Каранёвы чахольчык

Каранёвы чахольчык, карнёвы каптурок[1] (лац.: calyptra, pilleorrhiza) — ахоўнае ўтварэнне кончыка кораня, які расце. Служыць абаронай пераважна ад механічных пашкоджанняў. Гэта невялікі конусападобны каўпачок, даўжынёй звычайна каля 0,2 мм, радзей (у паветраных каранёў) — да некалькіх міліметраў, які затуляе далікатныя клеткі апікальнай мерыстэмы кончыка кораня і частку яго зоны росту.

Каранёвы чахольчык
Выява
Злучаецца з

Клеткі карнёвага каптурка ўтвараюцца пры першасным росце кораня за кошт дзялення клетак часткі апікальнай мерыстэмы — каліптрагена. Клеткі карнёвага каптурка жывуць усяго некалькі сутак і пастаянна злускваюцца з яго паверхні. Вонкавыя слаі клетак каптурка сакрэтуюць слізь, якая складаецца ў асноўным з поліцукрыдаў. Да гэтай слізі прыліпаюць часціцы глебы, што, магчыма, абараняе кончык кораня ад высыхання. У многіх крыніцах паказваецца таксама, што слізь служыць змазкай пры прасоўванні кораня ў глебе.

Амілапласты цэнтральнай зоны каранёвага каптурка служаць статалітамі, якія забяспечваюць геарэцэпцыю і дадатны геатрапізм растучага кораня.

Пры вырошчванні метадам гідрапонікі у некаторых раслін карнёвы каптурок не фармуецца. У той жа час у многіх водных раслін з плавальнымі каранямі (напрыклад, відаў роду раска, жабнік, вадзяны арэх) карнёвы каптурок можа быць рэдукаваны і заменены каранёвай кішэнькай.

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.

Літаратура правіць

  • Эзау К. Анатомия семенных растений. — М.: Мир, 1980. — Т. 2.

Спасылкі правіць