Капліца Святой Ефрасінні Полацкай
Капліца Святой Ефрасінні Полацкай — збудаванне ў горадзе Рэчыца, Беларусь.
Капліца | |
Капліца Святой Ефрасінні Полацкай | |
---|---|
52°22′09,50″ пн. ш. 30°23′54,23″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | Рэчыца |
Архітэктар | Э. К. Агуновіч |
Будаўніцтва | 1995 |
Гісторыя
правіцьПабудавана на гістарычным месцы, дзе ў 1910 годзе спынялася флатылія, якая перавозіла з Кіева ў Полацк мошчы прападобнай Ефрасінні Полацкай. Першапачатковая аўтарская назва манумента — Юбілейная капліца. Па задуме аўтара ўзвядзенне яе было прымеркавана да некалькіх найважнейшых гістарычных дат — 1000-годдзя Хрышчэння Русі, 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў і ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Але ў народзе, праз вобраз вялікай святой, незаўважна зацвердзілася іншая назва — капліца Ефрасінні Полацкай.
Архітэктура
правіцьПомнік уяўляе сабой зборна-разборную канструкцыю, вырабленую ў Мінску па сучаснай тэхналогіі з нержавеючай сталі і латуні. Вышыня капліцы — 24 метры 24 сантыметры.
Кампазіцыя капліцы задумана аўтарам наступным чынам: чатыры апоры ступеніста сімвалізуюць развіццё жыцця і думкі па спіралі. У іх па нарастальнай упісаны абліччы 12-ці беларускіх святых і асветнікаў. Чацвёра з іх — епіскапы полацкія Міна і Дыянісій, Кірыла Тураўскі і Елісей Лаўрышаўскі кананізаваныя як праваслаўнай, так і каталіцкай цэрквамі. у ліку асветнікаў такія яркія асобы, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Леў Сапега, Гаўрыіл Беластоцкі, Францыск Скарына і ўраджэнец Беларусі першадрукар Іван Фёдараў. Вянчае кампазіцыю арэол душы святой Ефрасінні Полацкай, якая трымае крыж, накіраваны да Бога. У цэнтры капліцы паміж апорамі ўсталяваны крыж з моранага дуба.
Архітэктурная ідэя храма — саборнасць, якая ўвасабляецца ў дынамічна-асіметрычнай вертыкальнай кампазіцыі, заснаванай на авангарднай інтэрпрэтацыі матыву старажытнарускага царкоўнай архітэктуры — аркатуры (метал, бетон). Вертыкальнай дамінантай з’яўляецца высокая зграбная арка-ніша, у верхняй частцы якой — выява Ефрасінні Полацкай. Арка-шпіль падтрымліваецца каскадам рознавялікіх арачных пілонаў. Расчлянёныя на 3 арачныя праслы-закамары, яны ў арачных нішах наверсе запоўнены выявамі святых. Генетычная сувязь з праваслаўным дойлідствам прасочваецца ў сегментарным купальным пакрыцці пілонаў. У капліцы на кубападобным пастаменце пастаўлены крыж.
Капліца ўзведзена на пляцоўцы прамавугольнай формы, абсыпанай жвірам. З чатырох бакоў да помніка вядуць прыступкі, паміж імі разбіты кветкавыя клумбы.
Літаратура
правіць- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Каплица святой Евфросинии Полоцкой Архівавана 29 лістапада 2010. (руск.)
- Часовня во имя Св. Евфросинии Полоцкой Архівавана 26 мая 2011. (руск.)
- Историко-культурное наследие города Речицы(недаступная спасылка) (руск.)
- Капліца Святой Ефрасінні Полацкай на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)