Адкрыць галоўнае меню

Капа́ (рус.: копа; лац.: sexagena) — лікавая адзінка ў Вялікім княстве Літоўскім з XIV ст., роўная 60 штукам. Паняцце чэшскага паходжання (чэшск.: kopa — куча), з'явілася ў Вялікім княстве Літоўскім разам з распаўсюджваннем чэшскай манеты — пражскіх грошаў, таму што 60 пражскіх грошаў прыраўноўвалася да 1 пражскай грыўні срэбра (253,17 г). Таксама ўжывалася паняцце паўкапа. Пражскі грош на той час быў вельмі распаўсюджанай манетай у Еўропе, таму пражская грыўня сталася міжнароднай грашовай і вагавай уліковай адзінкай.

Спачатку капа была толькі грашова-вагавай лікавай адзінкай тоеснай рублю, а паўкапа — палціне, бо па ўтрыманню срэбра 1 пражская грыўня была блізкая да наўгародскай грыўні-рубля, якая была ў той час распаўсюджанай уліковай адзінкай у ВКЛ.[1] Пасля на копы пачалі лічыць розныя рэчы, напрыклад «капа снапоў» — 60 снапоў.

У сувязі з паступовым памяншэннем, з кан. 1-ай пал. XIV ст., утрымання срэбра ў пражскіх грошах ішло і паступовае павялічэнне іх колькасці ў рублі. У кан. XIV ст. у рублі лічылі 96 грошаў, а ў 1432 — 100 грошаў. У гэты час канчаткова склалаўся лічбавы змест уліковага рубля — 100 грошаў. Лічбавы змест капы заставаўся нязменным — 60 грошаў, таму верагодна капа і стала ўніверсальнай лікавай адзінкай.[2] Выкарыстоўвалася да XIX ст.

Магчыма ад капы паходзіць назва капейкі.

Зноскі

  1. Грузицкий Ю. Развитие кредитных отношений в Великом княжестве литовском в XIII—XVII веках. // Банковский вестник — 2000. — № 28. — С. 38—40.
  2. Рябцевич В. Н. Денежное обращение Беларуси в конце XV — вт. трети XVII вв. — Мн., 1995. — С. 272.