае імя: Канстанцін Андрэевіч Хоміч; 11 лістапада 1911, фальварак Рог каля вёскі Бобрык, Пінскі павет, Мінская губерня — 19 верасня 2000, Брэст)  — беларускі праваслаўны дзеяч, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі (1990—2000).

Архіепіскап Канстанцін
Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі
Царква Беларускі Экзархат Рускай праваслаўнай царквы
Адукацыя
Дзейнасць святар
Імя пры нараджэнні Канстанцін Андрэевіч Хоміч
Нараджэнне 11 (24) лістапада 1911
Смерць 19 верасня 2000(2000-09-19) (88 гадоў)

Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 2 ступені
ордэн святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага II ступені

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1929 годзе скончыў Пінскае рэальнае вучылішча і паступіў у праваслаўную Віленскую духоўную семінарыю, дзе навучаўся да 1935 года.

8 лютага 1936 года быў пасвечаны ў дыякана, а 28 лютага таго ж года — у іерэя. Неўзабавае быў прызначаны настаяцелем царквы ў вёсцы Ахова Пінскага павета, дзе служыў да 1939 года.

1 кастрычніка 1941 года быў прызначаны святаром Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Купяцічах Пінскага раёна. Дзейнічаў ва ўмовах нямецкай акупацыі. У пачатку ліпеня 1944 года Канстанцін Хоміч з жонкай і сынам быў адпраўлены ў Германію, аднак здолеў затрымацца ў Варшаве. Пасля падаўлення Варшаўскага паўстання знаходзіўся ў канцлагеры да красавіка 1945 года.

Пасля вайны 28 лютага 1946 года па просьбе вернікаў вярнуўся служыць у вёску Ахова. 21 красавіка 1950 года быў узведзены ў сан протаіерэя, у канцы 1954 года атрымаў магчымасць вярнуцца ў Купяцічы. У 1956 годзе мітрапаліт Піцірым перавёў Хоміча ў Добруш настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы, а ў 1962 годзе архіепіскап мінскі Варлаам перавёў яго ў Свята-Успенскую царкву ў вёску Краснае Гомельскага раёна.

У 1969 годзе протаіерэй Канстанцін аўдавеў і быў пастрыжаны ў манашаства ў Жыровіцкім манастыры. 25 чэрвеня 1970 года быў узведзены ў сан архімандрыта. 23 сакавіка 1987 года пастановай Свяшчэннага Сіноду РПЦ прызначаны епіскапам Пінскім, вікарыем Мінскай епархіі.

Пасля стварэння 6 ліпеня 1989 года самастойнай Пінскай і Брэсцкай епархіі Канстанцін стаў яе правячым архіерэем. 19 лютага 1990 года ў сувязі з раздзяленнем епархіі і аднаўленнем самастойнай Брэсцкай кафедры, Канстанцін быў прызначаны епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім. 25 лютага 1995 года быў узведзены ў сан архіепіскапа.

Пры яго кіраванні ў епархіі былі заснаваны 2 манастыры, узведзены 28 цэркваў, адкрыты 60 нядзельных школ, удвая павялічылася колькасць прыходаў. Пры епархіальным упраўленні было створана брацтва «Спадвіжнік», якое выдавала газету «Духоўны веснік», у 1999 годзе выйшаў першы нумар «Брэсцкіх епархіальных ведамасцяў». Памёр у Брэсце. Адпяванне правёў 22 верасня 2000 года мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт. Быў пахаваны каля Свята-Сімяонаўскага сабора[1].

Узнагароды правіць

Зноскі

  1. Баговіч Т. К.Архіепіскап Канстанцін (Хоміч). Да 105-годдзя з дня нараджэння. // Духоўна-асветніцкі цэнтр «Вытокі». — Пінск, 2016. (бел.)

Літаратура правіць

  • Жизнь в молитве и любви : воспоминания об архиепископе Брестском и Кобринском Константине (Хомич К. А.) / сост. А. К.Хомич, Н. М. Светличная.— [Б.М.] : [Б.И.], 2011.— 92с.
  • Шейкин Г. Н.. Константин // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2015. — Т. XXXVII. — С. 21-22. — 752 с. — 33 000 экз. — ISBN 978-5-89572-045-5.
  • Саўчанка, М. Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі / М. Саўчанка // Полесская правда. – 1991. – ноябрь