Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер
Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер (афіцыйная назва: польск.: Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej, літаральны пераклад: Ізаляцыйны лагер у Бярозе-Картузскай) — канцэнтрацыйны лагер, створаны польскімі ўладамі 17 жніўня 1934 года ў горадзе Бяроза-Картузская (у адміністрацыйным падзеле Польскай Рэспублікі: Пружанскім павеце Палескага ваяводства; цяпер г. Бяроза ў Брэсцкай вобласці, Рэспубліка Беларусь) у якасці месца пазасудовага інтэрнавання «асобаў, якія ствараюць пагрозу бяспецы, спакою і грамадскаму парадку». З 1934 па 1939 гады ў ім утрымліваліся па абвінавачванні ў «антыдзяржаўнай дзейнасці» праціўнікі ўлады: палітычныя апаненты Юзафа Пілсудскага, у тым ліку польскія радыкальныя нацыяналісты і камуністы, дзеячы яўрэйскага, украінскага і беларускага нацыянальных рухаў. У верасні 1939 гады пасля пачатку вайны з Германіяй у лагеры ўтрымліваліся нямецкія ваеннапалонныя.
Бяроза-Картузская | |
---|---|
польск.: Bereza Kartuska | |
Тып | Канцэнтрацыйны, лагер ізаляцыі |
Месцазнаходжанне | Бяроза |
52°33′ пн. ш. 24°58′ у. д.HGЯO | |
Перыяд эксплуатацыі | 1934—1939 |
Колькасць зняволеных | каля 3000 |
Колькасць загінулых | 13[1] |
Кіруючая арганізацыя |
|
Камендант лагера | Юзаф Камаля-Курганскі |
Каменданты лагера | Баляслаў Грэфнер (да 1 снежня 1934) |
Гісторыя лагера
правіцьУ 1934 годзе польскі ўрад афіцыйна з трыбуны Лігі Нацый, афіцыйна адмовіўся ад трактата «Аб нацыянальных меншасцях», прынятага ім у 1919 годзе.[2] У гэтым жа годзе санацыйныя ўлады прынялі закон «Аб ізаляцыі грамадска-небяспечных элементаў». Палітычная апазіцыя пераследвалася прававымі сродкамі і сілавымі метадамі. У адносінах да нацыянальных меншасцей праводзілася палітыка «культурнага падаўлення», якая яшчэ восенню 1930 года перарасла ў масавыя рэпрэсіі супраць украінскага насельніцтва Галіцыі і Валыні («Пацыфікацыя»). Нацыянальна-радыкальны лагер (1934)Падставай для «Пацыфікацыі» (прымірэння) паслужылі шматлікія антыпольскія акцыі АУН (падпалы сядзібаў польскіх каланістаў — «асаднікаў», разбурэнне ліній сувязі і г. д.). У ходзе «Пацыфікацыі» прымяняўся прынцып калектыўнай адказнасці. Падраздзяленні польскай паліцыі і арміі былі ўведзеныя ў больш чым 800 сёлаў, было арыштавана больш за 2 тысячы чалавек, былі ліквідаваныя ўкраінскія арганізацыі, спалена каля 500 дамоў. Украінскія дэпутаты сейма, каб не дапусціць іх удзелу ў выбарах, былі змешчаныя пад хатні арышт. Складовай часткай «Пацыфікацыі» сталі ўкраінскія пагромы з боку польскіх шавіністычных груповак. Справа дайшла да таго, што ў 1932 годзе Ліга Нацый асудзіла дзеянні польскага ўрада ў адносінах да ўкраінскага насельніцтва.
Актам помсты за «Пацыфікацыю» было забойства 15 чэрвеня 1934 у цэнтры Варшавы баевіком АУН Рыгорам Мацэйкам міністра ўнутраных спраў Браніслава Пярацкага, а таксама намесніка кіраўніка арганізацыі «BBWR» (польск. Bezpartyjny Blok Współpracy z Rządem — Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам — непалітычная арганізацыя, цесна звязаная з Пілсудскім і яго рухам «санацыі», існавала з 1928 па 1935) Тадэвуша Галуўкі .
Праз два дні, 17 чэрвеня, прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі выдаў распараджэнне аб стварэнні лагера ў Бярозе-Картузскай. Праз гэты лагер прайшлі сотні ўкраінцаў, у тым ліку членаў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. У прыватнасці, у 1934 у Бярозе-Картузскай знаходзілася 200 зняволеных, у тым ліку 120 украінскіх нацыяналістаў, 40 членаў вельмі правай польскай партыі «ONR» (Нацыянальна-радыкальны лагер — польск. Obóz Narodowo-Radykalny) і каля 40 членаў Камуністычнай партыі Заходняй Украіны.
У лагеры Бяроза-Картузская (гэтак жа, як і ў лагеры Бяла-Падляска) дазвалялася ўтрымліваць людзей да трох месяцаў без суда, выключна па адміністрацыйным рашэнні паліцыі або кіраўніка ваяводства. Адміністрацыя лагера мела права дадаць тэрмін (гэта значыць пакінуць зняволенага на паўторныя тры месяцы), чым даволі часта карысталася. Вязня маглі вызваліць датэрмінова пры адмове ад «антыдзяржаўнай дзейнасці» і падпісанні спецыяльнага абавязацельства.
Нягледзячы на пратэсты палітычных сіл, якія выступалі супраць рэжыму «санацыі», лагер працягваў існаваць, стаўшы месцам зняволення прадстаўнікоў левых арганізацый і актывістаў этнічных меншасцей — украінцаў, беларусаў, рускіх, яўрэяў. З моманту заснавання да 1 снежня 1934 года камендантам лагера быў Баляслаў Грэфнер, затым да яго закрыцця — Іозеф Камала-Курганскі. У савецкіх крыніцах лагер называўся «канцэнтрацыйным», а яго існаванне лічылася сведчаннем «фашысцкай» сутнасці санацыйнага рэжыму. Колькасць зняволеных вагалася ад 100 да 900 чалавек. Да 1 верасня 1939 г. лагер прайшло каля 3000 чалавек (дакументы гэтых зняволеных захаваліся і знаходзяцца ў Брэсцкім абласным архіве). Пасля нападу Германіі на Польшчу (дакладней, першыя арышты пачаліся ўжо 30 жніўня) польскія ўлады пачалі масавую ізаляцыю «нядобранадзейных элементаў»: польскіх грамадзян нямецкай нацыянальнасці, членаў украінскіх і беларускіх нацыянальных арганізацый, былых членаў Кампартыі Польшчы, Кампартыі Заходняй Беларусі і Кампартыі Заходняй Украіны.
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Арганізацыя лагера
правіцьУ канцлагеры разам утрымлівалася ад 100 да 800 чалавек. Нумары, якія атрымлівалі змешчаныя туды ў 1939, набліжаліся да 3000. У 1936 было 369 вязняў, з іх 342 камуністаў. У апошні тэрмін дзейнасці прывозілі сюды немцаў.
Да Бярозы траплялі тыя, хто з-за браку доказаў віны не маглі паўстаць перад судом. Пагроза трапіць у Бярозу была таксама формай ціску на арыштантаў.
Будынкі
правіцьЛагер складаўся з трох будынкаў былых царскіх кашараў. Адзін з будынкаў, дзе размяшчаліся камендант і яго памочнікі, заставаўся за плотам. У другім будынку была вартоўня, паліцэйскія кашары, пякарня, склады з харчамі і зброяй. У трэцім змяшчаліся вязні. На першым паверсе знаходзіліся кухня і сталовая. На другім і трэцім змяшчаліся камеры падзеленыя па ўсёй даўжыні калідору. Акрамя гэтых будынкаў, у лагеры былі склады, лазня, памяшканне для паліва, карцар — восем сырых бетонных камер у склепе сярод поля.
Канцлагер быў агароджаны высокім драўляным плотам, па версе працягнуты калючы дрот. На кожным куту стаялі вышкі, дзе дзяжурылі паліцэйскія. Звонку лагер аховаў патруль. Будынак з вязнямі меў дадатковую агароджу з калючага дроту. Лагерны плац з дапамогай калючага дроту падзяляўся на асобныя секцыі[3].
Ахова
правіцьНа час стварэння лагера ахова складалася з прыкладна 60 паліцэйскіх. Павінны былі служыць асобы ўзростам 25-35 год.
Значную частку аховы складалі паліцэйскія, якіх за правіны накіроўвалі сюды на «выпраўленне» з іншых рэгіёнаў Польшчы. Яны жылі побач на тэрыторыі лагера, без сем’яў. Толькі вуліца падзяляла казармы вязняў і будынкі аховы. У студзені 1939 на 502 вязняў прыходзілася 131 паліцэйскі.
Змяшчэнне ў лагер
правіцьНовапрыбылых, пасля афармлення, пад час якога іх моўна зневажалі, накіроўвалі на 3 дні ў карантын. Там не было мэблі, вокны да паловы былі забіты фанерай, а верхнія былі адчыненыя, таму зімою панавала тэмпература ніжэй за нуль. Падлога была бетоннай.
На працягу дня вязні вымушаныя былі стаяць тварам да сцяны. У ночы маглі пакласціся без накрывання на падлогу, але кожныя паўгадзіны паліцэйскія будзілі вязняў, загадваючы ім узняцца, пашыхтавацца ў шэрагі ля сцяны, пералічыцца, бегаць, падаць, скакаць. Пасля гэтага вязні маглі ізноў легчы на падлогу на паўгадзіны. Любое адхіленне ад загаду, а гэта вызначаў паліцэйскі, каралася біцццём палкай. Зрэшты ў карантыне вязняў білі ўвесь час, катуючы іх да крыві.
Гімнастыка
правіцьГімнастыку праводзілі паліцэйскія, ці «інструктары», прызначаныя з крымінальнікаў. Апошнія ў жаданні выслужыцца былі нашмат больш лютыя за паліцэйскіх. Гімнастыка была найцяжкім здзекам як па працягласці (семь гадзін без перапынкаў для тых, каго не накіравалі на працу), як і па правядзенні яе згодна з карнай сістэмай ваенных вучэнняў: падай, паўзі, бег на працягу некалькіх гадзінаў. Мэтай гэткіх практыкаванняў было як найбольш фізічна і маральна змучыць вязня.
Сярод удзельнікаў «вучэнняў» набірался група, якую іранічна называлі «падхарунжаўка». Накіроўвалі туды тых, каго паліцэйскія лічылі ўпартымі. Гэтая група займалася альбо ў будынку, які служыў летам для вырабу бетону (кожны рух уздымаў з падлогі хмары пылу з бетону, які ляжаў грубым слоем у 5 см і не даваў дыхаць), ці за рогам жылога блоку, у месцы, дзе з трубы выплывала мача, ствараючы невялікія лужыны. Пад час адлігі там праводзілся практыкаванні па поўзанні.
Вязні былі вымушаны ўсё выконваць бегма. Было забаронена размаўляць між сабой. Паліцэйскія звярталіся да іх праз «курвін сын», «курва маць», «свінячая сцерва». Паленне было забаронена.
Прыбіральня
правіцьЗдзекі праводзіліся нават пад час наведвання прыбіральні. Гэта можна было рабіць толькі раз на суткі, ранкам: 20 чалавек ставілі ў пакоі з бетоннай падлогай, і па загадзе кожны з іх павінен быў зняць порткі, залатвіць справы і апрануцца. На ўсё адводзілася некалькі секунд, пасля чаго людзі хадзілі неспаражнёныя, што было пакутліва, асабліва падчас шматгадзіннай гімнастыкі.
Праца
правіцьПад час працы трэба было чысціць прыбіральні маленькай шчоткай, ці практычна голымі рукамі. Перад харчаваннем не дазвалялася мыць рукі, забруджаныя калам.
Самай цяжкай працай лічылася пампаванне вады, для чаго трэба было круціць замест каня кола. Яно было змайстравана гэдак, што вязні мусілі працаваць нізка пахіліўшыся. Выконвалася і цалкам бессэнсоўная праца, як выкопванне і засыпанне равоў, перанос цяжкіх камянёў з месца на месца.
За ўхіленне ад працы вязні атрымлівалі лупцоўку ад 5 да 50 удараў у твар[4].
Рэвізія
правіцьУ ночы праводзіліся ператрусы, пад час якіх усе вязні мусілі распрануцца да гала і прабегчы калідорам да адной з залаў. Пад час гэтага іх збівалі палкамі.
Расклад дня
правіцьПабудка была а 4 раніцы, паўгадзіны пазней — сняданак (несалоджаная кава са збожжа ці жур і 400 грамаў чорнага хлеба на цэлы дзень). А 6.30 распачыналіся «праца» ці «гімнастыка», якія працягваліся да 11.
Абед падавалі а 12, ён складаўся з гарачай вадкасці без тлушчу і порцыі бульбы.
Па абедзе заняткі працягваліся.
Вячэру падавалі а 17 гадзіне. Складалася яна з несалоджанай кавы са збожжа ці журу. Падрыхтоўка да сну пачыналася а 18.30.
Харчаванне было замалое, вязні заставаліся галоднымі, а пакункі ад блізкіх былі забароненымі.
Вязні насілі ў канцлагеры ўласную вопратку, якая вельмі хутка псавалася. Пранне было забаронена, і гэта таксама стварала дадатковы дыскамфорт.
Вязні хварэлі найперш на хранічныя запаленні і артрытый.
Жыццё пасля канцлагера
правіцьВызваленыя з Бярозы мусілі спыняць ранейшую палітычную дзейнасць і не маглі анікому расказваць пра ўмовы ў канцлагеры пад пагрозай новай высылкі ў Бярозу-Картузскую. Пасля вызвалення з лагера шмат людзей мела шэраг хвароб фізічных (хранічныя запаленні) і псіхічных (шызафрэнія і дэпрэсія)[5]. Крымінальнікі, да якіх адміністрацыя ставілася лепей, казалі, што лепей год адседзець у жахлівай камеры, чым дзень у Бярозе.
Вядомыя вязні
правіцьБеларусы
правіць- Язэп Адамчык (верасень 1939) — нар. 1905 у вёсцы Шылавічы каля Слоніма, беларус. У 1931 арыштаваны за прапаганду сярод салдат і асуджаны на год турмы. Пасля вызвалення пайшоў у падполле. У 1934 арыштаваны зноў і асуджаны на 3 гады.
- Нестар Андраюк (сакавік 1938 — люты 1939) — нар. 1906 у вёсцы Чалеева каля Брэста, беларус. Вязень № 1933. У 1923 увайшоў у Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі, з 1928 у ЦК гэтай арганізацыі.
- Вячаслаў Багдановіч (1939) — беларускі рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч, праваслаўны багаслоў, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ў Заходняй Беларусі, педагог, сенатар польскага парламента 1922 і 1928 склікання.
- Сцяпан Бурак (красавік 1937 — сакавік 1938) — нар. 1910, в. Мойсічы, каля Маладзечна, беларус. Лагерны № 1079, Член КПЗБ з 1934 года.
- Лука Валасюк (1936 год) — нар. 1899, в. Батчэ, каля Кобрына. Лагерны № 633. Сакратар Кобрынскага РК КПЗБ.
- Мікалай Ганецкі (май-верасень 1939) — нар. 1918 у Маладзечна. Лагерны № 2927. Адзін з кіраўнікоў КСМЗБ Маладзечанскай зоны. Сем разоў арыштоўваўся.
- Язэп Жыўлюк (1935—1936) — нар. 1907, в. Раманаўцы, каля Свіслачы. Лагерны № 344. Член КПЗБ з 1930 года.
- Рыгор Кароль (з верасня 1939) — нар. 1907, Брэст. У 1929 перададзены ваеннаму суду і асуджаны да 8 гадоў турэмнага зняволення.
- Язэп Найдзюк (верасень 1939) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, рэдактар часопісу «Шлях Моладзі».
- Уладзімір Новік (у 1934, у 1939-другі раз) — нар. в. Новаспаск, каля Смаргоні. Лагерны № 1211. Член КПЗБ з 1929. У 1934 выдадзены правакатарам. Прысуджаны да 6,5 гадоў турмы. Пасля амністыі сасланы ў Цэнтральную Польшчу. У верасні 1939 года ізноў арыштаваны.
- Арсень Паўлюкевіч (верасень 1939) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, доктар
- Уладзіслаў Паўлюкоўскі (пачатак — верасень 1939) — беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак, сябра БСРГ. Напісаў успаміны пра Бярозу — «Арышты; Бяроза і воля».
- Юльян Саковіч — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч.
- Сцяпан Самайловіч (1936—1937) — нар. 1912, в. Харава, Пружаны. Лагерны № 539. Чалец КСМЗБ с 1929 года.
- Рыгор Сіткавец (люты-верасень 1939) — нар.1905, в. Галева, Пінск. Лагерны № 2697. Член Пінскага акруговага камітэта КПЗБ.
- Алесь Сучок — беларускі паэт
- Серафім Татарын — арганізатар гурткоў ТБШ у Слонімскім павеце.
- Язэп Шнаркевіч (2 верасня 1939) — беларускі грамадскі і культурніцкі дзеяч, настаўнік
- Альфонс Шутовіч (1939) — беларускі друкар[6]
- Янка Шутовіч (1939) — беларускі літаратуразнавец, выдавец, грамадскі і культурны дзеяч.
Украінцы
правіцьІншыя
правіць- Фёдар Маркаў — Герой Савецкага Саюза
- Абрам Германскі (№ 624), член КПЗБ
- Ян (спраўднае Аляксандр Антонавіч) Мазырка (№ 511), член КПЗБ
- Маісей Малізман (№ 780)
- Пыжакоўскі (№ 1678)
- Рыневіч (№ 1610)
- Юзаф Нядзельскі (№ 1725)
- Міхаіл Крыванос (№ 2069)
- Підсачук (сапраўднае: Яць Іванавіч Підсадзюк) (№ 1826), член КПЗУ
- Федаровіч (№ 2601)
- Оскар Крэтшмер (№ 2693)
- Караль Краўчык (№ 2600)
- Альберт Вільдман (№ 3000)
Крыніцы
правіць- ↑ Knyt, А. Bereza Kartuska /А. Knyt // Karta. — № 59. — 2009.
- ↑ Нарысы гісторыі Беларусі ў 2 частках. — НАН РБ: Інстытут гісторыі, — Мн., 1995, Ч.2, С.242
- ↑ Чырвоныя Казармы Архівавана 5 сакавіка 2016. Сайт Бярозаўскага райвыканкама
- ↑ P. Siekanowski, Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934—1939, Warszawa 1991
- ↑ P. Siekanowski, Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934—1939, Warszawa 1991, s. 27-46
- ↑ Язэп Малецкі Пад знакам Пагоні Архівавана 31 ліпеня 2010.
- ↑ "Śleszyński, W. Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej : 1934—1939
Літаратура
правіць- Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3. — Мн., 1996. — С. 410.
- Polit Ireneusz Miejsce odosobnienia w Berezie Kartuskiej. — Toruń: wyd. Adam Marszałek, 2003. — ISBN 83-7322-469-6
- Siekanowicz Piotr Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934-39. — Warszawa: Instytut Historyczny im. Romana Dmowskiego, 1991.
- Śleszyński, W. Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej : 1934—1939 / W. Śleszyński. — Białystok : Dom Wydawniczy Benkowski, 2003. — 151 s. — ISBN 83-918161-0-9
- Rozporządzenie Prezydenta Rzeczypospolitej z dnia 17 czerwca 1934 r.
- За тебе, Україно… : з архіву в’язнів концтабору Береза-Картузька (1934—1935) часів ІІ Річі Посполитої Польської : [монография ] / О. Ільїн, С. Шандрук, П. Мазур, А. Гудима; відп. за вип. С. Шандрук, А. Гудима. — Тернопіль, 2010
- Ільїн, О. Нариси історії Береза-Картуського концтабору (липень 1934 — вересень 1939) : монография / О. Ільїн, П. Мазур. — Тернопіль, 2019.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер