Парк Стадлі і разваліны Фаўнцінскага абацтва

(Пасля перасылкі з Каралеўскі парк Стадлі)

Парк Стадлі і разваліны Фаўнцінскага абацтва — аб’ект са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, размешчаны ў Англіі, графстве Паўночны Ёркшыр.

Разваліны Фаўнцінскага абацтва

Цыстэрцыянскае абацтва Фаўнцінз было створана ў 1132 г. на рацэ Скел. Ордэн цыстэрцыянцаў аддзяліўся ад бенедыкцінцаў. Манахі ордэна прытрымліваліся строгага ладу жыцця: апраналіся ў адзенне з грубай неафарбаванай воўны, давалі зарок адзіноты і маўчання.

Адным з першых быў узведзены будынак царквы — просты і строгі па сваёй архітэктуры, які адказвае прынцыпам цыстэрцыянскай беднасці і адмовы ад зямных благаў. Пазней, у канцы 15 ст., да царквы была прыбудавана так званая Вялікая Перпендыкулярная Вежа, незвычайна размешчаная з паўночнай часткі царквы. Астатнія будынкі абацтва болей дэкаратыўныя — разбагацеўшы, ордэн адышоў ад сваіх першапачатковых прынцыпаў. Рэзідэнцыя абата — самы вялікі падобны будынак у Англіі. Частка яго знаходзілася на арках над ракою. Капліца, кухня, трапезная, шматлікія гаспадарчыя пабудовы, дамы, у якіх жылі браты — гэтыя будынкі дазваляюць судзіць аб размаху і былым багацці ордэна цыстэрцыянцаў.

Свайму росквіту манахі былі абавязаны далучэнню да працы свецкіх братоў. Да сярэдзіны 13 ст. абацтва было адным з найбагацейшых у Англіі, быў узведзены цэлы комплекс рэлігійных, жылых і гаспадарчых пабудоваў. Аднак пасля пачаліся цяжкія часы: голад, чума; манахі збяднелі. А ў 1539 г. указ караля паклаў канец усім манастырам у Англіі.

Маёмасць абацтва была продана, новы ўладальнік пачаў будаваць маёнтак, часткова выкарыстоўваючы камень са старых сценаў. У 17-18 стст. вакол быў створаны пейзажны парк у стылі рамантызму — і рэшткі манастыра ідэальна ўпісаліся ў гэты ператвораны ландшафт. Парк Стадлі-Роял стаў узорам новага рамантычнага пейзажу, які паўплываў на паркавае мастацтва іншых краін.

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 372
рус.англ.фр.

Літаратура правіць

  • Тысяча чудес света. — СПб: ООО «СЗКЭО», 2007. — 336 с.